Галоўная > Тон 4 > Субота (Тон 4) (Вячэрня)

Субота (Тон 4) (Вячэрня)


10 чэрвеня 2010.

ПЯТНІЦА ЎВЕЧАРЫ

 

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Пераймаючы цярпеньні Хрыста-Чалавекалюбца, вы, пакутныя мучанікі, аддалі целы вашыя на раны і цяжкія мукі і пацярпелі шмат бедаў у прадбачаньні непрамінальнай боскай райскай радасьці, незьнішчальнай спажывы і вечнай славы. Атрымаўшы іх, маліцеся за тых, што шануюць вашую памяць. (Двойчы).

Пастыры асьвячоныя! Як пераймальнікі Найвышэйшага Пастыра, Хрыста Ўладара ўсіх, вы ахвотна аддалі свае душы за авечак і пацярпелі вялікія беды ў змаганьні з ворагамі. Збаўляйце, пахвалы годныя і Богам абраныя, статак ваш ад шкоды.

Дагматык. Прарок Давід, які праз Цабе стаўся богаайцом, у песьні Таму, хто вялікія рэчы для Цябе ўчыніў, так пра Цябе прадказаў: "Каралева стала па правай руцэ Тваёй". Ён явіў Цябе, як хадайніцу і Маці Жыцьця, бо ад Цябе захацеў прыняць цела і стацца чалавекам Хрыстос Бог, каб аднавіць сатлелы прагнасьцю вобраз свой і знайсьці заблудную ў горных безданях авечку, каб, узяўшы яе на плечы, прынесьці да Айца і даць ёй месца разам з нябеснымі сіламі, і збавіць, Багародзіца, сьвет у велічы і багацьці міласэрнасьці сваёй.


Вершапесьні

Хрысьце Божа, праслаўлены памяцьцю сьвятых Тваіх, малітвамі іх пашлі нам веліч зьмілаваньня Твайго.

Ты, што прыняў цярпеньні мучанікаў Тваіх, прымі, Чалавекалюбча, і наша хваленьне, і малітвамі іх даруй нам багацьце зьмілаваньня Твайго.

Адухоўленыя ахвяры, цэлапаленьні духоўныя, мучанікі Гасподнія, дасканалыя Божыя ахвярапрынашэньні, Богу вядомыя авечкі, што Бога знаюць і загарадзь якіх недаступная ваўкам: маліцеся, каб нам разам з вамі на ціхіх водах знайсьці супакаеньне.

Багародзічны. Сьветач нязгасны, пасад праведны, Усячыстая Ўладарка, маліся за збаўленьне душаў нашых.


Вярнуцца назад