Галоўная > Малітвы прынагодныя > Малітвы прынагодныя - у Псальмах
Малітвы прынагодныя - у Псальмах24 красавіка 2008. |
Малітвы хвалы велічы і дабрыні Божай Псалом 8 Госпадзе, Госпадзе наш, як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Ты веліч сваю ўзьняў вышэй за неба. З вуснаў дзяцей і немаўлятаў Ты прыгатаваў сабе хвалу насуперак супраціўнікам Тваім, каб змусіць да маўчаньня непрыяцеля і ворага. Калі гляджу на неба, твор рук Тваіх, на месяц і зоркі, якія Ты стварыў, Дык хто ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты пра яго дбаеш? Ты зрабіў яго мала меншым за анёлаў, славаю і пашанаю вянчаў яго, Паставіў яго гаспадаром над творамі рук Тваіх, усё паклаў пад ногі яму: Авечак і ўсялякую жывёлу, дый яшчэ дзікіх зьвяроў, Птушак нябесных і рыбы ў моры, і ўсё, што рухаецца па марскіх шляхох. Госпадзе, Божа наш, як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі!
Псалом 102 Блаславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё хай славіць імя сьвятое Яго. Блаславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх дабрадзействаў Яго. Ён адпускае ўсе правіны твае, і аздараўляе ўсе немачы твае. Ён вызваляе жыцьцё тваё ад згубы, вянчае цябе ласкаю і міласэрнасьцю. Ён напаўняе тваё жыцьцё дабром: абнаўляецца, як арол, маладосьць твая. Госпад чыніць справядлівасьць і суд усім пакрыўджаным. Ён паказаў Майсею шляхі свае, сыном Ізраіля ўчынкі свае. Шчодры Госпад і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку. Ня будзе вечна сварыцца Ён і ня будзе гневацца давеку. Не паводле грахоў нашых учыніў Ён нам і не паводле правінаў нашых заплаціў Ён нам. Бо як высока неба ад зямлі, так вялікая міласэрнасьць Яго для тых, што баяцца Яго. Як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас нашыя злачынствы. Як бацька літуецца над сынамі, так літуецца Госпад над пабожнымі. Ён ведае, з чаго мы створаныя, Ён знае, што мы – пыл. Дні чалавека падобныя да травы: цьвіце ён, быццам кветка ў полі. Але вось павее вецер – і няма больш яго, і месца, дзе быў, яго не пазнае. А міласэрнасьць Гасподняя вечная і на век вякоў для тых, што баяцца Яго; і справядлівасьць Ягоная над сынамі сыноў тых, што захоўваюць саюз Ягоны, памятаюць запаветы Ягоныя і выконваюць іх. Госпад на небе ўстанавіў пасад свой і валадарства сваё над усім сусьветам. Блаславіце Госпада, усе анёлы Яго, слугі Яго, што спаўняеце загады Яго. Блаславіце Госпада, усе творы Яго, на кожным месцы Яго панаваньня! Блаславі, душа мая, Госпада! На кожным месцы Яго панаваньня, блаславі, душа мая, Госпада!
Псалом 144 Буду ўзьвялічваць Цябе, Божа мой, Уладару мой, буду бласлаўляць імя Тваё вечна і на век вякоў. Кожны дзень буду бласлаўляць Цябе і славіць імя Тваё вечна і на век вякоў. Вялікі Госпад і годны хвалы, і няма межаў велічы Яго. Пакаленьні за пакаленьнямі будуць славіць творы Твае, магутнасьць Тваю абвяшчаць; Будуць аб’яўляць веліч славы Тваёй, аб цудах Тваіх расказваць; Казаць аб страшнай моцы ўчынкаў Тваіх, вядамай рабіць веліч Тваю; Успомняць бязьмежнасьць дабрыні Тваёй, у справядлівасьці Тваёй узрадуюцца. Госпад ласкавы і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку. Госпад добры і спагадлівы да ўсіх стварэньняў сваіх. Хай усе творы Твае, Госпадзе, славяць Цябе, і сьвятыя Твае хай бласлаўляюць Цябе. Хай расказваюць аб хвале валадарства Твайго і абвяшчаюць магутнасьць Тваю, Каб яўнай стала сыном людзкім веліч Твая і хвала Твайго пышнага валадарства. Валадарства Тваё – валадарства ўсіх вякоў, і панаваньне Тваё трывае праз усе пакаленьні. Госпад верны ва ўсіх словах сваіх і сьвяты ва ўсіх творах сваіх. Госпад падтрымлівае тых, што падаюць, і падымае прыгнечаных. Вочы ўсіх да Цябе зьвяртаюцца з надзеяю, і Ты даеш ім страву ў свой час, Адчыняеш руку Тваю і ўсё жывое сыціш. Госпад справядлівы ва ўсіх сьцежках сваіх і сьвяты ва ўсіх учынках сваіх. Госпад блізкі да тых, што клічуць Яго – да ўсіх, што клічуць Яго шчыра. Ён спаўняе жаданьні тых, што баяцца Яго, чуе кліч і выбаўляе іх. Госпад ахоўвае ўсіх, што любяць Яго, а грэшных загубіць. Хай вусны мае абвяшчаюць хвалу Гасподнюю, і ўсё жывое хай бласлаўляе Імя сьвятое Яго.
