Галоўная > Мінэя - Студзень > 5 студзеня - Чаканьне Богазьяўленьня - Вялікія гадзіны

5 студзеня - Чаканьне Богазьяўленьня - Вялікія гадзіны


27 чэрвеня 2008.

Першая гадзіна


Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.


Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Пацяшыцелю, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Прыйдзіце, паклонімся Уладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 5

Пачуй, Госпадзе, словы мае, да ўздыханьняў маіх прыслухайся.

Будзь уважлівы да малітвы маёй, Уладару мой і Божа мой!

Бо да Цябе, Госпадзе, малюся: раніцай голас мой пачуй, раніцай буду маліцца Табе і чакаць.

Бо Ты Бог не такі, што любіць беззаконьне: крывадушнікам няма месца ў Цябе.

Нязбожныя не ўстаяць перад Табою, Ты ненавідзіш усіх, што робяць беззаконьне;

Губіш усіх, што кажуць няпраўду. Госпаду агідныя крыважэрныя і няшчырыя.

Я ж з вялікай ласкі Тваёй увайду ў дом Твой, пакланюся сьвятыні Тваёй у страху перад Табою.

Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй будзь мне правадыром, насуперак ворагам маім выраўняй шлях перада мною.

Бо ў вуснах іх няма шчырасьці, сэрцы іх пустыя, горлы іх – магілы адкрытыя, языкі іх лісьлівыя.

Судзі іх, Божа, хай абернуцца ў нішто намеры іх, дзеля безьлічы бясчынстваў іх адкінь іх, бо яны паўсталі супраць Цябе.

Хай узрадуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе, хай цешацца давеку.

І хай цешацца з Табою тыя, што любяць імя Тваё.

Бо Ты, Госпадзе, бласлаўляеш праведніка: быццам шчытом, пакрываеш яго.


Псалом 22

Госпад мой пастыр, і ні ў чым ня буду мець нястачы;

На зялёных пашах Ён дае мне ляжаць, прыводзіць мяне на ціхія воды.

Ён жывіць маю душу, вядзе мяне па простых сьцежках дзеля хвалы імя свайго.

Калі б я нават ішоў змрочнай далінаю сьмерці, не збаюся зла, бо Ты са мною.

Жэзл Твой і палка Твая – яны для мяне суцяшэньне.

Ты падрыхтаваў стол для мяне перад ворагамі маімі, алеем памазаў галаву маю: да берагоў поўная чаша мая.

Дабрыня і ласка будуць са мною праз усе дні жыцьця майго, і буду жыць у доме Гасподнім на вякі вякоў.


Псалом 26

Госпад – сьвятло і збаўленьне маё: каго мне баяцца?

Госпад – абарона жыцьця майго: перад кім мне дрыжэць?

Калі нападаюць на мяне злачынцы, каб зьесьці цела маё, – ворагі і непрыяцелі мае, – яны спатыкаюцца і падаюць.

Хай стануць аблогаю супраць мяне, сэрца маё не збаіцца; хай пойдуць на мяне з вайною, ня страчу надзеі.

Аднаго прашу ў Госпада, аднаго шукаю: каб мне жыць у доме Гасподнім праз усе дні жыцьця майго, каб бачыць мне красу Гасподнюю, і аддавацца роздуму ў Ягонай сьвятыні.

Бо ў дзень бяды Ён мяне схавае ў шатры сваім, скрые мяне ў патайным месцы жыльля свайго, на скалу ўздыме мяне.

І вось цяпер уздымаю галаву маю на ворагаў, што навокал мяне.

Прынясу ахвяру радасную ў шатры Яго, запяю і буду ў псалмах хваліць Госпада.

Пачуй, Госпадзе, голас мой, калі я гукаю: зьмілуйся нада мною і адгукніся мне.

Ад імя Твайго сэрца маё гаворыць: "Шукайце аблічча Майго". Шукаю, Госпадзе, аблічча Тваё.

Не хавай аблічча свайго ад мяне, у гневе не адкідай слугі Твайго.

Ты мой памочнік, дык не адкідай мяне; не пакідай мяне, Божа Збавіцелю мой.

Нават калі б бацька і маці мае пакінулі мяне, Госпад мяне да сябе прыгорне.

Навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, вядзі мяне па роўнай дарозе з увагі на ворагаў маіх.

Ня выдай мяне на волю непрыяцеляў маіх, бо хлусьлівыя сьведкі і гвалтаўнікі паўсталі супраць мяне.

Веру, што ўбачу дабрыню Гасподнюю на зямлі жывых.

Чакай Госпада і будзь мужны; няхай адважным будзе сэрца тваё, і спадзявайся на Госпада.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя, слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы)


Слава...:

Трапар (тон 4). Пасьля ўзьнясеньня Ільлі, Елісей плашчом ягоным ударыў Ярдан, і той падаўся назад: воды ягоныя разышліся на два бакі, пакідаючы пасярэдзіне сухі шлях. Вось нам вобраз хрышчэньня, якім мы праходзім шлях жыцьця нашага. Хрыстос прыходзіць на Ярдан асьвяціць ваду.

Цяпер...:

Багародзічны. Як нам назваць Цябе, Поўная ласкі: небам, бо з Цябе зазьзяла Сонца Справядлівасьці? раем, бо Ты вырасьціла Кветку нятленнасьці? Дзеваю, бо Ты засталася непарушнаю? Чыстаю Маці, бо Ты мела ў абдымках Тваіх Сына, Бога ўсіх? Малі Яго за збаўленьне душ нашых.


(Тон 8). Сёньня прырода вады асьвячаецца, разьдзяляецца Ярдан і паварочвае плынь вады свае, убачыўшы, як хрысьціцца Уладар. (Двойчы)

Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай.

Ты, Хрысьце Уладару, прыйшоў як чалавек на раку, жадаючы прыняць хрышчэньне слугі з рук прадвесьніка дзеля грахоў нашых, Добры Чалавекалюбча.

Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся.

Тое самае.

Слава...:

На голас таго, хто гукаў у пустыні: "Рыхтуйце шлях Госпаду", Ты, Госпадзе, што ня ведаеш граху, успрыняўшы выгляд слугі, прыйшоў і прасіў хрышчэньня. Воды ўбачылі Цябе і спалохаліся; прадвесьнік задрыжэў і ўсклікнуў: "Як гэта ліхтар можа прасьвятліць Сьвятло? Як слуга можа ускласьці руку на Госпада? Збавіцелю, што бярэш грахі сьвету, асьвяці мяне і ваду".

Цяпер...: тое самае.


Пракімен (Пс 17:2-3). Загрымеў з нябёсаў Госпад, і Усявышні падаў голас свой.

Верш. Буду любіць Цябе, Госпадзе, сіла мая: Госпад умацаваньне маё, маё прыстанішча і мой Збавіцель.


