Галоўная > Новы Запавет (Гадлеўскі) > Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка


15 лютага 2011.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516

пераклад кс. Вінцэнта Гадлеўскага,
паводле: Чатыры Эвангеліі і Апостальскія Дзеі.
Вільня, 1939.
Алічбоўваньне: Вячаслаў Мартысюк
(група па алічбоўванні тэкстаў Святога Пісання,
каардынатар кс. Сяргей Сурыновіч)

АБ ЭВАНЭЛІІ СЬВ. МАРКА

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка

А ў т а р. Напісаў гэту эванэлію Ян-Марак, быў ён родам з Ерузаліму. Ад маладых гадоў далучыўся ён да апостала Паўла, з каторым адбыў першую падарожу на Цыпр. Потым далучыўся да сьв. Пятра і разам з ім рушыў у горад Рым, дзе абвяшчаў эванэлію пад яго кіраўніцтвам. Паводле старадаўных пераказаў сьв. Марак быў так-жа ў горадзе Александрыі (ў Эгіпце), дзе залажыў касьцёл. Дзе і калі памёр сьв. Марак, ня маем пэўных вестак.

Прабываючы ў Рыме, сьв. Марак напісаў паміж 52 і 62 годам (па Нарадж. Хр.) сваю эванэлію Пісаў паводле таго, што чуў ад сьв. Пятра, бо сам ня знаў Е. Хрыста. Сьв. Марак у сваей эванэліі прапускае ўсё тое, што добра сьведчыла аб сьв. Пётры і славіла яго імя, а апісвае тое, што некарысна сьведчыла аб яго настаўніку (адрачэньне ад Хрыста, сумнівы ў бостве Хрыста і г. д.). Згэтуль вывад, што Марак пісаў сваю эванэлію пад кіраўніцтвам сьв. Пятра, які ў пакоры прызнаваўся да ўсіх сваіх слабасьцяў і ўпадкаў.

М э т а. Сьв. Марак, пішучы сваю эванэлію, хацеў прадусім выказаць боства Е. Хрыста, затым і пачынае ад слоў: "Эванэлія Е. Хрыста, Сына Божага". Каб дайсьці да гэтай мэты, Марак зварочвае ўвагу перш за ўсё на цуды Е. Хрыста і выказвае, што яму паслушны ня толькі сілы прыроды, але і злыя духі. Выказваючы боства Е. Хрыста, Марак хоча гэтым пацягнуць рымлян (бо для іх пісаў сваю эванэлію) да веры Хрыстовай, хоча, каб яны прызналі Езуса Хрыста за Бога і навярнуліся да яго. Хоча ён так-жа ўцьвярдзіць у веры тых, каторыя ўжо навярнуліся з паганства і прынялі хрысьціянскую веру. Што сьв. Марак пісаш сваю эванэлію не для жыдоў, а для паганаў, відаць з таго, што ён тлумачыць жыдоўскія (гэбрайскія) словы і жыдоўскія звычаі, якія былі незразумелы для паганаў, напр.: 3, 17 і 22; 5, 41; 7, 11, 13 і 34; 12, 42; 14, 12; 15, 22, 34, 42.

М о в а. Эванэлія сьв. Марка была напісана ў грэцкай мове, бо ў тым часе грэцкая мова ў Рыме мела вялікае значэньне, дый хрысьціянская грамада ў Рыме складалася ня толькі з рымлян, але і з грэкаў, якія прабывалі ў Рыме.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


СЬВЯТАЯ ЭВАНЭЛІЯ ЕЗУСА ХРЫСТА ПАВОДЛЕ МАРКА

1 ЧАСЬЦЬ. ПУБЛІЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ ЕЗУСА ХРЫСТА

Ян Хрысьціцель - папярэднік Езуса Хрыста. Хрост і кушэньне Езуса

1 Разьдзел.

1 Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага. 2 Як напісана ў Ізраіля прарока (40, 3): "Вось я пасылаю анела майго перад воблікам тваім, каторы прыгатовіць дарогу тваю перад табою. 3 Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Пана, простымі рабеце сьцежкі яго". 4 Быў Ян у пустыні, хрысьцячы і абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэньне грахоў. 5 І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы і былі хрышчаны ім у рацэ Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх. 6 І быў Ян адзеты ў вярблюдаву шэрсьць і скураны пояс каля паясьніцы ягонай, і еў саранчу і лясны мёд. І вясьціў, кажучы: 7 Ідзе за мною мацнейшы за мяне, катораму я ня варт схіліўшыся разьвязаць рамень абутку яго. 8 Я вас хрысьціў вадою, але ён будзе вас хрысьціць Духам Сьвятым.

9 І сталася, у тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. 10 І зараз выйшаўшы з вады, убачыў адчыненае неба і Духа, як галуба, зыходзячага і прабываючага на ім. 11 І стаўся голас з неба: Ты ёсьць Сын мой мілы, у табе мне да ўспадобы.

12 І зараз Дух вывеў яго ў пустыню. 13 І быў у пустыні сорак дзён і сорак начэй, і быў спакушваны д'яблам і быў з зьвярамі, і анёлы паслугавалі яму.

Езус пачынае навучаць. Пакліканьне першых вучняў. Некаторыя цуды Е. Хрыста.

14 Пасьля-ж таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы эванэлію каралеўства Божага 15 і кажучы, што споўніўся час і прыбліжылася каралеўства Божае, пакутуйце і верце эванэліі.

16 І праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, бо былі рыбакамі. 17 І сказаў ім Езус: Ідзеце за мною і зраблю вас, што вы станецеся рыбакамі людзей. 18 І яны, зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім. 19 І адыйшоўшы трохі аддтуль, убачыў Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, яны-ж парадкавалі сеці ў лодцы, 20 і зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў лодцы з наймітамі, пайшлі за ім.

21 І ўвайшлі ў Капарнаум: і зараз-жа ў суботу ўвайшоўшы ў бажніцу, навучаў іх. 22 І дзівіліся з навукі яго, бо ён вучыў іх, як маючы ўладу, а не як кніжнікі. 23 У быў у іхнай бажніцы чалавек, у каторым быў нячысты дух, і закрычаў, 24 кажучы: Што табе да нас, Езусе Назарэнскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Ведаю, хто ты ёсьць, Сьвяты Божы! 25 І прыгразіў яму Езус, кажучы: Замоўкні і выйдзі з чалавека! 26 І страсануўшы яго і закрычаўшы вялікім голасам, дух нячысты выйшаў з яго. 27 І зьдзівіліся ўсе, так што пыталіся паміж сабою, кажучы: Што гэта такое? Што гэта за навука новая, што ён з уладай нават духам нячыстым загадывае і слухаюць яго? 28 І зараз разыйшлася слава аб ім па ўсей краіне Галілейскай.

29 І зараз, выйшаўшы з бажніцы, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя з Якубам 30 А цешча Сымонава ляжала ў гарачцы і зараз кажуць яму аб ей. 31 І падыйшоўшы, падняў яе, узяўшы яе за руку, і зараз-жа пакінула яе гарачка, і паслугавала ім.

32 Калі-ж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі да яго ўсіх нядужых і маючых д'ябэльства, 33 і быў сабраўшыся ўвесь горад каля дзьвярэй. 34 І аздаравіў многіх, каторыя былі мучаны рознымі хваробамі, і выганяў многа д'яблаў, і не пазваляў ім гаварыць, бо яны яго зналі.

35 І вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. 36 І пайшоў за ім Сымон і тыя, што з ім былі. 37 І калі знайшлі яго, сказалі яму "што ўсе цябе шукаюць". 38 І сказаў ім: Пойдзем у блізкія вёскі і гарады, каб і там мне навучаць, бо я на гэтае прыйшоў. 39 І быў навучаючы ў іхных бажніцах і ва ўсей Галілеі і выганяў д'яблаў.

40 І прыйшоў да яго пракажаны, просячы яго, і ўпаўшы на калені сказаў яму: Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. 41 Езус-жа, зжаліўся над ім, працягнуў руку сваю і, дакрануўшыся да яго, сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. 42 І калі сказаў, зараз-жа адыйшла ад яго праказа і быў ачышчаны. 43 І прыгразіў яму і зараз-жа адправіў яго 44 і сказаў яму: Глядзі, нікому не кажы, але ідзі пакажыся старшаму сьвятару і ахвяруй за сваё ачышчэньне, што загадаў Майсей на пасьведчаньне ім. 45 Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і пашыраць вестку, так што ўжо ня мог увайсьці ў горад, але прабываў на старане ў пустынных мясцох, і сходзіліся да яго адусюль.

 

 

-----------------------

Р. 1

1 Зараз на пачатку сваей эванэліі (добрай весткі) сьв. Марак выразна кажа, што ідзе гутарка аб Езусе Хрысьце, сапраўдным Сыне Божым. Сапраўднасьць Боства Е. Хрыста сьв. Марак выказвае на падставе многіх цудаў.

10 Магчыма, што ў вышэйшых сфэрах паветра сталіся нейкія зьмены і зьявы, дакананыя моцай Божай, каторыя рабілі выгляд адчыненьня неба, адкуль дахадзіў голас Божы.

12 На пустыню вядзе Езуса гэты самы Дух сьв., які зьявіўся над ім у часе хросту.

13 Пустыня гэта настолькі дзікая, што ня толькі тады, але і цяпер там водзіцца шмат розных зьвяроў, як лісіцы, ваўкі і гіены.

Пасьля спакушэньня прыступілі да Хрыста анёлы, каб яму аддаць чэсьць і быць на ягоных услугах.