Веліч Бога ў Ягоных творах і законах Псалом 18 Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл. Дзень дню кажа слова, ноч ночы вестку перадае. Гэта ня словы і не размова, гуку якіх можна не пачуць: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх і аж да краёў сьвету словы іх. Вось Ён паставіў намёт для сонца, І яно, быццам жаніх, выходзіць са сьвятліцы і цешыцца як волат, што прабягае свой шлях. З аднаго краю неба яно выходзіць і бяжыць па коле да другога краю; ад сьпёкі ягонай нішто не схаваецца. Закон Гасподні – дасканалы, ён умацоўвае душу; сьведчаньні Госпада верныя – яны навучаюць простых; Запаветы Гасподнія правыя – яны радуюць сэрца; загады Гасподнія ясныя – яны прасьвятляюць вочы. Страх Гасподні шчыры, ён трывае давеку. Суды Гасподнія праўдзівыя, усе яны – справядлівыя. Яны больш каштоўныя за золата, золата найчысьцейшае, саладзейшыя за мёд, што плыве з сотаў. Хоць слуга Твой зважае на іх і пільна стараецца іх захоўваць, Але хто можа бачыць хібы свае? Ад тайных правінаў маіх ачысьці мяне! Барані таксама слугу Твайго ад гордасьці, каб яна не завалодала мною. Тады я буду беззаганны і вольны ад вялікай правіны. Хай словы вуснаў маіх і думкі сэрца майго будуць мілыя Табе, Госпадзе, Абаронца і Збавіцелю мой.
Хто годны жыць у прысутнасьці Божай? Псалом 14 Госпадзе, хто жыхарыць у Тваім жыльлі, хто пасяліўся на гары сьвятой Тваёй? Той, хто жыве беззаганна, чыніць справядлівасьць, у сэрцы хавае правыя думкі; Хто ня ўзводзіць паклёпаў вуснамі сваімі, ня робіць зла бліжняму свайму і суседа ня ганьбіць; Хто пагарджае несумленным, а паважае тых, што баяцца Госпада; Хто дае абяцаньне бліжняму свайму і не мяняе яго; хто не дае грошай сваіх на ліхву і не прымае подкупу супраць бязьвіннага. Хто гэтак робіць, не пахісьнецца ніколі.
Жыць у сьвятыні Гасподняй – найбольшае шчасьце для чалавека Псалом 83 Якое мілае жыльлё Тваё, Госпадзе сілаў! Душа мая ўздыхае і тужыць па двары Гасподнім. Сэрца маё і цела ірвуцца радасна да Бога жывога. Нават малая птушка знаходзіць жыльлё сабе, і ластаўка гняздо сабе, дзе б пакласьці птушанятаў сваіх, Ля алтароў Тваіх, Уладару мой і Божа збаўленьня майго. Шчасьлівыя тыя, што жывуць у доме Тваім, Госпадзе: вечна могуць яны славіць Цябе. Шчасьлівыя тыя, што маюць Цябе памочнікам, калі зьбіраюцца ў сьвятую дарогу: Ідучы далінаю плачу, яны адкрываюць ў ёй крыніцы; і першы дождж пакрывае іх блаславеньнем. Пойдуць наперад з сілаю, што ўсьцяж мацнее, убачаць Бога багоў на Сыёне. Госпадзе сілаў, пачуй малітву маю; будзь уважлівы да мяне, Божа Якуба! Абаронца наш, Божа! Глянь ласкава на аблічча памазаньніка Твайго. Сапраўды лепшы адзін дзень на панадворку Тваім за тысячы. Стаяў бы лепш ля парогу дому Бога майго, як у палацах грэшнікаў. Бо Госпад Бог – сонца і шчыт; Госпад дае ласку і славу; тых, што жывуць цнатліва, Ён не пазбавіць дабротаў сваіх. Госпаде Божа сілаў, шчасьлівы чалавек, які спадзяецца на Цябе.