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: "Хай цешыцца пустыня і сасмаглая зямля, і хай праросьціць польныя лілеі, і хай зацьвіце, хай усе весяляцца! Хай радуецца пустыня Ярданская, бо ёй дадзеная хвала Лібану, і краса Кармэльская, і мае людзі ўбачаць славу Гасподнюю, веліч Божую. Самлелыя рукі, умацуйцеся, хісткія калені, акрэпніце. Скажэце маладушным: Сьмела, ня бойцеся! Вось ваш Бог, вось ваш Судзьдзя, ваша адплата; Ён прыходзіць, каб збавіць вас. Тады вочы сьляпых адчыняцца і вушы глухіх пачнуць чуць; тады кульгавы будзе скакаць, як алень, і язык нямых весела ўскліне, бо па пустыні пацякуць воды, і струмені па стэпе. Спапялёная зямля стане пожняй, край сасмаглы – крыніцай вады. Быльлё ў логавах, дзе ляжалі шакалы, зьменіцца ў трысьцё і чарот. Будзе там дарога чыстая, якую назавуць Дарогай сьвятою; ня пойдзе па ёй нячысты, і неразумныя ня будуць там валачыцца. Ня будзе там ні льва, ані лютага зьвера ня знойдзецца блізка яе, але вызваленыя і адкупленыя Госпадам вернуцца і пойдуць па ёй у Сыён з радасным сьпевам. Шчасьце вечнае будзе над іхнімі галовамі, радасьць і вясельле будуць з імі, сум і ўздыханьні зьнікнуць". (35:1-10)


Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў

У тыя дні, пад канец сваёй дзейнасьці, Ян казаў: "Я ня той, за каго вы мяне лічыце. Пасьля мяне прыйдзе Той, каму я ня годны разьвязаць сандалі на нагах".

Мужы браты, сыны роду Абрагамавага і тыя сярод вас, што баяцца Бога! Нам была перададзеная навука пра збаўленьне, бо жыхары Ерусаліму і іхнія начальнікі не прызналі Яго, і, асудзіўшы Яго, споўнілі галасы прарокаў, што чытаюцца ў кожную суботу. І, не знайшоўшы ў Ім ніякай віны вартай сьмерці, прасілі Пілата забіць Яго. А калі зрабілі ўсё, што было напісана пра Яго, зьнялі Яго з крыжа і паклалі ў магілу. Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, і Ён яўляўся праз шмат дзён тым, што пайшлі разам з Ім з Галілеі ў Ерусалім і цяпер сьведчаць аб Ім перад людзьмі. І мы аб'яўляем вам Добрую Вестку пра абяцаньне, дадзенае айцом, што Бог споўніў яго перад намі, іхнімі дзецьмі, уваскрасіўшы Ісуса. (13:25-33)


Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

У тыя дні прыйшоў Ян Хрысьціцель і навучаў у пустыні Юдэйскай, кажучы: "Навярніцеся, бо валадарства нябеснае ўжо блізка". Бо ён той, пра якога казаў Ісая прарок: "Голас таго, што гукае ў пустыні: Рыхтуйце дарогу Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму". Сам Ян насіў вопратку з вярблюжай воўны і пояс скураны на паясьніцы, а ягонай страваю была саранча і дзікі мёд. Тады выходзіў да яго Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсё навакольле Ярданскае. І хрысьціліся ад яго ў Ярдане, вызнаючы грахі свае. (3:1-6)


Чытальнік: Настаў мае крокі на выкананьне прыказаньняў Тваіх: хай не апануе мною беззаконьне. Вызваль мяне ад намоваў людзкіх, каб мне захаваць Твае запаветы.

Дай бачыць слузе Твайму сьветласьць твару Твайго, і навучы мяне Тваёй справядлівасьці.

Хай мае вусны будуць поўныя хвалы Тваёй, Госпадзе, каб мне пяяць славу Тваю, праз увесь дзень веліч Тваю.

Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства...

Чытальнік: Амін.


Кандак (тон 4). Сёньня Хрыстос, стаўшы ў Ярдане, кажа Яну: "Ня бойся хрысьціць Мяне, бо Я прыйшоў збавіць Адама першастворанага".


Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Божа, будзь ласкавы да нас і блаславі нас: прасьвятлі нас зьзяньнем твару Твайго і зьмілуйся над намі.


Малітва. Хрысьце, Сьвятло праўдзівае, што прасьвятляе і асьвячае кожнага чалавека, які прыходзіць на сьвет, хай зазьзяе нам сьветласьць твару Твайго, каб нам убачыць сьвятло недаступнае; накіруй крокі нашы да выкананьня Тваіх запаветаў, малітвамі найчыстае Твае Маці і ўсіх сьвятых. Амін.


Трэцяя гадзіна


Прыйдзіце, паклонімся Уладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага


Псалом 28

Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду славу і пашану!

Аддайце Госпаду славу імя Яго, у пышнай сьвятыні Ягонай пакланіцеся Яму.

Голас Гасподні над водамі! Загрымеў Бог славы, Госпад над водамі вялікімі!

Голас Госпада магутны, Голас Госпада велічны!

Голас Госпада ламае кедры, Госпад ламае кедры Лібану,

Ад голасу Яго Лібан скача, як цялятка, і Сырыя – як малады вол.

Голас Госпада крэсіць полымя вогненнае,

Голас Госпада трасе пустыняю, Госпад трасе пустыняю Кадэш.

Голас Госпада дубы выварочвае, зьдзірае кару ў лясах, а ў сьвятыні Ягонай усё кажа: "Хвала!"

Госпад засеў над патопам, і, як Кароль, будзе сядзець Госпад давеку.

Госпад сілу людзям сваім дасьць, Госпад блаславіць людзей сваіх супакоем.


Псалом 41

Як лань прагне вады з ручая, так душа мая прагне Цябе, Божа.

Душа мая прагне Бога, Бога жывога: калі ж гэта прыйду і ўбачу аблічча Божае?

Сьлёзы сталіся мне хлебам удзень і ўночы; кожны дзень мне кажуць: "Дзе Бог твой?"

Душа мая расчульваецца ўва мне, калі згадваю, як у грамадзе я ішоў да дому Божага, ідучы сьпераду пад гукі радасьці і хвалы ў сьвяточным гурце.

Чаму ты сумная, душа мая, чаго трывожышся ўва мне? Спадзявайся на Бога, бо я яшчэ буду Яго выслаўляць – Збавіцеля майго і Бога майго.

Душа мая прыгнобленая ўва мне, дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай, на гары Місар.

Бездань кліча бездань пад грымоты Тваіх вадападаў: Усе Твае плыні і хвалі хлынулі на мяне.

Хай Госпад явіць мне сваю міласэрнасьць удзень, а ўночы буду славіць Яго – Бога жыцьця майго.

