Галоўная > нядзеля Сьлепанароджанага > Узьнясеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста - Ютрань
Узьнясеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста - Ютрань18 траўня 2010. |
|
Трапар (тон 4). Узьнёсься Ты ў славе, Хрысьце Божа наш, узрадаваўшы вучняў Тваіх абяцаньнем Сьвятога Духа, і ўмацаваўшы іх Тваім блаславеньнем, бо Ты – Сын Божы, Збавіцель сьвету. (Тройчы)
Першая сядальная песьня (тон 1). Анёлы дзівіліся цуду ўзьнясеньня Твайго, вучні дрыжэлі, гледзячы на Тваё страшнае ўзвышэньне. Ты ўзышоў у славе як Бог, і брамы нябесныя адчыніліся перад Табою, а ўсе анельскія хоры ў зьдзіўленьні ўсклікнулі: "Слава паніжэньню Твайму, слава валадарству Твайму, слава ўзьнясеньню Твайму, адзіны Чалавекалюбча!" (Двойчы) Другая сядальная песьня (тон 3). Спрадвечны і беспачатны Бог, які ўспрыняў людзкую прыроду і абагавіў яе, сёньня ўзьняў яе з сабою. Анёлы ішлі перад Ім і паказвалі апосталам, як Ён узносіцца ў вялікай славе. I тыя пакланіліся Яму, усклікаючы: "Слава Богу, што ўзьнёсься на неба!" (Двойчы) Узьвялічваньне пасьля паліелею. Узьвялічваем Цябе, Жыцьцядаўча Хрысьце, і славім Тваё з усячыстым целам Тваім Боскае ўзьнясеньне на неба. Верш 1: Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце Богу радасным голасам. Верш 2: Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правай руцэ маёй, пакуль не пакладу ворагаў тваіх пад ногі Табе. Верш 3: Узьнясіся на нябёсы, Божа, і хай па ўсёй зямлі разыдзецца слава Твая. Верш 4: Узьнясіся, Госпадзе, сілаю сваёю! Будзем пяяць і славіць магутнасьць Тваю. Слава... цяпер... Алілуя, алілуя, Алілуя: Слава Табе, Божа! (Тройчы)
Сядальная песьня (тон 5). Ты зышоў з неба на зямлю і як Бог вызваліў Адамаў род, што ляжаў у пякельнай няволі, узьняў яго з сабою на нябёсы і пасадзіў на пасадзе Айца Твайго ў міласэрнасьці і Чалавекалюбстве Тваім.
Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону.
Пракімен: Бог узьнёсься пад радасныя воклікі, Госпад – пад гучаньне трубаў. Верш: Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце Госпаду радасным голасам.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка У той час Ісус уваскрос рана ў першы дзень тыдня. Ён паказаўся сьпярша Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем бесаў. Яна, пайшоўшы, абвясьціла тым, што былі з Ім, а цяпер сумавалі і плакалі. Але тыя, пачуўшы, што Ён жыве і што яна бачыла Яго, не паверылі. Пасьля гэтага Ён паказаўся двум з іх у іншым выглядзе, калі яны ішлі ў вёску. А тыя, пайшоўшы, абвясьцілі астатнім, але і ім не паверылі. Пазьней Ён паказаўся і самім Адзінаццацём, калі яны засядалі за сталом, і дакараў іх за іхняе няверства і нячуласьць сэрца, што яны не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослым. I казаў ім: "Ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Евангельле ўсякаму стварэньню. Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто ня ўверыць, будзе асуджаны. А вось знакі, якія будуць суправаджаць тых, якія ўверылі: Маім імем будуць выганяць злых духаў, будуць гаварыць новымі мовамі, будуць браць у рукі гадзюкаў, і калі б выпілі нешта атрутнае, не пашкодзіць ім. На хворых ускладуць рукі, і тыя ацалеюць". I вось, пасьля размовы з імі, Госпад быў узьняты на неба і сеў па правай руцэ Бога. А яны пайшлі і абвяшчалі ўсюды Евангельле, а Госпад дапамагаў ім і пацьвярджаў іхнія словы знакамі, якія іх суправаджалі. Амін. (16:9-20)
Уваскрасеньне Хрыстова... Пс 50. Слава...: Малітвамі апосталаў... Цяпер...: Малітвамі Багародзіцы... Зьмілуйся нада мною, Божа...: (тон 6). Анельскія хоры, убачыўшы сёньня на нябёсах нашую прыроду, зьдзівіліся невыказнаму ўзьнясеньню і казалі адзін аднаму: "Хто гэта Той, што прыходзіць?" Пазнаўшы свайго Ўладара, яны загадалі адчыніць нябесныя брамы. Разам з імі і мы славім няспынна Цябе, што маеш прыйсьці зноў у целе, як Судзьдзя ўсіх і Бог усемагутны. КАНОНЫ Песьня 1 Канон 1 (тон 5). Ірмас. Адзінаму Збавіцелю Богу які правёў народ свой праз мора з сухімі нагамі і патапіў фараона з ягоным войскам, пяём, бо Ён уславіўся. Запяём, людзі, пераможную песьню Хрысту, што ўзьнёсься на хэрувімах і пасадзіў нас па правай руцэ Айца, бо Ён уславіўся. Убачыўшы Хадайніка між Богам і людзьмі, Хрыста, з целам на вышынях, анёлы зьдзівіліся і дружна засьпявалі пераможную песьню, бо Ён уславіўся. Богу, які аб'явіўся на Сынайскай гары і даў закон багавідцу Майсею, і на гары Аліўнай узьнёсься цялесна, пяём, бо Ён уславіўся. Багародзічны: Усячыстая Маці Божая, малі няспынна Бога, што прыняў цела ад Цябе, не адлучыўшыся ад улоньня Айца, каб Ён збавіў ад усякіх нягодаў стварэньні свае. Канон 2 (тон 4). Ірмас. Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам; і слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, сьвяткуючы сьветлую ўрачыстасьць і славячы радасна ў песьнях цуды Яе. Ты, Хрысьце і Творча ўсіх, несьмяротны прыродаю, уваскрос на трэці дзень, зьявіўся адзінаццацём апосталам і ўсім вучням Тваім, і ўзьнёсься на хмары да Айца. Боганатхнёны Давід усклікае ў песьні: "Узышоў Госпад на неба пад радасныя воклікі і гучаньне трубаў, узьняўся да Айца, Уладара сьвятла". Слава...: Ты, Госпадзе, сваімі мукамі і ўваскрасеньнем абнавіў сьвет, што састарэў у грахох; і ўзышоў на хмары да нябёсаў. Слава сіле Тваёй. Цяпер...: Ты, усебеззаганная Ўладарка, нарадзіла Ўладара ўсіх, які дабравольна пацярпеў і, узяўшы з сабою цела, узышоў да свайго Айца, якога не пакідаў. Катавасія. Агорнуты боскай хмараю, заіклівы Майсей абвясьціў Богам напісаны закон; страсянуўшы твань з вачэй сэрца свайго, ён убачыў Таго, хто ёсьць, і, навучаны Духам розуму, усхваліў Яго ў натхнёных песьнях.
