Галоўная > Літургікон > Абрад прыгатаваньня (Праскамідыя)
Абрад прыгатаваньня (Праскамідыя)9 чэрвеня 2010. |
Сьвятар і дыякан, стаўшы перад прыгатавальнікам, робяць тры паклоны, кажучы за кожным разам:
Божа, будзь спагадлівы мне, грэшнаму, і зьмілуйся нада мною.
І далей:
Ты выкупіў мяне ад праклёну законнага Тваёй пачэснай крывёю; даўшы сябе прыбіць да крыжа і кап’ём пракалоць, Ты стаўся крыніцаю несьмяротнасьці для людзей. Збавіцелю наш, слава Табе. Дыякан: Блаславі, ойча.
Сьвятар: Блаславёны Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Дыякан: Амін.
Сьвятар бярэ ў левую руку хлеб, а ў правую – кап’ё і, робячы тройчы кап’ём знак крыжа над хлебам, гаворыць за кожным разам:
На ўспамін Госпада, Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.
І пачынае прыгатаўляць Сьвяты Агнец. Рэжа па правым баку пячаці, кажучы:
Быццам авечку на зарэз, вядуць Яго. (Іс 53: 7)
Тады па левым баку, кажучы:
І як бязьвіннае ягнё, нямое перад тым, хто стрыжэ яго, так і Ён не адчыняе вуснаў сваіх. (Іс 53: 7)
Рэжучы згары пячаць, кажа:
У паніжэньні Ягоным суд над Ім адбыўся. (Іс 53: 8)
Рэжучы зьнізу, кажа:
Хто назаве род Ягоны. (Іс 53: 8)
Дыякан за кожным разам кажа:
Госпаду памолімся.
Калі сьвятар скончыць выразаць Сьвяты Агнец:
Вазьмі, ойча.
Сьвятар вымае Агнец, кладзе яго на дыскас пячацьцю ўніз і кажа:
Жыцьцё ягонае было ўзятае ад зямлі. (Іс 53: 8)
Дыякан: Прынясі ахвяру, ойча.
Сьвятар разразае накрыж Агнец, кажучы:
Агнец Божы, які ўзяў на Сябе грахі сьвету, прыносіцца ў ахвяру за жыцьцё і збаўленьне сьвету.
Дыякан: Пракалі, ойча.
Сьвятар паварочвае Сьвяты Агнец пячацьцю ўгору і праколвае кап’ём правы бок, кажучы:
Адзін з жаўнераў прабіў Яму кап’ём бок, і адразу пацякла кроў і вада. І той, хто бачыў, пасьведчыў, і сьведчаньне яго праўдзівае. (Ян 19: 34)
Дыякан бярэ віно і ваду, кажучы:
Блаславі, ойча, сьвятое зьяднаньне.
Атрымаўшы блаславеньне, улівае віно і ваду ў чашу. Калі няма дыякана, сьвятар робіць гэта сам.
Сьвятар бярэ другі хлеб, выразае з яго частку ў выглядзе трохкутніка і кажа:
У гонар і на памяць найблаславёнае Ўладаркі нашае Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі; малітвамі Яе прымі, Госпадзе, гэтую ахвяру на Твой нябесны ахвярнік.
Кладзе частку з правага боку Агнца, кажучы:
Па правай руцэ стала каралева, у пазалочаную вопратку апранутая, упрыгожаная. (Пс 44: 10)
Бярэ трэці хлеб, выразае з яго часткі і кладзе іх з левага боку, робячы за кожным разам адпаведны ўспамін:
1. У гонар і на памяць вялікіх анёльскіх начальнікаў Міхала і Габрыэля, і ўсіх нябесных бесьцялесных сілаў.
2. Сьвятога слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых слаўных прарокаў Майсея і Аарона, Ільлі і Елісея, Давіда і Ясея, сьвятых трох юнакоў і Данілы прарока, і ўсіх сьвятых прарокаў. 3. Сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла, і ўсіх сьвятых апосталаў.
4. Між сьвятымі айцоў нашых вялікіх сьвятаначальнікаў і сусьветных настаўнікаў Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова, Яна Залатавуснага, Апанаса і Кірылы Александрыйскіх, Міколы Мірлікійскага, настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода, Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых сьвятаначальнікаў.
5. Сьвятога апостала, першага мучаніка і дыякана Сьцяпана; сьвятых вялікіх мучанікаў Зьмітра, Юра, Тодара Тырона, Мяркура Смаленскага і ўсіх сьвятых мучанікаў.
