Галоўная > Мінэя - Люты > 2 лютага - Сустрэча Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Стрэчаньне)
2 лютага - Сустрэча Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Стрэчаньне)23 чэрвеня 2008. |
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...": (Тон 1). Скажы Сямёне, каго гэта ты радасна ўносіш на руках у сьвятыню, каму ты кажаш: "Сёньня я вызваляюся, бо ўбачыў Збавіцеля майго!" Ён Той, хто нарадзіўся ад Дзевы, – ад Бога Бог-Слова, што дзеля нас прыняў цела і збавіў чалавека. Дык паклонімся Яму! (Двойчы) Прымі, Сямёне, Таго, каго Майсей бачыў у хмары на Сынаі, калі Ён даваў яму Закон, і які цяпер, як немаўлятка, падпарадкоўваецца Закону. Ён Той, хто гаварыў у Законе і праз прарокаў, і хто дзеля нас прыняў цела і збавіў чалавека. Дык паклонімся Яму! (Двойчы) Пойдзем і мы, каб набожнымі песьнямі сустрэць Хрыста, і прымем Яго як Збаўленьне, якое бачыў Сямён. Ён Той, каго Давід прадвясьціў, хто гаварыў праз прарокаў, і хто дзеля нас прыняў цела і збавіў чалавека. Дык паклонімся Яму! (Двойчы) Слава ... цяпер ...: (Тон 6). Хай адчыніцца брама нябесная, бо вось спрадвечнае Слова Айца, застаючыся нязьменным Богам, бярэ пачатак у часе. Як саракадзённае дзіця, Ён прыносіцца Маці-Дзеваю ў законную сьвятыню. Стары Сямён бярэ Яго на рукі свае, кажучы: "Адпусьці цяпер слугу Твайго, Уладару, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё. Ты прыйшоў на гэты сьвет збавіць род людзкі". Госпадзе, слава Табе!
Чытаньне кнігі Выхаду У дзень, калі Ён вывеў з зямлі Ягіпецкай сыноў Ізраілевых, Госпад сказаў Майсею: "Прысьвяціце мне кожнага першанароджанага сярод сыноў Ізраілевых – першынца з матчынага ўлоньня". Майсей пайшоў і, сабраўшы ўсіх людзей, сказаў ім: "Памятайце той дзень, калі вы выйшлі з Ягіпту, з дому няволі: Госпад вывеў вас адтуль магутнай рукою. Дык захоўвайце вось гэты закон Ягоны кожны год у азначаным часе. Калі Госпад увядзе вас у краіну ханаанскую і дасьць яе вам, як абяцаў айцом вашым, аддасьце кожнага першанароджанага з улоньня маці мужчынскага полу Госпаду. І калі спытаецца сын твой у будучыні: "Што значыць гэты звычай?", то адкажаш яму: "Госпад моцнай рукою вывеў нас з Ягіпту, з дому няволі. Калі фараон заўпарціўся і не хацеў звольніць нас, Госпад вынішчыў усіх першанароджаных на зямлі Ягіпецкай, як ад людзей так і ад жывёлы. Дзеля гэтага я ахвярую Госпаду першанароджанага мужчынскага полу ад улоньня маці і выкупляю кожнага першанароджанага ад сыноў маіх". І гэты звычай будзе знакам і напамінам для цябе, што Госпад вывеў цябе магутнай рукой сваёю з Ягіпту. Бо так сказаў Госпад Усемагутны: "Першанароджанага з сыноў тваіх аддасі Мне. І калі жанчына народзіць дзіця мужчнскага полу, на восьмы дзень абрэжце крайнасьць цела ягонага. І праз наступныя трыццаць тры дні хай яна не ўваходзіць у сьвятыню да сьвятара, аж пакуль ня споўняцца дні ачышчэньня яе. І пасьля гэтых дзён хай прынясе яна сьвятару перад уваходам у шацёр Сустрэчы аднагадовае беззаганнае ягнятка на ахвяру цэлапальную, і аднаго маладога голуба або туркаўку. Або, замест таго, хай прынясе перад Госпадам два голубы, або дзьве туркаўкі, і сьвятар памоліцца аб ёй. Бо ўсе першанароджаныя ад сыноў Ізраілевых належаць Мне: Я іх прыняў і асьвяціў у дзень, калі Я вынішчыў усіх першанароджаных у краіне Ягіпецкай, ад чалавека да жывёлы". Так кажа Бог Найвышэйшы, Сьвяты Ізраіля. (12:51;13:1-3,10-12,14-16;22:28; Лев. 12: 1-4, 6-8; Лікі 8:17)