Песьня 3 Канон 1 (Тон 5). Ірмас. Сілаю Крыжа Твайго, Хрысьце, умацуй мой розум, каб мне ў песьнях славіць Тваё збавеннае ўзьнясеньне. Ты ўзьнёсься, Жыцьцядаўча Хрысьце, да Айца, і ўзьняў з сабою род наш людзкі, у невыказнай добрасардэчнасьці Тваёй. Хоры анельскія, Збавіцелю, убачыўшы людзкую прыроду, што з Табою ўзыходзіць на неба, сумеліся і ўсхвалілі Цябе. Анельскія хоры сумеліся, Хрысьце, убачыўшы, як Ты цялесна ўзьнёсься, і ўсхвалілі Тваё сьвятое ўзьнясеньне. Ты, Хрысьце, узнавіў сатлелую людзкую прыроду і ўзьнясеньнем сваім узьнёс яе, і нас з сабою праславіў. Багародзічны: Малі няспынна, Усячыстая, Таго, хто выйшаў з улоньня Твайго, за вызваленьне ад спакусы тых, што славяць Цябе як Божую Маці. Канон 2 (тон 4). Ірмас. У боскай славе Тваёй, Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх дастойнымі вянцоў славы. "Адчыніце нябесныя брамы, бо вось ідзе Хрыстос, Уладар усяго стварэньня, апрануты ў зямное цела!" – ніжэйшыя сілы казалі вышэйшым. Знайшоўшы Адама, які быў спакушаны зьмяёю, і апрануўшыся ў яго, Ты, Хрысьце, узышоў на неба і сеў па правай руцэ Айца, як роўнапасадны, пад гучаньне песьняў анельскіх, што славілі Цябе. Слава...: Зямля сьвяткуе і цешыцца, і радуецца неба, з-за ўзьнясеньня Творцы ўсяго стварэньня, які воляю зьяднаў разьяднанае. Цяпер...: Ты, Маці Дзева ўсячыстая, нарадзіла Пераможцу сьмерці, адзінага несьмяротнага Бога. Малі Яго няспынна, каб Ён умярцьвіў мае забойчыя пажаданьні і збавіў мяне. Катавасія. Некалі пакорлівая малітва прарочыцы Ганны ў скрусе сэрца да Ўсемагутнага Бога разьвязала путы няплоднага ўлоньня і пасароміла гордасьць і пыху пладавітае.
Сядальная песьня (тон 8). Сеўшы на хмары, Ты пакінуў сьвет дзеля тых, што на зямлі, узышоў на неба і сеў па правай руцэ Айца, як адзінасутны з Ім і з Духам. Хоць Ты і зьявіўся ў целе, але застаўся нязьменным. Дзеля гэтага чакаем спаўненьня ўсяго, калі прыйдзеш зноў на зямлю судзіць сьвет. Справядлівы Судзьдзя; Госпадзе, пашкадуй душы нашыя і, як міласэрны Бог, дай адпушчэньне правінаў слугам Тваім.
Песьня 4 Канон 1 (тон 5). Ірмас. Я пачуў, Госпадзе, вестку аб сіле Крыжа, якім рай быў адчынены, і ўсклікнуў: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!" Ты, Уладару анёлаў, узьнёсься ў славе і паслаў нам ад Айца Пацяшыцеля. Таму клічам: "Слава, Хрысьце, узьнясеньню Твайму!" Анельскія хоры дзіву даліся, калі Збавіцель узышоў з целам да Айца, і ўсклікнулі: "Слава, Хрысьце, узьнясеньню Твайму!" Анельскія хоры ўсклінулі вышэйшым сілам: "Адчыніце брамы Хрысту, Уладару нашаму, якога славім разам з Айцом і Духам!" Багародзічны: Дзева нарадзіла бяз болю і засталася Дзеваю. Яна сталася Маці, якую мы славім, усклікаючы: "Радуйся, Багародзіца!" Канон 2 (Тон 4). Ірмас. Хрыстос, Бог спрадвечны, што сядзіць у славе на боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай рукою збаўляе тых, што клічуць: "Слава, Хрысьце, сіле Тваёй". Ісус Жыцьцядаўца, прыняўшы тых, каго палюбіў, узыходзіць на Аліўную гару і, блаславіўшы іх, на хмары ўзносіцца да Айца, чыйго ўлоньня не пакідаў. Увесь бачны і нябачны сьвет сьвяткуе, анёлы радасна пяюць і людзі няспынна славяць узьнясеньне Таго, хто ў дабрыні сваёй захацеў цялесна зьяднацца з намі. Слава...: Ісусе ўсемагутны, Госпадзе чалавекалюбны, Ты разбурыў уладу сьмерці, дараваў усім несьмяротнасьць і ўзьнёсься ў славе ў прысутнасьці пачэсных вучняў Тваіх. Цяпер...: Блаславёнае ўлоньне Твар, Усебеззаганная: Ты ўдастоілася зьмясьціць Таго, хто спустошыў пекла: Малі Яго, каб Ён збавіў тых, што славяць Цябе. Катавасія. Ты, Уладару ўладароў, Адзіны