Малітвы надзеі і даверу да Бога Псалом 22 Госпад – мой пастыр, і ні ў чым ня буду мець нястачы; На зялёных пашах Ён пасяліў мяне, прыводзіць мяне на ціхія воды. Ён жывіць маю душу, вядзе мяне па простых сьцежках дзеля хвалы імя свайго. Калі б нават я йшоў змрочнай далінаю сьмерці, не збаюся зла, бо Ты са мною. Жазло Тваё і посах Твой – яны для мяне суцяшэньне. Ты падрыхтаваў стол для мяне перад ворагамі маімі, алеем памазаў галаву маю: да краёў поўная чаша мая. Дабрыня і ласка будуць са мною праз усе дні жыцьця майго, і буду жыць у доме Гасподнім на вякі вякоў. Псалом 62 Божа, Ты – Бог мой! Цябе пільна шукаю. Душа мае жадае Цябе, Цябе шукае цела маё, высахлае як зямля сасмаглая і бязводная. Я выглядаю Цябе ў сьвятыні, каб убачыць сілу Тваю і славу Тваю. Бо міласьць Твая лепшая за жыцьцё; вусны мае будуць славіць Цябе. Буду хваліць Цябе, пакуль буду жыць, і ў імя Тваё буду ўздымаць рукі мае. Душа мая насыціцца, быццам тлушчам і аліваю, вусны мае вясёлым голасам хваліць Цябе будуць. Згадаю Цябе на маёй пасьцелі: думаць пра Цябе буду падчас начных чуваньняў. Бо Ты прыйшоў мне на дапамогу, і ў цені крылаў Тваіх цешуся. Да Цябе імкнецца душа мая, правая рука Твая падтрымлівае мяне. Тыя ж, што жадаюць загубіць душу маю, зыйдуць у бездань апраметную. Будуць аддадзеныя пад меч, стануцца здабычаю шакалаў. А ўладар будзе радавацца ў Богу; хваліцца будзе кожны, хто Ім клянецца; а вусны тых, што кажуць бясчынствы, будуць замкнёныя. Думаць пра Цябе буду падчас начных чуваньняў, бо Ты прыйшоў мне на дапамогу, і ў ценю крылаў Тваіх цешуся. Да Цябе імкнецца душа мая, правая рука Твая падтрымлівае мяне.
Малітва аб супакоі Псалом 84 Ты, Госпадзе, паказаў ласку зямлі Тваёй, вярнуў з палону Якуба. Ты адпусьціў беззаконьні людзей Тваіх, пакрыў усе грахі іх. Ты стрымаў ярасьць Тваю, суняў люты гнеў Твой. Аднаві нас, Божа збаўленьня нашага, стрымай абурэньне Тваё на нас. Няўжо ж будзеш вечна гневацца на нас, доўжыць гнеў Твой з пакаленьня ў пакаленьне? Няўжо ж зноў не ажывіш нас, каб людзі Твае цешыліся ў Табе? Акажы нам, Госпадзе, міласэрнасьць Тваю і дай нам Тваё збаўленьне. Паслухаю, што кажа Госпад Бог; Ён абвяшчае супакой людзям сваім і сьвятым сваім, і ўсім, што ў сэрцах сваіх навернуцца да Яго. Блізкае збаўленьне Ягонае да тых, што баяцца Яго, каб слава Ягоная пасялілася ў нашай зямлі. Міласэрнасьць і праўда сустрэнуцца, справядлівасьць і супакой абдымуцца. Праўда на зямлі зьявіцца і справядлівасьць сыдзе з нябёсаў. Бо Госпад дасьць дабро і зямля наша дасьць плод свой. Справядлівасьць пойдзе перад Ім, а ўсьлед за Ім пойдзе збаўленьне.