Чытаньне кнігі прарока Ісаі У год, калі памёр кароль Азія, я бачыў Госпада, які сядзеў на высокім і ўзнёслым пасадзе, і ўся сьвятыня была поўная славы Ягонай. Сэрафімы луналі над Ім; кожны з іх меў па шэсьць крылаў: двума закрываў твар, двума пакрываў ногі свае, а двума лётаў. І пераклікаліся яны між сабою, кажучы: "Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад сілаў: уся зямля поўная хвалы Ягонай". І тады задрыжэлі асновы пасаду ад голасу Таго, хто гукаў, і ўся сьвятыня напоўнілася дымам. Я сказаў: "Гора мне! Гіну! Я – чалавек, вусны мае нячыстыя і жыву сярод людзей з нячыстымі вуснамі, а вось вочы мае бачаць Уладара, Госпада сілаў!" Тады падляцеў да мяне адзін з сэрафімаў, трымаючы ў руках вугаль, які ўзяў клешчамі з ахвярніка. Ён дакрануўся ім да маіх вуснаў і сказаў: "Вось, дакрануўшыся да вуснаў тваіх, ён адняў усе правіны твае, і грахі твае ачысьціў". І я пачуў Голас Госпада, які казаў: "Каго мне паслаць? Хто пойдзе да людзей маіх?" Я адказаў: "Вось я тут: пашлі мяне!" І Ён сказаў мне: "Ідзі і кажы гэтаму народу: „Будзеце слухаць пільна, і не разумець; глядзець будзеце і ня бачыць“. Скамянела сэрца людзей гэтых, вушы іх зьнячуленыя і вочы асьлеплыя, так што яны вачыма ня бачаць і вушыма ня чуюць, і сэрцам не ўспрыймаюць, каб не навярнуцца і ня быць аздароўленымі". Тады я спытаў: "Як доўга, Госпадзе?" І Ён адказаў: "Аж пакуль не запусьцеюць гарады, і дамы застануцца без людзей, і пакінутая зямля станецца пустыняю. Пасьля гэтага пашкадуе Госпад людзей, і зноў размножацца тыя, што засталіся на зямлі." (6:1-12)
Чытаньне кнігі прарока Ісаі Вось Госпад сядзе на лёгкую хмару і прыйдзе ў Ягіпет. Задрыжаць ад твару Ягонага ідалы ягіпецкія, і сэрцы егіпцянаў абамлеюць у грудзях іх. І сумеецца дух іх, і прападзе зараднасьць іх. І выдасьць Ягіпет у рукі строгіх уладароў. Так кажа Уладар, Госпад сілаў. Паменшае вады ў моры; рака зьмялее і высахне. Так кажа Госпад: "Дзе сёньня мудрацы твае? Хай скажуць табе, хай дадуць знаць, што задумаў Госпад сілаў аб Ягіпце". У той дзень будзе ахвярнік Госпада сярод зямлі Ягіпецкай, а на мяжы помнік у гонар Госпада. І будуць яны знакам і сьвядоцтвам Госпаду сіл на зямлі Ягіпецкай. Калі паклічуць яны Госпада на дапамогу, Ён пашле ім збавіцеля, які абароніць і збавіць іх. І тады Госпад станецца вядомым егіпцянам; і егіпцяне пазнаюць Госпада ў той дзень і прынясуць Яму ў дары малітвы і ахвяры, і дадуць абяцаньні Госпаду. (19:1-5,12,16,19-21)
Ліцьця (Тон 1). Спрадвечны Бог, які некалі на Сынайскай гары даў Майсею закон, сёньня зьяўляецца як дзіцятка; і, згодна з законам, Творца закону выконвае закон, прыносіцца ў сьвятыню і даецца старому. Праведны Сямён, узяўшы Яго на рукі свае і ўбачыўшы, што зьдзейсьнілася абяцаньне, радасна ўсклікнуў: "Мае вочы бачылі адвеку ўтоеную тайну, што ў апошнія дні сталася яўнаю; я бачыў Сьвятло, што прасьвятляе няверных паганаў і аб'яўляе славу новаму Ізраілю. Дык вызваль слугу Твайго ад путаў гэтага цела і адпусьці да жыцьця вечнага, непрамінальнага, даючы сьвету багацьце зьмілаваньня Твайго". Сёньня Той, які на Сынаі даў Майсею Закон, падпарадкоўваецца загадам закону: Чысты Бог у міласэрнасьці сваёй дзеля нас стаецца адным з нас, як дзіцятка, з улоньня дзявочага прыходзіць і, як Бог, сабе самому ў ахвяру прыносіцца, вызваляючы нас ад законнага праклёну і прасьвятляючы душы нашыя. (Тон 2). Таго, каму нябесныя слугі моляцца з трапятаньнем, сёньня на зямлі ўзяў на рукі свае Сямён і абвясьціў, што Бог зьяднаўся з чалавекам. Убачыўшы ў чалавеку нябеснага Бога і разьвітваючыся з усім зямным, ён радасна ўсклікнуў: "Госпадзе, які зазьзяў незаходным сьвятлом для тых, што ў цемры, слава Табе!" Сёньня Сямён прымае на рукі свае Госпада Славы, якога раней на Сынайскай гары бачыў у хмары Майсей, калі Той даваў яму