Галоўная > Павячэрніца вялікая > Павячэрніца вялікая

Павячэрніца вялікая


23 красавіка 2008.

Уступныя малітвы


Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.


Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Частка першая

Просьба аб Божай апецы

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 4

Калі паклічу Цябе, выслухай мяне, Божа мой справядлівы.

Ты ўзьняў мяне, калі я быў прыгнечаны, – зьмілуйся нада мною і пачуй малітву маю

Дакуль сэрцы вашыя, сыны людзкія, будуць ацяжэлымі?

Чаму любіце пустое і шукаеце няпраўду?

Ведайце: дзіву годным робіць Госпад сьвятога свайго,

Госпад пачуе мяне, калі буду клікаць Яго.

Дрыжыце і пакіньце грашыць,

Разважайце ў сэрцах вашых, на ложах вашых, і маўчыце!

Прынясіце належныя ахвяры і спадзявайцеся на Госпада.

Многія кажуць: Хто нам пакажа шчасьце?

Госпадзе, Ты прасьвятліў нас зьзяньнем твару Твайго.

Ты напоўніў сэрца маё радасьцю, большаю за радасьць тых, каму ўрадзіла ўдосталь пшаніцы і віна.

Як толькі лягу, спакойна засынаю, бо Ты адзіны, Госпадзе, ахоўваеш мяне бясьпечным.

Псалом 6

Не дакарай мяне, Госпадзе, у гневе Тваім і не карай у Тваім абурэньні.

Зьмілуйся нада мною, бо я зьнямог, ацалі мяне, бо косьці мае трасуцца.

Душа мая вельмі ўстрывожаная: Ты ж, Госпадзе – дакуль?

Вярніся, Госпадзе, выратуй душу маю, у міласэрнасьці Тваёй збаў мяне,

Бо хто ж пасьля сьмерці Цябе згадае, і ў краіне мёртвых хто Цябе хваліць будзе?

Зьнямогся я ад стогну майго, штоночы ложак мой мокры ад сьлёзаў.

Ад суму ў вачох маіх цямнее, пастарэў я з-за ворагаў маіх.

Адыдзеце ад мяне ўсе, што чыніце благое, бо Госпад пачуў голас плачу майго.

Госпад пачуў просьбы мае, малітву маю прыняў.

Хай усіх ворагаў маіх пакрые сорам і страх вялікі, і, пасаромленыя, хай хутка адыдуць.

Псалом 1

Як доўга, Госпадзе? Ці ж забудзешся на мяне зусім?

Дакуль хаваць перада мною будзеш твар Твой?

Дакуль сум буду насіць у душы маёй і жаль штодня ў сэрцы маім?

Дакуль вораг мой будзе ўзносіцца нада мною?

Глянь на мяне і пачуй мяне, Госпадзе Божа мой!

Прасьвятлі вочы мае, каб мне не заснуць сьмерцю, каб вораг не казаў: Я яго перамог;

Каб ня цешыліся з упадку майго праціўнікі мае, бо я ж спадзяваўся на міласэрнасьць Тваю.

Хай сэрца маё ўзрадуецца збаўленьнем Тваім,

Хай засьпяваю Госпаду, які дабро мне ўчыніў.

Псалом 24

Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю: Божа мой, на Цябе спадзяюся, ня дай мне зазнаць сораму:

Хай не сьмяюцца з мяне ворагі мае. Бо ўсе, што спадзяюцца на Цябе, не пасаромеюцца.

Хай будзе пасаромлены той, хто не датрымлівае слова без прычыны.

Пакажы мне шлях Твой, Госпадзе, навучы мяне шляхом Тваім.

Кіруй мною ў праўдзе Тваёй і навучы мяне, бо Ты Бог і Збавіцель мой: на Цябе заўсёды спадзяюся.

Успомні міласэрнасьць Тваю, Госпадзе, міласэрнасьць, што трывае вечна.

Ня будзь памятлівы грахоў маёй маладосьці і правінаў маіх, але ўспомні ў міласэрнасьці Тваёй мяне, дзеля дабрыні Тваёй, Госпадзе.

Госпад добры і справядлівь: Ён навучае грэшнікаў шляхом сваім. У справядлівасьці кіруе пакорнымі, настаўляе пакорлівых на праўду.

Усе сьцежкі Гасподнія – ласка і праведнасьць для тых, якія захоўваюць Яго прыказаньні і запаветы.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, адпусьці грэх мой, бо ён вялікі.

Хто той чалавек, што баіцца Госпада? Госпад пакажа яму, які абраць шлях.

Сам ён зазнае шчасьця, а нашчадкі яго будуць мець у спадчыне зямлю.

Госпад спагадлівы да тых, што Яго баяцца, і дае пазнаць ім свой запавет.

Вочы мае заўсёды зьвернутыя да Госпада, бо Ён сам вызваліць з сеці ногі мае.

Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною.бо я самотны і няшчасны.

Сунімі жальбу сэрца майго, вызвалі мяне з маёй сьцятасьці.

Глянь на маю бяду і цяжкасьці, і адпусьці мне ўсе правіны мае.

Глянь на безьліч ворагаў маіх, што нянавісьцю лютаю ненавідзяць мяне.

