Галоўная > Мінэя - Люты > 9 лютага - Адданьне сьвята Сустрэчы Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, і мучаніка Нічыпара
9 лютага - Адданьне сьвята Сустрэчы Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, і мучаніка Нічыпара23 чэрвеня 2008. |
|
Усё, як у дзень сьвята, за выняткам чытаньняў і ліцьці на
вячэрні, а таксама Апостала і Евангельля на Літургіі. Служба Нічыпару (гл. ніжэй) пяецца 10 лютага.
У Вялікі Пост, калі няма адданьня сьвята, на "Госпадзе, Цябе клічу", бярэм належныя песьні з Трыядзі і наступныя Мучаніка Нічыпара: (Тон 2). Паслухмяны законам Таго, хто дзеля нас на зямлі прыняў цела, і пацярпеўшы мучэньні і пакуты, ты, захаваў сутнае закону і прарокаў – любоў да бліжняга. Таму, скончыўшы беззаганна шлях гэтага жыцьця, ты, Нічыпар Багаблаславёны, знаходзішся цяпер у прысутнасьці Крыніцы любові. Схіліўшы галаву перад Богам, перад якім ўсе згінаюць калені, ты, слаўны мучанік, праз адсячэньне галавы і разлучэньне з гэтым целам, злучыўся чыстым розумам з Галавою ўсіх Хрыстом. Прабываючы цяпер ў Ягоным сьвятле, прасі Яго, Нічыпар, прасьвятліць усіх, што славяць цябе. Струменямі крыві тваёй, пралітай за Хрыста, ты, мудры і блаславёны, асьвяціў зямлю, духам усьцешыў бесьцялесныя духоўныя сілы і мучанікаў мноства прасьвятліў, зьяднаўшыся з імі, як адважны вой і непераможны мучанік, які моліцца Богу за ўсіх нас. Слава ...: (Тон 6). Пакутнік Нічыпар, ты ўсім паказаў яўна, што хто ня любіць бліжняга, ня можа любіць Уладара. Ахоплены Боскім жаданьнем, ты душу сваю паклаў, вызнаўшы веру ў Хрыста. Будучы цяпер разам з Ім, маліся за збаўленьне душаў нашых. Цяпер ...: Багародзічны (тон 6). Паранены разбойнікамі, ляжу бездапаможны на ростанях жыцьця і прашу міласьці. Адзіная чыстая Дзева Маці, наведай мяне хутка, вылі на мае невылечныя раны віно і алей, і зрабі мяне цэлым, каб мне належна з любоўю славіць веліч Тваю. Або: Крыжабагародзічны (тон 6). Меч, як сказаў Сямён, прабіў сэрца Тваё, Усячыстая Уладарка, калі Ты ўбачыла, як Таго, хто невыказна зазьзяў з Цябе словам, беззаконныя людзі ўзьнесьлі на крыж, прыбіўшы цьвікамі рукі і ногі, далі піць яму воцат і жоўць, прабілі кап'ём бок. Плачучы па-матчынаму, Ты ўсклікнула: "Што гэта, Сыне мой, за новая тайніца?" Вярнуцца назад |