Галоўная > Мінэя - Жнівень > 25 жніўня - Перанясеньне мошчаў апостала Баўтрамея, апостала Ціта, вучня сьвятога Паўла

25 жніўня - Перанясеньне мошчаў апостала Баўтрамея, апостала Ціта, вучня сьвятога Паўла


18 красавіка 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

Баўтрамея (тон 4). Незаходную зорку, сьветлае сонца, неба духоўнае, што апавядае збавенную славу Божую, Боскага прапаведніка, сьветач народаў, раку, з якой плывуць струмені розуму і пояць сэрцы верных, слаўнага Баўтрамея належна ўсхвалім.

Шлях твой, апостале Баўтрамею, вышэй за ўсякі розум людзкі пралёг праз мора, куды ты быў укінуты ў скрыні і паплыў з усходу на захад у атачэньні мучанікаў, што плылі сьледам за табою на загад Уладара ўсіх.

Сваім цудоўным пераходам ты, апостале Баўтрамею, асьвяціў воды марскія і дасьцігнуў выспы Ліпары, крынічачы міра і ацаляючы невылечныя хворасьці; ты стаў для яе жыхараў вызваліцелем, апекуном і абаронцам, накіроўваючы іх да ўладара і Збаўцы ўсіх.

Ціта (тон 4, той самы). Прапаведуючы адзінае ў трох асобах Боства, ты, блаславёны, узбурыў паганскае мора і прывёў да бясьпечнага прыстанку тых, што тапіліся ў твані бязбожжа. За гэта ты атрымаў нябесную ўзнагароду і молішся за ўсіх, што шануюць цябе.

Прасьвятліўшы Боскім зьзяньнем свой розум, ты, апостале Ціт, быццам прамень, што спадарожнічае сонцу і сьвеціць у цемры, стаў спадарожнікам Паўла і разам з ім выбавіў усю зямлю ад глыбокай начной цемрадзі. Таму мы шануем цябе, як баганатхнёнага сьвятаначальніка, Боскага апостала, і нашага неадменнага заступніка.

Выйшаўшы з Крыту, каб спадарожнічаць Паўлу, ты, блаславёны Ціт, вярнуўся назад туды і на непахіснай аснове правай веры, у якой ты быў умацаваны, Боскаю нябеснаю сілаю збудаваў царкву верных, для якіх ты быў суцяшальнікам, як першапасадны на сваёй бацькаўшчыне.

Слава ...:

(Тон 2). Пакінуўшы зямное, ты, апостале Баўтрамею, пайшоў за Хрыстом і, умацаваны подыхам Сьвятога Духа, быў пасланы навяртаць да багаразуменьня народы, што гінулі ў цемры; скончыўшы свае подзьвігі і пацярпеўшы вялікія пакуты і мучэнні, ты аддаў душу сваю Хрысту. Малі Яго, усеблаславёны, дараваць нам веліч зьмілаваньня.

Цяпер ...:

Багародзічны (тон 2). Збаўляй ад бедаў слугаў Тваіх, Багародзіца Дзева, бо ўсе мы пасьля Бога на Цябе спадзяемся, як на нашую непарушную абаронную сьцяну і заступніцу.

Крыжабагародзічны. Убачыўшы Цябе, Ісусе, прыбітага да Крыжа, Беззаганная з плачам усклікнула: "Сыне мой любы, Сьвятло недасяжнае беспачатнага Айца, чаму Ты пакінуў мяне, што нарадзіла Цябе, адзінокаю. Сьпяшайся праславіцца, каб убачылі Боскую славу Тваю тыя, што пакланяюцца Боскім пакутам Тваім".


Вершапесьні актойху


Адпушчальны трапар (тон 3). Апосталы сьвятыя, маліце міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.


Вярнуцца назад