ад Адзінага, Слова, што выходзіць ад Айца беспачатнага, паслаў роўнамоцнага свайго Духа апосталам Тваім, якія Табе як Дабрачынцу пяюць: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!" Песьня 5 Канон 1 (тон 5). Ірмас. Зранку клічам Цябе, Госпадзе: "Збаў нас, бо Ты Бог наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем!" Напоўніўшы ўсё радасьцю, Ты ўзышоў з целам жыць да вышэйшых сілаў. Анёлы, убачыўшы, як Ты быў узьнесены, усклікнулі: "Адчыніце брамы Ўладару нашаму!" Апосталы ўбачылі ўзьнясеньне Збавіцеля і з трымценьнем усклікнулі: "Уладару наш, Слава Табе!" Багародзічны: Славім, Цябе, Багародзіца, што засталася пасьля родаў Дзеваю, бо Ты нарадзіла насьвет у целе Бога-Слова. Канон 2 (тон 4). Ірмас. Усё стварэньне сумелася, убачыўшы боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога ўсіх, і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе. Зьнішчыўшы сьмерцю сьмерць, Ты, Госпадзе, узяў з сабою тых, каго Ты любіў, і ўзышоў на сьвятую Аліўную гару, адкуль Ты, Хрысьце, на хмары ўзьняўся да Айца. Дзіўнае Тваё нараджэньне, Жыцьцядаўча, дзіўнае ўваскрасеньне з мёртвых, дзівоснае Тваё ўзьнясеньне на Аліўнай гары, вобразам якога была калясьніца Ільлі, што ўзьнялася да неба. Славім Цябе ў песьнях, Чалавекалюбча. Слава...: Анёлы сказалі апосталам, якія працягвалі глядзець: "Мужы галілейскія, што вы глядзіце, чаму дзівіцеся ўзьнясеньню Хрыста Жыцьцядаўца? Ён прыйдзе зноў на зямлю судзіць сьвет, як справядлівы Судзьдзя". Цяпер...: Хрыстос, які захаваў Цябе, Божая Маці, Дзеваю пасьля родаў, узьнёсься да Айца свайго, якога не пакідаў, хоць і прыняў ад Цябе адухоўленае цела ў вялікай міласэрнасьці сваёй. Катавасія. Як дасканалае ачышчэньне ад грахоў, прыміце, сьветлыя дзеці Царквы, палымяную расу Духа. Сёньня з Сыёну выйшлі новы закон і ласка Духа ў выглядзе вогненных языкоў.
Песьня 6 Канон 1 (тон 5). Ірмас. Бездань агарнула мяне, зьвер марскі стаўся мне магілаю, але я паклікаў Цябе, чалавекалюбны Госпадзе, і правіца Твая збавіла мяне. Апосталы ўсьцешыліся, убачыўшы, як сёньня Творца ўзьнімаецца на хмарах. У непахіснай надзеі атрымаць Духа, яны са страхам усклікнулі: "Слава ўзьнясеньню Твайму!" Анёлы сталі перад вучнямі Тваімі, Хрысьце, і ўсклікнулі: "Вы бачылі, як Хрыстос узышоў цялесна на неба. Гэтаксама Ён прыйдзе зноў як праведны Судзьдзя ўсіх". Калі нябесныя сілы ўбачылі, як Ты, Збавіцелю наш, узыходзіш цялесна на неба, яны ўсклікнулі: "Вялікае чалавекалюбства Тваё, Уладару!" Багародзічны: Кустом незгаральным, Гарою і Лесьвіцай адухоўленаю, і Брамаю нябеснаю дастойна завем Цябе, Марыя слаўная, верных Пахвала. Канон 2 (тон 4). Ірмас. На гэтую боскую і пачэсную ўрачыстасьць Божай Маці, прыйдзіце, усе багамудрыя, пляскайце ў далоні і слаўце Таго, хто нарадзіўся ад Яе. Хай хмары льюць нам згары вечную радасьць, бо вось Хрыстос на хмары, быццам на хэрувімах, да Айца свайго сёньня ўзыходзіць. Зьявіўшыся ў целе, Ты, Добры Чалавекалюбча, сабраў у адно разьяднаных, і ўзнёсься на неба ў прысутнасьці вучняў Тваіх. Слава...: "Чаму чырвоная вопратка ў Таго, хто ўзяў на сябе цяжар цела?" – сьвятыя анёлы казалі між сабою, убачыўшы Хрыста, які насіў на сабе знакі сваіх пачэсных і боскіх пакутаў. Цяпер...: Славім у песьнях, Дзева, Тваё зачацьце, славім Тваё невыказнае сынараджэньне, якім мы, Чыстая, выбавіліся ад тленнасьці і злосьці, і ад змрочнае пякельнае няволі. Катавасія. Ты, Хрысьце Ўладару, нашае ачышчэньне і збаўленьне, зазьзяў ад Дзевы і, быццам прарока Ёну з нутра марскога зьвера, вызваліў ад тленнасьці ўвесь заняпалы Адамаў род.