Сьцеражы мяне і вызваль мяне, каб мне, прыбегшы да Цябе, не зазнаць сораму.

Хай праведнасьць і бязьвіннасьць будуць мне абаронаю, бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.

Вызваль, Госпадзе, Ізраіля, ад усіх бедаў яго.

Псалом 30

Госпадзе, да Цябе прыбягаю: ня дай мне пасаромецца ніколі.

Вызваль мяне ў справядлівасьці Тваёй.

Прыхілі вуха Тваё да мяне, збаў мяне хутчэй!

Будзь для мяне скалой абароннай, і моцнай крэпасьцю, дзе мне знайсьці ратунак.

Бо Ты – мая скала і крэпасьць; дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.

Ты выведзеш мяне з сеці, якую на мяне паставілі, бо Ты мой надзейны прытулак.

У рукі Твае аддаю дух мой, Ты ж вызваліш мяне, Госпадзе, Божа верны.

Ты ненавідзіш тых, што шануюць нікчэмных ідалаў, я ж спадзяюся на Госпада.

Буду радавацца і цешыцца з міласэрнасьці Тваёй, бо Ты глянуў на гора маё, адняў ад душы маёй сум.

Ты не аддаў мяне ў рукі непрыяцеля, але паставіў ногі мае на месцы прасторным.

Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо я ў бядзе, ад суму саслаблі вочы мае, душа мая і нутро маё.

Жыцьцё маё – суцэльны стогн, ад суму саслабла сіла мая і косьці мае высахлі.

Я стаў пасьмешышчам для ўсіх ворагаў маіх, ганьбаю для суседзяў, страхоцьцем для знаёмых.

Хто мяне ўбачыць вонках, уцякае ад мяне,

Забыты, выкінуты з сэрца, быццам мёртвы, я стаўся як разьбіты посуд.

Бо я чуў шэпты многіх навокал – страх адусюль пагражае!

Тыя, што зышліся разам супроць мяне, зьбіраліся адабраць мне жыцьцё.

Я ж спадзяюся на Цябе, Госпадзе, і кажу: Ты Бог мой.

У руках Тваіх лёс мой: вызвалі мяне з рук ворагаў і тых, што перасьледуюць мяне.

Прасьвятлі сьвятлом твару Твайго слугу Твайго, збаў мяне ў міласэрнасьці Тваёй.

Госпадзе, ня дай мне пасаромецца, бо я клікаў Цябе.

Няхай нязбожныя пакрыюцца сорамам, няхай моўчкі зыдуць у апраметную.

Хай нямымі стануць пыхлівыя вусны, што з пагардаю нахабна абмаўляюць праведнага.

Як вялікая дабрыня Твая, Госпадзе, што Ты зьбярог для тых, хто баіцца Цябе,

Якую яўляеш тым, хто да Цябе прыбягае на вачох у людзей.

Ты ахоўваеш іх у ценю твару Твайго ад намоваў людзкіх, у шатры хаваеш іх ад языкоў звадлівых.

Блаславёны Госпад, што дзівосную міласэрнасьць сваю явіў мне ў абаронным месьце.

Я ж у зьбянтэжанасьці сваёй сказаў: Адкінуты я ад вачэй Тваіх.

Але Ты пачуў голас малітвы маёй, калі я клікаў Цябе.

Любіце Госпада, усе сьвятыя Яго!

Госпад сьцеражэ верных, але гордым дае адплату з лішкам.

Сьмела! Хай вашае сэрца будзе адважнае, усе вы, што спадзяецеся на Госпада.

Псалом 90

Ты, што жывеш пад апекаю Ўсявышняга і ў ценю Ўсемагутнага прабываеш,

Скажаш Госпаду: Ты маё прыстанішча, мая абарона, Бог мой, і на Цябе спадзяюся.

Ён выбавіць цябе ад сеці лаўца і ад наглай загубы.

Ён пакрые цябе пёрамі сваімі, і пад крыламі Яго ты знойдзеш прытулак.

Не збаішся жахаў начных, ні стралы, што ляціць удзень;

Ні страху, што крыецца поцемкам; ні мору, што ў поўдзень пустошыць.

I хоць бы тысячы палі побач з табою, і дзесяткі тысячаў па правай руцэ тваёй,

Цябе нішто не кране, бо вернасьць Яго – твой шчыт і панцыр.

Ты толькі глянеш навокал – і ўбачыш адплату грэшнікам.

Бо ты сказаў: "Госпад мая абарона", і Ўсявышняга выбраў сабе за прытулак.

Ніякая бяда не напаткае цябе, і пошасьць не наблізіцца да жыльля твайго.

Ён загадае анёлам сваім пра цябе, каб сьцераглі цябе, куды б ты не ішоў.

На руках сваіх панясуць цябе, каб не спатыкнуцца аб камень назе тваёй.

На аспіда і вужа наступіш і патопчаш льва і зьмяю.

Таму, што ён палюбіў Мяне, Я выбаўлю яго і абараню яго, бо ён пазнаў імя Маё.

Будзе клікаць Мяне, і Я адгукнуся яму; буду з ім у дзень суму, выбаўлю яго і ўслаўлю яго.

Доўгім жыцьцём напоўню яго і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё".

Слава ... цяпер ...


Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся.(Тройчы)

Слава ... цяпер ...

Дзе магчыма, два хоры(або чытальнікі) сьпяваюць па чарзе:

Хор 1. З намі Бог, зразумейце, народы, і скарыцеся , бо з намі Бог.

Хор 2. Тое самае.

Хор 1. Пачуйце гэта ўсе аж да канцоў зямлі, бо з намі Бог.

Хор 2. Магутныя, карыцеся, бо з намі Бог.

Калі і ў сілу ўбярэцеся, пераможаныя будзеце, бо з намі Бог.

Задумы, якія вы задумалі, Госпад аберне ў нішто, бо з намі Бог.

I словы, якія вы сказалі, ня зьдзейсьняцца, бо з намі Бог.

Страху вашага мы не адчуваем і не трывожымся, бо з намі Бог.

Госпада Бога нашага будзем славіць, і той будзе ў страх, бо з намі Бог.

Калі на Яго спадзявацца буду, Ён будзе мне асьвячэньнем, бо з намі Бог.

Буду спадзявацца на Яго, і Ён збавіць мяне, бо з намі Бог.

Вось я і дзеці, якіх Бог мне даў, бо з намі Бог.

Людзі, што хадзілі ў цемры, убачылі сьвятло вялікае, бо з намі Бог.

Сьвятло зазьзяе для вас, што жывеце ў краіне і ценю сьмерці, бо з намі Бог.

Бо вось Дзіця нарадзілася нам, Сын быў дадзены нам, бо з намі Бог.

Улада спачыла на плячох Яго, бо з намі Бог.

Міру Ягонаму няма канца, бо з намі Бог.

I дадуць Яму імя: Анёл вялікай рады, бо з намі Бог.

Дзіўны Дарадчык, бо з намі Бог.

Бог магутны, Уладар, Князь супакою, бо з намі Бог.

Айцец будучага веку, бо з намі Бог.

Абодва хоры разам. З намі Бог, зразумейце, народы, і скарыцеся, бо з намі Бог.

Хор 1. Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу. З намі Бог, зразумейце, народы, і скарыцеся, бо з намі Бог.

Хор 2. Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. З намі Бог, зразумейце, народы, і скарыцеся.

Абодва хоры. Бо з намі Бог.

Хор 1. Дзень пражыўшы, дзякую Табе, Госпадзе, і прашу: дай мне, Збавіцелю, правесьці вечар і ноч без граху і збаў мяне.

Хор 2. Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Дзень пражыўшы, слаўлю Цябе, Уладару, і прашу: дай мне, Збавіцелю, правесьці вечар і ноч без спакусаў і збаў мяне.

Хор 1. Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дзень пражыўшы, слаўлю Цябе, Сьвяты, і прашу: дай мне, Збавіцелю, правесьці вечар і ноч бяз подступу і збаў мяне.

Хор 1. Бесьцялесныя хэрувімы несьціханымі песьнямі Цябе праслаўляюць.

Хор 2. Шасьцікрылыя сэрафімы нястомнымі галасамі Цябе славяць.

Хор 1. Усе хоры анёлаў тройчы сьвятымі песьнямі Цябе выхваляюць.

Хор 2. Бо Ты – Айцец перш за ўсё, і маеш спрадвечнага Сына.

Хор 1. I нясеш роўнаслаўнага Духа жыцьця, яўляючы непадзельную Тройцу.

Хор 2. Найсьвяцейшая Дзева, Маці Божая, сьведкі і слугі Слова, прарокаў і мучанікаў грамада, якія маеце несьмяротнае жыцьцё: маліцеся шчыра, каб усе мы, што ў бедах, вызваліліся ад аблуды злога, і сьпявалі анёльскую песьню:

Абодва хоры. Сьвяты, сьвяты, сьвяты, тройчы Сьвяты Госпадзе, зьмілуйся над намі. Амін.

Веру ў адзінага Бога Айца, усемагутнага. Тварца неба і зямлі, бачнага ўсяго і нябачнага. I ў адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі; Сьвятло ад Сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога, народжанага, нястворанага, адзінасутнага з Айцом, праз якога ўсё стала быць. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня зышоў з неба, прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы і стаўся чалавекам. Быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, цярпеў і быў пахаваны. I на трэці дзень уваскрос згодна з Пісаньнямі; і ўзышоў на неба, і сядзіць па правай руцэ Айца; і зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і мёртвых, і Яго валадарству ня будзе канца. Веру ў Духа Сьвятога, Госпада жыватворчага, які ад Айца паходзіць; якому належыцца пакланеньне і слава разам з Айцом і Сынам, які гаварыў праз прарокаў. У адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў. Чакаю ўваскрасеньня мёртвых і жыцьця будучага веку. Амін.

