Галоўная > Тон 6 > Серада (Тон 6) (Вячэрня)

Серада (Тон 6) (Вячэрня)


10 чэрвеня 2010.

АЎТОРАК УВЕЧАРЫ

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Расьпяцьцем Тваім, даўгацярплівы Госпадзе, ты пахіснуў зямлю і ўмацаваў сэрцы верных; дзеля гэтага славім Цябе і з любоўю пакланяемся бязьмежнай сіле Тваёй.

Калі Цябе, Хрысьце, білі па твары і аплёўвалі, Ты аплявушыў злога і лютага ворага і вярнуў Адама да першага стану, з якога ён быў абакрадзены грэшным позіркам.

Сонца памеркла, зямля захісталася і камяні раскалоліся, калі ўбачылі Цябе, Збавіцелю, які прабачаеш грахі, павешаным няправедна на крыжы.

Крыжабагародзічны. Калі чыстая Дзева і Маці Твая, Збавіцелю, бачыла, як беззаконныя людзі прыбілі Цябе да крыжа несправядліва, душа Яе была параненая, як прадказаў некалі Сямён.


Вершапесьні

Крыж Твой, Госпадзе, ёсьць жыцьцё і заступніцтва для людзей Тваіх: спадзеючыся на яго, славім Цябе, расьпятага целам Бога нашага. Зьмілуйся над намі!

Крыж Твой, Госпадзе, рай адчыніў роду людзкому, і мы, вызваленыя ад тленнасьці, славім Цябе, расьпятага целам Бога нашага. Зьмілуйся над намі.

Пакутнікі Твае, Хрысьце, шматлікія мукі пацярпелі дзеля Цябе і, атрымаўшы ў небе вянец перамогі, моляцца за душы нашыя.

Крыжабагародзічны. Калі беззаганная Багародзіца ўбачыла, як Жыцьцё наша вісіць на дрэве, Яна па-матчынаму заплакала і ўсклікнула: "Сыне і Божа мой, збаў тых, што з любоўю славяць Цябе!"


Вярнуцца назад