22 У бажніцах кожную суботу вучыцялі Закону чыталі сьв. Пісаньне і зараз тлумачылі яго. Тлумачачы, яны ніколі не гаварылі ад уласнага імені, але паклікаліся на Майсея і прарокаў, або на слаўных вучоных у Законе. Езус-жа вучыў сваей уласнай павагай і ад свайго імені, як маючы ўладу, таксама ад уласнага імені даваў розныя загады.

25 Езус не хацеў пасьведчаньня ад д'яблаў аб сваім бостве і дзеля гэтага загадывае ім маўчаць.

32 Прынасілі хворых па захадзе сонца дзеля таго, што тады ўжо быў адыйшоўшы шабат і можна было насіць ношы.

33 Сьв. Марак часта ўспамінае аб выганяньні д'яблаў, каб гэтым падчыркнуць боскую моц Е. Хрыста.

40 Аб праказе гл. Мт. 8, 2.

43 Прыгразіў Езус пракажанаму, бо той не злажыў яшчэ ахвяры паводле Майсеявага Закону (Лев. 14. 1-32) і пакрыты праказаю, увайшоў у горад, што было забаронена.

45 Езус ня мог увайсьці адкрыта ў горад (г. зн. Капарнаум), бо адразу рабілася зборышча народу.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Далейшыя цуды Езуса Хрыста. Першыя спрэчкі з фарызэямі

2 Разьдзел.

1 І па днях ён ізноў увайшоў у Капарнаум, і пачулі, што ён ёсьць у доме. 2 І зыйшлося многа, так што не хватала месца нават каля дзьвярэй, і ён гаварыў да іх слова.

3 І прыйшлі да яго, нясучы спаралізаванага, якога нясьлі чатырох. 4 І ня могучы яго палажыць перад ім дзеля грамады, разабралі дах, дзе ён быў і зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложа, на каторым ляжаў спаралізаваны. 5 Калі-ж Езус убачыў іх веру, сказаў спаралізаванаму: Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае. 6 Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў, седзячы і думаючы ў сэрцах сваіх: 7 Што гэта ён гаворыць? Ён блюзьніць. Хто можа адпусьціць грахі, апрача аднаго Бога? 8 Езус, зараз пазнаўшы гэтае духам сваім, што яны гэтак у сабе, сказаў ім: Нашто вы гэта думаеце ў сэрцах вашых? 9 Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: "Адпушчаюцца табе грахі", ці сказаць: "Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі". 10 Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі - сказаў спаралізаванаму: 11 Табе кажу: Устань, вазьмі ложа тваё і ідзі ў дом твой. 12 І той зараз-жа ўстаў, і падняўшы ложа, пайшоў перад усімі, так што дзівіліся ўсе і славілі Бога, кажучы: Што ніколі мы гэтак ня бачылі.

13 І выйшаў ізноў да мора, а ўся грамада прыходзіла да яго і ён вучыў іх. 14 І праходзячы, угледзеў Левія Альфэявага, сядзячага пры мытніцы і сказаў яму: Ідзі за мною. І ён устаўшы, пайшоў за ім.

15 І сталася, калі сядзеў за сталом у ягоным доме, многа мытнікаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і вучнямі яго, бо іх многа было, што ішлі за ім. 16 А кніжнікі і фарызэі, бачачы, што ён еў з мытнікамі і грэшнікамі, казалі ягоным вучням: Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць і п'е ваш вучыцель? 17 Езус, пачуўшы гэтае, сказаў ім: Здаровым ня трэба лекара, але хворым, бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.

18 А вучні Яна і фарызэі пасьцілі. І прыйшлі і сказалі яму: Чаму вучні Янавы і фарызэявы посьцяць, а твае вучні ня посьцяць? 19 І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць вясельныя госьці пасьціць, пакуль з імі ёсьць малады? Пакуль яны маюць з сабою маладога, ня могуць пасьціць. 20 Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога і тады будуць пасьціць у гэныя дні.

21 Ніхто не прышывае латы з сырога сукна да старое адзежы, бо інакш новая лата адрывае ад старога і робіцца большая дзіра. 22 І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць. Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі.

23 І ізноў сталася, калі Пан праходзіў у суботу праз збожа і вучні ягоны пачалі ісьці і рваць каласы. 24 А фарызэі казалі яму: Вось што яны робяць у суботу, чаго ня можна. 25 І сказаў ім: Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і захацеў есьці сам і тыя, што з ім былі? 26 Як ён увайшоў у дом Божы за Абіятара, архісьвятара і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці, як толькі сьвятарам, і даў тым, што з ім былі? 27 І сказаў ім: Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы. 28 І так Сын чалавечы ёсьць панам так-жа і суботы.

 

 

-----------------------

Р. 2.

4 "Разабралі дах" гэта знача разабралі сталаваньне. Трэба ведаць, што ў Палестыне будавалі (і цяпер будуюць) дамы з роўным дахам, на гэты "дах" вядуць сходы, прыладжаныя звонку каля сьцяны дому; вось па гэтых сходах людзі ўзыйшлі на дах, разабралі сталаваньне з каменных пліт і паміж бэлькамі спусьцілі спаралізаванага проста да ног Езуса.

9 І адпусьціць грахі, і аздаравіць хворага - рэч трудная і магчымая толькі для Бога. Хрыстус робіць і адно і другое і гэтым паказвае, што ёсьць Богам.

10 Што значыць "Сын чалавечы" гл. Мт. 8, 20.

14 Левій зваўся яшчэ Матэуш. Два імёны ў жыдоў здараліся даволі часта.

15 Аб грэшніках глядзі Мт. 9, 10. Мытнікі і грэшнікі ішлі за Езусам, бо ён для іх быў добры і хацеў іх пацягнуць у каралеўства Божае.

21 Гл. Мт. 9, 17.

23 Гл. Мт. 12, 1. Права Майсея забараняла ў суботу сеяць і жаць, а фарызэі ў сваей рупнасьці ішлі яшчэ далей: яны забаранялі нават зрываць каласы. Хрыстус выказвае на прыкладзе Давіда, як трэба разумець сьвяткаваньне суботы.

27 Шабат устаноўлены для добра людзей, каб людзі маглі лепш і свабадней аддаць у гэты дзень чэсьць Богу.

26 Панам суботы быў Бог (Ягвэ), дык Хрыстус, кажучы, што ён ёсьць панам суботы, адзначае, што ён Сын Божы, роўны Богу. Аб належным сьвяткаваньні суботы Хрыстус часта вядзе гутаркі з фарызэямі і кніжнікамі, выказваючы іхныя памылковыя разуменьні сьвяткаваньня суботы.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Далейшыя спрэчкі з фарызэямі. Аздараўленьне сухарукага. Выбар апосталаў.

3 Разьдзел.

1 І ён увайшоў ізноз у бажніцу, і быў там чалавек, які меў сухую руку. 2 І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб абвінаваціць яго. 3 І сказаў чалавеку, маючаму сухую руку: Стань пасярэдзіне. 4 І сказаў ім: Ці дазволена ў суботу рабіць дабро, ці зло? Жыцьцё ратаваць, ці загубіць? А яны маўчалі. 5 І спаглянуўшы на іх з гневам, засмуціўшыся дзеля сьлепаты іхнага сэрца, сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму. 6 А фарызэі, выйшаўшы, зараз зрабілі нараду з гэрадыянамі проціў яго, як-бы яго загубіць.

7 Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў да мора і пайшла за ім вялікая грамада з Галілеі і Юдэі, 8 і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя што каля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што чыніў, прыйшлі да яго. 9 І сказаў вучням сваім, каб для яго была прыгатавана лодка, дзеля грамады, каб ня ціснулі яго. 10 Бо многіх аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб дакрануцца да яго. 11 І духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы: 12 Ты ёсьць Сын Божы. І многа ім гразіў, каб не выяўлялі яго.

13 І ўзыйшоўшы на гару, паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў і прыйшлі да яго. 14 І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім і каб паслаць іх на навучаньне. 15 І даў ім уладу аздараўляць немачы і выганяць д'яблаў. 16 І даў Сымону імя Пётр; 17 і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Боанэргэз, што значыць: Сыны грому; 18 і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матэуша, і Тамаша, і Якуба Альфэявага, і Тадэуша, і Сымона Канаанца, 19 і Юдаша Іскарыёта, каторы і выдаў яго.

20 І прыйшлі ў дом. І зыйшлася ізноў грамада, так што не маглі ані хлеба паесьці. 21 А калі пачулі сваякі, выйшлі, каб узяць яго, бо казалі, што ашалеў. 22 А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузаліму, казалі, што мае Бэльзэбуба і што ўладай д'ябэльскага князя выганяе д'яблаў. 23 І паклікаўшы іх, гаварыў да іх у прыповесьцях: Як-жа можа д'ябал д'ябла выганяць? 24 І калі каралеўства само ў сабе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць тое каралеўства. 25 І калі дом проціў сябе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць гэны дом. 26 А калі д'ябал паўстане сам проціў сябе, ён ёсьць разьдзяліўшыся, і ня зможа ўстаяць, але канец яму. 27 Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом дужага, разграбіць рэчы дужага, калі перш ня зьвяжа дужага і тады разграбіць ягоны дом. 28 Сапраўды кажу вам, што ўсе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзьнерствы, якімі-б яны блюзьнілі, 29 але хто-б блюзьніў проціў Духа Сьвятога, ня будзе мець адпушчэньня на векі, але будзе падлеглы вечнаму граху. 30 Затым што казалі: Ён мае нячыстага духа.

31 І прыйшлі матка ягона і браты, і стоячы на дварэ, паслалі да яго паклікаць яго. 32 А грамада сядзела каля яго. І сказалі яму: Вось матка твая і браты твае на дварэ шукаюць цябе. 33 І адказваючы ім, сказаў: Хто-ж мая матка і браты мае? 34 І спаглянуўшы на тых, што навакол яго сядзелі, сказаў: Вось матка мая і браты мае. 35 Бо хто-б чыніў волю Божую, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.