Кажу Богу: "Скала мая, чаму Ты забыўся пра мяне? чаму хаджу сумны, прыціснуты ворагам?"

Косьці мае крышацца, а ворагі сьмяюцца з мяне і кожны дзень мне кажуць: "Дзе Бог твой?"

Чаму ты сумная, душа мая, чаго трывожышся ўва мне? Спадзявайся на Бога, бо я яшчэ буду Яго выслаўляць – Збавіцеля майго і Бога майго.


Псалом 50

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.

Асабліва абмый мяне з віны маёй і ад грахоў маіх ачысьці мяне.

Бо беззаконьне маё я знаю, і грэх мой заўжды перада мною.

Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.

Вось я быў зачаты ў беззаконьні, і ў граху нарадзіла мяне мая маці.

Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.

Акрапі мяне гісопам, і ачышчуся, абмый мяне, і стану бялейшым за сьнег.

Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: хай узрадуюцца ўпакораныя косьці.

Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх.

Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці.

Буду навучаць грэшнікаў шляхоў Тваіх, і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе.

Вызвалі мяне ад крыві (пралітай), Божа, Божа майго збаўленьня, хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.

Адчыні мае вусны, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.

Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна.

Ахвяра Богу – дух скрушлівы: сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш.

Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.

Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні, тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.


Слава...:

Трапар (тон 4). Пасьля ўзьнясеньня Ільлі, Елісей плашчом ягоным ударыў Ярдан, і той падаўся назад: воды ягоныя разышліся на два бакі, пакідаючы пасярэдзіне сухі шлях. Вось нам вобраз хрышчэньня, якім мы праходзім шлях жыцьця нашага. Хрыстос прыходзіць на Ярдан асьвяціць ваду.

Цяпер...:

Багародзічны. Багародзіца, Ты – існая вінаградная лаза, што ўзрасьціла нам плод жыцьця. Просім Цябе, Уладарка: разам са сьвятымі апосталамі маліся за збаўленьне душ нашых.


(Тон 8). Правая рука Прадвесьніка і Хрысьціцеля, найбольш пачэснага сярод прарокаў, задрыжэла, калі ён убачыў Цябе, Ягнё Божае, што ачышчае грахі сьвету. Ахоплены страхам, ён усклікнуў: "Ня сьмею дакрануцца да галавы Тваёй, Слова. У Тваёй дабраце асьвяці і прасьвятлі мяне, бо Ты – жыцьцё, сьвятло і супакой сьвету". (Двойчы)

Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай.

(Тон 4). Тройца, Бог наш, сёньня нам неразьдзельна явіўся: Айцец ясным голасам засьведчыў аб Сыне Сваім; Дух у выглядзе голуба зышоў з неба; а Сын схіліў пачэсную галаву сваю перад прадвесьнікам і вызваліў людзкі род з няволі.

Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся.

Тое самае.

Слава...:

(Тон 5). Жадаючы хрысьціцца, Ты, Госпадзе Жыцьцядаўча, прыйшоў цялесна на Ярдан, каб прасьвятліць нас, што зблудзілі, і ў Тваёй добрасардэчнасьці вызваліць ад пасткі зьмяінай. Айцец засьведчыў аб Табе; а Дух Сьвяты ў выглядзе голуба зышоў на Цябе: дай, Чалавекалюбча, каб Ён пасяліўся ў душах нашых.

Цяпер...: тое самае.


Пракімен. Воды ўбачылі Цябе, воды ўбачылі і спалохаліся.

Верш. Голасам маім я паклікаў Госпада: голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне.


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: "Абмыйцеся і будзеце чыстымі! Адкінце зло вашых учынкаў ад вачэй Маіх! Кіньце рабіць благое! Навучыцеся рабіць дабро! Шукайце справядлівасьці, дапамагайце пакрыўджанаму, бараніце сірату, заступайцеся за ўдаву! Хадзеце, будзем судзіцца, – кажа Госпад. – Калі б грахі вашыя былі як шкарлат, яны стануцца бялейшымі за сьнег; і калі б яны былі чырвоныя, як пурпура, яны стануцца быццам воўна. Калі будзеце паслухмянымі, будзеце цешыцца зямнымі дабротамі. Калі ж заўпарціцеся, меч вынішчыць вас, бо так кажа Госпад". (1:16-20)


Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў

У той час, калі Апалёс быў у Карынце, Павал, прайшоўшы горныя краіны, прыйшоў у Эфэс і знайшоў там нейкіх вучняў. Ён спытаўся ў іх: "Ці атрымалі вы Духа Сьвятога, калі ўверылі?" А яны ў адказ: "Мы нават ня чулі, што ёсьць Сьвяты Дух". "Дык якім хрышэчньнем вы хрысьціліся?" – спытаўся. А яны адказалі: "Хрышчэньнем Яна". "Ян хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы людзям, каб уверылі ў Таго, хто па ім ідзе, гэта значыць Ісуса" – сказаў Павал. Пачуўшы гэта, яны хрысьціліся ў імя Госпада Ісуса. Калі Павал усклаў на іх рукі, Дух Сьвяты зышоў на іх, і яны гаварылі мовамі і прарочылі. Было іх усіх каля дванаццаці мужоў. Пасьля гэтага ён увайшоў у школу і сьмела гаварыў праз тры месяцы, разважаючы і пераконваючы аб валадарстве Божым. (19:1-8)


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка

Пачатак Евангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў прарока Ісаі: "Вось я пасылаю пасланца Майго перад абліччам Тваім; ён падрыхтуе дарогу Табе. Голас таго, хто гукае ў пустыні: "Падрыхтуйце дарогу Госпаду, простымі рабеце сьцежкі Яму". Явіўся Ян Хрысьціцель у пустыні і прапаведаваў хрышчэньне пакаяньня для адпушчэньня грахоў. І прыходзіла да яго ўся Юдэйская краіна і ўсе жыхары Ерусаліму, і прымалі ад яго хрышчэньне ў рацэ Ярдане, вызнаючы пры гэтым свае грахі. Ян насіў вопратку з вярблюжага воласу і скураны пояс на паясьніцы, а жывіўся ён саранчою і дзікім мёдам. Ён казаў: "Ідзе за мною мацнейшы за мяне, і я ня варты, схіліўшыся, разьвязаць рамень Ягоных сандаляў. Я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым". (1:1-8)


Госпад Бог блаславёны, блаславёны Госпад з дня ў дзень; памагае нам Бог збаўленьня нашага, Бог наш, Бог, які збаўляе.

Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства...

Чытальнік: Амін.


Кандак (тон 4). Сёньня Хрыстос, стаўшы ў Ярдане, кажа Яну: "Ня бойся хрысьціць Мяне, бо Я прыйшоў збавіць Адама першастворанага".


Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.


