Галоўная > Тон 7 > Панядзелак (Тон 7) (Вячэрня)
Панядзелак (Тон 7) (Вячэрня)10 чэрвеня 2010. |
НЯДЗЕЛЯ ЎВЕЧАРЫ На "Госпадзе, Цябе клічу...": Уздымі вочы, душа мая! Глянь на Божы провід і чалавекалюбства, як Ён, нахіліўшы неба, зышоў на зямлю, каб вырваць цябе з лютай няволі пажаданьняў тваіх і паставіць на камені веры. Дзіўны і страшны цуд! Слава Табе, які спустошыў сябе дзеля нас, Чалавекалюбча! Глянь, душа мая, на твае беззаконныя ўчынкі, і дзівіся, як гэта цябе зямля носіць? Як яна не расступіцца, каб праглынуць цябе, як дзікія зьвяры не разьдзяруць цябе; як гэта сонца не перастае сьвяціць табе? Устань, пакайся і ўсклікні Госпаду: "Зграшыла я, зграшыла. Зьмілуйся нада мною!" Спадзеючыся на Цябе, усемагутны Госпадзе, молім Цябе: "Выбаў нас ад усякіх бедаў, небясьпекі і цяжкасьцяў, каб нам правесьці ў супакоі жыцьцё наша і, пажыўшы ў чысьціні, знайсьці Цябе, Міласэрнага ўладара, прыхільным да нас у судны дзень". Багародзічны. Разам з анёламі ўсхвалім Багародзіцу, якая нарадзіла Збаўцу сьвету, і пасьля родаў засталася Дзеваю; сынараджэньнем сваім Яна выбавіла сьвет ад спакусы і, будучы карміцелькай Вызваліцеля душаў нашых, дала нам спажыву жыцьця вечнага. Вершапесьні Як блудны сын, прыходжу да Цябе, добры Божа: прымі мяне, як аднаго з наймітаў Тваіх, Чалавекалюбча, і зьмілуйся нада мною. Быццам той, што трапіў у рукі разбойнікаў і быў паранены імі, так я ўпаў у грахі многія і пакалечыў душу маю. Да каго ўцяку, вінаваты? Хіба толькі да Цябе, добрасардэчнага Лекара душаў: вылі на мяне, Божа, веліч зьмілаваньня Твайго. Слава Табе, Хрысьце Божа, апосталаў хвала і радасьць мучанікаў, якія прапаведавалі адзінасутную Тройцу. Багародзічны. Разам з анёлам усклікаем Табе, Дзева Маці: "Радуйся!", і завем Цябе Хорамам і Брамаю, Пасадам вогненным і Гарою нясечанаю, і незгаральным Кустом. Вярнуцца назад |