Галоўная > Літургікон > Малітвы пасьля прычасьця
Малітвы пасьля прычасьця12 чэрвеня 2010. |
Малітвы пасьля сьвятога прычасьця Слава Табе, Божа. Слава Табе, Божа. Слава Табе, Божа. Дзякую Табе, Госпадзе Божа мой, што Ты не адкінуў мяне, грэшнага, але палічыў дастойным быць удзельнікам Тваіх сьвятасьцяў. Дзякую Табе, што Ты ўдастоіў мяне прыняць Твае сьвятыя Дары. Але, чалавекалюбны Ўладару, што дзеля нас памёр і ўваскрос і дараваў нам гэтыя страшныя і жыватворчыя Тайны для дабра і асьвячэньня душ і целаў, дай, каб яны былі і мне для аздараўленьня душы і цела, для прагнаньня ўсякага супраціўніка, для прасьвятленьня вачэй сэрца майго, для супакою душэўных маіх сілаў, для веры непахіснай, для шчырай любові, для спаўненьня мудрасьці, для захаваньня Тваіх запаветаў, для павелічэньня Тваёй Боскай ласкі і для асягненьня валадарства Твайго. Каб я, захаваны імі ў Тваёй сьвятасьці, быў заўжды памятны Тваёй ласкі і жыў ужо не для сябе, але для Цябе, нашага Ўладара і Дабрачынца; і, закончыўшы гэтае жыцьцё ў надзеі жыцьця вечнага, дасягнуў непрамінальнага супакою, дзе безупынна чутны голас сьвятых і пануе вечная радасьць тых, што аглядаюць невыказную красу Твару Твайго. Бо Ты – сапраўднае жаданьне і невыказная радасьць тых, што любяць Цябе, Хрысьце Божа, і Табе ўсё стварэньне пяе славу праз усе вякі. Амін.
Уладару Хрысьце Божа, Цару вякоў і Творча ўсяго, дзякую Табе за ўсе дабрадзействы, якімі Ты мяне абдарыў, і за прыняцьце сьвятых Тваіх і жыватворчых Тайнаў. Прашу Цябе, добры Чалавекалюбча, захавай мяне пад Тваім покрывам у ценю крылаў Тваіх і даруй мне чыстае сумленьне, каб я да канца жыцьця майго мог дастойна прымаць Твае сьвятасьці для адпушчэньня грахоў і жыцьця вечнага. Бо Ты – Хлеб жыцьця, Крыніца сьвятасьці і Падаўца усяго добрага, і Табе славу аддаем, разам з Айцом і Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Творча мой, які даў мне дабравольна на спажыву Тваё Цела: будучы агнём, што паліць недастойных, не апалі мяне, але ўвайдзі ўва ўсе суставы цела майго і ў сэрца, спалі церне маіх правінаў, ачысьці душу і асьвяці думкі. Умацуй мяне ўсяго, прасьвятлі пяць пачуцьцяў маіх і напоўні мяне Тваім страхам. Заўсёды пакрывай і ахоўвай мяне ад усіх дзеяньняў і словаў душагубных. Ачысьці, абмый і асьвяці мяне; накіруй мяне на праўдзівы шлях, дай мне разуменьне і прасьвятленьне. Учыні мяне жыльлём адзінага Духа, а не жыльлём граху: хай уцякае ад мяне, як ад Твайго дому, якім я стаўся праз прычасьце, усякі злыдзень і ўсякае грэшнае пажаданьне. Клічу на заступнікаў маіх усіх сьвятых Тваіх, анёлаў, Прадвесьніка Твайго, мудрых апосталаў і асабліва Тваю беззаганную Маці: прымі, добрасардэчны Хрысьце мой, іхнія малітвы і ўчыні слугу Твайго сынам сьвятла. Бо Ты, адзіны Добры, – асьвячэньне і сьвятло душ нашых, і Табе, як нашаму Богу і Ўладару, славу аддаем праз усе дні.
Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, хай Тваё сьвятое Цела будзе мне на жыцьцё вечнае, і Твая пачэсная Кроў на адпушчэньне грахоў. Хай гэтая вось падзяка будзе мне на радасьць, здароўе і пацеху. А ў дзень страшнага Твайго другога прыйсьця зрабі мяне, грэшнага, дастойным стаць па правай руцэ славы Тваёй, малітвамі ўсячыстае Твае Маці і ўсіх сьвятых.
Малітва да Найсьвяцейшай Багародзіцы Найсьвятая Ўладарка Багародзіца, сьвятло маёй пацямнелай душы, надзея, покрыва, ахова, пацеха і радасьць мая: дзякую Табе, што Ты дазволіла мне, нягоднаму, прыняць ўсячыстае Цела і пачэсную Кроў Сына Твайго. Ты, што нарадзіла Праўдзівае Сьвятло, прасьвятлі духоўныя вочы сэрца майго! Ты, што нарадзіла Крыніцу несьмяротнасьці, ажыві мяне, амярцьвелага праз грэх! Міласэрнага Бога міласэрная Маці, зьмілуйся нада мною і дай мне жаль і скруху сардэчную, пакорнасьць у думках маіх і вызваленьне ад палону благіх намераў. І зрабі мяне дастойным да апошняй хвіліны жыцьця майго без асуджэньня прымаць сьвятыя і ўсячыстыя Тайны для аздараўленьня душы і цела. Дай мне таксама сьлёзы каяньня і вызнаньня, каб я мог узьвялічваць і славіць Цябе праз усе дні жыцьця майго, бо Ты блаславёная і праслаўленая на ўсе вякі. Амін. Вярнуцца назад |