Малітва. Уладару Божа Ойча ўсемагутны, Госпадзе Сыне Адзінародны, і Сьвяты Духу, адзінае боства, адзіная сіла, зьмілуйся нада мною грэшным і ў ведамы Табе спосаб збаў мяне, недастойнага слугу Твайго, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.


Шостая гадзіна


Прыйдзіце, паклонімся Уладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 73

Чаму, Госпадзе, адкінуў Ты нас зусім, загарэўся гневам на авечак статку Твайго?

Прыгадай гурт Твой, які Ты прыдбаў сабе напачатку, спадчыну, якую Ты набыў; гару Сыён, на якой Ты заснаваў жыльлё сабе.

Накіруй крокі Твае да руінаў, якім няма канца: вораг усё спустошыў у сьвятыні.

Ворагі Твае рычаць сярод збораў Тваіх, паставілі сьцягі свае на знак перамогі.

Быццам тыя, што махаюць сякераю ў гушчары, яны разьбіваюць сякераю і молатам брамы.

Агнём пусьцілі сьвятыню Тваю, на зямлі апаганілі жыльлё імя Твайго.

Сказалі ў сэрцы сваім: "Зьнішчым усіх іх". Спалілі ўсе Божыя месцы збораў у краіне.

Знакаў нашых больш не відаць, няма прарока, і няма сярод нас нікога, хто б ведаў, як доўга так будзе.

Дакуль, Божа, вораг будзе зьдзекавацца? Ці ж вечна непрыяцель будзе зьневажаць імя Тваё?

Чаму адвяртаеш руку Тваю, руку Тваю правую трымаеш схаванаю?

Ты ж, Божа, – Уладар мой спрадвеку, Ты чыніш збаўленьне пасярод зямлі.

Ты разьдзяліў мора сілаю Тваёю, скрышыў галовы зьмяіныя ў вадзе.

Ты раздрабіў лоб левіятана, марскім пачварам аддаў яго на спажыву.

Ты адчыніў крыніцы і струмені, Ты высушыў паўнаводныя рэкі.

Твой дзень і Твая ноч. Ты стварыў месяц і сонца.

Ты ўстанавіў межы зямлі, лета і зіму стварыў Ты.

Прыгадай, як вораг некалі глуміўся над Госпадам, і народ бязглузды зьневажаў імя Тваё.

Не аддай каршуну жыцьця галубкі Тваёй, ніколі не забудзь жыцьця ўбогіх Тваіх.

Успомні саюз Твой, бо зямныя сховішчы і палі сталіся поўнымі гвалту.

Няхай прыгноблены ня вернецца з сорамам, няхай бедны і ўбогі хваляць імя Тваё.

Устань, Божа, абарані справу Тваю, памятай зьнявагу, якую Табе кожны дзень паказваў неразумны.

Не забудзь крыку Тваіх праціўнікаў. Голас тых, што паўстаюць супраць Цябе, няспынна ўзносіцца ўгору.


Псалом 76

Голас мой уздымаецца да Бога – клічу; голас мой да Бога, каб Ён пачуў мяне.

Шукаю Госпада ў дзень нядолі маёй; уночы ўздымаю няспынна рукі мае, душа мая адмовілася ад пацехі.

Як толькі згадаю пра гэта, Божа, – стогну; млею духам, калі разважаю.

Вачом маім не даеш сну; я ўстрывожаны, мне мову адняло.

Думаю пра даўнія дні, успамінаю гады ранейшыя.

Размышляю ўночы ў маім сэрцы, разважаю, і дух мой дапытваецца:

"Ці ж Бог адкіне навекі, і ня будзе больш спагадлівы?

Ці назаўжды прыпыніцца ласка Ягоная, ці забярэ назад абяцаньне сваё ўсім пакаленьням?

Ці ж Бог забыўся на літасьць? Ці ў гневе закрыў сваю міласэрнасьць?"

І кажу: "Гора маё, што правая рука Усявышняга адвярнулася".

Успамінаю ўчынкі Гасподнія, прыгадваю ранейшыя цуды Твае .

Раздумваю над усімі ўчынкамі Тваімі, і пра дзеяньні Твае разважаю.

Божа! Дарога Твая сьвятая: які бог роўны веліччу Богу нашаму?

Ты – Бог, што чыніш цуды, Ты сярод народаў явіў магутнасьць Тваю.

Ты выбавіў моцнай рукою народ Твой, патомства Якуба і Язэпа.

Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі і задрыжэлі, і нават бездані затрэсьліся.

З хмараў палілася вада, хмары далі голас, і паляцелі стрэлы Твае.

Гром Твой загучаў у буры, маланкі зазьзялі на ўвесь сьвет, здрыганулася і затрэслася зямля.

Праз мора дарога Твая, сьцежка Твая праз вялікія воды, і сьлядоў Тваіх не відаць.

Ты вёў народ Твой як статак рукою Майсея і Аарона.


Псалом 90

Ты, што жывеш пад апекаю Усявышняга і ў ценю Усемагутнага прабываеш,

Скажаш Госпаду: Ты – маё прыстанішча, мая абарона, Бог мой, і на Цябе спадзяюся.

Ён выбавіць цябе ад сецяў лаўца і ад наглай загубы.

Ён пакрые цябе пёрамі сваімі і пад крыламі Яго ты знойдзеш прытулак.

Не збаішся жахаў начных, ні стралы, што ляціць удзень;

Ні страху, што крыецца поцемкам; ні мору, што ў поўдзень пустошыць.

І хоць бы тысячы палі побач з табою, і дзесяткі тысяч па правай руцэ тваёй,

Цябе нішто не кране, бо вернасьць Яго – твой шчыт і панцыр.

Ты толькі глянеш навокал, і ўбачыш адплату грэшнікам.

Бо ты сказаў: Госпад мая абарона, – і Усявышняга выбраў сваім прыстанкам.

Ніякая бяда не сустрэне цябе, і пошасьць не наблізіцца да жыльля твайго.

Ён загадае анёлам сваім, каб сьцераглі цябе, куды б ты не ішоў.

На руках сваіх панясуць цябе, каб не спатыкнуцца аб камень назе тваёй.

На аспіда і вужа наступіш і патопчаш льва і зьмяю.

"Таму, што ён палюбіў Мяне, Я выбаўлю яго і абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.

Будзе клікаць Мяне, і Я адгукнуся яму; буду з ім у дзень суму, выбаўлю яго і ўслаўлю яго.

Доўгім жыцьцём напоўню яго і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё".

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.


Слава...:

Трапар. Пасьля ўзьнясеньня Ільлі, Елісей плашчом ягоным ударыў Ярдан, і той падаўся назад: воды ягоныя разышліся на два бакі, пакідаючы пасярэдзіне сухі шлях. Вось нам вобраз хрышчэньня, якім мы праходзім шлях жыцьця нашага. Хрыстос прыходзіць на Ярдан асьвяціць ваду.

