Галоўная > Мінэя - Студзень > 21 студзеня - Пачэснага Максіма вызнаўцы, мучаніка Нэафіта

21 студзеня - Пачэснага Максіма вызнаўцы, мучаніка Нэафіта


2 ліпеня 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). Той, хто дзеля літасьці да нас дабравольна стаўся чалавекам, паказаў, што мае дзьве волі і два дзеяньні: так ты, Максіме, навучаў і зачыняў вусны бессаромнікаў. Ты ўвесь час прапаведаваў супраць тых, якія, спакушаныя д'яблам, сьцьвярджалі, што Хрыстос мае толькі адну волю і адно дзеяньне.

Блаславёны Максіме, ты сілаю вучэньня твайго змусіў замоўкнуць ілжывага Піра; за гэта ты цярпеў перасьлед і выгнаньне, і адсячэньне языка і правае рукі, якую ты заўсёды ўзносіў у малітве да Бога і якою ты пісаў твае натхнёныя словы.

Быццам пяро, абмочанае Духам, быў твой, блаславёны Максіме, язык, які ласкаю пісаў на табліцах сэрцаў нашых закон Боскіх дабрадзейнасьцяў і яснае вучэньне аб уцелаўленьні ў дзьвюх прыродах і адной асобе Хрыста.

Слава...:

(Тон 8). Шануем цябе, ойча Максіме, як духоўнага правадніка, які паказаў нам, як ісьці па правым шляху. Блаславёны ты, бо ты служыў верна Хрысту і асудзіў і выкрыў моцнага ворага. Цяпер ты прабываеш з анёламі і з усімі сьвятымі. Разам з імі маліся Госпаду даць зьмілаваньне душам нашым.

Цяпер...:

Багародзічны (тон 8). Глянь на ўздыханьні скрушлівага сэрца майго, Боганявеста; прымі, Чыстая Дзева Марыя, рук маіх уздыманьне, і ў чалавекалюбстве Тваім не адкінь мяне, Беззаганная, каб мне славіць і ўзьвялічваць Цябе, якая ўзьвялічыла род наш.

Або:

Крыжабагародзічны (тон 8). Калі Чыстая Дзева ўбачыла, як вялі Цябе, быццам ягнё, на ахвяру, Яна пайшла за Табою, Слова, і са сьлязьмі клікала: "Куды сьпяшаешся, Сыне мой? Іду з Табою, Наймілейшы, бо не магу быць без Цябе, Ісусе мой міласэрны".


Вершапесьні актойха

Слава...:

(Тон 8). Шануем цябе, ойча Максіме, як настаўніка мноства манахаў, бо мы ўсе навучыліся хадзіць тваёю праваю сьцежкаю. Шчаслівы ты, бо, паслужыўшы верна Хрысту, і, разьбіўшы варожую сілу, ты стаўся суразмоўцам анёлаў і саўдзельнікам сьвятых праведнікаў. Разам з імі маліся Госпаду, каб Ён дараваў душам нашым веліч зьмілаваньня.

Цяпер...:

Багародзічны (тон 8). Радуйся, Хорам адухоўлены, Галубка духоўная! Радуйся, Горад Творцы Твайго! Радуйся, Прытулак бясьпечны верных і Ахова; Заступніца тых, што любяць Цябе, Збаўленьне і Вызваленьне! Радуйся, Мост, што ўсіх праводзіць да неба; радуйся адухоўленая сьвятая Уладарка!

Або:

Крыжабагародзічны (тон 8). Калі сонца ўбачыла, як Ты, Сонца праведнасьці, Госпадзе, вісіш на крыжы, яно схавала промні свае, месяц сьвятло на цемру перамяніў, і боль працяў сэрца Маці Тваёй.


Адпушчальны трапар

(Тон 8). Правай веры настаўнік, набожнасьці прыклад і чысьціні, сьветач сусьветны, Богам натхнёная сьвятароў аздоба, Максіме мудры, навукаю тваёю ты ўсіх прасьвятліў, жалейка духоўная. Малі Хрыста Бога за збаўленьне душ нашых.


Вярнуцца назад