Кандак (тон 6). Споўніўшы справу нашага збаўленьня і зьяднаўшы зямное з нябесным, Ты ўзьнёсься ў славе, Хрысьце Божа наш, не адлучыўшыся ад нас, але неразлучна прабываючы з намі і кажучы тым, што любяць Цябе: "Я з вамі, і ніхто ня зможа нічога супраць вас". Ікас. Пакінем на зямлі зямныя клопаты, і ўсё, што стаецца попелам і пылам, і ўздымем на вышыні нашыя вочы, думкі і пачуцьці. Глянем на браму нябесную, уявім, што мы на Аліўнай гары і ўзіраемся на Збавіцеля, які ўзносіцца на хмары. Вось Госпад узыходзіць на неба, і ў сваёй шчодрасьці раздае дары апосталам. Як Айцец сыноў, Ён суцяшае, умацоўвае і настаўляе іх, і кажа: "Не пакідаю вас саміх: Я з вамі, і ніхто ня зможа нічога супраць вас".
Песьня 7 Канон 1 (тон 5). Ірмас. У печы вогненнай збавіў юнакоў, якія славілі Яго, блаславёны Бог Айцоў нашых. На сьветлай хмары ўзьнёсься і збавіў сьвет блаславёны Бог айцоў нашых. Узяўшы на плечы заблудную чалавечую прыроду, Ты, Збавіцелю, узьнёсься і прынес яе Богу і Айцу. Узышоў у целе да бесьцялеснага Айца блаславёны Бог айцоў нашых. Ты ўзяў амярцьвелую грахом нашу прыроду і занёс яе Твайму адзінасутнаму Айцу. Багародзічны: Сам стварыўшы Багародзіцу Дзеву, ад Яе нарадзіўся блаславёны Бог айцоў нашых. Канон 2 (тон 4). Ірмас. Мужныя і багамудрыя юнакі не захацелі служыць стварэньню замест Творцы і, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы, радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты". Сьветлая Хмара прыняла Цябе, Госпадзе, Сьвятло існае, і ўзьняла ад зямлі ў невыказны спосаб. Нябесныя хоры і апосталы ўславілі Цябе ў песьнях, кажучы: "Божа, блаславёны Ты!" Пляскайма ў далоні, цешачыся з Узьнясеньня Хрыстовага, і ўсклікайма: "Бог узьнёсься пад гучаньне трубаў і сеў па правай руцэ Айца, як роўнапасадны на ўсе вякі". Слава...: Калісьці вялікі Майсей у песьні ўсклікнуў: "Хай анёлы ў небе пакланяюцца Хрысту, як Уладару ўсіх!" Мы ж клічам: "Божа айцоў нашых, Госпадзе, блаславёны Ты!" Цяпер...: Слаўны цуд! Як гэта Ты, Поўная Божае ласкі, зьмясьціла ў сабе Бога незьмяшчальнага, які, каб ажывіць чалавека, зьбеднеў, прыняўшы цела, і сёньня ў вялікай славе ўзьнёсься на неба. Катавасія. Гучаньне музыкі клікала на пакланеньне залатому бяздушнаму ідалу. Праменная ж ласка Пацяшыцеля ўздымае нас, і мы ўсклікаем: "Тройца адзіная, роўнасільная, беспачатная, блаславёная Ты!" Песьня 8 Канон 1 (тон 5). Ірмас. Сына і Бога, які спрадвеку нарадзіўся ад Айца, і ў апошні час прыняў цела ад Дзедвы Маці, сьвятары, слаўце ў песьнях, людзі, узьвялічвайце праз усе вякі. Жыцьцядаўца Хрыста, які ў дзьвюх прыродах узьняўся ў славе на неба і сеў побач з Айцом, сьвятары, слаўце ў песьнях, людзі, узьвялічвайце праз усе