Галоўная > Мінэя - Верасень > 9 верасьня - Пасьвяцьце Нараджэньня Багародзіцы і сьвятых Якіма і Ганны
9 верасьня - Пасьвяцьце Нараджэньня Багародзіцы і сьвятых Якіма і Ганны2 красавіка 2009. |
Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“: (Тон 1). Дзева, якая зьмясьціла ў сабе Бога, Чыстая Багародзіца, прарокаў слава, дачка Давідава сёньня родзіцца ад Якіма і дабрадзейнае Ганны. Праклён Адамавы, які ляжаў цяжарам на нас, адмяняецца Ейным нараджэньнем. Няплодная раней зямля родзіць Зямлю ўрадлівую, і з няплоднага ўлоньня ўзрасьціўшы плод сьвяты, малаком корміць Яе. Вялікі цуд! Карміцелька Жыцьця нашага, што ва ўлоньні сваім мела Хлеб Нябесны, корміцца малаком ад грудзей маці сваёй. (Тон 4). Прыйдзіце сёньня ўсе, будзем спраўляць сьвята. Ушануйма памяць пачэснае пары, Якіма і Ганны, бо яны нарадзілі нам Божую Маці і Дзеву Чыстую і, перайшоўшы ад дачаснага да нятленнага і вечнага жыцьця, моляцца за збаўленьне душаў нашых.Весела красуе сёньня ўсё стварэньне, спраўляючы памяць бацькоў Тваіх, усяслаўная Багародзіца, пачэсных Якіма і Ганны. Яны, супраць спадзяваньня, дачакаліся радасьці, нарадзіўшы Цябе, ясьнейшую за сьвятло і Карміцельку Жыцьця нашага. Радуецца сёньня Ганна ў духу, прычакаўшы так жаданага дзіцяці. Нарадзіла яна абяцаны і блаславёны боскі Плод, Марыю ўсячыстую, Маці Бога нашага, якая зазьзяла, быццам сонца, для тых, што прабывалі ў цемры. Слава... цяпер... (Тон 5). Блаславёная пара, вы больш пачэсныя за ўсіх бацькоў, бо вы нарадзілі Вышэйшую за ўсе стварэньні. Сапраўды шчасьлівы ты, Якіме, стаўшыся бацькам такое Дзевы! Блаславёнае ўлоньне тваё, Ганна, што насіла Маці нашага Жыцьця! Блаславёныя грудзі, якія кармілі Тую, што малаком карміла Карміцеля ўсяго стварэньня. Просім вас, блаславёныя: маліце Яго за збаўленьне душаў нашых.
Вершапесьні (Тон 2). Верш: Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё.Багаразумная Ганна, спазнаўшы сум і боль бязьдзетнасьці, у малітве ўсклікнула да Бога: „Разьвяжы путы маёй няплоднасьці, і нараджу сьвятое дзіця!“ І Ты, Хрысьце Жыцьцядаўца, даў ёй Тую, што мела нарадзіць Цябе, Слова і Збавіцеля ўсіх. Верш: Вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.Уладар і Бог усіх выслухаў малітву тваю, як некалі малітву Сары, і ты пачула голас анёла, які абвясьціў табе радасьць, кажучы: „Народзіш Маці Божую“. З радасным сэрцам ты ўсклікнула: „Уладар, Госпад і Бог мой, і Творца адняў ад мяне сорам, бо я нараджу Заўсёды Дзеву!“ Слава... цяпер... (Тон 8). Ад няплоднае пары, сьвятых Якіма і Ганны, вырасла сьвятая галінка, бязьвінная Багародзіца, ад якое зазьзяла сьвету Збаўленьне – Хрыстос Бог. Пераставіўшыся да нябесных сялібаў, яны разам са сваёй Дачкою, Найсьвятою Дзевай Марыяю, і з анёламі радуюцца і моляцца за ўвесь сьвет. Дзеля гэтага і мы славім іх у песьнях і просім шчыра: „Прабацькі Хрыстовыя, дзеля Багародзіцы маліцеся за душы нашыя“.
Адпушчальныя трапары Якіма і Ганны Слава... цяпер... Сьвята (тон 4). Нараджэньне Тваё, Багародзіца Дзева, радасьць абвясьціла ўсяму сьвету, бо з Цябе ўзышло Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які, адмяніўшы праклён, даў блаславеньне і, зьнішчыўшы сьмерць, дараваў жыцьцё вечнае.
Літургія
Трапары Сьвята (тон 4). Якіма і Ганны (тон 1). Якім і Ганна, праведныя паводле ласкі законнае, нарадзілі Дзіця, Богам дадзенае. Дзеля гэтага Царква Божая радуецца, спраўляючы сьветлую памяць іх, і славіць Бога, які ўзьнёс рог збаўленьня з дому Давідавага.Кандак Якіма і Ганны (тон 3). Ганна, вызваліўшыся ад путаў няплоднасьці, сёньня радуецца і корміць Усячыстую, і кліча ўсіх уславіць Таго, хто дараваў людзям з ейнага ўлоньня адзіную Маці і Дзеву.Кандак сьвята (тон 4). Тваім сьвятым нараджэньнем, Усячыстая, Якім і Ганна ад сораму бязьдзетнасьці, і Адам з Эваю ад сьмяротнай тленнасьці вызваліліся. Дзеля гэтага людзі Твае, выбавіўшыся ад віны граху, радасна сьвяткуюць і ўсклікаюць Табе: „Бясплодная родзіць Багародзіцу і Карміцельку Жыцьця нашага!“
Пракімен (Пс 67:36,27). Верш: На зборах вашых бласлаўляйце Госпада, усе нашчадкі Ізраіля.
Апостал: Гал 4:22-27
Алілуя (Пс 33:18,20). Верш: Шмат бедаў у праведніка, і ад усіх іх Госпад выбавіў яго.
Евангельле:
Задастойнік. Далёкае ад матак дзявоцтва, нечуванае сярод дзеваў дзетараджэньне: у Табе ж, Багародзіца, абедзьве рэчы сумясьціліся. Дзеля гэтага Цябе ўсе плямёны людзкія безупынку хваляць.
Прычасьнік. Усклікніце праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |