Галоўная > Мінэя - Верасень > 7 верасьня - Перадсьвяцьце Нараджэньня Багародзіцы і сьвятога мучаніка Сазонта

7 верасьня - Перадсьвяцьце Нараджэньня Багародзіцы і сьвятога мучаніка Сазонта


2 красавіка 2009.

Вячэрня

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

(Тон 1). Духоўныя промні сусьветнае радасьці зазьзялі нам, прадвяшчаючы Сонца славы, Хрыста-Бога, у нараджэньні Тваім, Усячыстая, Хадайніца сапраўднага вясельля і ласкі.

Слава перадсьвяточнага дня прадвяшчае ўсім Твае, Усячыстая, невыказныя дабрадзействы, бо Ты, Багародзіца Дзева, сталася прычынай цяперашняга вясельля нашага і Хадайніцай будучай радасьці.

Дзева, якая зьмясьціла ў сабе Бога, Чыстая Багародзіца, прарокаў слава, дачка Давідава сёньня родзіцца ад Якіма і дабрадзейнае Ганны. Праклён Адамавы, які ляжаў цяжарам на нас, адмяняецца Ейным нараджэньнем.

Мучаніка (тон 4). Той, хто дабравольна ўзяў на сябе нашыя немачы, сілаю сваёю ўмацаваў слабасьць тваю, блаславёны, і ты дзеля Яго пайшоў з радасьцю на мучэньні і зьнішчыў бясьсільнага ворага. Дзеля гэтага Ісус Чалавекалюбец і Збаўца душаў нашых сплёў табе вянок перамогі.

Паранены, ты, слаўны, параніў ворагаў тваіх і кінуў іх вобзем. Апрануты ў непераможную крыжовую зброю, ты знайшоў моц у любові Таго, хто прыняў цябе да валадарства свайго як непахіснага мучаніка і нябеснага чалавека.

За Збавіцеля Госпада, які дабравольна пацярпеў мукі за цябе, ты, пакутніку Сазонце, аддаў сябе на раны і нясьцерпныя мучэньні. Дзеля гэтага Госпад ушанаваў цябе нябеснымі дарамі і зрабіў цябе крыніцаю аздараўленьняў для тых, што любяць цябе.

Слава... цяпер...

(Тон 4). Хоры анёлаў у небе і род людзкі на зямлі славяць усепачэснае Тваё нараджэньне, найсьвятая Дзева чыстая, бо Ты была Маці Творцы ўсіх Хрыста Бога. Дык просім Цябе, не пераставай маліць Яго за нас, бо пасьля Бога мы спадзяемся на Цябе, Багародзіца ўсяслаўная і беззаганная.

Вершапесьні

(Тон 8). Вялікі цуд! З няплоднага ўлоньня, ад праведных Якіма і Ганны родзіцца сёньня Маці Божая і Дзева чыстая, быццам жэзл, што кветкаю зацьвіў. Хоры прарокаў і патрыярхаў цешацца з нараджэньня Яе.

Верш: Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё.

Сёньня Давід радуецца і Ясей цешыцца, Леві весела пяе, Якім поўніцца духоўнаю радасьцю, і бязьдзетнасьць Ганны адмяняецца нараджэньнем Тваім, Марыя чыстая, поўная ласкі. Анёлы і людзі славяць Боскае ўлоньне Тваё.

Верш: Вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.

Хай увесь род людзкі сёньня радасна ўсклікне: „Радуйся, Сьвятыня Гасподняя! Радуйся, сьвятая Гара і Боскі Пасадзе! Радуйся, сьветлы Ліхтар; радуйся, пачэсная Слава верных! Радуйся, Маці Хрыста Бога; радуйся, Беззаганная; радуйся, Прынашэньне Боскага хлеба; радуйся, Скарбніца; радуйся, незгаральны Куст; радуйся, Надзея ўсіх!“

Слава... цяпер...

(Тон 4). Радасьць сусьветная зазьзяла нам ад праведных Якіма і Ганны – усяхвальная Марыя, якая дзеля сваёй беззаганнай чысьціні сталася жывой сьвятыняю Бога і адзінай існай Багародзіцаю. Малітвамі яе, Хрысьце Божа, пашлі сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня.

Адпушчальныя трапары

Мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Сазонт, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя.

Слава... цяпер...

Перадсьвяцьця (тон 4). З кораня Ясеевага, з пакаленьня Давідавага сёньня родзіцца нам дзіця Божае Марыя, і ўвесь сьвет радасна сьвяткуе і абнаўляецца. Весяліцеся, неба і зямля, слаўце Яе, усе людзі! Якім і Ганна сьвяткуюць, усклікаючы: „Бясплодная родзіць Багародзіцу і Карміцельку Жыцьця нашага!“

Літургія

Трапары

Перадсьвяцьця (тон 4). З кораня Ясеевага, з пакаленьня Давідавага сёньня родзіцца нам дзіця Божае Марыя, і ўвесь сьвет радасна сьвяткуе і абнаўляецца. Весяліцеся, неба і зямля, слаўце Яе, усе людзі! Якім і Ганна сьвяткуюць, усклікаючы: „Бясплодная родзіць Багародзіцу і Карміцельку Жыцьця нашага!“

Мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Сазонт, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя.

Кандак перадсьвяцьця (тон 3). Сёньня Марыя Дзева і Маці Божая, бязьмежны хорам Жаніха нябеснага, Божай воляю родзіцца ад няплоднае, каб стацца носьбіткай Слова, ад пачатку прызначанай быць Брамай Божай і Маці існага Жыцьця.


Вярнуцца назад