 

 

-----------------------

Р. 3.

4 Фарызэі не маглі заперачыць, што навука Хрыста аб сьвяткаваньні суботы правільная, але так-жа не хацелі прызнацца да сваіх памылак і затым маўчалі. Гл. Мт. 12, 12.

6 Гэрадыяны - гэта былі прыхільнікі дынастыі Гэрада В. і мелі вялікія ўплывы ў караля Галілеі, Гэрада Антыпы. Фарызэі ненавідзелі гэрадыян, але каб згубіць Езуса, уваходзяць у змову нават з сваімі ворагамі. Езус паходзіў з Назарэту, які быў пад уладай Гэрада Антыпы.

7 Мора Галілейскае г. зн. возера Гэнэзарэт.

12 Хрыстус забараняў духам нячыстым вяўляць яго п е р а д ч а с а м як Мэсыяша, каб гэтым не дражніць і не сьцягваць на сябе гневу ворагаў. Хрыстус не хацеў мець нічога супольнага з нячыстымі духамі і ня мог пазволіць, каб д'ябал, бацька ўсялякай ілжы, быў у ролі апостала і даваў пасьведчаньні аб ім.

14 Хрыстус вызначыў д в а н а ц ц а ц ь апосталаў, каб з а ў с ё д ы з ім прабывалі, бо дагэтуль апосталы не заўсёды былі пры Езусе, але адыходзілі да сваіх заняткаў.

21 Ворагі Хрыста распушчалі аб ім розныя весткі, так што нават сваякі Хрыстовы прыйшлі, каб узяць яго і завясьці назад у Назарэт і гэтым выратаваць ад прасьледу фарызэяў.

22 Тут выступаюць ужо і кніжнікі, якія прыйшлі аж з Ерузаліму, каб сьлядзіць за Езусам, а так-жа, каб паніжаць яго ў вачах народу.

27 Хрыстус паказвае тут, што ён перамог д'ябла, бо выганяе яго, пустошыць ягоны дом і ягонае каралеўства.

29 Гл. Мт. 12, 31.

30 Падаецца тут прыклад граху проціў Духа Сьвятога: фарызэі і кніжнікі ведалі, што д'ябал д'ябла не выганяе, аднак-жа гаварылі гэтак проціў усякай вачавіднасьці і свайму пракананьню. Дык грэх проціў Духа Сьв. - гэта сьведамае запярэчаньне ясна пазнанай праўды.

31 Аб "братох" Хрыстуса гл. Мат. 12. 12, 46. Дзеля натаўпу яны не маглі ўвайсьці ў дом, але стаялі на дварэ.

 

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Прыповесьць аб сяйбіце і іншыя падабенствы аб каралеўстве Божым

4 Разьдзел.

1 Ізноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася да яго вялікая грамада, так што ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада была на зямлі каля мора. 2 І навучаў іх многа ў прыповесьцях і казаў ім у сваей навуцы: 3 Слухайце! Вось выйшаў сяйбіт сеяць. 4 І калі ён сеяў, адно ўпала каля дарогі і прыляцелі птушкі нябесныя і зьелі яго. 5 А другое ўпала на месца камяністае, дзе ня мела многа зямлі, і зараз узыйшло, бо зямля была няглыбокая; 6 і калі ўзыйшло сонца, завяла, і дзеля таго што ня мела кораня, зсохла. 7 А іншае ўпала ў церні, і ўзыйшлі церні і заглушылі яго і не дало плоду. 8 А іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, каторы ўзыйшоў і рос - і адно прынясло трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто 9 І казаў: Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

10 І калі быў адзін, спыталіся ў яго тыя дванаццацёх, ўто з ім былі, аб прыповесьці. 11 І казаў ім: Вам дадзена пазнаць тайніцу каралеўства Божага, а для тых, каторыя ўвонках, усё адбываецца ў прыповесьцях, 12 каб "гледзячы глядзелі і ня бачылі, слухаючы слухалі і не разумелі; каб часам не навярнуліся і ня былі ім адпушчаны грахі" (Із. 6, 9-10).

13 І сказаў ім: Не разумееце гэтай прыповесьці? А якжа-ж вы зразумееце ўсе прыповесьці? 14 Той, хто сее, слова сее. 15 А тыя, што каля дарогі, дзе сеецца слова, гэта тыя, да каторых, як прачуюць, зараз прыходзіць д'ябал і забірае слова, якое было пасеена ў сэрцах іх. 16 І таксама і тыя, каторыя на месцы камяністым, яны як пачуюць слова, зараз-жа з радасьцяй прыймаюць яго, 17 але, ня маючы кораня ў сабе, яны ёсьць часовыя, потым, як падымецца ўцісьненьне і прасьлед дзеля слова, зараз горшацца. 18 І іншыя ёсьць, каторыя сеюцца ў цернях, гэта тыя, каторыя слухаюць слова, 19 але турботы сьвету і мана багацьця і іншыя пажаданьні, увайшоўшы, глушаць слова і стаецца бяз плоду. 20 А каторыя на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, каторыя слухаюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод, адно трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто.

21 І казаў ім: Ці-ж прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці-ж не на тое, каб паставіць яе на ліхтар? 22 Бо няма нічога скрытага, што-б ня выявілася, і нічога ня дзеецца тайнага, але каб выйшла наверх. 23 Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

24 І казаў ім: Глядзеце, чаго слухаеце! Якою меркаю вы адмерыце, такою і вам будзе адмерана і будзе вам дадзена. 25 Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, у таго будзе аднята і тое, што ён мае.

26 І казаў: Гэтак ёсьць з каралеўствам Божым, як калі-б чалавек укінуў насеньне ў зямлю, 27 ён і сьпіць і ўстае, уначы і ўдзень, а насеньне ўсходзіць і расьце, калі ён ня ведае. 28 Бо зямля сама з сябе прыносіць плод: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. 29 А калі дасьпее плод, зараз пушчае серп, бо прыйшло жніво.

30 І казаў: Да чаго ўпадобнім каралеўства Божае, або да якое прыповесьці прыраўнаем яго? 31 Як гарчычнае зерне, каторае, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншае за ўсякае насеньне, якое ёсьць на зямлі. 32 А калі пасеецца, узрастае і робіцца большым за ўсе гародніны і пускае вялікія галіны, так што пад ценем яго могуць жыць птушкі нябесныя.

33 І многімі такімі прыповесьцямі гаварыў да іх слова, наколькі яны маглі слухаць, 34 а бяз прыповесьці не гаварыў да іх. Асобна-ж вучням сваім выясьняў усё.

35 І ў той дзень, калі зрабілася позна, сказаў ім: Пераплывем на той бок. 36 І яны, адпрвіўшы народ узялі яго, так як быў, у лодцы; і былі з ім другія лодкі. 37 І ўзьнялася вялікая бура ветру і гнала хвалі на лодку, так што напаўнялася лодка. 38 А ён быў на задзе лодкі сплючы на падушцы. І збудзілі яго і кажуць яму: Вучыцель, ці-ж табе ня рупіць, што мы гінем? 39 І ўстаўшы, прыгразіў ветру і сказаў мору: Маўчы, сьціхні! І перастаў вецер і зрабілася вялікая цішыня. 40 І сказаў ім: Чаму вы баязьлівыя? І яшчэ ня маеце веры? І зьняў іх вялікі страх і гаварылі адзін да другога: Хто-ж гэта такі, што вецер і мора слухаюць яго?

 

 

-----------------------

Р. 4.

Тут гутарка аб "моры" (возеры) Галілейскім або Гэнэзарэт.

2 "Каторыя ўвонках" г. зн. каторыя па-за апосталамі. Гутарка тут аб жыдоўстве, якое асталося далёка ад навукі Хрыстовай. Для яго ўсё ў прыповесьцях, бо на болей не заслужылі.

12 Гл. выясьненьні Мт. 13, 15.

17 "Яны часовыя" г. зн. трываюць у добрым толькі да часу. "Горшацца" - тут у значэньні адпадаюць.

21 Гэтай сьвечкай тут ёсьць навука аб каралеўстве Божым, вылажаная ў прыповесьці аб сяйбіце.

22 Прынамся па сьмерці, у загробным жыцьці, усё таёмнае выявіцца.

24 Хто слухае і стараецца зразумець Божую навуку, той даходзіць да вялікіх ласкаў у Бога і Бог яму яшчэ з дабраты сваей дае болей, чым ён стараўся.

25 Гл. Мт. 13, 12.

29 У гэтай прыповесьці Езус рысуе пачатак, узрост і падзеі свайго Касьцёла, каторы не адразу зьяўляецца, але расьце, так як зерне, сілай моцы Божай.

32 Гл. Мт. 13, 32.

34 Аб іншых справах Хрыстус гаварыў адкрыта, ня ўжываючы прыповесьці, але аб каралеўстве Божым гаварыў у прыповесьцях, каб памалу прыгатаваць жыдоў да зразуменьня гэтага, якое яны разумелі ў сэнсе народна-палітычным, а не духовым.

38 Лодкі даўней, таксама як і цяпер, мелі часам лавачкі з падушкамі для лепшых гасьцей.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Езус аздараўляе апанаванага злым духам; жанчыну, якая цярпела на цеч крыві і ўскрашае дачку Яіра

5 Разьдзел.