6. Сьвятых і баганосных айцоў нашых Антона, Аўхіма, Савы, Анупрэя, Антона і Хвядоса Кіевапячэрскіх, Аўрама Смаленскага, Мартына Тураўскага і ўсіх сьвятых айцоў; і сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае і ўсіх сьвятых жанчынаў.
7. Сьвятых бескарысных лекараў і цудатворцаў Кузьмы і Дзям’яна, Кіра і Яна, Панцеляймона і Ермалая, і ўсіх сьвятых бескарысных лекараў.
8. Сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны, сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога патрона царквы); сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога або сьвятой, памяць якіх сьвяткуецца ў гэты дзень); і ўсіх сьвятых, малітвамі якіх наведай нас, Божа.
9. Між сьвятых айца нашага Яна Залатавуснага, архібіскупа Канстантынопальскага. Або, калі Літургія сьв. Базыля: Між сьвятых айца нашага Базыля Вялікага, архібіскупа Кесарыі Кападакійскай.
Бярэ чацьвёрты хлеб, выразае з яго часткі і кладзе іх у рад пад Агнцам, успамінаючы жывых. Выразаючы першую частку, кажа:
Успомні, чалавекалюбны Ўладару, Сьвятога Айца нашага сусьветнага Біскупа … (імя) Папу Рымскага; дастойнага архібіскупа (багалюбнага біскупа) нашага … (імя) і ўсіх прававерных біскупаў, пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце і ўсё духавенства; і братоў нашых сьвятароў і дыяканаў, якія служаць тут з намі; і ўсіх братоў нашых, якіх Ты, усядобры Ўладару, у вялікай міласэрнасьці Тваёй паклікаў да еднасьці з Табою.
Пасьля ўспамінае па імю жывых, каго хоча, кладучы за кожным разам частку хлеба і кажучы:
Успомні, Госпадзе… (імя таго, каго ўспамінае)
Скончыўшы ўспамінаць жывых, сьвятар бярэ пяты хлеб, выразае з яго частку і кладзе яе ўніз, пачынаючы новы рад і кажучы:
На ўспамін і адпушчэньне грахоў годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы.
Пасьля выразае іншыя часткі і кладзе іх у рад, успамінаючы біскупа, ад якога атрымаў сьвятарства, а таксама іншых памерлых, каго хоча, паіменна, кажучы за кожным разам:
Успомні, Госпадзе… (імя таго, каго ўспамінае) Апошнюю частку кладзе, кажучы: І ўсіх, у надзеі ўваскрасеньня, жыцьця вечнага і еднасьці з Табою заснулых, айцоў, братоў і сёстраў нашых, Чалавекалюбны Уладару.
У канцы выразае адну частку для сябе і кладзе, кажучы:
Успомні, Госпадзе, і маю недастойнасьць, і прабач мне мае правіны вольныя і міжвольныя.
Дыякан бярэ кадзіла і кажа:
Блаславі, ойча, кадзіла. Госпаду памолімся.
Сьвятар (у адсутнасьці дыякана, бярэ кадзіла сам і бласлаўляе):
Кадзіла Табе прыносім, Хрысьце Божа, як адмысловую духмянасьць духоўную; Ты ж, прыняўшы яго на Твой нябесны ахвярнік, пашлі нам узамен ласку Твайго Сьвятога Духа.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Сьвятар бярэ зорку і, пакадзіўшы яе, ставіць паверх дыскаса, кажучы:
І зорка, прыйшоўшы, стала ўгары над месцам, дзе было Дзіцятка. (Мц 2: 9) Дыякан: Госпаду памолімся.
Сьвятар бярэ першы пакравец, кадзіць яго і пакрывае ім дыскас, кажучы:
Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу; апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца. Пасад Твой непахісны ад пачатку сьвету, Ты ж вечна існуеш. Узьнімаюцца рэкі, Госпадзе, узьнімаюць рэкі голас свой; узьнімаюць рэкі голас грамавы; Госпад на вышынях мацнейшы за рокат водаў вялікіх, больш магутны за хвалі марскія. Сьведчаньні Твае праўдзівыя, Госпадзе: дому Твайму належыцца сьвятасьць праз усе дні. (Пс 92)
Бярэ другі пакравец і, пакадзіўшы, пакрывае чашу:
Дабрыня Твая, Госпадзе, пакрыла нябёсы, і зямля поўная хвалы Тваёй.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Сьвятар бярэ вялікі пакравец (г. зв. ваздух), кадзіць, пакрывае дыскас і чашу разам, кажучы:
Пакрый нас покрывам крылаў Тваіх, адгані ад нас усякага ворага і непрыяцеля, зрабі спакойным наша жыцьцё; Госпадзе, зьлітуйся над намі і збаў душы нашы, бо Ты добры і Чалавекалюбец.
