Галоўная > Мінэя - Люты > 14 лютага - Сьвятога і роўнага апосталам Кірылы Філёзафа, настаўніка славянаў
14 лютага - Сьвятога і роўнага апосталам Кірылы Філёзафа, настаўніка славянаў24 чэрвеня 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...": (Тон 4). Напоўнены красою дабрадзейнасьцяў, ты, Ойча, прайшоў увесь сьвет і, быццам пчала, укладаў чысты мёд багапазнаньня ў сэрцы тых, што ўверылі ў адзінага Хрыста, які зышоў на зямлю і абагавіў людзей у бязьмежнай міласэрнасьці і спагадлівасьці сваёй. (Двойчы) Сьціплы ў мудрасьці, поўны Божае любові, упрыгожаны праваю навукаю, ты, Кірыла блаславёны, праходзіў краіны і месты, і здабываў іх для Бога, прасьвятляючы іх ласкаю збавеннага разуменьня. Дзеля гэтага ў песьнях славім цябе. (Двойчы) Жыцьцё тваё было беззаганным і годным усялякай пахвалы, і сьмерць твая пачэсная перад Богам. Ты, Ойча, перадаў у Ягоныя рукі прасьветленую навукаю душу сваю. Цяпер просім цябе, малі Яго, каб тыя, што шануюць цябе, маглі атрымаць міласьць. (Двойчы) Слава ... цяпер ...: Прарок Давід, які праз Цабе стаўся богаайцом, у песьні Таму, хто вялікія рэчы для Цябе ўчыніў, так пра Цябе прадказаў: "Каралева стала па правай руцэ Тваёй". Ён явіў Цябе, як хадайніцу і Маці Жыцьця, бо ад Цябе захацеў прыняць цела і стацца чалавекам Хрыстос Бог, каб аднавіць сатлелы прагнасьцю вобраз свой і знайсьці заблудную ў горных безданях авечку, каб, узяўшы яе на плечы, прынесьці да Айца і даць ёй месца разам з нябеснымі сіламі, і збавіць, Багародзіца, сьвет у велічы і багацьці міласэрнасьці сваёй.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў Бог меў мяне (мудрасьць) на пачатку шляху, перад тым, як пачаў тварыць, здавён-даўна. Спрадвеку я была ўстаноўленая, перш чым паўстала зямля. Я народжаная раней за бездань, і за крыніцы вадацечныя; раней чым былі заснаваныя горы, раней за ўзгоркі было маё нараджэньне, – калі Ён не стварыў яшчэ ні зямлі, ні палёў, ні найдрабнейшых пылінак зямных. Я з Ім была, калі Ён умацоўваў неба; калі вымяраў скляпеньне над безданьню; калі згушчаў хмары ўгары, калі ўстанаўляў крыніцы ў бездані; вызначаў межы мору, каб ягоныя воды ня выйшлі з берагоў; калі закладаў падваліны зямлі. Я была Ягонай спадарожніцаю і радасьцю з дня ў дзень, цешачыся перад Ім паўсякчасна. (8:22-30)
Чытаньне кнігі Мудрасьці Вусны праведнага крынічаць мудрасьць, вусны мужоў мудрых ведаюць ласку. Вусны мудрых навучаюць мудрасьці, іхняя праведнасьць выбаўляе іх ад сьмерці. Калі праведны муж памірае, надзея ягоная не сканчаецца. Сын праведны родзіцца да жыцьця, і ў дабрыні сваёй зьбірае плады праведнасьці. Сьвятло для праведнага сьвеціць заўсёды, і ад Госпада атрымлівае ён ласку і славу. Язык мудрых добрае зьведае, у іхніх сэрцах спачыне мудрасьць. Любіць Госпад чыстых сэрцам, даспадобы Яму тыя, што ходзяць беззаганным шляхам. Мудрасьць Гасподняя прасьвятляе твар разумнага. Яна нават апярэджвае тых, што жадаюць пазнаць яе. Той, хто зранку шукае яе, не адчуе стомленасьці, і той, хто ня сьпіць дзеля яе, не зазнае суму. Яна сама абыходзіць і шукае годных яе, і ласкава зьяўляецца ім на шляху. Злосьць ніколі не пераможа мудрасьці. Дзеля гэтага я палюбіў і шукаў яе ад маладосьці маёй, і хацеў узяць яе сабе за нявесту. Уладар усіх палюбіў яе: яна – тайніца Божага розуму, і абранніца твораў Яго. Учынкі яе – дабрадзейнасьці: яна навучае чысьціні і розуму, справядлівасьці і мужнасьці, за якіх няма нічога больш патрэбнага ў жыцьці чалавека. Калі ж нехта хоча дасьведчыць большага, мудрасьць ведае мінулае і прадбачыць будучае; разумее тонкасьці словаў і дае развязкі загадкам; распазнае знакі і цуды, і наступствы часоў і гадоў. Яна – добры дарадчык для ўсіх, бо ў яе несьмяротнасьць, і асалода ў