Просьба аб Божай дапамозе Псалом 5 Пачуй, Госпадзе, словы мае, да ўздыханьняў маіх прыслухайся. Будзь уважлівы да малітвы маёй, Уладару мой і Божа мой! Бо да Цябе, Госпадзе, малюся: раніцай голас мой пачуй, раніцай буду маліцца Табе і чакаць. Бо Ты – Бог не такі, што любіць беззаконьне: крывадушнікам няма месца ў Цябе. Нязбожныя не ўстаяць перад Табою, Ты ненавідзіш усіх, што робяць беззаконьне; Губіш усіх, што кажуць няпраўду. Госпаду агідныя крыважэрныя і няшчырыя. Я ж з вялікай ласкі Тваёй увайду ў дом Твой, пакланюся сьвятыні Тваёй у страху перад Табою. Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй будзь мне правадыром, насуперак ворагам маім выраўняй шлях перада мною. Бо ў вуснах іх няма шчырасьці, сэрцы іх пустыя, горлы іх – магілы адкрытыя, языкі іх лісьлівыя. Судзі іх, Божа, хай абернуцца ў нішто намеры іх, дзеля безьлічы бясчынстваў іх адкінь іх, бо яны паўсталі супраць Цябе. Хай узрадуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе, хай цешацца давеку. Ахоўвай іх: хай цешацца з Табою тыя, што любяць імя Тваё. Бо Ты, Госпадзе, бласлаўляеш праведніка: быццам шчытом, пакрываеш яго.
Малітвы ў часе суму і няшчасьця Псалом 6 Не дакарай мяне, Госпадзе, у гневе Тваім і не карай у Тваім абурэньні. Зьмілуйся нада мною, бо я зьняможаны, ацалі мяне, бо косьці мае трымцяць. Душа мая ў вялікай трывозе: Ты ж Госпадзе – дакуль? Вярніся, Госпадзе, выратуй душу маю, у міласэрнасьці Тваёй збаў мяне, Бо хто ж пасьля сьмерці Цябе згадае, і ў краіне мёртвых хто Цябе хваліць будзе? Зьнямогся я ад стогну майго, штоночы ложак мой вогкі ад сьлёз. Ад суму ў вачох маіх цямнее, састарэў я з-за ворагаў маіх. Адыдзеце ад мяне ўсе, што чыніце благое, бо Госпад пачуў голас плачу майго. Госпад пачуў просьбы мае, малітву маю прыняў. Хай усіх ворагаў маіх пакрые сорам і страх вялікі, і пасаромленыя хай хутка адыдуць. Псалом 12 Дакуль, Госпадзе? Ці ж забудзешся на мяне зусім? Дакуль хаваць перада мною будзеш твар Твой? Дакуль сум буду насіць у душы маёй і жаль штодня ў сэрцы маім? Дакуль вораг мой будзе ўзносіцца нада мною? Глянь на мяне і пачуй мяне, Госпадзе Божа мой! Прасьвятлі вочы мае, каб мне не заснуць сьмяротным сном, каб вораг не казаў: “Я яго перамог”; Каб ня цешыліся праціўнікі мае, калі я пахіснуся, бо я ж спадзяваўся на міласэрнасьць Тваю. Хай сэрца маё ўзрадуецца збаўленьнем Тваім, І я засьпяваю Госпаду, які дабро мне ўчыніў.