Хор 1. Усесьвятая Ўладарка нашая Багародзіца, малі Бога за нас, грэшных. (Тройчы)

Хор 2. Усе нябесныя сілы сьвятых анёлаў і арханёлаў, маліце Бога за нас, грэшных. (Двойчы)

Хор 1. Сьвяты Яне прароча, прадвесьніку і хрысьціцелю Госпада нашага Ісуса Хрыста, малі Бога за нас, грэшных. (Двойчы)

Хор 2. Сьвятыя слаўныя апосталы, прарокі і мучанікі, і ўсе сьвятыя, маліце Бога за нас грэшных. (Двойчы)

Хор 1. Сьвяты Кірыла Тураўскі, сьвятая Еўфрасіньня Полацкая і ўсе сьвятыя заступнікі беларускага народу, маліце Бога за нас, грэшных. (Двойчы)

Хор 2. Непераможная і нязломная боская сіла пачэснага і жыватворчага Крыжа, не пакідай нас, грэшных.

Хор 1. Божа, ачысьці нас, грэшных.

Хор 2. Божа ачысьці нас, грэшных, і зьмілуйся над намі.


Чытальнік: Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.


Трапар:

У сьвята сьпяваецца трапар сьвята. У іншыя дні:


У панядзелак і сераду:

(Тон 2). Прасьвятлі вочы мае, Хрысьце Божа, каб я не заснуў сьмяротным сном, і каб не сказаў вораг мой: "Я перамог яго".

Слава ...

Божа, будзь абаронцам душы маёй, бо я хаджу сярод сецяў многіх, вызвалі мяне і збаў мяне, Добры, у чалавекалюбстве Тваім.

Цяпер ...

Ня маем сьмеласьці з прычыны шматлікасьці нашых грахоў, але Ты, Багародзіца Дзева, малі Таго, хто нарадзіўся ад Цябе: многа можа малітва Маці да міласэрнасьці Ўладара. Не пагардзі просьбамі грэшных, Усячыстая, бо міласэрны і здольны нас збавіць Той, хто захацеў дабравольна пацярпець за нас.


У аўторак і чацьвер:

(Тон 8). Ты, Творча Госпадзе, ведаеш чуйнасьць нябачных ворагаў маіх і немач грэшнага цела майго. Таму аддаю ў рукі Твае дух мой. Пакрый мяне покрывам дабрыні Тваёй, каб я не заснуў сьмяротным сном. I прасьвятлі вочы душы маёй, каб мне насалодзіцца Боскімі словамі Тваімі. I як адзіны Добры і Чалавекалюбны абудзі мяне ў належны час, каб мне славіць Цябе ў песьнях.

Верш. Глянь на мяне і выслухай мяне, Госпадзе, Божа мой.

Які страшны будзе суд Твой, Госпадзе, калі анёлы стануць навокал, людзей прывядуць, кнігі разгорнуць, учынкі будуць выпрабоўваць, думкі дасьледваць! Які суд будзе мне, зачатаму ў грахох? Хто згасіць маё полымя? Хто маю цемру прасьветліць, калі Ты, Госпадзе, у чалавекалюбстве Тваім не зьмілуешся над мною.

Слава ...

Дай мне сьлёзы, як некалі грэшнай жанчыне, і зрабі мяне годным абмыць ногі Твае, што вызвалілі мяне ад шляху спакусаў, і прынесьці Табе алей духмяны – жыцьцё чыстае, абноўленае пакаяньнем, каб і я пачуў Твой жаданы голас: "Вера Твая збавіла цябе, ідзі з мірам".

Цяпер ...

Калі ўскладу на Цябе, Багародзіца, непахісную маю надзею, збаўлюся; калі буду мець Тваю, Усячыстая, апеку, не збаюся. Паганюся за ворагамі маімі і перамагу іх, апярэзаўшыся, быццам зброяю, адзіным покрывам Тваім. Прашу Тваёй магутнай дапамогі і клічу: Збаў мяне, Уладарка, малітвамі Тваімі і сілаю Твайго Сына, які ад Цябе прыняў цела, і адвядзі ад мяне змрочны сон, каб я мог славіць Цябе.


Чытальнік: Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Слава ... цяпер...

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча!

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Чытальнік: Амін.


Малітва сьвятога Васіля Вялікага. Госпадзе, Госпадзе, Ты захаваў нас ад усякай стралы, што ляцела на нас удзень, захавай нас і ўночы ад усякай злой прыгоды. Прымі нашу вячэрнюю ахвяру, уздыманьне рук нашых. I зрабі нас годнымі пражыць без граху начную пару, без спакусы ад злога, і вызвалі нас ад усякай трывогі і страху, што прыходзяць ад д'ябла. Дай душам нашым пакаяньне, і думкам нашым памяць пра іспыт на страшным і праведным судзе Тваім. Умацуй у страху Тваім целы нашыя і ўмярцьві нашыя цялесныя пажаданьні, каб і ў часе сну мы ў супакоі прасьвятляліся, разважаючы над Тваімі запаветамі. Аддалі ад нас сны нягодныя і шкодныя пажаданьні. Уздымі нас у час малітвы ўзмоцненымі ў веры і ў разуменьні запаветаў Тваіх, ласкаю і міласэрнасьцю Адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыцьцядайны Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Частка другая

Пакаяньне і жаль за грахі


Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 50

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.

Асабліва абмый мяне з віны маёй і ад грахоў маіх ачысьці мяне.

Бо беззаконьне маё я знаю, і грэх мой заўжды перада мною.

Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.

Вось я быў зачаты ў беззаконьні, і ў граху нарадзіла мяне мая маці.

Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.

Акрапі мяне гісопам, і ачышчуся, абмый мяне, і стану бялейшым за сьнег.

Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: хай узрадуюцца ўпакораныя косьці.

Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх.

Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці.

Буду навучаць грэшнікаў шляхом Тваім, і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе.

Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня, хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.

Адчыні мае вусны, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.

Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна.

Ахвяра Богу – дух скрушлівы: сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш.

Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.

Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні, тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.

Псалом 101

Госпадзе, пачуй малітву маю, хай крык мой дойдзе да Цябе.

Не адвярні твару Твайго ад мяне; у дзень патрэбы пачуй мяне.

У дзень, калі паклічу Цябе, пачуй мяне хутка.

Бо дні мае мінаюць, быццам дым; косьці мае гараць як у агні.

Падобна скошанай траве высахла сэрца маё, і я забываю есьці хлеб мой.

Ад вялікага стогну косьці мае прысохлі да скуры.

Я зрабіўся падобны да птушкі пустэльнай, стаў быццам сава на руінах.

Ня сьплю і стогну, быццам самотная птушка на страсе.

Увесь дзень ворагі мае зьневажаюць мяне, і тыя, што паўсталі супраць мяне, праклінаюць імем маім.

Вось я ем попел, быццам хлеб і напой мой мяшаю са сьлязьмі з-за гневу і абурэньня Твайго, бо, узьняўшы мяне, Ты кінуў мяне вобзем.

Дні мае, быццам цень, доўжацца, і сам я як трава вяну.

Ты ж, Госпадзе, прабываеш вечна і памяць Твая з пакаленьня ў пакаленьне.

Устань і зьмілуйся над Сыёнам, бо ўжо час зьмілавацца над ім, бо насьпеў час;

Бо слугі Твае любяць каменьне ягонае, і жаль ім ягоных руінаў.

I будуць баяцца ворагі імя Твайго, Госпадзе, і ўсе ўладары – хвалы Тваёй.

Бо Госпад адбудуе Сыён і зьявіцца ў славе сваёй.

Ён гляне прыхільна на малітвы пакорных і не адкіне просьбы іх.

Хай гэта будзе напісана для наступных пакаленьняў, і народ, што мае адрадзіцца, будзе хваліць Госпада.

Бо Ён глянуў з вышыні сьвятога месца Свайго, з неба на зямлю глянуў,

Каб пачуць стогн тых, што ў путах, вызваліць сыноў тых, што былі засуджаныя на сьмерць;

Каб абвясьціць імя Гасподняе і славу Яго ў Ерусаліме, калі зьбяруцца разам народы і валадарствы, каб служыць Госпаду.

Сіла мая ўжо пакінула мяне: скажы мне, колькі мне яшчэ засталося?

У палове дзён маіх не забяры мяне, Ты, чые гады трываюць з пакаленьня ў пакаленьне.

Спачатку Ты, Госпадзе, стварыў зямлю, і неба – твор рук Тваіх;

Яны прамінуць, а Ты застанешся; быццам вопратка, усё састарэе. Ты згортваеш іх як адзеньне, і яны мяняюцца.

А Ты ўсё той самы, і гадом Тваім няма канца.

Сыны слуг Тваіх жыць будуць, і насеньне іх узмоцніцца.


Малітва Манасіі, цара Юдэйскага. Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, Абрагама, і Ісаака, і Якуба і праведнага роду іх, Ты стварыў неба і зямлю з усёй іхняй красою, Ты зьвязаў мора словам загаду Твайго, Ты зачыніў бездань і запячатаў яе страшным і слаўным імем Тваім; Цябе ўсё баіцца і дрыжыць перад сілаю Тваёю, бо ніхто не ўстаіць перад веліччу славы Тваёй і нясьцерпным гневам Тваім на грэшнікаў; але дабрыня абяцаньня Твайго бязьмежная і недасьледная. Бо Ты – Госпад усявышні, добры, доўгацярплівы і шматлітасьцівы, які шкадуе аб грахох людзкіх. Ты, Госпадзе, у вялікай дабрыні Тваёй, даў магчымасьць пакаяньня і адпушчэньня для тых, што зграшылі перад Табою, і ў бязьмежнай міласэрнасьці Тваёй устанавіў для грэшнікаў пакаяньне для збаўленьня. Бо Ты, Госпадзе Божа сілаў, не ўстанавіў пакаяньня для Абрагама, і Ісаака, і Якуба, што не зграшылі перад Табою, але ўстанавіў пакаяньне для мяне, грэшнага, бо грахоў маіх больш, як пяску марскога. Памножыліся беззаконьні мае, Госпадзе, памножыліся беззаконьні мае, і я няварты глянуць і бачыць вышыню нябесную дзеля безьлічы правінаў маіх. Я скаваны цяжкімі аковамі жалезнымі, так што не магу падняць галавы маёй, і няма палёгкі для мяне, бо я ўгнявіў Цябе і благое перад Табою ўчыніў, ня споўніў волі Тваёй і не захаваў запаветаў Тваіх. І вось я згінаю калені і ад усяго сэрца прашу ў Цябе міласьці. Зграшыў я, Госпадзе, зграшыў я, і беззаконьні мае я знаю, але прашу і малю Цябе: прабач мне, Госпадзе, і не загубі мяне з беззаконьнямі маімі; ня будзь памятлівы правінаў маіх і ў гневе Тваім ня скінь мяне ў вечную бездань. Бо Ты Бог тых, што каюцца, і на мне яві дабрыню Тваю, і ў вялікай міласэрнасьці Тваёй збаў мяне, нягоднага, каб мне славіць Цябе праз усе дні жыцьця майго. Бо Цябе хваляць усе сілы нябесныя, і слава Твая на век вякоў. Амін.