табліцы Закону. Ён той, які гаварыў праз прарокаў, Ён – Творца Закону. Ён той, якога Давід прадвясьціў – страшны для ўсіх і багаты на міласэрнасьць. Сьвятая Дзева прыносіць Сьвятога ў сьвятыню да сьвятара; Сямён, працягнуўшы рукі, прымае Яго і радасна ўсклікае: "Цяпер адпускаеш, Уладару Госпадзе, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго". Сёньня сьвяты стары Сямён бярэ на рукі свае Творцу неба і зямлі і, натхнёны Духам Сьвятым, усклікае: "Сёньня я вольны, бо ўбачыў Збаўцу майго". Сёньня Сямён, радуючыся духам, прыходзіць у сьвятыню, каб прыняць на рукі Заканадаўцу Майсеевага і Выканаўцу закону; Майсей удастоіўся бачыць Бога цьмяна і невыразна, і з пакрытым тварам асудзіў няверства народу свайго; Сямён меў на руках сваіх уцелаўлёнае спрадвечнае Слова Айца, і абвясьціў народам сьвятло, крыж і ўваскрасеньне; і прарочыца Ганна зьявілася, прадказваючы Ізраілю Адкупіцеля Спаса. Дык усклікнем Госпаду Богу нашаму: "Дзеля Багародіцы зьмілуйся над намі". Слава ...: (Тон 5). Дасьледуйце пісаньні, як сказаў Хрыстос Бог наш у Евангельлі, бо ў іх знойдзеце напісанае аб Тым, хто нарадзіўся, быў пакладзены ў ясьлях і малаком кормлены. Ён і абрэзаньне прыняў, а Сямён насіў Яго на руках сваіх ня ўяўна, і не як прывід, але як сапраўды Таго, хто зьявіўся сьвету. Дык усклікнем Яму: "Спрадвечны Божа, слава Табе!" Цяпер ...: (Тон 5). Спрадвечны стаўся дзіцяткам, і вось Маці Дзева прыносіць Яго ў сьвятыню, каб выканаць закон; Сямён бярэ яго на рукі і кажа: "Сёньня, Сьвяты, паводле слова Твайго, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё".
Вершапесьні (Тон 7). Прыбяры сьвятліцу тваю, Сыёне, каб прыняць Уладара Хрыста. Вітай Марыю, нябесную браму, бо Яна сталася хэрувімскім пасадам. Яна носіць Уладара славы; Яна – хмара ацененая, Дзева, што носіць на руках Сына, які нарадзіўся перад заранкай. Сямён, узяўшы Яго на свае рукі, абвясьціў людзям: "Вось Уладар жыцьця і сьмерці, і Збавіцель душаў нашых". Верш. Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайгу ў супакоі, паводле слова Твайго. Той, хто спрадвеку ад Айца, а ў апошнія дні з дзявочага ўлоньня, зазьзяў, і быў паслухмяны загадам закону, які сам на Сынайскай гары ўстанавіў, сёньня прыносіцца Дзеваю-Маці ў сьвятыню да старога і праведнага сьвятара, якому было дадзена абяцаньне, што ўбачыць Хрыста Бога. Узяўшы Яго на рукі свае, Сямён радасна ўсклікнуў: "Вось Бог, роўнасутны з Айцом, і Збавіцель душаў нашых". Верш. Сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. Багародзіца Марыя носіць на руках Таго, хто прыняў ад Яе цела і каго хэрувімы носяць на калясьніцы, і славяць у песьнях сэрафімы. Выконваючы закон Заканадаўцы, Яна перадае Яго на рукі старога сьвятара, і той, носячы Жыцьцё, просіць у Яго звальненьня ад жыцьця, кажучы: "Адпусьці мяне цяпер, Уладару, каб мне абвясьціць Адаму, што я бачыў у выглядзе дзіцяці спрадвечнага нязьменнага Бога і Збаўцу душаў нашых". Слава ... цяпер ...: (Тон 8). Той, каго носяць хэрувімы і славяць сэрафімы, сёньня прыносіцца згодна з законам у Божую сьвятыню і сядае на старэчых руках, быццам на пасадзе; ад Язэпа Ён прымае ў дары пару туркавак, – вобраз беззаганае Царквы і новаабранага народу спасярод паганаў, – і два голубы маладыя, як начальнік Старога і Новага запаветаў. Сямён, бачыўшы спаўненьне абяцаньня, дадзенага яму, бласлаўляе Дзеву Марыю Багародзіцу і прадказвае Ёй цярпеньні, што чакаюць Яе. Ён просіць у Госпада адпушчэньня, кажучы: "Цяпер адпусьці мяне, Уладару, згодна з дадзеным мне раней абяцаньнем, бо я ўбачыў Цябе, спрадвечнае Сьвятло, Збавіцеля і Госпада людзей, што носяць імя Хрыста".