1 І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў. 2 І калі ён выходзіў з лодкі, зараз-жа яго пераняў чалавек з грабоў, каторы меў нячыстага духа. 3 Ён меў памешканьне у грабох і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго зьвязаць, 4 бо часта будучы зьвязаны путамі і ланцугамі, рваў ланцугі і разьбіваў путы і ніхто ня мог супакоіць яго. 5 І заўсёды ўдзень і ўначы быў у грабох і горах, крычачы і б'ючы сябе каменьнямі. 6 Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму, 7 і крычачы вялікім голасам, сказаў: Што да табе да мяне Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Запрысягаю цябе Богам, каб ты мяне ня мучыў. 8 Бо ён яму казаў: Выйдзі, духу нячысты, з чалавека. 9 І пытаўся ў яго: Як тваё імя? І сказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа. 10 І вельмі прасіў, каб іх не выганяў з краіны. 11 А была там каля гары пасучыся вялікая стада сьвіней. 12 І прасілі таго духі, кажучы: Пусьці нас у сьвіньні, каб мы ў іх ўвайшлі. 13 І Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя духі ўвайшлі у сьвіньні і стада з вялікім разгонам кінулася з круцізны ў мора, каля дзьвюх тысяч, і патанулі ў моры. 14 А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі і далі знаць у горад і па палёх. І выйшлі, каб паглядзець, што сталася. 15 І прыйшлі да Езуса і ўбачылі гэнага, што быў апанаваны д'яблам, сядзячага, адзетага і пры здаровым розуме - і спалохаліся. 16 А тыя, што бачылі, расказалі ім, як сталася з тым, што меў д'ябэльства, і аб сьвіньнях. 17 І пачалі прасіць яго, каб адыйшоў з іх граніц.

18 Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны д'яблам, каб быць пры ім. 19 І не дапусьціў яго, але сказаў яму: Ідзі ў свой дом, да сваіх і паведамі іх, якія вялікія рэчы табе ўчыніў Пан і зжаліўся над табою. 20 І пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкаполі, якія вялікія рэчы ўчыніў яму Езус - і ўсе дзівіліся.

21 А калі Езус пераплыў на лодцы ізноў на другі бераг, зыйшлася да яго вялікая грамада; і быў ён каля мора. 22 І прыйшоў адзін з старшых над бажніцай, на імя Яір і, убачыўшы яго, упаў да ягоных ног, 23 і вельмі прасіў яго, кажучы: што дачка мая канае, прыйдзі, узлажы руку на яе, каб аздаравела і жыла. 24 І пайшоў з ім. І ішла за ім вялікая грамада і ціснулі яго.

25 А жанчына, каторая дванаццаць гадоў мела цеч крыві 26 і шмат перацярпела ад многіх дахтароў і ўсё сваё выдала і нічога её не памагло, але мелася яшчэ горай, 27 калі пачула аб Езусе, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася да адзежы ягонай; 28 бо казала: што калі толькі да адзежы ягонай дакрануся, буду здарова. 29 І зараз-жа высахла ў яе жарало крыві і пачула на целе, што аздаравела ад хваробы. 30 І зараз-жа Езус, пазнаўшы ў сабе моц, якая з яго выйшла, зьвярнуўшыся да народу, сказаў: Хто дакрануўся да маей адзежы? 31 І казалі яму ягоныя вучні: Відзіш грамаду, якая цісьне цябе і кажаш: "Хто да мяне дакрануўся?" 32 І паглядзеў навакол, каб пабачыць тую, што гэта зрабіла. 33 Жанчына-ж, спалохаўшыся і дрыжачы, ведаючы, што з ею сталася, прыйшла і ўпала перад ім і сказала ўсю праўду. 34 Ён-жа сказаў ей: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі і будзь здарова ад хваробы тваей.

35 Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: Што дачка твая памярла, нашто яшчэ турбуеш Вучыцеля? 36 Езус-жа, пачуўшы слова, якое было сказана, прамовіў да старшага над бажніцай: Ня бойся, толькі вер. 37 І не дапусьціў нікога ісьці з сабою, апроч Пятра, Якуба і Яна, Якубавага брата. 38 І прыйшлі ў дом старшага над бажніцай. І ўбачыў трывогу, і плачучых і галосячых моцна. 39 І ўвайшоўшы, сказаў ім: Чаго трывожыцеся і плачаце? Дзяўчына не ўмярла, але сьпіць. 40 І насьмяхаліся з яго. Ён-жа, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку і матку дзяўчыны, і тых, што з ім былі, і ўвайшоў, дзе ляжала дзяўчына. 41 І ўзяўшы руку дзяўчыны, сказаў ей: Таліта кумі, што значыць: Дзяўчына - табе кажу - устань. 42 І зараз-жа дзяўчына ўстала і хадзіла, а было ей дванаццаць гадоў. І астаўпянелі з вялікага дзіва. 43І загадаў ім моцна, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; і сказаў даць ёй есьці.

 

 

-----------------------

Р. 5

2 Марак (5, 1 - 20) і Лукаш (8, 26 - 39) расказваюць аб адным, апанаваным праз д'ябла, а Матэуш (8, 28 - 34) аб двух. У сапраўднасьці было іх двух, але толькі адзін потым хацеў далучыцца да Езуса.

12 - 13 Гл. выясьненьні Мт. 8, 34.

29 "Высахла ў яе жарало крыві" - г. зн. загаілася рана, адкуль ішла кроў.

30 Езус ставіць гэтае пытаньне, каб паказаць перад людзьмі веру гэтай жанчыны.

39 Гл. Мт. 9, 24.

43 Езус не хацеў, каб разглашалі гэты цуд, бо ўскрасеньне ўмерлых у вялікай колькасьці ня было мэтай прыходу Езуса на гэты сьвет. Не хацеў так-жа Езус дражніць сваіх ворагаў. Узяў аднак з сабою трох сваіх вучняў, каб праз іх пераказаць гэты цуд наступным пакаленьням.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Езус непрыняты ў Назарэце

6 Разьдзел.

1 І выйшаўшы адтуль, пайшоў у сваю бацькаўшчыну, і ішлі за ім ягоныя вучні. 2 І калі настала субота, пачаў вучыць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навкі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэтае? І што гэта за мудрасьць, якая яму дадзена, і такія цуды, якія дзеюцца праз ягоны рукі? 3 Ціж ён не рамесьнік, сын Марыі, брат Якуба, і Язэпа, і Юды, і Сымона? Ці-ж ня тут між намі і сёстры ягоныя? І горшыліся з яго. 4 І казаў ім Езус: Што прарок ня бывае без пашаны, апрача ў бацькаўшчыне сваей, і ўдоме сваім, і ў радні сваей. 5 І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі аздаравіў некалькіх хворых, узлажыўшы рукі. 6 І дзівіўся з недаверства іх. І хадзіў навакол па сёлах, навучаючы.

Разасланьне апосталаў

7 І паклікаў дванаццацёх і пачаў іх разсылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі. 8 І загадаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у паясе, 9 але каб былі абуўшыся ў сандалы, і каб не адзяваліся ў дзьве вопраткі. 10 І казаў ім: Дзе-колечы ўвойдзеце ў дом, там аставайцеся, пакуль ня выйдзяце адтуль. 11 І каторыя-б вас не прынялі, і ня слухалі вас, вы, выходзячы адтуль, абтрасеце пыл з вашых ног на пасьведчаньне ім. 12 І выйшаўшы, абвяшчалі, каб пакутавалі; 13 і выганялі многа д'яблаў, і многіх хворых памазвалі аліваю і аздараўлялі.

Сьмерць Яна Хрысьціцеля

14 І пачуў кароль Гэрад - бо імя ягонае сталася ведамае - і казаў: Што Ян Хрысьціцель устаў з умерлых і дзеля гэтага ў ім дзеюцца цуды. 15 Другія-ж казалі: Што гэта Гальяш. А іншыя казалі: Што гэта прарок, як-бы адзін з прарокаў. 16 Гэрад, пачуўшы аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, катораму я адсек галаву, ён устаў з умерлых.

17 Бо гэты Гэрад паслаў і ўзяў Яна і зьвязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрадыяды, жонкі свайго брата Філіпа, таму што быў узяўшы яе за жонку. 18 Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонку брата твайго. 19 А Гэрадыяда рабіла подступы проціў яго і хацела яго забіць, але не магла, 20 бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага і сьвятога, і сьцярог яго, дый слухаючы яго, шмат рабіў, і ахвотна слухаў яго.

21 І калі надарыўся адпаведны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і паном Галілеі. 22 І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрадыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду і тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе. 23 І прысягнуў ей: Што чаго-толькі папросіш, дам табе, хоць-бы палавіну каралеўства майго. 24 Тая, выйшаўшы, сказала матцы сваей: Чаго мне прасіць? А яна сказала: Галаву Яна Хрысьціцеля. 25 І калі зараз-жа ўвайшла з пасьпехам да караля, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты мне зараз даў на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля. 29 І засмуціўся кароль; дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, не хацеў яе засмуціць, 27 але паслаўшы ката, загадаў прынясьці галаву яго на талерцы. 28 І сьцяў яго ў вастрозе, і прынёс галаву яго на талерцы, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваей матцы. 29 Пачуўшы аб гэтым, вучні ягоны прыйшлі і ўзялі цела ягона і палажылі яго ў гробе.

Цудоўнае размнажэньне хлеба

30 І апосталы, зыйшоўшыся да Езуса, расказалі яму ўсё, што яны рабілі і чаго навучалі. 31 І сказаў ім: ідзеце асобна ў пустыннае месца і адпачыньце крыху. Бо многа было, што прыходзілі і адыходзілі, і ня мелі часу зьесьці. 32 І ўвайшоўшы ў лодку, адплылі асобна ў пустыннае месца. 33 І бачылі іх адплываючых і пазналі многія, і зьбегліся туды пехатою з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. 34 І выйшаўшы, Езус убачыў вялікую грамаду і зжаліўся над імі, бо былі як авечкі, ня маючыя пастыра. І пачаў іх навучаць многага.