Псалом 101. Госпадзе, пачуй малітву маю, хай крык мой дойдзе да Цябе. Не адвярні твару Твайго ад мяне; у дзень патрэбы пачуй мяне. У дзень, калі паклічу Цябе, пачуй мяне хутка. Бо дні мае мінаюць, быццам дым; косьці мае гараць, як у агні . Падобна скошанай траве высахла сэрца маё, і я забываю есьці хлеб мой. Ад вялікага стогну косьці мае прысохлі да скуры. Я зрабіўся падобны да птушкі пустэльнай, стаўся быццам сава на руінах. Ня сплю і стогну, быццам самотная птушка на страсе. Увесь дзень ворагі мае зьневажаюць мяне, і тыя, што паўсталі супраць мяне, праклінаюць імем маім. Вось я ем попел, быццам хлеб і напой мой мяшаю са сьлязьмі з-за гневу і абурэньня Твайго, бо, узьняўшы мяне, Ты кінуў мяне вобзем. Дні мае, быццам цень, доўжацца, і сам я як трава вяну. Ты ж, Госпадзе, прабываеш вечна і памяць Твая з пакаленьня ў пакаленьне. Устань і зьмілуйся над Сыёнам, бо ўжо час зьмілавацца над ім, бо насьпеў час; Бо слугі Твае любяць каменьне ягонае, і смуткуюць па ягоных руінах. І будуць баяцца ворагі імя Твайго, Госпадзе, і ўсе ўладары – хвалы Тваёй. Бо Госпад адбудуе Сыён і зьявіцца ў славе сваёй. Ён гляне прыхільна на малітвы пакорных і не адкіне просьбы іх. Хай гэта будзе напісана для наступных пакаленьняў, і народ, што мае адрадзіцца, будзе хваліць Госпада. Бо Ён глянуў з вышыні сьвятога месца свайго, з неба на зямлю глянуў, Каб пачуць стагнаньне тых, што ў путах, вызваліць сыноў тых, што былі засуджаныя на сьмерць; Каб абвясьціць імя Гасподняе і славу Яго ў Ерусаліме, калі зьбяруцца разам народы і ўладарствы, каб служыць Госпаду. Сіла мая ўжо пакінула мяне: скажы мне, колькі мне яшчэ засталося? У палове дзён маіх не забяры мяне, Ты, чые гады трываюць з пакаленьня ў пакаленьне. Спачатку Ты, Госпадзе, стварыў зямлю, і неба – твор рук Тваіх; Яны прамінуць, а Ты застанешся; быццам вопратка, усё састарэе. Ты згортваеш іх як адзеньне, і яны мяняюцца. А Ты ўсё той самы, і гадам Тваім няма канца. Сыны слугаў Тваіх жыць будуць, і насеньне іх узмоцніцца.
Псалмы пакаянныя (Просьба аб прабачэньні) Псалом 37 Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне. Бо стрэлы Твае працялі мяне, і рука Твая на мяне лягла. Няма здаровага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма супакою касьцям маім з прычыны грэху майго. Бо правіны мае перавысілі галаву маю, як цяжкае бярэмя, прыгнятаюць мяне бяз меры. Тхнуць, загніўшы, раны мае з прычыны маёй неразумнасьці. Прыніжаны, я сагнуўся вельмі, увесь дзень сумны хаджу. Паясьніца мая поўная жару, і няма здаровага месца на целе маім. Аслаб я, разьбіты звыш меры, і стогне сэрца маё. Госпадзе, перад Табою ўсе мае жаданьні, і ўздыханьні мае ня скрытыя. Сэрца маё трапеча, сіла пакінула мяне, і няма больш сьвятла ў вачох маіх. Бо кажу: “Няхай ня цешацца, калі мая нага спатыкнецца, няхай не вывышаюцца нада мною”. Сябры мае і прыяцелі староняцца маёй хваробы, і сваякі мае трымаюцца здалёку. Паставілі сеці на мяне, пасягаючы на жыцьцё маё; тыя, што жадаюць мне зла, абмяркоўваюць ліхое ўвесь час. Я ж, быццам глухі, ня чую і, быццам нямы, не адчыняю вуснаў маіх. На Цябе, Госпадзе, спадзяюся: Ты, Госпадзе Божа мой, выслухаеш мяне. Я вось-вось ужо падаю, і боль мой заўсёды са мною. Прызнаюся ў віне маёй і сумую з прычыны граху майго. А тыя, што без прычыны працівяцца мне, растуць у сілу: многа тых, што без падставы ненавідзяць мяне, Тых, што злом плоцяць за дабро, якія супраць мяне за тое, што я пра дабро дбаю. Не пакідай мяне, Госпадзе Божа мой, не аддаляйся ад мяне. Пасьпяшы на дапамогу мне, Госпадзе мой, збаўленьне маё!
Псалом 50 Зьмілуйся нада мною, Божа… Вярнуцца назад |