Адпушчальны трапар (Тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне. (Тройчы)
Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог...": Трапар сьвята (тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне. (Тройчы)
Сядальная песьня 1 (тон 1). Хай дзівяцца цуду анёльскія хоры, а мы, людзі, на ўвесь голас запяём, убачыўшы невыказную Божую спагадлівасьць, бо вось сёньня старэчыя рукі абдымаюць Таго, перад кім дрыжаць усе сілы нябесныя, – адзінага Чалавекалюбца. Слава ... цяпер ...: тое самае
Сядальная песьня 2 (тон 1). Той, хто з Айцом сядзіць на сьвятым пасадзе, прыйшоўшы на зямлю, нарадзіўся ад Дзевы, і Спрадвечны стаўся дзіцяткам. Сямён бярэ Яго на свае рукі і радасна кажа: "Сёньня, Добры, адпускаеш слугу Твайго, усьцешыўшы яго". Слава ... цяпер ...: тое самае
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...
Узьвялічваньне: Узьвялічваем Цябе, Жыцьцядаўча Хрысьце, і шануем усячыстую Маці Тваю, што прынесла Цябе, згодна з законам, у сьвятыню Гасподнюю. Верш 1. З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы: песьню маю пяю ўладару; язык мой – пяро пісца. Верш 2. Зраблю імя Тваё памятным з пакаленьня ў пакаленьне. Верш 3. Госпад у сьвятыні сваёй; Госпад – пасад Яго на нябёсах. Верш 4. Дому Твайму належыцца сьвятасьць праз усе дні. Слава ... цяпер ... Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа! (Тройчы)
Сядальная песьня (тон 4). Спрадвечны стаецца дзіцяткам дзеля мяне; Бог усячысты прымае ачышчэньне, каб упэўніць мяне, што Ён сапраўды прыняў цела ад Дзевы. Сямён, прычасьнік тайніцы, вызнаў Яго як Бога ў целе. Ён усьцешыўся і прывітаў Яго як Жыцьцё, і, будучы старым, усклікнуў: "Адпусьці мяне, бо я ўбачыў Цябе, Жыцьцё ўсіх". Слава ... цяпер ...: тое самае
Узыходная песьня: Першы антыфан 4 тону.
Пракімен. Зраблю імя Тваё памятным з пакаленьня ў пакаленьне. Верш. З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы: песьню маю пяю ўладару.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі У той час быў у Ерусаліме чалавек, якому імя было Сямён. Гэта быў чалавек справядлівы і пабожны, які чакаў суцяшэньня Ізраілевага, і Сьвяты Дух быў на ім. Яму было абвешчана Сьвятым Духам, што ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга. І вось, натхнёны Духам, прыйшоў ён у сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад, ён узяў Яго на свае рукі, блаславіў Бога і сказаў: "Цяпер адпускаеш у супакоі слугу Твайго, Госпадзе, паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты падрыхтаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго". (2:25-32)
Пасьля Пс 50: Слава ...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Цяпер ...: тое самае Зьмілуйся нада мною, Божа...: (тон 6). Няхай адчыніцца нябесная брама, бо вось нязьменны Бог, спрадвечнае Слова Айца бярэ пачатак у часе. Як саракадзённае дзіцятка Ён дабравольна прыносіцца Маці-Дзеваю ў законную сьвятыню. Сямён стары бярэ Яго на рукі свае і кажа: "Адпусьці цяпер слугу Твайго, Уладару, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё. Ты прыйшоў на гэты сьвет збавіць род людзкі". Госпадзе, слава Табе!