35 І калі была ўжо позная гадзіна, падыйшлі вучні ягоны, кажучы: Пустыннае гэта месца і час ужо сходзіць, 36 пусьці іх, каб пайшоўшы ў найбліжэйшыя сялібы і вёскі, купілі сабе ежы, каб зьесьці. 37 І адказваючы, сказаў ім: Дайце вы ім есьці. І сказалі яму: Пайшоўшы купім за дзьвесьце дынараў хлеба і дамо ім есьці. 38 І сказаў ім: Сколькі маеце хлябоў? Ідзеце і паглядзеце. І калі даведаліся, сказалі: Пяць і дзьве рыбы. 39 І загадаў ім, каб разсадзілі ўсіх грамадамі на зялёнай траве. 40 І паселі радамі па сто і па пяцьдзесят. 41 І ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы і даваў вучням сваім, каб клалі перад імі; і дзьве рыбы падзяліў усім. 42 І елі ўсе і наеліся. 43 І набралі, што асталося ад кускоў і ад рыб дванаццаць поўных кашоў. 44 А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын.

Езус ходзіць па моры

45 І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсайды, пакуль ён адправіць народ. 46 І калі адправіў іх, пайшоў на гару маліцца. 47 І калі было позна, была лодка пасярэдзіне мора, а ён адзін на зямлі. 48 І бачачы іх, як яны працавалі вёсламі, (бо быў ім праціўны вецер), каля чацьвертай начной варты прыйшрў да іх, ідучы па моры - і хацеў іх мінуць. 49 Яны-ж, як убачылі яго ідучага па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі. 50 Бо ўсе бачылі яго і стрывожыліся. І зараз-жа загаварыў да іх і сказаў ім: Будзьце адважны, гэта я, ня бойцеся. 51 І ўвайшоў да іх у лодку, і перастаў вецер. І яшчэ болей дзівіліся ў сабе, 52 бо не зарзумелі аб хлябох, затым што сэрца іх было закамянелае.

53 І калі пераплылі, прыбылі ў зямлю Гэнэзарэцкую і прысталі да берагу. 54 Калі-ж выйшлі з лодкі, зараз-жа пазналі яго; 55 і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ложах тых, што дрэнна меліся, туды, дзе чулі, што ён ёсьць. 56 І куды-толькі ўваходзіў, у сёлы, ці ў мястэчкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і прасілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзежы ягонай. І сколькі дакранулася да яго, былі здаровы.

 

 

-----------------------

Р. 6.

1 "У сваю бацькаўшчыну" - г. зн. у Назарэт.

3 Гл. Мт. 13, 56.

5 "Ня мог" - гэта значыць не знайшоў там патрэбных варункаў у людзей, а перш за ўсё веры.

8 Кій на ўсходзе ёсьць заўсёдным таварышам у падарожы. Бяз кія ў даўжэйшую дарогу там ня выходзяць.

9 Сандалы былі абуткам людзей небагатых.

11 Што ласкай Бога і навукай яго ўзгардзілі.

20 Гэрад, будучы слабавольным, сам ад сябе не хацеў нічога дрэннага зрабіць Яну Хрысьціцелю, а нават яго паважаў.

26 Гл. Мт. 14, 9.

33 Пазналі па кірунку лодкі, куды Езус паплыў. Па сушы маглі скарэй дайсьці - "апярэдзіць", калі на возеры быў праціўны вецер.

37 Хрыстус хоча выпрабаваць веру апосталаў. 200 дынараў - гэта каля 400 зл.

48 "Каля чацьвертай начной варты" - г. зн. каля чацьвертай гадзіны нараніцы. Гл. Мт. 14, 25.

52 Апосталы не зарзумелі цудоўнага размнажэньня хлеба, як прыгатаваньня да ўстанаўленьня сьв. Эўхарыстыі. Яны хоць і глядзелі на цуды, але не разумелі іх значэньня.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Езус напамінае фарызэяў

7 Разьдзел.

1 І зыйшліся да яго фарызэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму. 2 І калі ўгледзелі, што некатрыя з ягоных вучняў ядзяць хлеб звычайнымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, зганілі. 3 Бо фарызэі і ўсе жыды, калі часта не памыюць рук, не ядзяць, трымаючыся ўстановы старшых. 4 І з рынку, калі не памыюцца, не ядзяць; і шмат чаго іншага ёсьць, што ім перададзена, каб трымацца: абмываньне кубкаў, і збанкоў, і мядзянай пасуды, і ложкаў. 5 І пыталіся ў яго фарызэі і кніжнікі: Чаму вучні твае не паступаюць паводле ўстановы старшых, але звычайнымі рукамі ядзяць хлеб? 6 А ён, адказваючы, сказаў ім: Добра прарочыў аб вас, крывадушных, Ізаій (29, 13), як напісана ёсьць: "Гэты народ паважае мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад мяне; 7 але дарма яны пакланяюцца мне, вучачы навук і прыказаньняў чалавечых". 8 Бо вы, пакідаючы прыказаньне Божае, трымаецеся ўстановы чалавечай, абмываньня збанкоў і кубкаў, і робіце шмат чаго іншага, падобнага да гэтага. 9 І казаў ім: Добра вы касуеце прыказаньне Божае, каб захаваць вашую ўстанову! 10 Бо Майсей сказаў: "Паважай бацьку твайго і матку тваю" і "Хто-б наругаўся бацьку або матцы, няхай сьмерцяй памрэ". 11 А вы кажаце: Калі-б чалавек сказаў бацьку або матцы: "Корбан (гэта значыць ахвяра) ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца" - 12 і ўжо не дапускаеце таму што-колечы рабіць для свайго бацькі або маткі, 13 касуючы слова Божае праз вашую ўстанову, якую вы ўстанавілі. І шмат падобнага да гэтага вы робіце.

14 І паклікаўшы ізноў грамаду, казаў ім: Паслухайце мяне ўсе і зразумейце. 15 Няма нічога звонку чалавека, што-б уваходзячы ў яго, магло яго зрабіць нячыстым; але тое, што з чалавека выходзіць, гэта ёсьць, што робіць чалавека нячыстым. 16 Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

17 І калі ад грамады ўвайшоў у дом, пыталіся ў яго вучні ягоны аб прыповесьці. 18 І сказаў ім: Так і вы неарзумныя? Ці-ж не разумееце, што ўсё ўваходзячае ў чалавека звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым? 19 Бо не ўваходзіць у ягонае сэрца, але ідзе ў жывот і выходзіць вон, ачышчаючы ўсякую ежу. 20 І казаў, што тое, што з чалавека выходзіць, тое робіць чалавека нячыстым. 21 Бо з нутра, з чалавечага сэрцы выходзяць благія думкі, чужалоствы, распуста, забойствы, 22 зладзействы, прагавітасьці, злосьці, здрада, бязстыднасьці, злое ока, блюзьнерства, гордасьць, дурнота. 23 Усё гэтае благое з нутра выходзіць і робіць чалавека нячыстым.

Езус і канаанская жанчына

24 І ўстаўшы, пайшоў адтуль у граніцы Тыру і Сыдону. І ўвайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто ня ведаў, ды ня мог утаіцца. 25 Бо зараз-жа жанчына, якое дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб ім, прыйшла і ўпала да ягоных ног, 26 бо была яна жанчына паганская, радам Сырафэнікіянка, і прасіла яго, каб выгнаў д'ябла з дачкі яе. 27 Ён сказаў ей: Дай перш наесьціся дзецям, бо ня добра браць хлеб дзяцей і кідаць сабакам. 28 А яна адказала і сказала яму: Так, Пане, але-ж і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей. 29 І сказаў ей: Дзеля гэтых слоў ідзі, выйшаў д'ябал з тваей дачкі. 30 І калі яна прыйшла ў свой дом, знайшла дзяўчыну ляжачую на ложку і што д'ябал выйшаў.

Аздараўленьне глуханямога

31 І выйшаўшы ізноў з граніц Тыру, прыйшоў праз Сыдон да Галілейскага мора пасярод граніцаў Дэкапольскіх. 32 І прывялі да яго глухога і нямога, і прасілі яго, каб узлажыў на яго руку. 33 І ўзяўшы яго на бок ад грамады, узлажыў пальцы свае ў ягоныя вусны і, плюнуўшы, дакрануўся да языка яго, 34 і ўзглянуўшы ў неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффэта, што значыць: адчыніся. 35 І зараз-жа адчыніліся вушы ягоны, і разьвязалася вязь языка ягонага і гаварыў добра. 36 І загадаў ім, каб нікому не казалі. Але чым болей ён ім загадываў, тым болей славілі 37 і тым болей дзівіліся, кажучы: Добра ўсё зрабіў: і глухіхі зрабіў, што чуюць, і нямых, што гавораць.

 

 

-----------------------

Р. 7.

2 Гл. Мт. 15, 2. Жыды перад ядою рабілі рытуальнае абмываньне, чаго не рабілі вучні Хрыстовы.

4 "Вярнуўшыся з рынку", жыды без рытуальнага абмыцьця ня елі.

9 "Добра касуеце" тут у значэньні "добра абмінаеце", "добра зносіце". Гл. Мт. 15, 3.

22 "Злое вока" тут азначае завіднасьць; "неразумнасьць" азначае бязбожную дурнату, якою азначалі ў Ст. Законе людзей сапсутых, якія жывуць бяз Бога ў сэрцы.  

24 Хрыстус пайшоў туды ня дзеля абвяшчаньня слова Божага і затым не хацеў выяўляцца, але слава аб ім ужо прыйшла і туды.

27 Езус не адкідае цалком яе просьбы, але толькі адзначае, што трэба даць наесьціся сьпярша дзецям г. зн. жыдом, а потым ужо паганам. Гл. Мт. 15, 24 - 26.

33 Узяў яго на бок ад грамады мусіць дзеля таго, каб ня было лішняга розгаласу. Так Езус рабіў і ў іншых выпадках. (Гл. Мк. 5, 27; 8, 23).

