Галоўная > Сьвятыя Тайны > Парадак прычашчэньня хворага
Парадак прычашчэньня хворага17 лістапада 2009. |
Дзе магчыма, каля ложка хворага трэба прыгатаваць столік, пакрыты чыстай сурвэткай. Сьвятар стаўляе на столік чашу, укладае ў яе частку Сьвятых Дароў і ўлівае крыху віна. Тады пачынае малітвы. Сьвятар: Блаславёны Бог наш, спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы) Слава... цяпер... Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Слава... цяпер... Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў) Слава... цяпер... Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага. Веру ў адзінага Бога Айца, усемагутнага, Тварца неба і зямлі, бачнага ўсяго і нябачнага; і ў адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі; сьвятло ад сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога, народжанага, нястворанага, адзінасутнага з Айцом, праз якога ўсё стала быць. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня зышоў з неба, прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы і стаўся чалавекам; быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, цярпеў і быў пахаваны; і на трэці дзень уваскрос згодна з пісаньнямі; і ўзышоў на неба, і сядзіць па правай руцэ Айца; і зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і мёртвых, і Яго валадарству ня будзе канца. Веру ў Духа Сьвятога, Госпада, жыватворчага, які ад Айца паходзіць, якому належыцца пакланеньне і слава разам з Айцом і Сынам, які гаварыў праз прарокаў. У адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў. Чакаю ўваскрасеньня мёртвых і жыцьця будучага веку. Амін. Зрабі мяне сёньня, Сыне Божы, удзельнікам Тваёй тайнай вячэры; я ня здраджу ворагам Тваім тайны і ня дам пацалунку, як Юда, але, як разбойнік, вызнаю Цябе: успомні мяне, Госпадзе, у Тваім валадарстве. Слава... Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы. Цяпер... Бога, які прыняў цела ад Цябе, вызнаем, Багародзіца Дзева: малі Яго за збаўленьне душ нашых. Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў) Малітва. Уладару Госпадзе Ісусе Хрысьце, Збавіцелю наш, Ты адзіны маеш уладу адпускаць грахі: як добры і чалавекалюбны Бог, не зважай на сьвядомыя і несьвядомыя правіны слугі Твайго (Тваёй) ..., і зрабі яго (яе) годным (годнай) прыняць Твае ўсячыстыя Тайны не на суд і не для памножаньня грахоў, але для ачышчэньня душы і цела і як паруку Твайго валадарства; будзь яму (ёй) памочнікам, непарушным муром абаронным ад супраціўнікаў і ачышчэньнем ад правінаў. Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і навякі вякоў. Амін. Другая малітва. Госпадзе, ведаю, што я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад страху дому душы маёй, бо яна ўся пустая, і няма ўва мне месца дастойнага, дзе б мог схіліць галаву. Паколькі аднак Ты захацеў быць са мною, спадзяюся на Твае даброты і прыходжу да Цябе. Загадай мне адчыніць дзьверы маіх недастойных вуснаў, каб мне наталіцца Табою адзіным. Увайдзі ў мяне і ачысьці мяне ад усякага благоцьця цялеснага і душэўнага. Будзь мне памочнікам і заступнікам, і ўчыні мяне дастойным стаць па правай руцэ Тваёй, малітвамі і просьбамі ўсячыстае Уладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі і ўсіх сьвятых, якія адвеку Табе дагадзілі. Бо Ты блаславёны на ўсе вякі. Амін. Трэцяя малітва. Госпад-Бог у бязьмежнай мудрасьці хай пакажа табе сваю дабрыню. Госпад Ісус Хрыстос хай споўніць усе твае добрыя просьбы. Госпад усемагутны хай выбавіць цябе ад усякай напасьці. Госпад хай навучыць цябе; Госпад хай дасьць табе розум; Госпад хай паможа табе; Госпад хай збавіць цябе; Госпад хай абароніць цябе; Госпад хай захавае цябе; Госпад хай ачысьціць цябе. Госпад хай напоўніць цябе радасьцю духоўнаю. Госпад хай будзе заступнікам тваёй душы і цела. Госпад у міласэрнасьці сваёй і чалавекалюбстве хай дасьць табе адпушчэньне грахоў. Госпад Бог Ісус Хрыстос хай зьмілуецца над табою ў дзень судны, і хай блаславіць усе дні жыцьця твайго. Яму належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, разам з адвечным Ягоным Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Ягоным Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Калі трэба, сьвятар на гэтым месцы можа слухаць споведзь хворага, папрасіўшы іншых прысутных крыху адысьціся. Пасьля споведзі перад разграшэньнем чытае, калі хоча, наступную малітву: Ты, Госпадзе Божа наш, адпусьціў грахі Пятру і блудніцы, калі яны пакаяліся з плачам, і апраўдаў мытніка, які вызнаў свае правіны. Прымі цяпер споведзь слугі Твайго (Тваёй) ... і, калі ён зграшыў (яна зграшыла) нешта Табе, у дабрыні Тваёй прабач яму (ёй) ўсе правіны вольныя і міжвольныя, якія ён учыніў (яна ўчыніла) словам, учынкам і думкаю. Бо Ты адзіны маеш уладу адпускаць грахі: Ты Бог міласьцяў і дабротаў, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. І дае адпушчэньне грахоў (разграшэньне): Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос, ласкаю і дабротамі свайго чалавекалюбства, хай прабачыць табе, сыне (дачка) ..., усе правіны твае. І я, нягодны сьвятар, уладаю ад Яго мне дадзенаю, прабачаю і адпускаю табе ўсе грахі твае ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. Сьвятар прычашчае хворага, кажучы: Слуга Божы (Божая) ... прымае сьвятое Цела і Кроў Госпада, і Бога, і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста для адпушчэньня грахоў і жыцьця вечнага. Пасьля прычасьця кажа: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы) Слава... цяпер... Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Слава... цяпер... Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Калі хоча, гаворыць трапар дня. Слава... цяпер... Багародзічны. Малітвамі, Госпадзе, усіх сьвятых і Багародзіцы, Твой мір дай нам і зьмілуйся над намі, бо Ты адзіны добры. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) І робіць водпуст дня. Вярнуцца назад |