Цяпер...:

Багародзічны. Ня маем сьмеласьці з прычыны шматлікасьці нашых грахоў, але Ты, Багародзіца Дзева, малі Таго, хто нарадзіўся ад Цябе: многа можа малітва Маці да міласэрнасьці Уладара. Не пагардзі просьбамі грэшных, Усячыстая, бо міласэрны і здольны нас збавіць Той, хто захацеў дабравольна пацярпець за нас.


(Тон 8). Госпад кажа Яну: "Хадзі, прароча, і ахрысьці Мяне, які стварыў цябе, і прасьвятляе ласкаю і ачышчае ўсіх. Дакраніся да маёй Боскай галавы і не сумнявайся. Дай, каб сёньня сталася, што мае быць, бо Я прыйшоў споўніць усякую праведнасьць. Ты ж пакінь усе сумнівы, бо Я сьпяшаюся зьнішчыць князя цемры, што хаваецца ў вадзе, і збавіць сьвет ад ягоных сецяў, і ў чалавекалюбстве маім дараваць усім вечнае жыцьцё. (Двойчы).

Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай.

(Тон 6). Сёньня псаломскае прароцтва набліжаецца да спаўненьня: мора бачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад ад твару Госпада, ад аблічча Бога Якубавага, які прыйшоў хрысьціцца ад слугі, каб мы, абмыўшыся ад ідальскага бруду, праз Яго прасьвятліліся душою.

Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся.

Тое самае.

Слава...:

(Тон 5). Чаму, Ярдан, вяртаеш назад твае воды, чаму стрымліваеш цячэньне і не плывеш звычайным шляхам? "Не магу сьцярпець, – кажа ён, – агню, што зьядае мяне. Я поўны подзіву і страху перад Ягоным скрайнім паніжэньнем. Я не прызвычаены абмываць чыстага, і не навучыўся купаць бязгрэшнага, а толькі апаганеныя посуды ачышчаць. Хрыстос, які прымае хрышчэньне ўва мне, вучыць мяне паліць церне правінаў. Ян, голас Слова, сьведчыць разам са мною, клічучы: Вось Ягнё Божае, што бярэ на сябе грахі сьвету". Дык, верныя, усклікнем Яму: "Божа, які зьявіўся дзеля нас, слава Табе!"

Цяпер...: тое самае.


Пракімен (Пс 76:20,19). Праз мора дарога Твая, сьцежка Твая праз вялікія воды.

Верш. Гром Твой загучаў у буры, маланкі зазьзялі на ўвесь сьвет.


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: "Будзеце чэрпаць ваду з радасьцю з крыніцаў збаўленьня. І скажаце ў той дзень: Слаўце Госпада! Клічце імя Яго! Абвясьціце ўсім народам хвалу Яго; успомніце, як цудоўнае імя Яго! Слаўце ў песьнях імя Гасподняе, бо Ён вялікія рэчы стварыў; абвясьціце гэта па ўсёй зямлі. Радуйцеся і цешцеся вы, што жывеце ў Сыёне, бо ўзьвялічыўся Сьвяты Ізраіля сярод вас". (2:3-6)


Чытаньне лісту Сьвятога Апостала Паўла да Рымлянаў

Браты, ці ж ня ведаце, што ўсе мы, якія ахрысьціліся ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Яго ахрысьціліся? Мы пахавалі сябе з Ім хрышчэньнем на сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрос з мёртвых у хвале Айца, і нам увайсьці ў новае жыцьцё. Бо калі мы злучаныя з Ім сьмерцю, падобнаю да Ягонай сьмерці, дык мы з Ім злучаны ў адно і падобным уваскрасеньнем. Ведайце, што, каб зьнішчыць грэшнае цела, даўні наш чалавек быў укрыжаваны разам з Ім, каб мы больш ня жылі ў граху. Дык калі мы памерлі разам з Хрыстом, верым, што з Ім таксама жыць будзем, ведаючы, што Хрыстос, устаўшы з мёртвых, больш не памірае, сьмерць ня мае ўлады над Ім. Бо калі Ён памёр, то памёр для граху адзін раз, а калі жыве, то жыве для Бога. Так і вы разумейце, што памерлі для граху, а жывеце для Бога ў Хрысьце Ісусе. (6:3-11)


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка

У тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэту, што ў Галілеі, і быў хрышчаны Янам у Ярдане. І калі выходзіў з вады, Ён убачыў неба адчыненае і Духа, які зыходзіў на Яго ў выглядзе голуба. І голас пачуўся з неба: "Вось Сын мой любы, якога Я ўпадабаў". (1:9-11)

Хутка пашлі даброты Твае, Госпадзе, бо мы вельмі зьбяднелі. Памажы нам, Божа Збавіцелю наш, дзеля славы імя Твайго; Госпадзе, збаў нас і ачысьці грахі нашы дзеля Твайго імя.


Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства...

Чытальнік: Амін.


Кандак (тон 4). Сёньня Хрыстос, стаўшы ў Ярдане, кажа Яну: "Ня бойся хрысьціць Мяне, бо Я прыйшоў збавіць Адама першастворанага".


Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.


Малітва. Божа і Госпадзе сілаў і Творча ўсяго, што існуе! Ты дзеля бяспрыкладнай міласэрнасьці Тваёй паслаў адзінароднага Сына Твайго, Госпада нашага Ісуса Хрыста на збаўленьне роду нашага і пачэсным Яго крыжом рукапісаньне грахоў нашых разарваў і перамог моц і ўладу цемры. Дык, чалавекалюбны Уладару, прымі і ад нас, грэшных, гэтыя ўдзячныя і благальныя малітвы і вызвалі нас ад усякага згубнага і змрочнага граху, і ад усіх бачных і нябачных ворагаў, якія жадаюць учыніць нам зло. Прыгвазьдзі да страху Твайго целы нашы, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да слоў і думак нячыстых, але любоўю Тваёю парань душы нашы: каб мы, узіраючыся ўсьцяж на Цябе і Табою прасьветленыя, гледзячы на Тваё недаступнае і вечнае сьвятло, безустанна хвалу і падзяку аддавалі Табе, спрадвечнаму Айцу, разам з адзінародным Тваім Сынам і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Дзевятая гадзіна


Прыйдзіце, паклонімся Уладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага


Псалом 92

Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу; апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

Пасад Твой непахісны ад пачатку сьвету, Ты ж вечна існуеш.

Узьнімаюць рэкі, Госпадзе, узьнімаюць рэкі голас свой; узьнімаюць рэкі голас грамавы.

Госпад на вышынях мацнейшы за рокат вод вялікіх, больш магутны за хвалі марскія.

Сьведчаньні Твае праўдзівыя, Госпадзе: дому Твайму належыцца сьвятасьць праз усе дні.


Псалом 113

Калі Ізраіль выходзіў з Ягіпту, дом Якуба з-паміж людзей чужых,

Сьвятыняй яго сталася Юдэя, Ізраіль – ягоным каралеўствам.

Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.

Горы скакалі, быццам бараны, узгоркі – быццам ягняты.

Што з табой, мора, што ты ўцякло? Чаму ты, Ярдане, пацёк назад?

Чаму, горы, скачаце як бараны, і ўзгоркі – быццам ягняты?

Затрымці, зямля, перад абліччам Госпада, перад абліччам Бога Якубавага,

Які ператварае скалы ў сажалкі, а крэмень – у крыніцы водныя.

Ня нам, Госпадзе, ня нам, але імю Твайму дай славу дзеля міласэрнасьці Тваёй і вернасьці.

Чаму павінны гаварыць пагане: "Дзе іхні Бог?"

Бог наш на небе (і на зямлі), Ён чыніць усё, што хоча.

Іхнія ж ідалы – срэбра і золата, творы рук людзкіх.

Вусны маюць, і не гавораць; вочы маюць, і ня бачаць.

Вушы маюць, і ня чуюць; нос маюць, і не адчуваюць паху.

Рукі маюць, але не датыкаюцца; ногі маюць, але ня ходзяць; горлы іхнія не даюць голасу.

Падобныя да іх будуць тыя, што іх робяць, і ўсе, што спадзяюцца на іх.

Дом Ізраіля хай спадзяецца на Госпада: Ён іхні памочнік і абаронца.

Дом Аарона хай спадзяецца на Госпада: Ён іхні памочнік і абаронца.

Усе, што баяцца Госпада, хай спадзяюцца на Госпада: Ён іхні памочнік і абаронца.

Госпад згадае нас і блаславіць нас; Ён блаславіць дом Ізраіля, блаславіць дом Аарона;

Блаславіць тых, што баяцца Госпада, – малых і вялікіх.

Госпад размножыць вас – вас і дзетак вашых.

Блаславіць вас Госпад, які стварыў неба і зямлю.

Неба – неба Гасподняе, а зямлю аддаў Ён сыном людзкім.

Не памёрлыя будуць хваліць Госпада, і ня тыя, што зышлі ў магілу.

Мы ж бласлаўляем Госпада цяпер і давеку.


Псалом 85

Нахілі, Госпадзе, вуха Тваё, і пачуй мяне: бо я бедны і ўбогі.

Сьцеражы душу маю, бо я Табе адданы; збаў слугу Твайго, які спадзяецца на Цябе.

Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо Цябе клічу ўвесь дзень.

Узрадуй душу слугі Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, узношу сэрца маё.

Бо Ты, Госпадзе, добры і ласкавы, і многаміласэрны да тых, што клічуць Цябе.

Пачуй, Божа, малітву маю, будзь уважлівы да голасу просьбы маёй.

У дзень суму майго клічу Цябе, бо Ты пачуеш мяне.

Між багоў няма роўнага Табе, Госпадзе, няма ўчынкаў падобных да Тваіх.

Усе народы, створаныя Табою, прыйдуць і паклоняцца Табе, Госпадзе, і славу аддадуць імю Твайму.

Бо Ты вялікі і творыш цуды, Ты – Бог адзіны.

Навучы мяне, Госпадзе, шляхом Тваім, каб мне жыць згодна з Тваёй праўдаю, і каб сэрца маё ўсцешылася ў страху імя Твайго.

Буду хваліць Цябе, Госпадзе Божа мой, ад усяго сэрца майго і буду славіць імя Тваё на ўсе вякі.

Бо міласэрнасьць Твая да мяне вялікая: Ты ўзьняў душу маю з бездані апраметнай.

Божа, гордыя паўсталі супраць мяне, і бунтаўнікі шукаюць душы маёй, не маючы Цябе перад вачамі сваімі.

Але Ты, Госпадзе Божа, шчодры і дабратлівы, доўгацярплівы, многаміласэрны і праведны.

Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною; дай сілу Тваю слузе Твайму, і збаў сына слугі Тваёй.

Дай мне знак Тваёй спагадлівасьці, каб ненавісьнікі мае ўбачылі і засаромеліся, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і ўсьцешыў мяне.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.


Слава...:

Трапар (тон 4). Пасьля ўзьнясеньня Ільлі, Елісей плашчом ягоным ударыў Ярдан, і той падаўся назад: воды ягоныя разышліся на два бакі, пакідаючы пасярэдзіне сухі шлях. Вось нам вобраз хрышчэньня, якім мы праходзім шлях жыцьця нашага. Хрыстос прыходзіць на Ярдан асьвяціць ваду.

Цяпер...:

Багародзічны. Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць і паказаўшыся Богам у ўваскрасеньні, не пагардзі творамі рук Тваіх, пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, якая нарадзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных.


(Тон 7). Страшна было бачыць, як Творца неба і зямлі стаяў голы ў рацэ і, быццам слуга, дзеля нас ад слугі прымаў хрышчэньне. Хоры анельскія дзівіліся, гледзячы са страхам і радасьцю. З імі разам і мы пакланяемся Табе. Госпадзе, збаў нас! (Двойчы)

Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай.

(Тон 2). Калі прадвесьнік убачыў, як Ты, Госпадзе славы, ішоў да яго, ён усклікнуў: "Вось ідзе Той, хто збаўляе сьвет ад тленнасьці; Ён сунімае сум наш; Ён, будучы Богам, прыйшоў на зямлю ад чыстае Дзевы ў міласэрнасьці сваёй, і, замест слугаў, зрабіў нас дзецьмі Божымі; замест цемры, Ён прасьвятляе род людзкі вадою Боскага свайго хрышчэньня. Дык, хадзеце, будзем суладна славіць Яго разам з Айцом і Духам.

Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся.

Тое самае.

Слава...:

(Тон 5). Руку, якою ты дакрануўся да пачэснай галавы Уладара, і пальцам якое ты нам Яго паказаў, уздымі ў малітве за нас, Хрысьціцелю, бо ты маеш вялікую сьмеласьць у Яго, і Ён засьведчыў, што ты большы за ўсіх прарокаў. Уздымі вочы твае, якія бачылі Усесьвятога Духа, калі Той зыходзіў у выглядзе голуба, і прасі ў Яго, Хрысьціцелю, ласкі для нас. Прыйдзі і стань з намі, дай знак да сьвяткаваньня і пачні нашу пахвальную песьню.

Цяпер...: тое самае.


Пракімен (Пс 26:1). Госпад – прасьвятленьне маё і Збавіцель мой: каго мне баяцца?

Верш. Госпад абронца жыцьця майго: перад кім мне дрыжаць?