34 Гэтыя знакі мелі прабудзіць і павялічыць веру ў таго чалавека. І цяпер пры хросьце сьвятар выгаварвае гэтыя словы Хрыстуса "Эффэта".

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Другое размнажэньне хлеба

8 Разьдзел.

1 У тыя дні ізноў, як была вялікая грамада, і ня мелі чаго есьці, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: 2 Шкада мне грамады, бо вось ужо тры дні трываюць пры мне і не маюць чаго есьці. 3 І калі пушчу іх галодных дамоў, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх здалёку прыйшлі. 4 І адказалі яму ягоныя вучні: Скуль мог-бы хто накарміць іх хлебам тут у пустыні? 5 І спытаўся ў іх: Колькі хлябоў маеце? Яны сказалі: Сем. 6 І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі. І ўзяўшы сем хлябоў, учыніўшы падзяку, ламаў, і даваў вучням сваім, каб раздавалі, і раздавалі грамадзе. 7 І мелі некалькі рыбак, і іх багаславіў і загадаў раздаць. 8 І елі, і наеліся, і набралі, што асталося з кавалкаў, сем кашоў. 9 А тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.

Езус прасьцерагае праз кісьляй фарызэяў

10 І зараз увайшоўшы ў лодку са сваімі вучнямі, прыбыў у староны Дальмануцкія. 11 І выйшлі фарызэі і пачалі з ім спрачацца, дамагаючыся ад яго знаку з неба, спакушаючы яго. 12 І ўздыхнуўшы ў душы, сказаў: Нашто гэты род дамагаецца знаку? Сапраўды кажу вам, ня будзе дадзены знак гэтаму роду.

13 І адправіўшы іх, увайшоў ізноў у лодку і палыў на другі бок. 14 І забыліся ўзяць хлеба, і ня мелі з сабой у лодцы, апрача аднэй булкі хлеба. 15 І загадаў ім, кажучы: Глядзеце ды сьцеражэцеся кісьлі фарызэяў і кісьлі Гэрада. 16 І разважалі паміж сабою, кажучы: Што ня маем хлеба. 17 Пазнаўшы гэтае, Езус сказаў ім: Што вы думаеце, што хлеба ня маеце? Ці-ж яшчэ ня ведаеце і не разумееце? Ці яшчэ маеце закамянелае сэрца вашае? 18 Маючы вочы, ня бачыце і маючы вушы, ня чуеце? І ня помнеце, 19 калі я пяць хлябоў паламаў на пяць тысячаў, колькі вы поўных кашоў набралі кавалкаў? Кажуць яму: Дванаццаць. 20 А калі сем хлябоў на чатары тысячы, колькі кашоў кавалкаў вы набралі? І кажуць яму: Сем. 21 І сказаў ім: Якжа-ж яшчэ не разумееце?

Аздараўленьне сьляпога

22 І прыйшлі ў Бэтсайду. І прывялі да яго сьляпога і прасілі яго, каб дакрануўся да яго. 23 І ўзяўшы за руку сьляпога, вывеў яго за сяло і, плюнуўшы на вочы ягоныя, узлажыўшы свае рукі, пытаўся ў яго, ці што бачыць? 24 А ён, гледзячы, сказаў: Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць. 25 Потым ізноў узлажыў рукі на вочы ягоны і ён пачаў відзець. І аздароўлены быў так, што бачыў усё ясна. 26 І паслаў яго ў ягоны дом, кажучы: Ідзі ў дом твой, і калі ўвойдзеш у сяло, нікому не кажы.

Пётр прызнае Езуса за Мэсыяша. Езус прадказвае сваю муку

27 І пайшоў Езус і вучні ягоны ў сёлы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы ім: За каго мяне маюць людзі? 28 Яны адказалі яму, кажучы: За Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, а іншыя як за аднаго з прарокаў. 29 Тады сказаў ім: А вы за каго мяне маеце? Адказваючы Пётр сказаў яму: Ты ёсьць Хрыстус. 30 І прыгразіў ім, каб нікому не казалі аб ім.

31 І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын чалавечы многа цярпеў і быў адкінуты старшымі і кніжнікамі і архісьвятарамі і кніжнікамі і быў забіты і пасьля трох дзён уваскрэснуў. 32 І гаварыў слова адкрыта. І ўзяўшы яго Пётр, пачаў дакараць яму. 33 А ён абярнуўшыся і бачачы вучняў сваіх, прыгразіў Пятру, кажучы: Адыйдзі ад мяне, шатане, бо не разумееш, што ёсьць Божае, але што чалавечае.

34 І паклікаўшы грамаду, разам з сваімі вучнямі, сказаў ім: Калі хто хоча ісьці за мною, няхай адрачэцц ад самога сябе, і няхай возьме крыж свой і ідзе за мною. 35 Бо хто-б хацеў зьберагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-ю загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне і эванэліі, зьберажэ яго. 36 Бо якая карысьць чалавеку, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а душы сваей пашкодзіў? 37 Або што дасьць чалавек узамен за душу сваю? 38 Бо хто-б паўстыдаўся і слоў маіх паміж гэтым распусным і грэшным народам, паўстыдаецца яго і Сын чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца свайго з анеламі сваімі. 39 І казаў ім: Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць каралеўства Божага, прыходзячага ў моцы.

 

 

-----------------------

Р. 8.

12 "Род" азначае тут фарызэяў.

15 Кісьля фарызэяў - гэта іх крывадушная і нездаровая для душы навука, а кісьля Гэрада - гэта дух гэтага сьвету, які загадывае быць пышным, карысталюбівым, срогім і няміласэрным.

23 І тут Езус выводзіць сьляпога за сяло, бо ня хоча розгаласу. Езус чыніў цуды ня дзеля сваей славы, але каб прабудзіць у людзях веру, а хворым аказаць помач.

30 Гл. Мт. 16, 20. 32 Гл. Мт. 16, 22 - 23.

34 Крыж г. зн. усе цярпеньні, якія Бог зсылае на чалавека.

39 Гл. Мт. 16, 28.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Перамяненьне Езуса Хрыста

9 Разьдзел.

1 І пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, і Якуба, і Яна і завёў іх адных на высокую гару асобна. І перамяніўся перад імі. 2 І зрабілася адзежа ягоная ясная і вельмі белая, як сьнег, якое бялільнік на зямлі ня можа выбяліць. 3 І зьявіўся ім Гальяш з Майсеем, і гаварылі з Езусам. 4 І азваўшыся Пётр сказаў Езусу: Вучыцель, добра нам тут быць, і зрабем тры палаткі: табе адну, і Майсею адну, і Гальяшу адну. 5 Бо ён ня ведаў, што гаварыў, таму што былі перапужаўшыся са страху. 6 І паўстаў воблак, каторы іх ахінуў, і выйшаў голас з воблака, кажучы: Гэта Сын мой наймілейшы, яго слухайце. 7 І зараз, аглянуўшыся кругом, нікога больш ня ўбачылі, апроч толькі Езуса з сабою. 8 І калі яны зыходзілі з гары, загадаў ім, каб нікому не расказвалі, што яны бачылі, аж пакуль Сын чалавечы не ўваскрэсьне з умерлых. 9 І затрымалі слова пры сабе, пытаючыся паміж сабою, што значыць: "Калі ўваскрэсьне з умерлых". 10 І пыталіся ў яго, кажучы: Дык што-ж фарызэі і кніжнікі кажуць, што перш павінен прыйсьці Гальяш? 11 Ён адказваючы, сказаў ім: Гальяш, прыйшоўшы перш, наладзіць усё; а як-жа напісана ёсьць аб Сыне чалавечым, каб многа перацярпеў і быў узгарджаны? 12 Але кажу вам, што прыйшоў і Гальяш, і зрабілі яму, што хацелі, так як напісана аб ім.

Аздараўленьне лунатыка

13 І прыйшоўшы да вучняў сваіх, убачыў вялікую грамаду каля іх і кніжнікаў, спорачых з імі. 14 І зараз увесь народ, угледзеўшы Езуса, зьдзівіўся, і спужаліся, і прыбегшы, віталі яго. 15 І спытаўся ў іх: Аб чым вы паміж сабою спорыце? 16 І адказваючы адзін з грамады сказаў: Вучыцель, я прывёў да цябе майго сына, які мае нямога духа, 17 каторы дзе ня схопіць яго, б'е яго аб зямлю, і пеніцца, і скрыгоча зубамі, і сохне. І я казаў тваім вучням, каб выгналі яго, і не маглі. 18 Ён, адказваючы ім, сказаў: О народзе няверны, дакуль-жа я буду ў вас? Дакуль буду вас цярпець? Прывядзеце яго да мяне.

19 І прывялі яго. І калі ўбачыў яго, зараз-жа дух затрос яго і ўпаўшы на зямлю, качаўся, панячыся. 20 І спытаўся ў ягоанаг бацькі: Сколькі часу, як гэта з ім здарылася? А ён сказаў: Ад дзяцінства, 21 і часта кідаў яго ў вагонь і ў ваду, каб яго загубіць; але калі што можаш, памажы нам, зжаліўшыся над намі. 22 Езус-жа сказаў яму: Калі можаш верыць усё магчыма для веручага. 23 І зараз ускрыкнуўшы бацька хлопца сказаў са слязьмі: Веру, Пане, памажы маей няверы! 24 І калі ўбачыў Езус грамаду, што зьбяглася, прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: Глухі і нямы духу, я загадываю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго! 25 І закрычаўшы і моцна яго страсануўшы, выйшаў з яго; і зрабіўся як нежывы, так што многія гаварылі: Што памёр. 26 Езус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў. 27 І калі ўвайшоў у дом, вучні ягоны пыталіся ў яго асобна: Чаму мы не маглі выгнаць яго? 28 І сказаў ім: Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост.

