Галоўная > Мінэя - Студзень > 17 студзеня - Пачэснага Антона Вялікага

17 студзеня - Пачэснага Антона Вялікага


2 ліпеня 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). Прасьветлены промнямі Духа, ты, ойча Антоне, загарэўся боскім жаданьнем і ўзьняў душу сваю да найвышэйшае існае любові; стараючыся зьяднацца з ёю, ты жыў быццам вонках гэтага сьвету, забыўшыся пра цела і кроў, і праводзячы час ва ўстрыманасьці і маўчаньні. Дзеля гэтага ты напоўніўся, як прасіў, вышэйшых дабротаў, і зазьзяў, быццам зорка, што прасьвятляе душы нашыя . (Двойчы)

Асьветлены боскім зьзяньнем, ты скрышыў лукі і стрэлы дэманаў ласкаю Боскага Духа, і сваімі вучэньнямі выкрыў іхнюю злосьць і хітрасьці. Ты быў ясным сьветачам для манахаў, красою пустыні, нямоглых выдатным і пачэсным лекарам і вобразам дабрадзейнага жыцьця, ойча Антоне. (Двойчы)

Чысты душою і сэрцам, зямны анёл, чалавек нябесны, настаўнік чысьціні, прыклад устрыманасьці, ты, Антоне, цяпер жывеш з тваім Уладаром і пяеш нязмоўкна хвалу Яму разам з анёламі, сьвятымі айцамі і мучанікамі. Ад лютых бедаў і правінаў ахоўвай тых, што спраўляюць сьвятую памяць тваю. (Двойчы)

Слава...:

(Тон 6). Ты захаваў у сабе непашкоджаным вобраз Божы, узнёсшы розум да Уладара над згубнымі страсьцямі, каб разам з Ім узысьці на вышыню. Ты прымусіў сваю прыроду да паслушэнства, падапарадкаваў горшае лепшаму, і цела зрабіў слугою духа. Таму ты явіўся вяршыняю манахаў, грамадзянінам пустыні, добрым настаўнікам, вядомым правілам дабрадзейнасьцяў. І цяпер на нябёсах, не як у люстры, але сапраўды, ойча наш Антоне, бачыш Сьвятую Тройцу, і молішся за тых, што з вераю і любоўю шануюць цябе.

Цяпер...:

Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.


Чытаньне кнігі Мудрасьці

Душы праведных у руцэ Бога, і мука не кране іх. Вачам неразумных здавалася, што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за няшчасьце, і адыход іх ад нас – за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць паводле людзкога разуменьня іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці. Пацярпеўшы крыху, яны зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх дасьведчыў і знайшоў годнымі сябе. Ён іх выпрабаваў, як золата ў горне і прыняў іх, як цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца, быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць плямёны і панаваць над народамі, і Госпад будзе ўладаром іхнім давеку. Тыя, што спадзяваліся на Яго, зразумеюць праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць. Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх. (3:1-10)


Чытаньне кнігі Мудрасьці

Праведнікі вечна жыць будуць, і іхняя ўзнагарода ў Госпада, і Усявышні будзе клапаціцца пра іх. Дзеля гэтага яны атрымаюць карону славы і вянец красы з рукі Госпада. Ён іх пакрые правай рукою сваёй, і будзе ахоўваць іх плячом сваім. За зброю возьме зайздросную любоў сваю, і ўзброіць стварэньне на пакараньне ворагаў. Апранецца ў панцыр справядлівасьці, і шаломам ягоным будзе суд бесстаронні. За шчыт непераможны возьме сабе сьвятасьць, і навострыць, быццам меч, гнеў суровы. І разам з Ім увесь сьвет пойдзе на бой супраць бяздумных. Паляцяць з хмараў стрэлы маланак, паімчацца да мэты, быццам з нацягнутага луку; і прашчы будуць шпурляць град гневу. Воды марскія ўзбурацца супраць іх, і рэкі затопяць іх бязьлітасна. Уздымецца супраць іх дух Магутнасьці і, быццам бура, іх паразьвявае. Так беззаконьне спустошыць зямлю, а нікчэмнасьць разбурыць пасады моцных. Дык слухайце, уладары, і разумейце! Навучыцеся, судзьдзі ўсіх канцоў зямлі! Зважайце, начальнікі многіх, што хваліцеся вялікім лікам вашых падданых! Ад Госпада дадзеная вам улада, і сіла – ад Усявышняга. (5:15-6:3)