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: "У час спрыяльны выслухаю цябе, у дзень збаўленьня прыйду да цябе з дапамогаю. Я зьберагу цябе і пастаўлю цябе як запавет для народу, каб аднавіць зямлю і разьдзяліць спустошаную спадчыну, каб сказаць вязьням: "Выходзьце на свабоду", і тым, што ў цемры: "Пакажэцеся". Яны будуць пасьвіцца пры ўсіх дарогах, іх пашы будуць на ўсіх узгорках. Ня будуць цярпець голаду ані смагі; ні гарачы вецер, ні сонца не паразяць іх, бо Той, што мае літасьць над імі, будзе ім правадыром і завядзе да водных крыніцаў. І ўсе горы зраблю іхнімі дарогамі, і Мае шляхі ўзнясуцца высока. Вось гэтыя прыходзяць здалёку, а тыя з Поўначы і Захаду, іншыя зноў з краіны Сын. Хай цешыцца неба, хай зямля радуецца! Вось Госпад усьцешыў свой народ, зьмілаваўся над яго ўбогімі. Сыён казаў: "Госпад пакінуў мяне, Уладар мой забыў мяне". Ці ж можа жанчына забыць дзіцятка сваё? Ці ж ня будзе любіць сына ўлоньня свайго? Але нават калі б яна забыла, Я не забуду цябе". Так кажа Госпад. (49:8-15)


Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Ціта

Сыне Ціт, зьявілася ласка Божая, збавенная для ўсіх людзей, і навучае нас, каб мы, адцураўшыся ад нязбожнасьці і грэшных жаданьняў гэтага сьвету, жылі разумна, набожна і справядліва ў гэтым веку ў чаканьні блаславёнай надзеі і слаўнага зьяўленьня славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, які аддаў самога сябе за нас, каб выкупіць нас ад усякай неправеднасьці і ачысьціць абраны сабе на ўласнасьць народ, руплівы ў добрых справах.

Калі ж зьявілася дабрыня і ласка Збаўцы нашага Бога да людзей, Ён збавіў нас не дзеля нашых праведных учынкаў, але дзеля міласэрнасьці, праз адраджальнае абмыцьцё і абнаўленьне ў Духу Сьвятым, якога выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага, каб мы, апраўданыя Ягонай ласкаю, сталіся, згодна з надзеяю, спадкаемцамі жыцьця вечнага. (2:11-14, 3:4-7)


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

У той час прыйшоў Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна – хрысьціцца ад яго. Але Ян супраціўляўся Яму, кажучы: "Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыйшоў да мяне?" Ісус сказаў яму ў адказ: "Пакінь цяпер, бо гэтак трэба нам споўніць усю праведнасьць". Тады ён саступіў Яму. Ахрысьціўшыся, Ісус адразу выйшаў з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы, і Ён убачыў Духа Божага, які зыходзіў як голуб і спускаўся на Яго. І вось з неба пачуўся голас, які казаў: "Гэта Сын Мой любы, якому спагадаю". (3:13-17)


Не пакінь нас да канца дзеля імя Твайго сьвятога, не разбуры запавету Твайго і не аддалі міласьці Тваёй ад нас, дзеля Абрагама любага Твайго, і Ісаака слугі Твайго, і Ізраіля сьвятога Твайго.

Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства...

Чытальнік: Амін.


Кандак (тон 4). Сёньня Хрыстос, стаўшы ў Ярдане, кажа Яну: "Ня бойся хрысьціць Мяне, бо Я прыйшоў збавіць Адама першастворанага".


Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.


Малітва. Уладару Госпадзе Ісусе Хрысьце, доўгацярплівы да нашых правінаў, Ты прывёў нас аж да гэтай хвіліны, калі, вісячы на жыцьцядайным дрэве, Ты разумнаму разбойніку адчыніў уваход у рай і разбурыў сьмерцю сьмерць. Ачысьці нас грэшных і недастойных слугаў Тваіх, бо мы зграшылі і чынілі благое; і цяпер мы нядастойныя узьняць вочы нашы і глянуць на вышыню нябесную, бо мы пакінулі дарогу праўды Тваёй і хадзілі, куды вяло нас сэрца наша. Але вось молім Тваю бязьмерную дабрату: пашкадуй нас, Госпадзе, у Тваёй вялікай міласэрнасьці і збаў нас дзеля імя Твайго сьвятога, бо дні нашыя прапалі ў марнасьці. Вызваль нас з рукі праціўніка, адпусьці нам грахі нашы, і умярцьві цялеснае нашае мудраваньне, каб, адклаўшы старога чалавека, у новага апрануліся і жылі дзеля Цябе, Уладара і Дабрачынца; і, ідучы ўсьлед за Тваімі прыказаньнямі, дасягнулі вечнага супакою, дзе для ўсіх праведных радаснае жыльлё. Бо Ты сапраўдная радасьць і вясельле для тых, што любяць Цябе, Хрысьце Божа наш, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Абедніца


Псалом 102

Блаславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё хай славіць імя сьвятое Яго.

Блаславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх дабрадзействаў Яго.

Ён ачышчае ўсе бясчынствы твае, і аздараўляе ўсе немачы твае.

Ён вызваляе жыцьцё тваё ад згубы; вянчае цябе ласкаю і міласэрнасьцю.

Ён напаўняе тваё жыцьцё дабром: абнаўляецца, як арол, маладосьць твая.

Госпад чыніць справядлівасьць, і суд усім пакрыўджаным.

Ён паказаў Майсею шляхі свае, сыном Ізраіля ўчынкі свае.

Шчодры Госпад і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку.

Ня будзе вечна сварыцца Ён, і ня будзе гневацца давеку.

Не паводле грахоў нашых паступіў Ён з намі, і не паводле правінаў нашых заплаціў Ён нам.

Бо як высока неба ад зямлі, так вялікая міласэрнасьць Яго для тых, што баяцца Яго.

Як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас нашыя злачынствы.

Як бацька літуецца над сынамі, так літуецца Госпад над набожнымі.

Ён ведае, з чаго мы створаныя, Ён знае, што мы – пыл.

Дні чалавека падобныя да травы: цьвіце ён, быццам кветка ў полі.

Але вось павее вецер – і няма больш яго, і месца, дзе ён быў, яго не пазнае.

А міласэрнасьць Гасподняя вечная і на век вякоў для тых, хто баіцца Яго; і справядлівасьць яго над сынамі сыноў тых, што захоўваюць саюз з Ім, памятаюць запаветы Яго, і выконваюць іх.

Госпад на небе ўстанавіў пасад свой, і валадарства Яго над усім сусьветам.

Блаславіце Госпада, усе анёлы Яго, слугі Яго, што выконваеце загады Яго.

Блаславіце Госпада, усе творы Яго, на кожным месцы Ягонага панаваньня.

Блаславі, душа мая, Госпада!