Езус другі раз прадказвае сваю муку. Навукі адносна пакоры, памяркоўнасьці. Прасьцярога прад згаршэньнем.

29 І выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і не хацеў, каб хто ведаў. 30 А навучаў вучняў сваіх і казаў ім: Што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей, і заб'юць яго, і забіты на трэці дзень уваскрэсьне. 31 Але яны не разумелі слова і баяліся ў яго пытацца.

32 І прыйшлі ў Капарнаум. Калі яны былі ў доме, спытаўся ў іх: Аб чым вы ў дарозе гаварылі? 33 Але яны маўчалі, бо ў дарозе яны паміж сабою спрачаліся, хто з іх большы? 34 І сеўшы паклікаў дванаццацёх і сказаў ім: Калі хто хочы быць першым, будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх.35 І ўзяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх і абняўшы яго, сказаў ім: 36 Хто прыйме аднаго з гэтакіх дзяцей у імя маё, не мяне прыймае, але таго, хто паслаў мяне.

37 Адказаў яму Ян, кажучы: Вучыцель, мы бачылі нейкага, што ў імя тваё выгяняў д'яблаў, ён ня ходзіць за намі і мы яму забаранілі. 38 Езус-жа сказаў: Не забараняйце яму; бо няма нікога, хто-б чыніў у імя маё цуды і мог-бы зараз дрэнна аба мне гаврыць. 39 Бо хто ня проціў вас, той за вас. 40 Бо хто-б даў вам напіцца кубак вады ў імя маё, затым што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць сваей нагароды. 41 А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, якія вераць у мяне, лепш яму было-б, каб прывязалі млынавы камень за шыю яго і кінулі ў мора. 42 І калі горшыць цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, чым маючы дзьве рукі ісьці ў пекла, у вагонь неўгасаючы, 43 дзе дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае. 44 І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгаваму ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы дзьве нагі быць укінутым у пекла няўгаснага агню, дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае. 46 Калі-ж вока тваё горшыць цябе, вырві яго; лепш табе аднавокім увайсьці ў каралеўства Божае, чым маючы двое вачэй быць кінутым у пекла вагню, 47 дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае. 48 Бо кожны будзе агнём пасолены, кожная ахвяра будзе сольлю пасолена. 49 Соль добрая рэч; але калі соль будзе несалёная, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце паміж сабою.

 

 

-----------------------

Р. 9

12 І Гальяш дзеля справы Божай многа пацярпеў, так як і Ян Хрысьціцель.

14 Народ сьпярша спужаўся, што езус так неспадзявана зьявіўся, быццам пакліканы некім, але потым з радасьцяй вітае Езуса.

23 З гэтага відаць, што бацька ня меў сільнае веры, але адчуваў гэтае і прасіў, каб Езус памог яму сваей ласкай.

28 Паводле многіх Айцоў Касьцёла і пісьменьнікаў, д'яблы розьняцца паміж сабою злосьцяй. Вось гэты род д'яблаў найгоршых ня можа быць выгнаны інакш, як толькі малітваю і постам.

29 Хрыстус ня хоча, каб хто ведаў, дзе ён ёсьць і скрываецца ўжо перад фарызэямі і гэрадыянамі, якія хочуць яго забіць. Гэты час пасьвячае навучаньню сваіх апосталаў.

31 Вучні баяліся яго пытацца, бо людзі наагул ня хочуць глядзець праўдзе ў вочы, асабліва калі гэта праўда няпрыемная і ня хочуць верыць, што прыйдзе няшчасьце.

34 Хрыстус не адкідае тут гіерахіі і старшынства, толькі самой аснове старшынства хоча даць іншага духа. Старшы павінен працаваць для ўсіх, якія знаходзіцца пад яго ўладай.

39 Словы гэтыя адносяцца да таго часу, калі фарызэі і кніжнікі пачалі выступаць проціў Езуса. У той час, хто не выступаў проціў Езуса, мог быць уважаны за прыяцеля. Другім разам і ў іншых абставінах Езус сказаў зусім інакш: "Хто не са мною, той проціў мяне" (Мт. 12, 30; Лук. 11, 23), але ў сапраўднасьці як там так і тут выражана адна думка, толькі ў іншай форме: чалавек, каторы не працуе для справы Божай, робіцца праціўнікам Божым.

40 Ніводзен, нават дробны добры ўчынак, зроблены дзеля Хрыста, не астанецца без нагароды.

42 Гл. Мт. 5, 29.

43 Чарвяк, які точыць душы асуджаных на пякельны агонь, азначае тут згрызоты сумленьня, якія не даюць спакою ў пекле.

48 Кожны чалавек будзе праняты, як-бы пасолены агнём цярпеньня і болю, каб быць прыемным Богу.

У Ст. Законе (Лев. 2, 23) быў загад саліць кожную ахвяру, якую складалі Богу, бо соль ёсьць знакам трывалкасьці і несапсутасьці. Такая "соленая" ахвяра ўважалася за мілую Богу. Таксама і чалавек, каб стацца мілым Богу, повінен быць "пасолены" цярпеньнем і самахвярай.

49 І да згоднага жыцьця патрэбна "соль" самаадрачэньня і любові бліжняга.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Неразрыўнасьць жанімства

10 Разьдзел.

1 І адтуль, устаўшы, прыйшоў за Ярданам у граніцы Юдэі. І зыйшліся ізноў да яго грамады, і ён, як меў звычай, ізноў навучаў іх. 2 І прыступіўшы фарызэі пыталіся ў яго, прабуючы яго: Ці можна мужу пакінуць жонку? 3 А ён адказваючы, сказаў ім: Што вам загадаў Майсей? 4 Яны сказалі: Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць. 5 Езус, адказваючы ім, сказаў: Дзеля закамянеласьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты загад; 6 але на пачатку стварэньня Бог учыніў іх мужчынай і жанчынай. 7 "Дзеля гэтага чалавек пакіне бацьку свайго і матку і прыстане да жонкі сваей; 8 і будуць двое ў вадным целе. І так ужо ня два, але адно цела" (Гэн. 2, 24). 9 Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае. 10 І ў доме ізноў спыталіся ў яго вучні ягоны аб гэтым-жа. 11 І сказаў ім: Хто-б пакінуў жонку сваю і ўзяў другую, дапускаецца чужалоства адносна яе. 12 І калі-б жонка пакінула свайго мужа і выйшла за другога, чужаложыць.

Езус багаславіць дзяцей. Багаты дзяцюк

13 І прыносілі да яго дзяцей, каб ён дакрануўся да іх, а вучні сварыліся на іх, што прыносілі. 14 Калі ўгледзеў іх Езус, неахвотна знёс і сказаў ім: Дазвольце дзеткам прыходзіць да мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць каралеўства Божае. 15 Сапраўды кажу вам: Хто-б ня прыняў каралеўства Божага, ня ўвойдзе ў яго. 16 І абыймаючы іх і кладучы на іх рукі, багаславіў іх.

17 І калі выйшоў у дарогу, нехта прыбегшы і ўпаўшы перад ім на калені, пытаўся ў яго: Вучыцелю добры, што мне рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае? 18 Езус-жа сказаў яму: Што ты завеш мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. 19 Ведаеш прыказаньні: Не чужалож, не забівай, не крадзі, не гавары фальшывага сьведчаньня, не рабі ашуканства, паважай твайго і матку. 20 А ён адказваючы сказаў яму: Вучыцель, гэтага ўсяго я пільнаваўся ад моладасьці маей. 21 Езус-жа, паглядзеўшы на яго, узлюбіў яго і сказаў яму: Аднаго табе не стае: ідзі, прадай, што маеш і дай убогім і будзеш мець скарб у небе, ды прыходзь, ідзі за мною. 22 Той, засьмуціўшыся дзеля слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікія маемасьці. 23 І глянуўшы навакол, Езус сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў каралеўства Божае! 24 Вучні-ж вельмі зьдзівіліся са слоў яго. Але Езус ізноў адказваючы сказаў ім: Дзеткі, як цяжка тым, што маюць надзею ў грашах, увайсьці ў каралеўства Божае. 25 Лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха ігольнае, чым багатаму ўвайсьці ў каралеўства Божае. 26 Яны тым болей дзівіліся, гаворачы самі да сябе: І хто-ж можа збавіцца? 27 А Езус, паглядзеўшы на іх, сказаў: Немагчыма ў людзей, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма. 28 І пачаў яму Пётр гаварыць: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою. 29 Езус адказваючы сказаў: Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто-б пакінуў дом, або сёстраў, або бацьку, або матку, або дзяцей, або поле дзеля мяне і дзеля эванэліі, 30 які-б не атрымаў у сто раз столькі цяпер, у гэтым часе, дамоў, і братоў, і сёстраў, і матак, і дзяцей, і палёў з прасьледамі, а ў будучым веку жыцьцё вечнае. 31 А многа першых будуць апошнімі, а апошніх першымі.

Езус трэці раз прадказвае сваю муку. Просьба сыноў Зэбэдэявых. Аздараўленьне сьляпога Бартымея

32 Былі-ж яны ў дарозе, ідучы ў Ерузалім. І Езус ішоў перад імі, а яны вельмі дзівіліся і, ідучы ззаду, баяліся. І ўзяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з ім мела стацца. 33 Што вось ідзём у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы архісьвятарам і кніжнікам і старшым, і асудзяць яго на сьмерць, і выдадуць яго паганам; 34 і будуць зьдзекавацца над ім, і будуць пляваць на яго, і будуць бічаваць яго, і заб'юць яго, і на трэці дзень уваскрэсьне.