Чытальнік: Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.


Зжалься над намі, Госпадзе, зжалься над намі: ня могучы даць ніякага адказу, мы грэшныя вось гэтую малітву Табе, Уладару нашаму, прыносім: Зжалься над намі.

Слава ...

Госпадзе, зжалься над намі, бо на Цябе спадзяемся: ня гневайся на нас вельмі і ня будзь памятлівы нашых бясчынстваў, але глянь міласьціва на нас і выбаў нас ад ворагаў нашых, бо Ты Бог наш і мы, людзі Твае і творы рук Тваіх, імя Тваё клічам.

Цяпер ...

Зьмілаваньня дзьверы адчыні нам, блаславёная Багародзіца: хай мы, якія спадзяемся на Цябе, ня згінем, але выбавімся Табою ад бедаў, бо Ты, збаўленьне роду хрысьціянскага.


Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.


Малітва. Уладару Божа Ойча ўсемагутны, Госпадзе Сыне Адзінародны, і Сьвяты Духу, адзінае боства, адзіная сіла, зьмілуйся нада мною грэшным і ў ведамы Табе спосаб збаў мяне, недастойнага слугу Твайго, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.


Частка трэцяя

Услаўленьне Бога за Ягоную міласэрнасьць і спагаду


Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 69

Божа, ратуй мяне; Божа, прыйдзі хутчэй на дапамогу мне.

Хай будуць пасаромленыя і хай чырванеюць тыя, што робяць засаду на маё жыцьцё;

Хай адступяць з сорамам тыя, што цешацца з майго няшчасьця;

Хай адступяць пакрытыя ганьбаю тыя, што кажуць: "Ага, так яму трэба!".

Хай радуюцца і цешацца ў Табе ўсе, што Цябе шукаюць,

I кажуць заўсёды: "Хай уславіцца Госпад!" – тыя, што жадаюць Тваёй дапамогі.

Я ж бедны і няшчасны: Божа, прыйдзі да мяне з дапамогаю.

Ты – мая помач і мой вызваліцель: Госпадзе, не пазьніся!

Псалом 142

Пачуй, Госпадзе, малітву маю, у вернасьці Тваёй прыхілі вуха Тваё да маленьня майго, выслухай мяне ў Тваёй справядлівасьці.

I не судзіся са слугой Тваім, бо ніхто з жывых не апраўдаецца перад Табою.

Бо вораг перасьледуе душу маю, жыцьцё маё топча ў зямлю, у цемры патапіў мяне, быццам памёрлага.

Дух мой млее ўва мне, і сэрца маё поўнае жаху.

Успамінаю даўнія дні, разважаю над усімі ўчынкамі Тваімі, і над творамі рук Тваіх задумваюся.

Да Цябе працягваю рукі мае: душа мая, быццам высахлая зямля, прагне Цябе.

Выслухай мяне хутчэй, Госпадзе, бо дух мой зьнемагае. Не хавай твару Твайго ад мяне, каб мне не стацца падобным да тых, што зыходзяць у магілу.

Дай мне хутка адчуць ласку Тваю, бо на Цябе спадзяюся. Пакажы мне шлях, па якім мне трэба ісьці, бо да Цябе ўзношу душу маю.

Збаў мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх – бо да Цябе прыбягаю.

Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай жыцьцё маё; у дабраце Тваёй выведзі з бяды душу маю.

У гневе Тваім зьнішчы ворагаў маіх і загубі ўсіх, што перасьледуюць душу маю, бо я слуга Твой.

Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці і не судзіся са слугою Тваім.

Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці і не судзіся са слугою Тваім.

Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Слава ... цяпер ...


Алілуя, алілуя, алілуя: Слава Табе, Божа. (Тройчы)


Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой, добрая воля сярод людзей.

Хвалім Цябе, бласлаўляем Цябе, кланяемся Табе, у песьнях славім Цябе, дзякуем Табе дзеля вялікай славы Тваёй.

Госпадзе, Уладару Нябесны, Божа Ойча ўсемагутны; Госпадзе Сыне адзінародны, Ісусе Хрысьце, і Сьвяты Духу.

Госпадзе Божа, Ягнё Божае, Сыне Айца, што ўзяў на сябе грахі сьвету, зьмілуйся над намі; Ты, што ўзяў на сябе грахі сьвету, прымі малітву нашу; што сядзіш па правай руцэ Айца, зьмілуйся над намі. Бо толькі Ты адзін сьвяты, Ты адзін Госпад Ісус Хрыстос на славу Бога Айца. Амін.

Буду штоночы бласлаўляць Цябе, і хваліць імя Тваё давеку і на век вякоў.

Госпадзе, Ты быў нам прыстанішчам з роду ў род. Я сказаў: Госпадзе, зьмілуйся нада мною, ацалі душу маю, бо я перад Табою зграшыў.

