Галоўная > нядзеля расслабленага > Чацьвер Паловы сьвята ўвечары
Чацьвер Паловы сьвята ўвечары18 траўня 2010. |
|
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 5). Вось прыйшла, быццам сьветлы поўдзень, палова сьвята ўваскрасеньня Збавіцеля і прасьвятліла сьвет боскімі ласкамі Хрыстовага ўстаньня, зьзяючы цудамі нятленнасьці, і дзівоснымі знакамі. Яна паказвае нам вышыню ўзьнясеньня, аб'яўляе шматзначнае прыйсьце Духа – сьветлую ўрачыстасьць Сёмухі, – і прыносіць душам нашым веліч зьмілаваньня. У палове сьвята Госпад дае ўсім струмені добрасардэчнасьці і кліча: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е ўдосталь". Як Крыніца спагадлівасьці і Бездань міласэрнасьці, Ён дае сьвету адпушчэньне, абмывае правіны і ачышчае немачы, збаўляе тых, што славяць Ягонае ўваскрасеньне, пакрывае любоўю тых, што шануюць Ягонае слаўнае ўзьнясеньне, і дае душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня. Бог і Госпад стаў сярод сьвятыні – Бог існы, які дзеля нас стаўся чалавекам і бачна зьявіўся ў целе. Ён навучаў усіх словам жыцьця, кажучы: "Ачысьціце, людзі, душы вашыя і жар пажадлівасьцяў астудзіце, каб не застацца вам без пітва. Даю вам Боскую ласку, каб вы сталіся саўдзельнікамі несьмяротнага, лепшага і вышэйшага валадарства, і са Мною праславіліся. Тры песьні з мінеі Слава... цяпер... (Тон 6). Сабраўшыся, каб адзначыць сярэдзіну дзён між Тваім, Хрысьце, уваскрасеньнем і прыйсьцем Духа Боскага Твайго, славім у песьнях таямніцу цудаў Тваіх і просім паслаць нам багацьце Твайго зьмілаваньня. Вершапесьні (Тон 3). Дрэва непаслушэнства прарасьціла сьвету сьмерць, а дрэва крыжовае – жыцьцё і нятленасьць. Дзеля гэтага пакланяемся Табе, Хрысьце, што быў расьпяты на ім: хай зазьзяе нам, Госпадзе, сьвятло аблічча Твайго. Крыжом Тваім, Хрысьце Спасе, сьмерці ўлада зьнішчаная была і зьніштожаныя хітрасьці д'ябальскія, і род людзкі, збаўляючыся вераю, безустанку Цябе ў песьнях славіць. Вялікая, Госпадзе, сіла крыжа Твайго! Пастаўлены на адным месцы, ён дзейнічае ва ўсім сьвеце, робячы рыбакоў апосталамі і паганаў мучанікамі, якія сёньня моляцца за душы нашы. Слава... цяпер... (Тон 8). У палове сьвята, перад мукамі і слаўным уваскрасеньнем Тваім, Госпадзе, Ты, блаславёны, быў у сьвятыні і навучаў непакорлівых юдэяў, фарысэяў і кніжнікаў, кажучы: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да мяне і п'е, бо рэкі жывой вады Боскага Духа пацякуць з нутра таго, хто верыць у Мяне". Невыказная мудрасьць хвалы Тваёй, Божа наш, які ўсё напаўняеш! Слава Табе! Адпушчальныя трапары. Сьвятога дня Слава... цяпер... Трапар Паловы сьвята (тон 8). У палове сьвята сасьмяглую душу маю вадою набожнасьці напаі, Збавіцелю, бо Ты ж некалі ўсклікнуў да ўсіх: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е". Крыніца жыцьця нашага, Хрысьце Божа, слава Табе. Вярнуцца назад |