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Псалом 145

Хвалі, душа мая, Госпада.

Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада, буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.

Не спадзявайцеся на князёў, ані на чалавека, у якога няма збаўленьня: дух пакідае яго, і ён вяртаецца ў зямлю; і ў той час гінуць усе намеры яго.

Шчасьлівы той, у каго Бог Якуба памочнікам, хто ўскладае надзею на Госпада Бога свайго,

Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх: Ён захоўвае вернасьць давеку;

Ён чыніць суд пакрыўджаным, дае хлеб галодным. Госпад вызваляе палонных.

Госпад раскрывае вочы сьляпым, Госпад падымае пахілых; Госпад любіць праведнікаў.

Госпад ахоўвае прыхадняў, памагае сіраце і ўдаве, а шлях бязбожных разбурае.

Госпад будзе панаваць давеку, Бог твой, Сыёне, з пакаленьня ў пакаленьне.


Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Адзінародны Сыне і Слова Бога, Ты, Несьмяротны, дзеля нашага збаўленьня захацеў прыняць цела ад сьвятое Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі і, не зазнаўшы зьмены, стаўся чалавекам; Ты быў укрыжаваны, Хрысьце Божа, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць. Будучы адным з Сьвятой Тройцы, роўным славаю Айцу і Сьвятому Духу, збаў нас.


У валадарстве Тваім успомні нас, Госпадзе.

Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.

Шчасьлівыя тыя, што тужаць, бо яны суцешацца.

Шчасьлівыя ціхія, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.

Шчасьлівыя тыя, што маюць голад і смагу справядлівасьці, бо яны насыцяцца.

Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны зьведаюць міласьць.

Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога.

Шчасьлівыя міратворцы, бо яны будуць звацца сынамі Божымі.

Шчасьлівыя тыя, каго прасьледуюць за праўду, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.

Шчасьлівыя вы, калі вас крыўдзяць і прасьледуюць, і кажуць усякую няпраўду на вас дзеля мяне: радуйцеся і цешцеся, бо ўзнагарода ваша ў небе вялікая.


Слава... цяпер...:

Успомні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у валадарства Тваё.

Успомні мяне, Уладару, калі прыйдзеш у валадарства Тваё.

Успомні мяне, Сьвяты, калі прыйдзеш у валадарства Тваё.


Хор нябесны пяе Табе і кажа: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад сіл, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй.

Верш. Прыступіцеся да Яго і прасьвятліцеся, і твар ваш ня будзе пасаромлены.

Хор нябесны...

Слава...:

Хор сьвятых анёлаў і арханёлаў, з усімі нябеснымі сіламі пяе Табе і кажа: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад сіл, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй.

Цяпер...:

Веру ў адзінага Бога Айца, усемагутнага, Тварца неба і зямлі, бачнага ўсяго і нябачнага. І ў адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі; Сьвятло ад Сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога, народжанага, нястворанага, адзінасутнага з Айцом, праз якога ўсё стала быць. Ён дзеля нас людзей і дзеля нашага збаўленьня зышоў з неба, прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы і стаўся чалавекам. Быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, цярпеў і быў пахаваны. І на трэці дзень уваскрос згодна з Пісаньнямі; і ўзышоў на неба, і сядзіць па правай руцэ Айца; і зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і мёртвых, і Яго валадарству ня будзе канца. Веру ў Духа Сьвятога, Госпада, жыватворчага, які ад Айца паходзіць; якому належыцца пакланеньне і слава разам з Айцом і Сынам; які гаварыў праз прарокаў. У адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў. Чакаю ўваскрасеньня мёртвых і жыцьця будучага веку. Амін.

Прабач, адпусьці і даруй, Божа, усе мае правіны, вольныя і міжвольныя, якія я ўчыніў словам і ўчынкам, у думках і намерах, удзень і ўночы, сьведама і нясьведама: усё мне прабач, бо Ты добры і Чалавекалюбец.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня. І адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым. І ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.


Кандак (тон 4). Сёньня Хрыстос, стаўшы ў Ярдане, кажа Яну: "Ня бойся хрысьціць Мяне, бо Я прыйшоў збавіць Адама першастворанага".


Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Усесьвятая Тройца, адзінасутная дзяржава, неразьдзельнае валадарства, крыніца ўсяго добрага, спагадай і мне, грэшнаму, умацуй і настаў на розум сэрца маё, і адымі ад мяне ўсё маё благоцьце, прасьвятлі мае думкі, каб мне заўжды славіць і хваліць у песьнях Цябе, і пакланяцца Табе, кажучы: Адзін сьвяты, адзін Госпад, Ісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амін.

Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку. (Тройчы)

Слава... цяпер...:

Псалом 33

Увесь час бласлаўляць буду Госпада: хвала Ягоная заўжды на вуснах маіх.

Госпадам будзе хваліцца душа мая: хай пачуюць пакорныя і ўзрадуюцца.

Слаўце Госпада са мною: будзем разам узьвялічваць Яго.

Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і адняў ад мяне ўсю тугу маю.

Гляньце на Яго і ўзрадуйцеся: хай абліччы вашы ня будуць пасаромленыя.

Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго і ад усіх напасьцяў выбавіў яго.

Анёл Гасподні стаіць, быццам мур абаронны, вакол тых, што баяцца Яго, і выбаўляе іх.

Пакаштуйце і ўбачыце, як добры Госпад: шчасьлівы той, хто да Яго прыбягае.

Бойцеся Бога, усе сьвятыя Яго, бо тыя, што Яго баяцца, не зазнаюць бяды.

Багатыя зьбяднелі і церпяць голад; тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць мець ні ў чым нястачы.

Хадзеце, дзеці, паслухайце мяне: страху Гасподняму навучу вас.

Хто той чалавек, што любіць жыцьцё і што рады бачыць шчасьлівыя дні?

Устрымай язык твой ад злога і вусны твае ад словаў крывадушных.

Ухіліся ад злога і чыні дабро: шукай супакою і захоўвай яго.

Вочы Госпада зьвернутыя да праведных, вушы Яго чуюць кліч іх.

Твар Госпада супраць тых, што чыняць зло, каб вынішчыць іх памяць на зямлі.

Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх і ад усіх бедаў выбавіў іх.

Блізкі Госпад да скрушлівых сэрцам, прыгнечаных духам Ён выбаўляе.

Шмат бедаў у праведніка, і ад усіх іх ратуе яго Госпад.

Ён сьцеражэ ўсе ягоныя косьці: ніводная з іх ня скрышыцца.

Сьмерць грэшнікаў лютая; грашаць тыя, што ненавідзяць праведніка.

Госпад вызваляе душы слуг сваіх: не зазнае кары той, хто на Яго спадзяецца.

Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.


Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.


Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых і баганосных айцоў нашых, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Чытальнік: Амін.


Вярнуцца назад