вякі. Цябе, Збавіцелю, які вызваліў стварэньне з ідальскае няволі, і прадставіў яго свабодным Твайму Айцу, славім і ўзьвялічваем праз усе вякі. Багародзічны: Ты, Багародзіца чыстая, явілася вышэйшай за неба, бо ва ўлоньні Тваім насіла Таго, хто сядзіць на хэрувімах і якога разам з анельскімім сіламі мы, людзі, славім праз усе вякі. Канон 2 (тон 4). Ірмас. Народжаны ад Багародзіцы набожных юнакоў у печы выбавіў; тады вобразна, а цяпер дзейсна натхняе Ён увесь сьвет пяяць: "Слаўце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі". Анёлы зьявіліся апосталам у дзень Узьнясеньня і сказалі ім: "Што вы стаіце, гледзячы на неба? Той, хто ўзьняўся, прыйдзе зноў на зямлю судзіць людзей, як адзіны справядлівы Судзьдзя". Узьвялічым Бога, злучым галасы ў адзін хор хвалы, будзем пяяць, скакаць і пляскаць у далоні: Бог наш узьняўся зноў ад зямлі на неба, а анёлы і арханёлы пелі хвалу Ўладару і Творцы ўсіх. Бласлаўляем Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, Госпада. Прырода наша, што калісь заняпала, была ўзьнятая вышэй за анёлаў і пасаджаная на пасадзе Боскім вышэй за ўсякае разуменьне. Дык хадзеце, будзем сьвяткаваць і клікаць: "Блаславіце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі". Цяпер...: Сын Твой, Багародзіца, што паланіў крыжом сьмерць, уваскрос на трэці дзень, зьявіўшыся вучням сваім, і ўзьняўся на неба. Дзеля гэтага разам з анелькім сіламі і мы пакланяемся, славім і ўзьвялічваем Цябе праз усе вякі. Хвалім, бласлаўляем і пакланяемся Табе, Госпадзе, пеючы і ўзьвялічваючы Цябе праз усе вякі. Катавасія. Тройчы сьветлы вобраз Боскай велічы разрывае путы і вылівае расу на полымя. Юнакі славяць Яго і ўсё стварэньне бласлаўляе, як Дабрачынца, адзінага Збавіцеля і Творцу ўсяго. Песьня 9 Замест "Больш годную пашаны..." сьпяваюцца асобыя прыпевы. Першы прысьпеў: Узьвялічвай, душа мая, Хрыста Жыцьцядаўца, што ўзьнёсься ад зямлі на неба. Канон 1 (тон 5). Ірмас. Цябе, Маці Божую, што, вышэй за ўсякія словы і розум, у невыказны спосаб нарадзіла ў часе Спрадвечнага, мы, верныя, аднадушна ўзьвалічваем. Апосталы, агорнутыя страхам, узьвялічылі Цябе, калі ўбачылі, як Ты, Збавіцелю сьвету, Хрысьце Божа, у Боскі спосаб узьнімаўся на неба. Калі анёлы, Хрысьце, убачылі на вышыні Тваё абагаўлёнае цела, яны казалі адзін аднаму: "Сапраўды гэта – Бог наш". Нябесныя хоры, убачыўшы, як Ты, Хрысьце Божа, узьнімаўся на хмары, усклікнулі: "Адчыніце брамы Ўладару славы!" Цябе, які зышоў да апошніх канцоў зямлі, збавіў чалавека і ўзвысіў яго ўзьнясеньнем Тваім, узьвялічваем. Багародзічны. Радуйся, Багародзіца, Маці Хрыста Бога, якога Ты нарадзіла і якога, бачыўшы, як Ён узносіўся на неба, разам з апосталамі