Канон (Тон 3) Песьня 1 Ірмас. Сонечныя промні калісьці асьвятлілі зямлю, што была ў глыбіні марской: бо вада па двух бакох сталася быццам сьцяна, а людзі перайшлі мора пехатою, сьпяваючы Богапрыемную песьню: "Пяём Госпаду, бо Ён уславіўся!" Хай хмары зыдуць на зямлю кроплямі дажджу, бо вось Хрыстос-Сонца, што сядзіць на хмары, прыносіцца на чыстых руках у сьвятыню. Дык усклікнем, верныя, на ўвесь голас: "Пяём Госпаду, бо Ён уславіўся!" Мацнейце, аслабленыя старасьцю рукі Сямёна, і вы, старэчыя ногі, бяжыце насустрач Хрысту. А мы разам з анёльскімі хорамі будзем пяяць Госпаду, бо Ён уславіўся. Весяліся, неба, і ты, зямля, радуйся, бо вось Хрыстос, ваш Творца, што выйшаў спрадвеку з Боскага ўлоння, прынесены як дзіцятка Дзеваю Маці Богу-Айцу, уславіўся. Катавасія: ірмас
Песьня 3 Ірмас. Ты, Госпадзе, – умацаваньне тых, што спадзяюцца на Цябе. Умацуй Царкву Тваю, якую Ты набыў крывёю сваёю. Першародны спрадвечны Сын Айца явіўся як першародны Сын усячыстае Дзевы і працягнуў руку дапамогі Адаму. Бог-Слова ў міласэрнасьці сваёй зьявіўся як дзіця, каб абнавіць першастворанага, які, спакусіўшыся, зьдзяцінеў розумам . Нязьменны Творца стаўся чалавекам і апрануў у Боскасьць нашую прыроду, што была ўзятая з зямлі і туды ж мела вярнуцца.
Сядальная песьня (тон 4). Некалі на гары Сынайскай Майсей бачыў Бога цьмяна і ўдастоіўся пачуць невыразна голас Божы ў хмары і ветры. Цяпер Сямён на руках сваіх трымае Бога, які, застаючыся нязьменным, прыняў цела дзеля нас. Поўны радасьці, ён сьпяшаецца перайсьці ад гэтага жыцьця да вечнага і кліча: "Цяпер, Госпадзе, адпусьці слугу Твайго". Слава ... цяпер ...: тое самае
Песьня 4 Ірмас. Ласка Твая, Хрысьце, пакрыла нябёсы. Выйшаўшы з каўчэга сьвятасьці – Твае ўсячыстае Маці, – Ты явіўся як Дзіця на руках у сьвятыні славы Тваёй, і ўвесь сьвет напоўніўся хвалы Тваёй. "Радуйся, Сямёне, – Багародзіца ўсклікнула. – Ты атрымаў пазнаньне невыказных тайніцаў: прымі на рукі твае Хрыста-Слова, які стаўся дзіцяткам, як табе Дух сьвяты прадказаў, і ўсклікні: "Увесь сьвет напоўніўся хвалы Тваёй!" Прымі, Сямёне, радасна дзіцятка Хрыста, Пацяшэньне Боскага Ізраіля, Творцу Закону і Уладара, які спаўняе напісанае ў Законе, і ўсклікні Яму: "Увесь сьвет напоўніўся хвалы Тваёй!" Убачыўшы ў целе спрадвечнае Слова, Прычыну ўсяго, што існуе, якое спачывала, як дзіця, на руках Дзевы, быццам на хэрувімскім пасадзе, Сямён зьдзівіўся і ўсклікнуў: "Увесь сьвет напоўніўся славай Тваёй!"
Песьня 5 Ірмас. Ісая ўбачыў вобразна на пасадзе Бога, якога ўзносілі ў славе хэрувімы, і ўсклікнуў: "Гора мне, бо я бачыў перадчасна Бога, які мае прыйсьці ў целе, Госпада незаходнага Сьвятла і Уладара сьвету!" Сямён убачыў Слова на руках Маці і зразумеў, што гэта Слава, якая некалі явілася прароку. Ён усклікнуў: "Радуйся, Чыстая, што, быццам пасад, носіш Бога, Госпада незаходнага Сьвятла, Уладара сьвету!" Стары Сямён пакланіўся, набожна дакрануўся да сьлядоў ног Маці Божае, што мужа ня знала, і сказаў: "Ты, Чыстая, носіш Агонь; я ж баюся узяць на рукі Дзіцятка-Бога, Госпада незаходнага сьвятла, Уладара сьвету". "Сэрафім ачысьціў Ісаю вугалем, – Стары сказаў Маці Божай. – Ты ж прасьвятляеш мяне, даючы мне на рукі Таго, каго трымаеш на руках сваіх – Госпада незаходнага сьвятла, Уладара сьвету".
