Галоўная > Мінэя - Лістапад > 20 лістапада - Перадсьвяцьце Ўводзінаў у сьвятыню Найсьвяцейшае Багародзіцы і сьвятых Рыгора і Прокла
20 лістапада - Перадсьвяцьце Ўводзінаў у сьвятыню Найсьвяцейшае Багародзіцы і сьвятых Рыгора і Прокла27 кастрычніка 2009. |
|
Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“: (Тон 1). Дзевы са сьвечкамі праводзяць Заўсёды Дзеву і духам прадвяшчаюць тое, што мае быць: Тая, якая зьяўляецца Сьвятыняю Божаю, у красе дзявоцтва, як дзіця ў сьвятыню ўводзіцца. Блаславёны плод сьвятога абяцаньня – Багародзіца, – сёньня явілася сьвету як вышэйшая за ўсіх. Ахоўваная Боскім Духам, яна набожна ўводзіцца ў сьвятыню Божую, спаўняючы абяцаньне бацькоў Яе. Узгадаваная на нябесным хлебе ў сьвятыні Гасподняй, Ты, Дзева нарадзіла сьвету Хлеб Жыцьця – Слова, для якога Ты была тайна выбраная Духам Сьвятым быць беззаганнай сьвятыняй, і заручаная з Богам Айцом. (Тон 8). Пасяліўшыся з радасьцю ў нябесным жыльлі і стоячы разам з анёламі перад пасадам Гасподнім, маліся, ойча Рыгор, за адпушчэньне грахоў тым, што на зямлі спраўляюць памяць тваю. Малітаўным сярпом, ты, ойча Рыгор, зрэзаў церне пажаданьняў і плугам устрыманасьці ўзараў ральлю душы; пасеяўшы семя набожнасьці, ты ўзрасьціў плады аздараўленьняў для ўсіх. Прыстаньню дабрадзейнасьцяў завем цябе, ойча сьвяты Рыгор, прыяцелем маўчаньня, захавальнікам нядрэмнасьці, прыкладам чысьціні, і малітвы жыльлём, скарбніцаю цудаў і малельнікам за тых, што шануюць цябе. Слава... цяпер...: (тон 4). Сёньня Багародзіца, сьвятыня Божая, прыводзіцца ў сьвятыню Гасподнюю і Захар прымае Яе. Сёньня радуецца Сьвятое Сьвятых, і хоры анельскія тайна сьвяткуюць. І мы разам з Габрыелем усклікаем: "Радуйся, Поўная ласкі, з Табою Госпад, які дае Табою ўсім веліч зьмілаваньня".
Вершапесьні (Тон 4). Сьветласьцю догмаў і красою жыцьця ты, годны памяці Прокле, упрыгожыў сьвятарства тваё і вучэньнямі тваімі прасьвятліў ўсіх. Дзеля гэтага славім цябе ў песьнях і сьвяткуем пачэсную памяць тваю. Верш. Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго. Ты ясна навучаў і багамудра прапаведаваў, што ўсячыстая Дзева Багародзіца нарадзіла Спрадвечнага Творцу і Ўладара, Сына і Слова Айца, які, застаўшыся нязьменным, у апошні час дабравольна стаўся чалавекам. Вучэньнем тваім ты пасароміў Нэсторыя як няшчырага і неразумнага. Верш. Сьвятары твае апрануцца ў справядлівасьць і сьвятыя твае ў радасьці жыць будуць. Ты, годны памяці, зачэрпаў вады вучэньня ад мудрага Богапрапаведніка, і стаўшыся ягоным пераемнікам, явіўся аселішчам набожнасьці, ўмацоўваючы праўдзіваю навукаю паству Хрыстовую, і вярнуўшы пачэсныя мошчы папярэдніка твайго, быццам царскі набытак, Царкве. Слава... цяпер...: (тон 4). Прыйдзіце, усе верныя, усхвалім адзіную Беззаганную, аб якой прарокі прапаведавалі, і якая сёньня прыводзіцца ў сьвятыню – спрадвеку прызначаную быць Маці і ў апошні час нам аб'яўленую як Багародзіцу. Малітвамі яе, Госпадзе, даруй нам супакой і веліч зьмілаваньня.
Адпушчальныя трапары Трапар сьвятых (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём. Слава... цяпер... Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Сёньня Ганна прадвяшчае радасьць, узрасьціўшы плод, што разганяе сум, адзіную Заўсёды Дзеву. Згодна з абяцаньнем, яна прыводзіць з радасьцю ў сьвятыню Гасподнюю Тую, якая мае быць чыстаю Маці і сьвятыняю Бога Слова.
Літургія
Трапары
Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Сёньня Ганна прадвяшчае радасьць, узрасьціўшы плод, што разганяе сум, адзіную Заўсёды Дзеву. Згодна з абяцаньнем, яна прыводзіць з радасьцю ў сьвятыню Гасподнюю Тую, якая мае быць чыстаю Маці і сьвятыняю Бога Слова. Трапар сьвятых (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём. Кандак перадсьвяцьця (тон 4). Сёньня ўвесь сьвет поўніцца радасьцю дзеля слаўнай урачыстасьці Маці Божае і ўсклікае: "Вось жыльлё нябеснае". Вярнуцца назад |