Галоўная > Сёмуха > Нядзеля ўсіх сьвятых - ютрань
Нядзеля ўсіх сьвятых - ютрань18 траўня 2010. |
|
Пасьля "Госпад – Бог...": Трапар нядзельны (тон 8). Ты зышоў з вышыні, Міласэрны, пахаваньне прыняў трохдзённае, каб нас вызваліць ад цярпеньняў: Жыцьцё наша і Ўваскрасеньне, Госпадзе, слава Табе. Слава... Трапар усім сьвятым (тон 4). Быццам у пурпуру і кужаль... Цяпер... Багародзічны адпушчальны (тон 4). Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам невядомая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя. Далей служба нядзельная 8 тону. Евангельле нядзельнае 1. Канон нядзельны 8 тону і ўсіх сьвятых. Катавасія "Адчыню вусны мае..."
Пасьля трэцяй песьні: Сядальная песьня (тон 8). Сьвяткуем памяць усіх сьвятых праайцоў, айцоў і патрыярхаў, апосталаў, мучанікаў і біскупаў, прарокаў, праведнікаў і блаславёных, і ўсіх, чые імёны запісаныя ў кнізе жыцьця, і просім іх заступіцца за нас. Малітвамі іх, Хрысьце Божа наш, дай супакой усяму сьвету, каб нам усім пяяць Табе: "Ты, Чалавекалюбча, існы Госпадзе і Божа, праслаўлены ў мностве сьвятых, якіх Ты праславіў". (Двойчы) Слава... цяпер... Уславім нябесную браму і ківот, сьвятую гару і сьветлую хмару, лесьвіцу да неба і духоўны рай, вызваленьне Эвы і вялікі сусьветны скарб. Праз Яе збаўленьне прыйшло ўсяму сьвету і сплачаны стары доўг. Дык усклікнем Ёй: "Малі Сына Твайго, каб Ён дараваў адпушчэньне правінаў тым, што пабожна пакланяюцца ўсесьвятому сынараджэньню Твайму". Пасьля шостай песьні: Кандак (тон 8). Як першыя плады стварэньня, сусьвет прыносіць Табе, Госпадзе і Творча ўсіх, баганосных мучанікаў: малітвамі іх і Багародзіцы захавай у глыбокім супакоі Царкву Тваю і людзей Тваіх, Шматміласэрны. Ікас. Тыя, што былі сьведкамі па ўсёй зямлі, сталіся жыхарамі неба; пераймальнікі цярпеньняў Хрыстовых вызваляюць нас ад нашых цярпеньняў. Сёньня яны ўсе, сабраныя разам, паказваюць Царкву першанароджаных як вобраз Царквы нябеснай, і кажуць Хрысту: "Ты – Бог мой. Малітвамі Багародзіцы захавай мяне, Шматміласэрны". Пасьля 8 песьні сьпяваецца "Больш годную пашаны..." Песьня 9 (тон 8). Ірмас. Неба жахнулася, усе канцы зямлі дзіву даліся: Бог зьявіўся людзям у целе, і ўлоньне Тваё сталася больш прасторным за нябёсы. Дзеля гэтага Цябе, Багародзіца, хоры анёлаў і людзей узьвялічваюць. Песьні нядзельныя і наступныя сьвятым (тон той самы): Прысьпеў. Усе сьвятыя, маліце Бога за нас. Узброеныя ў надзею і любоў, апранутыя ў панцыр веры, хоры выбраных першамучанікаў не збаяліся пагрозаў мучыцеляў, радасна пацярпелі мукі і раны, і ўзбагаціліся Хрыстом, які ў пакутах зрабіў іх пераможцамі ў праўдзе. Прысьпеў. Усе сьвятыя, маліце Бога за нас. Усхвалім годна сёньня нашых памочнікаў збаўленьня: Хрысьціцеля, прарокаў і мучанікаў, Боскіх настаўнікаў і посьнікаў, хоры сьвятароў і патрыярхаў, дабраслаўных сьвятамучанікаў, багалюбных і праведных жанчынаў. Слава...: Слаўныя хоры сьвятых, выпрабаваныя агнём спакусаў, не паддаліся іх асалодам, і сёньня цешацца перад светлым пасадам Уладара на нябёсах у зьзяньні сапраўднага сьвятла. Цяпер...: Багародзіца Дзева, што зьбіраеш расьцярушаных, праз Цябе людзі сталіся спаўжыхарамі анёлаў, з якімі сёньня хоры сьвятых вызнаюць і славяць няспынна Тваё сынараджэньне.
Экзапастыляр: Першы нядзельны. Слава...: Хрысьціцеля і прадвесьніка, прарокаў, апосталаў, мучанікаў, сьвятаначальнікаў, посьнікаў, блаславёных і сьвятамучанікаў, а з ім і багалюбных жанчынаў і ўсіх праведных разам з анельскімі хорамі належнымі песьнямі ўзьвялічваем, і молімся, каб нам стацца годнымі іхняй славы ў Хрыста Збаўцы. Цяпер...: Найсьвяцейшая Дзева, Той, каго анельскія сілы славяць як Бога, не пакідаючы ўлоньня Айца, зышоў з неба і зьяднаўся з намі. Ты сталася хадайніцаю нашага збаўленьня, калі, вышэй за ўсякі розум, Ён прыняў цела ў чыстым улоньні Тваім. Малі Яго, каб Ён даў слугам Тваім адпушчэньне грахоў.
Пахвальныя псалмы Пяць нядзельных 8 тону і 3 наступныя: (Тон 4). Госпад праславіў сьвятых на зямлі, бо яны прынялі на сваё цела Ягоныя раны і цярпеньні і прасьвятліліся Боскаю красою. Таму славім іх у песьнях як неўвядальныя кветкі, як незьмяркальныя зоркі Царквы, і як дабравольныя ахвярапрынашэньні. Верш. Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх. Хай будуць праслаўленыя прарокі і апосталы, сьвятыя айцы і настаўнікі, сьвятамучанікі і праведныя жанчыны, – уся безьліч сьвятых і хоры праведнікаў, – што дзеля любові змагаліся і цярпелі, а цяпер сталіся спадкаемцамі вышняга валадарства і жыхарамі раю. Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля. Хай будуць праслаўленыя мучанікі, што па ўсім сьвеце аднадушна і адважна цярпелі. Як пераймальнікі сьмерці Хрыстовае яны сьветласьцю дабрадзейнасьцяў сваіх зрабілі зямлю падобнай да неба і, ачысьціўшы людзкія пажаданьні сілаю ласкі, пайшлі ўпэўненымі крокамі па шляху несьмяротнасьці. Слава...: сьціхіра нядзельная Евангельская першая. Цяпер...: Найблаславёная Ты... Вярнуцца назад |