Кадзіць ахвяраваныя дары, кажучы тройчы:
Блаславёны Ты, Божа наш, што такая была Твая добрая воля; славе Табе.
Дыякан за кожным разам адказвае:
На ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Пасьля:
За прынесеныя пачэсныя дары Госпаду памолімся.
Сьвятар: Божа, Божа наш, Ты, што паслаў Хлеб нябесны, спажыву ўсяму сьвету, Госпада і Бога нашага Ісуса Хрыста, Адкупіцеля, Збаўцу і Дабрачынца нашага, які бласлаўляе і асьвячае нас: блаславі гэтыя прынесеныя дары (бласлаўляе) і прымі іх на Твой нябесны ахвярнік. Успомні, як Добры і Чалавекалюбны, тых, што іх прынеслі і за каго яны прыносяцца; і нас захавай бездакорнымі ў выкананьні Тваіх Боскіх тайнаў. Бо Тваё пачэснае і велічнае імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, поўнае сьвятасьці і славы цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Слава Табе, Хрысьце Божа наш, надзея наша, слава Табе.
Дыякан: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе зьмілуйся; Госпадзе зьмілуйся; Госпадзе зьмілуйся. Ойча, блаславі.
Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш (у нядзелю: што ўваскрос з мёртвых), малітвамі Найчыстае свае Маці, між сьвятымі Айца нашага Яна Залатавуснага, архібіскупа Канстантынопальскага (або: Базыля Вялікага, архібіскупа Кесарыі Кападакійскай) і ўсіх сьвятых хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Дыякан: Амін.
Бярэ кадзільніцу і кадзіць прынесеныя дары, ахвярнік і ўсю царкву, молячыся ціха:
У магіле целам, у пекле з душою як Бог, у раі з разбойнікам, і на пасадзе разам з Айцом і Духам Ты быў, Хрысьце: Ты ўсё напаўняеш, Неабдымны.
Таксама Псалом 50:
Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё. Асабліва абмый мяне з віны маёй і ад грахоў маіх ачысьці мяне. Бо беззаконьне маё я знаю, і грэх мой заўжды перада мною. Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім. Вось я быў зачаты ў беззаконьні, і ў граху нарадзіла мяне маці мая. Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй. Акрапі мяне гісопам, і ачышчуся, абмый мяне, і стану бялейшым за сьнег. Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: хай узрадуюцца ўпакораныя косьці. Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх. Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правды абнаві ў нутры маім. Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне. Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці. Буду навучаць грэшнікаў шляхоў Тваіх, і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе. Вызвалі мяне ад крыві (пралітай), Божа, Божа майго збаўленьня, хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць. Адчыні мае вусны, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю. Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна. Ахвяра Богу – дух скрушлівы: сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш. Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя. Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні, тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.
Сьвятар і дыякан, калі скончыцца каджэньне, стаўшы перад ахвярнікам, кажуць:
Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Слава на вышынях Богу, супакой на зямлі, добрая воля сярод людзей. (Двойчы з паклонамі)
Госпадзе, адчыні мае вусны, і мае вусны пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю. (Аднойчы з паклонам)
Сьвятар цалуе Евангельле і ахвярнік, дыякан – ахвярнік.
Пасьля дыякан, схіліўшы галаву ў бок сьвятара і трымаючы арар трыма пальцамі правай рукі, кажа:
Ужо час пачаць службу Госпаду. Ойча, блаславі.
Сьвятар: Блаславёны Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Дыякан: Памаліся за мяне, ойча сьвяты.
Сьвятар: Хай Госпад кіруе крокамі тваімі.
Дыякан: Успомні мяне, ойча сьвяты.
Сьвятар: Хай успомніць цябе Госпад Бог у валадарстве сваім на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. (Бласлаўляе дыякана)
Дыякан: Амін.
Выходзіць паўночнымі дзьвярыма і, стаўшы на звычайным месцы, робіць тры паклоны, кажучы ціха за кожным разам:
Госпадзе, адчыні мае вусны, і мае вусны пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.
Тады, узьняўшы правай рукой канец арара, пачынае:
Блаславі, ойча… Вярнуцца назад |