ўзьвялічыла. Другі прысьпеў: Анёлы, убачыўшы ўзыход Уладара, жахнуліся: як гэта Ён у славе ўзносіцца ад зямлі да неба. Канон 2 (тон 4). Ірмас. Усе народжаныя на зямлі хай усьцешацца, прасьветленыя Духам. Хай сьвяткуюць бесьцялесныя анельскія хоры і ўшануюць урачыстасьць Божае Маці, і хай пяюць: "Радуйся, усеблаславёная Багародзіца, чыстая заўсёды Дзева!" Дар, што пераўзыходзіць усякае разуменьне! О, страшны цуд! Госпад узьнёсься ад зямлі на неба і паслаў вучням сваім Духа Сьвятога, які прасьвятліў іхні розум і ахінуў полымем ласкі. Госпад сказаў грамадзе вучняў сваіх: "Заставайцеся ў Ерусаліме, пакуль Я пашлю вам іншага Суцяшальніка, роўнапасаднага і роўнапачэснага з Айцом і Мною; глядзіце, як Ён лунае ў небе і набліжаецца на сьветлай хмары". Слава...: Веліч Таго, хто дабравольна зьбяднеў, прыняўшы цела, узьнялася вышэй за нябёсы, і наша заняпалая прырода праславілася, сеўшы побач з Айцом. Дык сьвяткуйма аднагалосна, весела сьпявайма і, поўныя радасьці, пляскайма ў далоні. Цяпер...: Сьвятло ад спрадвечнага Сьвятла з Цябе, Усебеззаганная, зазьзяла, цемру бязбожжа разагнала і прасьвятліла тых, што спалі ў ночы. Дзеля гэтага мы ўсе Цябе, як і належыцца, вечна ўзьвялічваем. Катавасія. Радуйся, Уладарка, пахвала дзеваў і матак; ніякія красамоўныя вусны ня ў стане належна ўславіць Цябе, і розум бясьсільны зразумець сынараджэньне Тваё. Дзеля гэтага мы ўсе суладна Цябе славім.
Экзапастыляр (тон 2). У прысутнасьці вучняў Тваіх Ты, Хрысьце, узьнёсься і сеў побач з Айцом; анёлы ляцелі перад Табою і ўсклікалі: "Адчыніце брамы, адчыніце, бо вось Уладар узыходзіць да спрадвечнага Сьвятла славы".
Пахвальныя псалмы (Тон 1). Засьпявайма, жыхары зямлі, анёльскую песьню Богу, якога носяць на пасадзе славы, усклікаючы: "Сьвяты Ты, Ойча нябесны, і Слова спрадвечнае, і Духу ўсесьвяты!" (Двойчы) Князі анёльскія, гледзячы на Тваё, Збавіцелю, узьнясеньне, сумеліся і пыталіся адзін у аднаго: "Што гэта мы бачым? На выгляд чалавек у целе, а ўзыходзіць, як Бог, вышэй за нябёсы!" Галілейцы, якія глядзелі, як Ты, Слова, на Аліўнай гары ўзьнёсься ў целе, пачулі ад анёлаў: "Чаго стаіце і дзівіцеся? Ён прыйдзе зноў у целе, як вы Яго цяпер бачылі". Слава... цяпер... (Тон 2). Нарадзіўся Ты, Божа наш, як захацеў, зьявіўся нам з уласнае волі Тваёй, пацярпеў цялесна і з мёртвых уваскрос, перамогшы сьмерць. Споўніўшы ўсё, Ты ўзьнёсься ў славе і паслаў Боскага Духа, каб нам хваліць і славіць у песьнях Боства Тваё.
Пасьля Вялікага ўслаўленьня: Трапар (тон 4). Узьнёсься Ты ў славе, Хрысьце Божа наш, узрадаваўшы вучняў Тваіх абяцаньнем Сьвятога Духа, і ўмацаваўшы іх Тваім блаславеньнем, бо Ты – Сын Божы, Збавіцель сьвету. Вярнуцца назад |