Госпадзе, да Цябе прыходжу, навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой: у Цябе крыніца жыцьця, і ў зьзяньні Тваім убачым сьвятло. Міласэрнасьць Твая хай будзе заўжды з тымі, што пазналі Цябе.

Дай, Госпадзе, у гэтую ноч захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў.

Блаславёны Ты, Уладару, дай мне зразумець Твае запаветы.

Блаславёны Ты, Сьвяты, прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.

Госпадзе, міласэрнасьць Твая девеку – не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, Табе слава належыцца, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


На ўсяночным стаяньні на гэтым месцы бывае ліцьця і блаславеньне хлябоў, пасьля чаго пачынаецца ранішняя служба. Далейшая частка павячэрніцы прапускаецца.

Канон


Частка чацьвёртая

Малітвы перад начным адпачынкам


Чытальнік: Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.


Людзі: (Тон 6). Госпадзе сілаў, будзь з намі, іншага памочніка ў патрэбе апроч Цябе ня маем: Госпадзе сілаў, зьмілуйся над намі.

Чытальнік: (Псалом 150). Хваліце Госпада ў сьвятых Яго; хваліце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго.

Людзі: Госпадзе сілаў... (так пасьля наступных вершаў паслму)

Чытальнік: Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.

Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на ліры і гусьлях.

Хваліце Яго звонам бубнаў і карагодамі, хваліце Яго на струнах і жалейках.

Хваліце Яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Хваліце Госпада ў сьвятых Яго; хваліце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго.

Людзі: Госпадзе сілаў...

Слава ...

Госпадзе, каб не сьвятыя Твае, што моляцца за нас, і каб не дабрыня Твая, што мілуе нас, то як наважыліся бы мы славіць Цябе, Збавіцелю, якога няспынна славяць анёлы. Сэрцазнаўча, зьмілуйся над душамі нашымі.

Цяпер ...

Як шмат правінаў маіх, Багародзіца! Да Цябе прыбягаю, Чыстая, просячы збаўленьня. Глянь на зьнясіленую душу маю, і малі Сына Твайго і Бога нашага, каб прабачыў мне ўсё, што я зрабіў благога, адзіная Блаславёная.

Усесьвятая Багародзіца, у жыцьці маім не пакідай мяне чалавечаму заступніцтву, але сама заступіся за мяне і зьмілуйся нада мною.

Усю надзею ўскладаю на Цябе, Маці Божая, захавай мяне пад покрывам Тваім.


Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.


Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава ... цяпер ...

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Чытальнік: Амін.


Сьвятар гаворыць малітву Ахрэма Сырына:

Сьвятар: Госпадзе і Ўладару жыцьця майго, духа ленасьці, нуды, уладалюбства і марнаслоўя ня дай мне. (Усе робяць зямны паклон)

Духа чысьціні, пакоры, цярплівасьці і любові дай мне, слузе Твайму. (Зямны паклон )

Так, Госпадзе Ўладару! Дай мне бачыць мае правіны і не асуджаць брата майго, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін. (Зямны паклон)

Госпадзе, ачысьці мяне грэшнага і зьмілуйся нада мною. (12 разоў, з малымі паклонамі)

Госпадзе і Ўладару жыцьця майго... (Уся малітва, з зямным паклонам уканцы)


Чытальнік: Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)


Малітва да Сьвятой Багародзіцы. Бязгрэшная, беззаганная, нятленная, усячыстая Дзева, Боганявеста Ўладарка! Тваімі ўсяслаўнымі радзінамі Ты зьяднала Бога-Слова з людзьмі і злучыла нашую заняпалую прыроду з нябеснаю. Ты адзіная надзея зьнявераных, памочніца ў напасьцях, хуткая заступніца тых, што прыбягаюць да Цябе, і ўсіх хрысьціянаў прыстанішча. Не пагардзі мною грэшным, што дрэннымі думкамі, словамі і ўчынкамі зрабіў сябе цалкам нягодным, і стаўся нявольнікам пажаданьняў, нядбайнасьці і ленасьці. Але, як Маці чалавекалюбнага Бога, зьмілуйся чалавекалюбна нада мною грэшным і блудным, і прымі маё маленьне, якое прыношу Табе маімі апаганенымі вуснамі. 3 матчынай сьмеласьцю малі Сына Твайго і нашага Ўладара і Госпада, каб Ён, не зважаючы на безьліч маіх правінаў, адкрыў мне чалавекалюбную глыбіню сваёй дабрыні, навярнуў да пакаяньня і ўчыніў мяне ахвотным выканаўцам сваіх прыказаньняў. Як спагадлівая, міласэрная і чалавекалюбная, будзь мне надзейнай заступніцай, у цяперашнім жыцьці разьвядзі непрыяцеляў маіх і накіруй на шлях збаўленьня; а ў час адыходу майго будзь ахоўніцай лютай душы маёй і адгані далёка ад яе змрочныя прынады хітрых ворагаў. У страшны ж дзень праведнага суду вызвалі мяне ад вечнай мукі і ўчыні спадкаемцам невыказнай славы Сына Твайго і Бога нашага. Дай мне асягнуць яе з Тваёй дапамогаю, Уладарка мая, усесьвятая Багародзіца, ласкаю і чалавекалюбствам адзінароднага Твайго Сына, Госпада Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, якому належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, разам з адвечным Яго Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Яго Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Малітва да Сьвятой Тройцы. Дай, Уладару, нам, што рыхтуемся да сну, супакой цела і душы; і захавай нас ад змрочнага сну грахоўнага і ад усякае цёмнае начное асалоды. Суцішы полымя нашых пажаданьняў і згасі распаленыя стрэлы хітрага ворага, накіраваныя падступна на нас: спыні дрэнныя памкненьні нашага цела, і усьпі ўсякую зямную і цялесную думку. I дай нам, Божа, розум бадзёры, сьветлыя думкі, сэрца чыстае, сон лёгкі, недаступны для ўсякіх д'ябальскіх мараў. Узьнімі нас у час малітвы непахіснымі ў Тваіх запаветах і з цьвёрдай памяцьцю пра Твае суды. Дай нам усяночнае ўсхваленьне, каб нам пяяць, бласлаўляць і славіць велічнае і пачэснае імя Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усяслаўная заўсёды Дзева, Маці Хрыста Бога, занясі нашу малітву да Сына Твайго і Бога нашага, каб Ён збавіў душы нашыя.

