Галоўная > Мінэя - Студзень > 8 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьня. Пачэснага Юр'я Хазэвіта; пачэснае Дамінікі

8 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьня. Пачэснага Юр'я Хазэвіта; пачэснае Дамінікі


2 ліпеня 2008.

На "Госпадзе, Цябе клічу... ":

(Тон 4). Абаронную сьцяну душы тваёй, блаславёны, не пахіснулі напады думак, бо ты, узяўшы за шчыт пост, ня даў лютаму ворагу параніць цябе, і стаў перад Уладаром усіх, каб атрымаць вянец перамогі.

Праводзячы час у ляжаньні крыжам на адзіноце, у нядрэмнасьці і сьлязах, ты быў выдатным прыкладам і хвалою манахаў; цераз устрыманасьць і захаваньне ўсіх дабрадзейнасьцяў, ты, мудры, стаўся спадкаемцам нябеснага валадарства.

Ні доўгая дарога, ані цяжкасьць выпрабаваньняў, не змаглі аслабіць твайго, святы, гарачага імкненьня да Бога. Пажыўшы там, дзе хадзілі ногі Бога нашага, ты ня меў іншай думкі, каб толькі ўстрыманасьцю і подзьвігамі дасягнуць нябеснага Сыёну.

(Тон 4). Яўляючы глыбіню сардэчную жаданьня твайго, сьлязамі каяньня ты, слаўная, абмыла зямлю, і валасамі абцерла Хрыстовы падножак. З вераю ў Ягоную прысутнасьць, і моцна жадаючы быць з Ім, ты дакранулася ў думцы да ног Яго, і боскім відзеньнем прасьвятліла душу тваю.

Прыйшоўшы з захаду, ты, блаславёная, зазьзяла на ўсходзе, быццам сьветлая зорка, промнямі тваіх добрых учынкаў, і прасьвятліла розумы верных зьзяньнем цудаў тваіх; дзеля гэтага славім цябе і шануем тваю памяць, узьвялічваючы Хрыста, які праславіў цябе.

Параненая жаданьнем Хрыстовай любові, Дамініка ўсяхвальная, ты пайшла ўсьлед за Ім, адкінуўшы пераходную славу, цялесныя прыемнасьці і асалоду гэтага жыцьця; дзеля гэтага Ісус Чалавекалюбец і Збавіцель душ нашых пасяліў цябе ў нябесных харомах.

Слава... цяпер...:

(Тон 1). Той, хто пакрывае хмарамі неба, сёньня апранаецца струменямі вады Ярданскай і, узяўшы на сябе грэх сьвету, ачышчаецца маім ачышчэньнем. Сын адзінародны Найвышэйшага Айца, Ён атрымлівае сьведчаньне ад роўнага Яму славаю Духа. Дык усклікнем Яму: "Хрысьце Божа наш, які зьявіўся і збавіў нас, слава Табе!"


Вершапесьні

(Тон 6). Ты, ясны Сьветачу Ісусе, зазьзяў на ўвесь сьвет і, прыняўшы хрышчэньне ў струменях Ярданскіх, прасьвятліў усіх. Сьвятло адзінасутнае з Айцом, усё стварэньне прасьвятляецца Табою і кліча: "Блаславёны Ты, Госпадзе, які зьявіўся нам. Слава Табе!"

Верш. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.

Ачысьцім нашыя пачуцьці, каб, прыйшоўшы ў думках, напоўніцца Боскай славаю і бачыць Хрыста, які прымае хрышчэньне і крышыць галаву хітрага ворага. Дык уславім Яго і радасна ўсклікнем: "Блаславёны Ты, Божа наш, які зьявіўся нам. Слава Табе!"

Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад?

У Тваёй добрасардэчнасьці, Ісусе чалавекалюбны, Ты поіш вадою жывою ў Ярдане сасмаглых. Напіўшыся з Тваёй несьмяротнай і сьветланоснай крыніцы, усклікаем радасна: "Блаславёны Ты, Божа наш, які зьявіўся нам. Слава Табе!"

Слава... цяпер...:

(Тон 2). Убачыўшы Цябе, Хрысьце Божа, ля Ярдану, калі Ты ішоў да яго, Ян усклікнуў: "Чаму Ты, Госпадзе, сам беззаганны, прыходзіш да слугі? У чыё імя я павінен хрысьціць Цябе: Айца? Але ж Ты Яго маеш у сабе; Сына? Ты ж сам Той, хто прыняў цела; Духа Сьвятога? Ты ж даеш Яго верным". Божа, які зьявіўся нам, зьмілуйся над намі.


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятых (тон 4). Уславім, верныя, памяць выдатнага сярод посьнікаў Юр'я, і слаўнага вызнаўца Амільяна, малітвамі якіх, Хрысьце, збаў душы нашыя.

Слава...:

Сьвятой (тон 8). У табе, маці, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшла усьлед за Хрыстом і на справе навучала не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвятая Дамініка, дух твой.

Цяпер...:

Трапар сьвята (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.


Вярнуцца назад