Песьня 6 Ірмас. Стары Сямён убачыў на ўласныя вочы Збаўленьне, што прыходзіць ад Бога да людзей, і ўсклікнуў: "Ты, Хрысьце, – Бог мой!" Ты быў пакладзены на Сыёне як камень спатыкненьня і спакусы для неслухмяных, а для верных як непахіснае збаўленьне. Ты, вобраз Таго, хто перад вякамі нарадзіў Цябе, у міласэрнасьці Тваёй апрануўся ў людзкую слабасьць. Цяпер адпускаеш у супакоі таго, хто пакланяецца Табе як Сыну Усявышняга і сыну Дзевы, Богу, што стаўся чалавекам.
Кандак (тон 1). Улоньне дзявочае Ты асьвяціў і рукі Сямёна блаславіў, як належала; і цяпер, апярэдзіўшы нас, Ты дараваў нам збаўленьне, Хрысьце Божа. Захавай у супакоі Царкву Тваю, і ўмацуй усіх нас у любові Тваёй, адзіны Чалавекалюбча. Ікас. Пойдзем да Багарадзіцы, каб убачыць, як Яна прыносіць Сына свайго да Сямёна. Нябесныя сілы, гледзячы на Яго з неба, дзівіліся і казалі: "Бачым дзівосныя і цудоўныя рэчы, якіх нельга зразумець і словамі выказаць. Творца Адама прыносіцца, як дзіця; Неабдымны зьмяшчаецца ў старэчых абдымках. Бязьмежны ва ўлоньні Айца, дабравольна абмяжоўваецца ў целе, але ня ў Боскасьці, адзіны Чалавекалюбец".
Песьня 7 Ірмас. Цябе, які паслаў расу юнаком, што ў печы бласлаўлялі Цябе, і пасяліўся ў дзявочым улоньні, Бога-Слова славім і набожна пяём: "Блаславёны Бог айцоў нашых!" "Іду занесьці добрую вестку Адаму і Эве, што жывуць у апраметнай!" – Сямён усклікнуў і разам з прарокамі радасна запяяў: "Блаславёны Бог айцоў нашых!" Каб збавіць створаны з пылу зямнога род людзкі, Бог зыдзе нават да пекла. Ён прынясе палонным вызваленьне, сьляпым верне зрок і мову нямым, каб ім усклікаць моцным голасам: "Блаславёны Бог айцоў нашых!" "Меч параніць сэрца Тваё, Усячыстая Дзева, – Сямён прадказаў Багародзіцы, – калі ўбачыш на крыжы Сына Твайго, якому голасна ўсклікаем: "Блаславёны Бог айцоў нашых!"
Песьня 8 Ірмас. Багабойныя юнакі стаялі непашкоджаныя сярод нясьцерпнага агню і пяялі Боскую песьню: "Блаславіце Госпада, усе творы Гасподнія, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!" Людзі ізраільскія, убачыўшы славу Тваю, Эмануэль, што нарадзіўся ад Дзевы, стоячы перад Боскаю скініяй, запяялі: "Блаславіце Госпада, усе творы Гасподнія, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!" Сямён усклікнуў: "Вось знак, якому супрацівяцца многія,– Бог і дзіця". А мы ўсклікнем Яму на ўвесь голас: "Блаславіце Госпада, усе творы Гасподнія, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!" Жыцьцё Бог-Слова стаўся дзіцяткам на ўпадак няверным і на ўстаньньне ўсім верным, якія пяюць: "Блаславіце Госпада, усе творы Гасподнія, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
"Душа мая абвяшчае веліч Госпада..." не пяецца, а замест яе наступныя прыпевы ў перамешку са строфамі дзевятай песьні: Прыпеў. Багародзіца Дзева, надзея хрысьціянаў, пакрый, захавай і збаў тых, што спадзяюцца на Цябе. Песьня 9 Ірмас. Пад покрывам Закону і Пісаньняў вобраз нам, верным, дадзены: кожны сын першародны Богу пасьвячаецца. Дзеля гэтага мы ўзьвялічваем Першароднае Слова спрадвечнага Бога, Сына першароднага Дзевы Маці. Прыпеў. Баганосны Сямёне, прыйдзі і вазьмі на рукі Хрыста, якога нарадзіла Чыстая Дзева. Тое самае. Прыпеў. Не стары трымае Мяне, але Я яго, і ён у Мяне просіць адпусьціць яго. Некалі людзі