Надзея мая Айцец, прыстанішча маё Сын, ахова мая Дух Сьвяты: Тройца сьвятая, слава Табе.


Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Ойча блаславі.

Сьвятар: Уладару міласэрны, Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, малітвамі ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анельскіх; малітвамі сьвятога, слаўнага прарока, прадвесьніка і хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; між сьвятымі айцоў нашых, сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворца, арцыбіскупа Мірлікійскага; сьвятых слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятога (сьвятой)... (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных багаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых: зрабі прыемнай Табе малітву нашую, дай нам адпушчэньне правінаў нашых, пакрый нас покрывам крылаў Тваіх, адгані ад нас усякага ворага і супраціўніка, зрабі спакойным наша жыцьцё і зьмілуйся над намі і над усім сьветам Тваім, бо Ты добры і Чалавекалюбец.


Прабачэньне


Сьвятар (робіць паклон перад людзьмі і кажа): Блаславіце, айцы сьвятыя і браты, і прабачце мне, грэшнаму, усё, чым я зграшыў сёньня і праз усё маё жыцьцё словам, учынкам і думкаю і ўсімі маімі пачуцьцямі.

Людзі: Хай Бог прабачыць табе і зьмілуецца над табою, ойча сьвяты.

(Робяць паклон перад сьвятаром і кажуць): Блаславі мяне ойча сьвяты, і прабач мне ўсе мае грахі, якія я зрабіў (зрабіла) словам, учынкам і думкаю, і ўсімі маімі пачуцьцямі.

Сьвятар: Хай Бог у міласэрнасьці сваёй прабачыць усім нам і зьмілуецца над намі.


Пачынае літанію:

Памолімся за Сьвятога Айца Нашага ... (імя), і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных просьбаў)

Сьвятар: За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.

- За Богам сьцеражоны Беларускі народ, вызваленьне і збаўленьне яго.

- За тых, што ненавідзяць і любяць нас.

- За тых, што спагадаюць і служаць нам.

- За тых, што загадалі нам, нягодным, маліцца за іх.

- За вызваленьне зьняволеных.

- За адсутных айцоў і братоў нашых.

- За тых, што падарожнічаюць па моры, зямлі і ў паветры.

- За нядужых і хворых.

- Памолімся і за багаты ўраджай пладоў зямных.

- І за ўсякую душу прававерных хрысьціянаў.

- Успомнім нашых сьвятаначальнікаў, заснавальнікаў і дабрачынцаў гэтай царквы.

- Бацькоў нашых і ўсіх айцоў, братоў і сёстраў нашых, што раней адышлі ў надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.

Скажам і за іх:

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзё, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Людзі: Амін.

Тым, што ненавідзяць і крыўдзяць нас, прабач, Госпадзе. Дабрачынцам зрабі дабро. Братом і сваяком нашым дай спаўненьне просьбаў для іхняга дабра вечнага. Глянь ласкава на хворых і дай ім ацаленьне. Будзь з падарожнікамі па моры, зямлі і ў паветры. Тым, што служаць нам і мілуюць нас, дай адпушчэньне грахоў. У вялікай міласэрнасьці Тваёй зьмілуйся над тымі, што прасілі нас, нягодных, маліцца за іх. Успомні, Госпадзе, айцоў і братоў нашых, што раней заснулі, і дай ім супакой, дзе зьзяе сьвятло твару Твайго. Успомні, Госпадзе, братоў нашых зьняволеных і вызвалі іх ад усякае небясьпекі. Успомні, Госпадзе, тых, што прыносяць дары і чыняць дабро ў сьвятых Тваіх цэрквах, і дай ім усё патрэбнае для збаўленьня і жыцьця вечнага. Успомні, Госпадзе, і нас, пакорных, грэшных, і нягодных слугаў Тваіх, прасьвятлі наш розум сьвятлом Тваім і накіруй нас на шлях запаветаў Тваіх, малітвамі Ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі і ўсіх сьвятых; бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.


Вярнуцца назад