Чытаньне кнігі Мудрасьці

Праведнік, хоць бы і памёр заўчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не сапсавала думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу, і таму Ён пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго. (4:7-15)


Вершапесьні

(Тон 5). Радуйся, ойча Антоне, што быў залічаны на вышынях да нябесных хораў: навучыўшыся дабрадзейнасьцяў, ты жыў на зямлі як анёл, явіўся чыстым і беззаганным люстрам, што зьзяе промнямі Духа Сьвятога. Навучаны і прасьветлены Боскім сьвятлом Хрыстовым, ты бачыў і прадказваў тое, што мела быць. Малі Яго цяпер даць душам нашым веліч зьмілаваньня.

Верш. Дарагая перад Госпадам сьмерць сьвятых Яго.

Радуйся, посьнікаў правадыр і непераможны змагар: адсекшы карані страсьцяў і супрацівіўшыся нападам дэманаў, ты паказаў усім іхнюю слабасьць і душагубную хітрасьць, і явіў Крыжа Хрыстовага сілу. Падпярэзаўшыся ёю, ты перамог усіх, што адмаўлялі боскае прыйсьце ў целе Хрыста. Малі Яго даць зьмілаваньне душам нашым.

Верш. Шчаслівы муж, які баіцца Госпада і ў запаветах Ягоных знаходіць суцяшэньне.

Сьветлы і непахісны стоўп дабрадзейнасьцяў, хмара, што ацяняе тых, што ў пустыні, ты быў настаўнікам тых, што ідуць ад зямлі да неба і да сузіраньня Бога. Крыжом ты, багаблаславёны, разьдзяліў мора страсьцяў, перамог духоўнага Амалека, знайшоў бесперашкодны шлях на неба і нятленнай спадчыны. Стоячы разам з анёламі перад пасадам Хрыста, малі Яго даць душам нашым веліч зьмілаваньня.

Слава...:

(Тон 8). Шануем цябе, ойча Антоне, як духоўнага настаўніка, бо мы навучыліся ад цябе хадзіць па правым шляху. Шчаслівы ты, бо, паслужыўшы верна Хрысту, і разьбіўшы варожую сілу, ты стаўся суразмоўцам анёлаў і саўдзельнікам Паўла Тыбэйскага. Разам з імі маліся Госпаду, каб Ён дараваў душам нашым веліч зьмілаваньня.

Цяпер...:

Чыстая Дзева, што Бога ў целе невыказна зачала, Маці Бога ўсявышняга, прымі маленьні слугаў Тваіх, Усячыстая, дай ачышчэньне ад правінаў і, выслухаўшы малітвы слугаў Тваіх, маліся за збаўленьне душ нашых.


Адпушчальныя трапары

(Тон 4). Рупліўца Ільлю ва ўсім пераймаючы і ўсьлед за Хрысьціцелем ідучы па правым шляху, ты быў жыхаром пустыні, Антоне, ойча наш, і малітвамі тваімі ўмацоўваў увесь сусьвет. Малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя.

Слава... цяпер...: Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.


Літургія

Трапары

Трапар (тон 4). Рупліўца Ільлю ва ўсім пераймаючы і ўсьлед за Хрысьціцелем ідучы па правым шляху, ты быў жыхаром пустыні, Антоне, ойча наш, і малітвамі тваімі ўмацоўваў увесь сусьвет. Малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя.

Кандак (тон 2). Адкінуўшы клопаты сьвету, ты пражыў ціха жыцьцё, пераймаючы ва ўсім Хрысьціцеля. Дзеля гэтага шануем цябе разам з ім, блаславёны Антоне, айцоў сьвятых настаўніку.


Пракімен (Пс 115:6:3). Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.

Верш. Чым адплачу Госпаду за ўсе дабрадзействы Яго.


Апостал: Гэб 13:17-21


Алілуя (Пс 111:1,2). Шчасьлівы муж, які баіцца Госпада і пацяшэньне знаходзіць у запаветах Яго.

Верш. Патомства яго будзе магутным на зямлі.


Евангельле: Лк 6:17-23а


Прычасьнік. Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца.


Вярнуцца назад