сяброўстве з ейнымі навучаньнямі. Дзеля гэтага я зьвярнуўся да Госпада, памаліўся Яму, і сказаў ад усяго сэрца майго: Божа айцоў і Госпадзе міласьці, Ты стварыў усё словам сваім, і мудрасьцю сваёю паставіў чалавека, каб ён панаваў над усімі істотамі, створанымі Табою, і кіраваў сьветам у сьвятасьці і справядлівасьці. Дай мне мудрасьць, што сядзіць побач з Табою на пасадзе Тваім, і не адлучы мяне ад дзяцей Тваіх, бо я слуга Твой, і сын слугі Тваёй. Пашлі мне яе (мудрасьць) з нябёсаў, ад сьвятога жыллья Твайго, ад пасаду славы Тваёй, каб яна была са мною і навучыла мяне ўсяго, што прыемна Табе. Хай яна кіруе маім розумам, і захоўвае мяне ў славе Тваёй. Бо намеры людзкія ўсе марныя, і думкі іхнія памылковыя. (Прып. 10; Мудр. 6,8,9)
Чытаньне кнігі Мудрасьці Праведнік, хоць бы і памёр заўчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не адмяніла думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу і таму Ён пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго. (4:7-15)
Вершапесьні (Тон 8). Чыстая духоўная памяць сьвятых пасялілася ў сэрцы тваім, блаславёны Кірыла, пачэсны ойча наш, і ўчыніла цябе страшным для нячыстых духаў і лекарам духоўных немачаў. Маючы сьмеласьць у чалавекалюбнага Бога, няспынна маліся, каб нам вызваліцца ад душэўнай і цялеснай злыбяды. Верш. Вусны мае кажуць словы мудрасьці, разважнасьць – роздум сэрца майго. Кірыла, слаўны настаўнік, ты ўчыніў славянаў здольнымі аддаваць падзяку Богу на роднай мове, калі ты пераклаў з грэцкай мовы на славянскую Закон Гасподні і навучыў іх Божых праўдаў. Дзеля гэтага сёньня славянскія народы шануюць памяць тваю і радасна славяць Госпада. Верш. Вусны праведнага абвяшчаюць мудрасьць, язык ягоны кажа праўду. Той, хто паказаў некалі Якубу лесьвіцу, што вядзе да неба, даў пазнаць табе, Кірыла, калі ты яшчэ быў юнаком, найпрыгажэйшую з усіх дзеваў, і ў дзівосным сьне заручыў цябе з ёю. Гэта была Мудрасьць, што стаіць перад Боскім пасадам: яна ўмацавала цябе ў любові да Усявышняга. Слава ...: (Тон 8). Добры настаўнік наш Кірыла, ціхі суразмоўца сьвятых, сэрца поўнае спагады і веліч розуму, ты крынічыў словы больш салодкія за мёд, калі, як другі Павал і вучань Пятра, у чыім месьце ты захацеў супачыць, ты праходзіў розныя краіны. Успомні нас, грэшных, перад Госпадам, і малітвамі тваімі збаўляй нас. Цяпер ...: Чыстая Дзева, што Бога ў целе невыказна зачала, Маці Бога ўсявышняга, прымі маленьні слуг Тваіх, Усячыстая, дай ачышчэньне ад правінаў і, выслухаўшы малітвы слугаў Тваіх, маліся за збаўленьне душаў нашых.
Адпушчальныя трапары (Тон 4). Ад пялёнаў ты, багамудры, выбраў сабе мудрасьць за сястру, бачыўшы яе, як сьветлую і чыстую дзеву, і, прыняўшы яе, ты ўпрыгожыў ёю душу і розум свой, і стаўся другім Кірылам, ня толькі па імю, але і розумам. Слава ... цяпер ...: Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.
Літургія Трапары Трапар (тон 4). Ад пялёнаў ты, багамудры, выбраў сабе мудрасьць за сястру, бачыўшы яе, як сьветлую і чыстую дзеву, і, прыняўшы яе, ты ўпрыгожыў ёю душу і розум свой, і стаўся другім Кірылам, ня толькі па імю, але і розумам. Кандак (тон 2). Цьвёрдае і баганатхнёнае вучэньне тваё, блаславёны Кірыла, быццам маланка абляцела сьвет і ўсіх прасьвятліла. Ты сеяў слова Божае на поўначы, захадзе, усходзе і поўдні. Цяпер, стоячы сьмела ў прысутнасьці Хрыста, не пераставай маліцца за ўсіх нас.
Пракімен (Пс 115:6,3). Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго. Верш. Чым адплачу Госпаду за ўсе дабрадзействы Яго.
Апостал: Гэб 7:26-8:2
Алілуя (Пс 111:1,2). Шчасьлівы муж, які баіцца Госпада і пацяшэньне знаходзіць у запаветах Яго. Верш. Нашчадкі яго будуць магутнымі на зямлі.
Евангельле: Мц 5:14-19 Вярнуцца назад |