Галоўная > Сьвятыя Тайны > Абрад Сьвятога Хросту
Абрад Сьвятога Хросту17 лістапада 2009. |
Пачатковыя малітвы
Сьвятар, апрануты поўнасьцю ў сьветлую вопратку, пры ўсіх запаленых сьвечках, кадзіць вакол хрысьцільніцы, потым кажа: Сьвятар: Блаславёнае валадарства Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар: У супакоі Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа ... Папу Рымскага і за дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, за ўсё духавенства і людзей Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Каб асьвяціцца гэтай вадзе сілаю, дзеяньнем і найсьцем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Каб на яе зышла ласка збаўленьня, блаславеньне ярданскае, Госпаду памолімся Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: За таго (тую), што прыходзіць цяпер да сьвятога прасьвятленьня, Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Каб яму (ёй) стацца сынам (дачкой) сьвятла і спадкаемцам (спадкаемніцай) вечных дабротаў, Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Каб гэтая вада была для яго (яе) вадою вечнага жыцьця, адпушчэньня грахоў і вопраткаю нятленнасьці, Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Каб яму (ёй) і нам усім выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю тваёю. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар (моліцца ціха): Дабрасардэчны і міласэрны Божа, Ты адзін ведаеш тайны сэрцаў людзкіх, бо няма рэчы скрытай перад Табою, але ўсё адчыненае перад вачамі Тваімі; ведаючы ўсё аба мне, не пагардзі мною і не адкінь мяне; але адвярні вочы Твае ад маіх правінаў ў гэтую хвіліну, бо Ты не зважаеш на грахі тых, што пакаяліся; абмый брыдоту душы маёй і ўсяго мяне асьвяці нябачна ўседасканалаю сілаю Тваёю і правай рукой Тваёй духоўнаю. Ня дай, адзіны добры і чалавекалюбны Ўладару, каб я, абвяшчаючы свабоду іншым і даючы яе ім дзеля іхняй дасканалай веры і Твайго невыказнага чалавекалюбства, сам быў пакінуты вонках у паніжэньні, як нявольнік граху. Але пашлі мне сілу з вышыні і ўмацуй мяне на выкананьне Тайны Тваёй вялікай і нябеснай, што мае неўзабаве адбыцца. Накладзі вобраз Хрыста Твайго на тым (той), што жадае вось тут нарадзіцца нанова праз маю недастойнасьць. Умацуй яго (яе) на непахіснай аснове апосталаў і прарокаў Тваіх; і насадзі яго (яе) як расьліну праўды у Тваёй сьвятой, паўсюднай і апостальскай Царкве, а ня вырві яго (яе): каб у росьце набожнасьці ягонай (ейнай) славілася ўсесьвятое імя Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Блаславеньне вады (Калі вада ўжо асьвячаная раней, гатая частка прапускаецца) Сьвятар (уголас): Госпадзе Божа ўсемагутны, Творча ўсяго, што існуе бачнага і нябачнага; Ты стварыў неба, зямлю і мора, і ўсё, што ў іх. Ты сабраў воды ў адно і, зачыніўшы бездань, запячатаў яе страшным імем Тваім, узвысіўшы воды вышэй за неба; Ты ўмацаваў зямлю на водах, умацаваў сілаю Тваёю мора; Ты скрышыў галовы зьмеяў у вадзе. Страшны Ты: хто зможа супрацьстаяць Табе? Глянь, Госпадзе, на твор Твой, і на гэтую ваду і дай ёй ласку збаўленьня, блаславеньне Ярдану; учыні яе крыніцаю нятленнасьці, дарам асьвячэньня для адпушчэньня грахоў і аздараўленьня немачаў, згубай для дэманаў, недаступнай для варожых сілаў, поўнай анельскай моцы; каб уцякалі ад яе непрыхільнікі тварэньня Твайго; бо я, Госпадзе, паклікаў цудоўнае і слаўнае імя Тваё, старшнае для ўсіх праціўнікаў. Пальцамі правай рукі робіць знак крыжа ў вадзе, дзьмухае на яе і кажа: Хай згінуць ад знаку Крыжа Твайго ўсе варожыя сілы. Гэта паўтарае тры разы. Пасьля: Бо Табе належыцца слава, дзяржава, пашана і пакланеньне, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Блаславеньне алею (Калі алей ужо асьвячаны раней, гэтая частка прапускаецца аж да знаку крыжа алеем у вадзе) Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму духу. Сьвятар: Галовы вашы Госпаду схіліце. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар дзьмухае тройчы на прыгатаваны алей і робіць над ім знак крыжа, а пасьля кажа наступную малітву: Сьвятар: Уладару Госпадзе айцоў нашых, Ты паслаў тым, што былі ў каўчэзе Ноя, галубку, якая трымала ў дзюбе галінку аліўную, як знак прымірэньня і збаўленьня ад патопу: гэта быў вобраз ласкі, што мела прыйсьці. І вось цяпер даеш плод аліўны для выкананьня Тваіх тайнаў. Праз памазаньне алеем Ты напаўняў Духам сьвятых Тваіх, што былі пад законам, а цяпер чыніш дасканалымі тых, што пад ласкаю прабываюць. Дык блаславі і гэты алей сілаю, дзеяньнем і найсьцем Сьвятога Духа: каб ён быў памазаньнем нятленнасьці, зброяй праўды, абнаўленьнем душы і цела, адагнаньнем усякіх д'ябальскіх дзеяньняў, аховаю ад усяго благога тым, якія памазваюцца ім ці яго каштуюць на славу Тваю і Твайго адзінароднага Сына, і ўсесьвятога, добрага і жывцьцядайнага Духа Твайго, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін Сьвятар робіць тройчы алеем (звычайна памазком, або пальцам абмочаным у алей) знак крыжа а ў вадзе, пяючы за кожным разам з людзьмі “Алілуя, алілуя, алілуя”. Пасьля кажа ўголас: Сьвятар: Блаславёны Бог, які прасьвятляе і асьвячае кожнага чалавека, што прыходзіць на сьвет, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Памазаньне алеем Сьвятар пальцам або памазком абмочаным у алей робіць знак крыжа на чале таго, хто мае хрысьціцца, кажучы: Памазваецца слуга Божы (Божая) ... алеем радасьці у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, для адчыненьня ягонага (ейнага) розуму, для разуменьня і прыняцьця веры Хрыстовае і пазнаньня праўды Ягонай, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Робячы знак крыжа на грудзях кажа: Для аздараўленьня душы і цела, каб яму (ёй) любіць Госпада Бога ўсім сэрцам сваім, усёй душой сваёй і ўсёй думкай сваёй, і бліжняга свайго, як сябе самога (самую). У падобны спосаб на плячах, кажучы: Каб яму (ёй) ахвотна ўзяць ярмо Хрыстовае і каб соладка было несьці ягонае лёгкае бярэмя, высьцерагаючыся грэшных пажаданьняў. Робіць знак крыжа на вушах і кажа: Хай вушы ягоныя (ейныя) служаць яму (ёй) для слуханьня праўдаў веры і для ўспрыняцьця слоў Боскага Евангельля. Памазвае рукі, кажучы: Каб узносіў (узносіла) рукі да сьвятых рэчаў, чыніў (чыніла) заўсёды праўду і блаславіў (блаславіла) Госпада. Наканец робіць знак крыжа на нагах і кажа: Каб яму (ёй) хадзіць па сьцежках запаветаў Хрыстовых. Хрост Пасьля сьвятар, зьвернены на ўсход, выконвае абрад хросту, пагружаючы таго (тую), хто мае хрысьціцца, тройчы у ваду, або, дзе ёсьць звычай, паліваючы галаву вадою і кажучы: Сьвятар: ХРЫСЬЦІЦЦА СЛУГА БОЖЫ (БОЖАЯ) ... У ІМЯ АЙЦА (пагружае або палівае першы раз) Людзі: Амін. Сьвятар: І СЫНА (пагружае другі раз) Людзі: Амін. Сьвятар: І СЬВЯТОГА ДУХА (трэці раз) Людзі: Амін. Заканчэньне абраду хросту Сьвятар мые рукі, а людзі могуць гаварыць Псалом 31. Людзі: Шчасьлівы той, каму адпушчаныя правіны і чые грахі пакрытыя. Шчасьлівы той, каму Бог віны не залічыць, і ў каго ў душы няма крывадушнасьці. Пакуль я маўчаў, сохлі косьці мае сярод несьціханых стогнаў маіх. Бо ўдзень і ўночы цяжыла нада мною рука Твая, сіла мая гібела, быццам у час летняй сьпёкі. Я прызнаўся да граху майго перад Табою, і ня скрыў віны маёй. Сказаў: Вызнаю неправеднасьць маю перад Госпадам. І Ты дараваў мне віну грэху майго. Да Цябе будзе маліцца кожны набожны чалавек у час патрэбы. Калі нават хвалі водныя будуць бушаваць навокал, яго яны не дасягнуць. Ты мой прытулак: захавай мяне ад прасьледу, акружы мяне радасьцю збаўленьня майго. "Навучу цябе і пакажу табе шлях, па якім ісьці; буду табе дарадчыкам і ня спушчу з цябе вачэй маіх. Дык ня будзь як конь або мул, што ня маюць розуму, якім патрэбныя цуглі і ўзда, бо інакш ня пойдуць да цябе". Шмат бедаў у нязбожнага, але міласэрнасьць агортвае таго, хто спадзяецца на Госпада. Весяліцеся і цешцеся ў Госпадзе, усе праведнікі: радуйцеся голасна, усе чыстага сэрца. Калі новаахрышчаным зьяўляецца малое дзіцятка, сьвятар апранае яго ў белую кашульку, кажучы: Сьвятар: Слуга Божы (Божая) ... апранаецца ў вопратку праўды ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. Людзі (сьпяваюць наступны трапар, тон 8): Дай мне сьветлую вопратку, шматміласэрны Хрысьце Божа наш, які апранаешся ў сьвятло быццам у вопратку. Дзе ёсьць звычай, сьвятар дае ў руку наваахрышчанаму (ахрышчанай) запаленую сьвечку, кажучы: Сьвятар: Прымі гэтую запаленую сьвечку і старайся праз усё жыцьцё прасьвятляцца сьвятлом веры і добрых учынкаў, каб, калі прыйдзе Госпад, ты мог (магла) сьветла выйсьці разам з усімі сьвятымі насустрач Яму, увайсьці без перашкодаў у хорам Ягонае нябеснае славы і панаваць з Ім праз усе вякі. Амін. Вярнуцца назад |