Галоўная > Мінэя - Студзень > 6 Студзеня - Богазьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста - Вялікая павячэрніца

6 Студзеня - Богазьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста - Вялікая павячэрніца


27 чэрвеня 2008.

Ліцьця


(Тон 4). Той, хто апранаецца ў сьвятло, быццам у вопратку, захацеў стаць адным з нас дзеля нас. Сёньня Ён пакрываецца струменямі вады Ярданскай, сам ня маючы патрэбы быць ачышчаным імі, але каб даць нам адраджэньне. Што за цуд! Без агню паліць, будуе нанова, не разбураючы, і збаўляе тых, што абнаўляюцца ў Ім, Хрыстос Бог наш, Збавіцель душ нашых.

Убачыўшы Цябе, што ачышчаеш агнём і Духам грахі сьвету, калі Ты ішоў да яго, Хрысьціцель жахнуўся і, трапечучы, усклікнуў: "Ня сьмею дакрануцца да пачэснай галавы Тваёй. Ты мяне асьвяці Боскім зьяўленьнем Тваім, адзіны чалавекалюбны Уладару".

Пераймаючы мудрых дзеваў, хадзеце сустрэць Уладара, які, быццам Жаніх, прыйшоў да Яна. Ярдан, убачыўшы Яго, спалохаўся і затырымаўся, а Ян усклікнуў: "Ня сьмею дакрануцца да Тваёй несьмяротнай галавы!" Дух у выглядзе голуба зышоў асьвяціць ваду, і голас з вышыні быў чутны: "Гэта Сын Мой, які прыйшоў на сьвет збавіць род людзкі". Госпадзе, слава Табе!

Хрыстос, ахрысьціўшыся, выходзіць з вады і ўздымае з сабою ўвесь сьвет. Ён бачыць расчыненае неба, якое Адам зачыніў перад сабою і сваімі нашчадкамі. Дух Сьвяты пацьвярджае Ягонае Боства, і адначасна з Ім прыходзіць голас з неба, які сьведчыць, што Ён – Збавіцель душ нашых.

Рука Хрысьціцеля задрыжэла, калі дакранулася да Тваёй пачэснай галавы. Ярдан павярнуў назад, ня сьмеючы служыць Табе. Бо калі ён некалі спалохаўся Ісуса Навіна, дык як жа ж яму не было баяцца ягонага Творцы? Але Ты, адзіны чалавекалюбны Збавіцелю наш, прыйшоў споўніць увесь провід дзеля нас і збавіць сьвет зьяўленьнем Тваім.

Слава...:

(Тон 8). Ты, Госпадзе, каб споўніць усё, што Ты пастанавіў спрадвеку, паклікаў ад кожнага стварэньня слугаў Тваіх сьвятых Тайнаў: ад анёлаў – Габрыеля, ад людзей – Дзеву, ад неба – зорку, ад Ярдану – ваду, у якой Ты зьнішчыў людзкія беззаконьні. Госпадзе, слава Табе!

Цяпер...:

Сёньня стварэньне прасьвятляецца, сёньня цешацца ўсе на небе і на зямлі, анёлы і людзі яднаюцца, бо дзе прыходзіць Уладар, там лад настае. Дык пойдзем хутка на Ярдан, каб убачыць Яна, як ён хрысьціць Бязгрэшнага. Разам з апосталамі запяем і ўсклікнем: "Зьявілася ласка Божая, збавенная для ўсіх людзей, паказваючы і даючы верным веліч зьмілаваньня".


Вершапесьні

(Тон 2). Убачыўшы Цябе, Хрысьце Божа, калі Ты ішоў да Ярдану, Ян усклікнуў: "Чаму Ты, Госпадзе, будучы беззаганным, прыходзіш да слугі? У чыё імя я павінен хрысьціць Цябе: Айца? Але ж Ты Яго маеш у сабе; Сына? Ты ж сам ёсьць Той, які прыняў цела; Духа Сьвятога? Ты ж сам Яго верным даеш". Божа, які зьявіўся нам, зьмілуйся над намі!

Верш. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.

Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся, бо на Тваю славу ўзірацца ня сьмеюць хэрувімы і сэрафімы: стоячы са страхам перад Табою, адны з іх лётаюць вакол, а другія славяць магутнасьць Тваю. З імі разам і мы абвяшчаем хвалу Тваю, кажучы: "Божа, які зьявіўся нам, зьмілуйся над намі!"

Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад?

Сёньня Творца неба і зямлі прыходзіць у целе на Ярдан і, хоць сам бязгрэшны, просіць хрышчэньня, каб ачысьціць сьвет ад варожае спакусы. Уладар усіх прымае хрышчэньне ад слугі і дае роду людзкому ачышчэньне вадою. Дык усклікнем Яму: "Божа, які зьявіўся нам, слава Табе!"

Слава... цяпер...:

(Тон 6). Сьветлы ліхтар, сын няплоднае, убачыўшы Сонца, што зазьзяла ад Дзевы і прыйшло на Ярдан прасіць хрышчэньня, сумеўся і радасна ўсклікнуў: "Асьвяці мяне, Уладару, Боскім зьяўленьнем Тваім!"


На Блаславеньне хлябоў: (трапар сьвята, тон 1) Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе. (Тройчы)


Вярнуцца назад