прыносілі ў ахвяру двух голубаў або дзьве туркаўкі. Замест іх сьвяты стары і багамудрая прарочыца Ганна служылі і сьпявалі прынесенаму ў сьвятыню Сыну Дзевы, Адзінароднаму Айца. Прыпеў. Ганна дабрадзейная прасьвятляе ўсіх вызнаньнем Хрыста, Творцы неба і зямлі. Тое самае. Прыпеў. Неспасьціглае для анёлаў і людзей тое, што сталася ў Табе, Маці Дзева Чыстая. "Ты даў мне радасьць збаўленьня Твайго, Хрысьце! – Сямён усклікнуў. – Вазьмі слугу Твайго, змучанага жыцьцём у ценю, і ўчыні мяне новым прапаведнікам ласкі Тваёй, каб мне ўзьвялічваць Цябе". Прыпеў. Усхвалім набожна патройнае зьзяньне адзінага ў трох асобах Боства. Тое самае. Прыпеў. Дзева Марыя, прасьвятлі маю азмрочаную жыцьцёвымі марнасьцямі душу. Ганна сьвятая, моцная духам, у пажылым веку свабодна і адкрыта вызнала Госпада ў сьвятыні; і, прызнаўшы Багародзіцу, перад усімі ўзьвялічыла Яе. Прыпеў. Багародзіца Дзева, надзея хрысьціянаў, пакрый, захавай і збаў тых, што спадзяюцца на Цябе. Катавасія. Пад покрывам Закону і Пісаньняў вобраз нам, верным, дадзены: кожны сын першародны Богу пасьвячаецца. Дзеля гэтага мы ўзьвялічваем Першароднае Слова спрадвечнага Бога, Сына першароднага Дзевы Маці.
Экзапастыляр. Пакліканы Духам у сьвятыню, стары ўзяў на рукі Творцу Закону і ўсклікнуў: "Вызвалі мяне сёньня ў супакоі ад цялесных путаў, як абяцаў, бо мае вочы бачылі сьвятло народаў і збаўленьне Ізраіля".
Пахвальныя псалмы (Тон 4). Спаўняючы пісаны закон, Чалавекалюбец прыносіцца сёньня ў сьвятыню. Стары Сямён прымае Яго на свае рукі і кажа: "Цяпер адпускаеш мяне да вечнага шчасьця, бо я ўбачыў сёньня Цябе, апранутага ў сьмяротнае цела, хоць Ты Госпад жыцьця і Уладар сьмерці". (Двойчы) Ты, Госпадзе, явіў сябе сьвятлом для прасьвятленьня народаў. Як Сонца праведнасьці, што сядзіць на хмары, Ты споўніў усё, што Закон цьмяна прадказваў, і паказаў сьвітанак новай ласкі. Сямён, убачыўшы Цябе, усклікнуў: "Вызвалі мяне ад тленнасьці, бо сёньня я ўбачыў Цябе". Не пакідаючы ўлоньня Айца як Бог, Ты дабравольна прыняў цела і быў ношаны ў абдымках Заўсёды Дзевы. Ты, што трымаеш усё рукою Тваёю, дазволіў Сямёну Богапрыемцу ўзяць Цябе на рукі, і ён радасна ўсклікнуў: "Сёньня адпускаеш у супакоі слугу Твайго, бо я ўбачыў Цябе, Уладару". Слава ... цяпер ...: (Тон 6). Хрысьце Божа, што сёньня захацеў усьсесьці на старэчых руках, быццам на хэрувімскай калясьніцы, вызвалі ад мукаў грахоўных і нас, якія клічам Цябе, і збаў нас, бо Ты добры і Чалавекалюбец.
Пасьля Вялікага ўслаўленьня: Трапар (тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне.
Літургія Уваходны верш (Пс 97:2). Госпад явіў збаўленьне сваё, перад людзьмі адкрыў справядлівасьць сваю. Людзі: Сыне Божы, малітвамі Багародзіцы збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя.
Трапары Трапар (тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне. Кандак (тон 1). Улоньне дзявочае Ты асьвяціў і рукі Сямёнавыя блаславіў, як належала; і цяпер, апярэдзіўшы нас, Ты дараваў нам збаўленьне, Хрысьце Божа. Захавай у супакоі Царкву Тваю, і ўмацуй усіх нас у любові Тваёй, адзіны Чалавекалюбча.
Пракімен (Лк 1:46,47). Душа мая абвяшчае веліч Госпада і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім. Верш. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні.
Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Гэбрэяў Браты, няма ніякага сумненьня, што меншае бласлаўляецца большым. Дый да гэтага тут бяруць дзесяціну сьмяротныя людзі, а там – Той, яб якім сьведчаць, што жыве. І калі можна так сказаць, Леві, які зьбірае дзесяціны, сам даў дзесяціну праз Абрагама, бо калі яшчэ быў у сьцягне прабацькі свайго, Мельхісадэк выйшаў яму насустрач. Дык калі б дасканаласьць была дасягнутая праз лявіцкае сьвятарства, пад якім народ атрымаў Закон, то нашто было зьяўляцца іншаму сьвятару паводле ўставу Мельхісадэка, а не паводле ўставу Аарона? Бо са зьменаю сьвятарства павінна наступіць зьмена Закону. Але ж Той, пра каго гэта гаворацца, выйшаў з калена, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку. Бо вядома, што Госпад наш выйшаў з калена Юды, а Майсей ня згадвае нічога пра сьвятароў з гэтага калена. Гэта стаецца яшчэ больш ясным, калі паводле ўставу Мельхісадэка паўстае іншы сьвятар, які стаў ім ня згодна з уставам цялеснага закону, але сілаю нятленнага жыцьця. Пра Яго было дадзенае такое сьведчаньне: "Ты – сьвятар давеку паводле ўставу Мельхісадэка". (7:7-17)
Алілуя (Лк 2:29,32). Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі, паводле слова Твайго. Верш. Сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі У той час бацькі прынесьлі дзіцятка Ісуса ў Ерусалім у сьвятыню, каб прадставіць Госпаду, як напісана ў Гасподнім Законе: "Кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу будзе пасьвячанае Госпаду". І прынесьлі ахвяру, як напісана ў Гасподнім Законе : "пару туркавак або двух галубянятаў". Быў тады ў Ерусаліме чалавек, якому імя было Сямён. Гэта быў чалавек справядлівы і пабожны, які чакаў суцяшэньня Ізраілевага, і Сьвяты Дух быў на ім. Яму было абвешчана Сьвятым Духам, што ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга. І вось, натхнёны Духам, прыйшоў ён у сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад, ён узяў Яго на свае рукі, блаславіў Бога і сказаў: "Цяпер адпускаеш у супакоі слугу Твайго, Госпадзе, паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты падрыхтаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго". А бацька Ягоны і Маці дзівіліся таму, што аб Ім казалі. А Сямён блаславіў іх і сказаў Маці Ягонай Марыі: "Вось Гэты прызначаны на ўпадак і паўстаньне многіх у Ізраілі, і на знак, якому будуць супраціўляцца. Дый Табе самой меч пратне душу, каб адкрыліся намеры многіх сэрцаў". Была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануіла, з калена Асэра; яна была ў глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам сем гадоў ад свайго дзявоцтва і застаючыся ўдавою да васьмідзесяці чацьвертага году свайго жыцьця; яна не адлучалася ад сьвятыні і служыла Богу пастом і малітвамі ўдзень і ўночы. У той час яна падышла і ўславіла Бога, і гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўленьня Ерусаліму. Калі яны споўнілі ўсё згодна з законам Гасподнім, яны вярнуліся ў Галілею, у свой горад Назарэт. А хлопчык рос і мацнеў, і поўніўся мудрасьцю, і ласка Божая была на Ім. (2:22-40)
Задастойнік. Багародзіца Дзева, надзея хрысьціянаў, пакрый, захавай і збаў тых, што спадзяюцца на Цябе. Пад покрывам Закону і Пісаньняў вобраз нам, верным, дадзены: кожны сын першародны Богу пасьвячаецца. Дзеля гэтага мы ўзьвялічваем Першароднае Слова спрадвечнага Бога, Сына першароднага Дзевы Маці.
Прычасьнік. Чашу збаўленьня прыму, буду клікаць імя Гасподняе. Алілуя, алілуя, алілуя.
Малітва на асьвячэньне грамнічных сьвечаў (Асьвячэньне бывае на ютрані або, дзе ёсьць звычай, на Літургіі пасьля Евангельля)
Сьвятар: Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сьвятло праўдзівае, што прасьвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на сьвет, пашлі блаславеньне Тваё на гэтыя сьвечы і асьвяці іх сьвятлом ласкі Твае. І дазволь літасьціва, каб, як гэтыя сьвечы, што гараць бачным агнём і разганяюць начную цемру, так і сэрцы нашыя, прасьветленыя нябачным агнём, якім ёсьць сьвятло Духа Сьвятога, пазьбеглі цемры граху, і ачышчаным вокам душы бачылі тое, што ёсьць прыемным Табе і карысным для нашага збаўленьня. Дай каб мы, перамогшы цемру і прынады гэтага сьвету, сталіся годнымі быць удзельнікамі Незаходнага сьвятла. Бо Ты Збаўца наш, і Табе славу аддаем, разам з Тваім спрадвечным Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Вярнуцца назад |