35 І прыступілі да яго Якуб і Ян, сыны Зэбэдэявы, кажучы: Вучыцель, мы хочам, каб што-колечы будзем прасіць, ты зрабіў нам. 36 А ён сказаў ім: Што вы хочаце, каб я вам зрабіў? 37 І сказалі: Дай нам, каб мы сядзелі адзін па тваей правай, а другі па тваей левай руцэ ў славе тваей. 38 Езус-жа сказаў ім: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці вы можаце піць келіх, які я піў, або быць ахрышчанымі хростам, якім я хрысьціўся. 39 Яны-ж сказалі яму: Можам. А Езус сказаў ім: Келіх, які я піў, то вы піць будзеце, і хростам, якім я хрысьціўся, будзеце ахрышчаны; 40 але сядзець па правай руцэ маей або па левай не мая справа даць вам, але каму прыгатавана.

41 І пачуўшы дзесяцёх пачалі абурацца на Якуба і Яна. 42 Езус-жа, пакілкаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца валадарамі народаў, пануюць над імі, і іх князі маюць над імі ўладу. 43 А паміж вамі ня так; але хто-б хацеў быць большым, будзе вашым слугою; 44 і хто-б хацеў быць першым між вамі, будзе слугою ўсіх. 45 Бо і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.

46 І прыйшлі ў Ерыхон. І калі ён выходзіў з Ерыхону і ягоныя вучні і вялікая грамада, сядзеў каля дарогі жабруючы сьляпы Бартымэй, сын Тымэя. 47 Ён, калі пачуў, што ёсьць Езус Назарэнскі, пачаў крычаць і казаць: Езусе, сыне Давіда, зжалься нада мною! 49 І Езус стаўшы загадаў паклікаць яго. І клікнулі яго, кажучы яму: Надзейся, устань, кліча цябе. 50 Ён, пакінуўшы сваю вопратку ускочыўшы, прыйшоў да яго. 51 І адказваючы Езус сказаў яму: Што хочаш, каб я табе зрабіў? А сьляпы сказаў яму: Вучыцель, каб мне відзець. 52 Езус-жа сказаў яму: ідзі, вера твая зрабіла цябе здаровым. І зараз-жа відзеў і пайшоў за ім дарогаю.

32 Вучні ведалі, якая ненавісьць з боку фарызэяў і кніжнікаў чакала на Езуса ў Ерузаліме і дзеля гэтага дзівіліся, што Езус ішоў у Ерузалім і баяліся.

 

 

-----------------------

Р. 10. 9 Гл. Мт. 19, 7.

12 Разыход мужа і жонкі ў выпадку чужалоства і цяпер дазволены (сэпарацыя), толькі новай сувязі яны рабіць ня маюць права, бо тады чужаложаць. Хрыстус тут моцна падчырківае гэтае права Нов. Закону.

17 Гэта быў багаты дзяцюк, аб каторым у Мт. 19, 16 - 30.

21 Гэты ласкавы пагляд Езуса на таго дзяцюка быў доказам, што дзяцюк праўдк казаў і сапраўды вёў добрае і справядлівае жыцьцё.

24 Ня так грошы, як прывязаннасьць да іх ёсьць перашкодай на дарозе да неба.

25 Гл. Мт. 19, 24.

30 "Устораз столькі" - азначае тут, што Бог нагародзіць чалавека шмат цэньнейшымі дарамі за ўсе ахвяры, якія ён зрабіў для Бога. Нават каліб здарыліся і прасьледы, то ўсёжтакі дары Божыя будуць бальшымі за ахвяры людзкія.

31 Многа "першых" г. зн. жыдоў, якія першыя былі пакліканы да каралеўства Божага, будуць апошнімі, а пагане - першымі.

38 Келіхам і хростам заве Езус тут сваю муку. Гл. Мт. 20, 21 і наступн.

 

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


ІІ ЧАСЬЦЬ. АПОШНІЯ ДНІ І МУКА ЕЗУСА ХРЫСТА

Трыумфальны ўезд у Ерузалім

11 Разьдзел.

1 І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і Бэтаніі, каля Аліўнай гары, паслаў двух сваіх вучняў 2 і сказаў ім: Ідзеце ў сяло, што перад вамі, і зараз уваходзячы туды, знойдзеце прывязанае асьлянё, на каторым ніхто з людзей яшчэ не сядзеў: адвяжэце яго і прывядзеце. 3 А калі-б вам хто сказаў: Што робіце? - скажэце, што яно патрэбнае Пану, і зараз пусьціць яго сюды. 4 І пайшоўшы знайшлі асьлянё, прывязанае перад варотамі на вуліцы, пры скрыжаваньні дарог, і адвязалі яго. 5 А некаторыя з стаячых тамака сказалі ім: Што вы робіце, адвязваючы асьлянё? 6 Яны сказалі ім, як ім быў загадаў Езус, і пусьцілі ім. 7 І прывялі асьлянё да Езуса, і ўзлажылі на яго сваё адзеньне, і сеў на яго. 8 Многія-ж слалі сваё адзеньне на дарозе, а іншыя зрэзвалі галіны з дрэваў і слалі на дарозе. 9 І каторыя ішлі наперадзе і каторыя ішлі ззаду, крычалі, кажучы: Госанна! 10 Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана! Багаслаўленае, што надыходзіць, каралеўства айца нашага Давіда! Госанна на вышынах!

11 І ўвайшоў у Ерузалім у сьвятыню, і агледзеўшы ўсё, калі ўжо была позная гадзіна, выйшаў у Бэтанію з дванаццацьма.

Пракляцьце фігавага дзерава (Вялікі панядзелак)

12 А на другі дзень, калі выйшлі з Бэтаніі, захацеў есьці. 13 І калі ўгледзеў здалёк фігу, маючую лісьце, падыйшоў, мо часам што знойдзе на ей. І калі падыйшоў да яе, нічога не знайшоў, апроч лісьця, бо ня час быў на фігі. 17 І адазваўшыся сказаў ей: Няхай ужо болей ніхто ня есьць з цябе плоду навекі! І чулі вучні ягоны.

15 І прыйшлі ў Ерузалім. І калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні, і абярнуў сталы мяняльнікаў і столікі тых, што прадавалі галубы; 16 і не пазваляў, каб хто насіў праз сьвятыню (якую) рэч. 17 І навучаў, кажучы ім: Ці не напісана, што "дом мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў". А вы зрабілі яго пячэрай разбойнікаў. 18 Пачуўшы гэтае, архісьвятары і кніжнікі шукалі, як-бы загубіць яго, бо яны баяліся яго, таму што ўся грамада дзівілася з навукі ягонай.

19 І калі настаў вечар, выходзіў з гораду.

20 І калі раніцай праходзілі міма, убачылі фігу зсохшую ад карэньня. 21 І ўспомніўшы Пётр сказаў яму: Вучыцель, вось фіга, каторую ты пракляў, зсохла. 22 І адказваючы Езус сказаў яму: Мейце веру Божую. 23 Сапраўды кажу вам, што хто-б сказаў гэтай гарэ: "Узьніміся і кінься ў мора", і не сумневаўся-б у сэрцы сваім, але верыў, што станецца, што-толькі ён скажа, станецца яму. 24 Дзеля гэтага кажу вам: усё, чаго-толькі молячыся просіце, верце, што атрымаеце і збудзецца вам. 25 І калі станеце на малітву, адпусьцеце, калі што маеце проціў каго, каб і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, адпусьціў вам грахі вашы. 26 Калі-ж вы не адпусьціце, і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, не адпусьціць вам грахоў вашых.

27 І прыйшлі ізноў у Ерузалім. І калі хадзіў у сьвятыні, прыступілі да яго архісьвятары і кніжнікі і старшыя, 28 і казалі яму: Якою ўладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу, каб ты рабіў гэтае? 29 Езус-жа адказваючы сказаў ім: Спытаю ў вас і я аднаго слова, і адкажэце мне, то і я вам скажу, якою ўладаю я гэта раблю. 30 Хрост Янаў з неба быў, ці з людзей? Адкажэце мне. 31 Яны-ж разважалі ў сабе, кажучы: Калі скажам "з неба", то скажа: Дык чаму-ж вы яму не паверылі? 32 Калі скажам "з людзей", то баімся народу, бо ўсе лічылі Яна, што ён быў сапраўды прарок. 33 І адказваючы сказалі Езусу: Ня ведаем. І Езус адказваючы сказаў ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэтае раблю.

 

 

-----------------------

Р. 11.

2 Сяло называлася Бэтфагэ. Жывёла, на якой яшчэ ніхто не сядзеў, была ўважана ў жыдоў за ненарушаную і дзеля гэтага прыдатнаю да рытуальнай (абрадавай) цэрэмоніі.

13 Фігі ў Палестыне дасьпяваюць у чэрвені (а гэта было ўканцы сакавіка ці ў пачатку красавіка) і дзеля гэтага не магло быць на гэтым дрэве плоду. Аб значэньні пракляцьця гл. Мт. 21, 19.

16 Каб скараціць дарогу, людзілі хадзілі і насілі розныя рэчы праз дварышча сьвятыні. Езус забараняе гэтага.

19 Езус дзеля ворагаў выходзіў з Ерузаліму ў Бэтанію, дзе затрымоўваўся ў Лазара і ягоных сёстраў. Гэтак было і праз наступныя два дні.

20 Рана ў вялікі уўторак.

32 Гл. Мт. 21, 25 і наступн.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Прыповесьць аб земляробах у вінаградніку

12 Разьдзел.

1 І пачаў ім гаварыць у прыповесьцях:

Чалавек засадзіў вінаграднік, і абгарадзіў плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і аддаў яго ў арэнду земляробам і выехаў. 2 І ў час паслаў да земляробаў слугу, каб узяць ад земляробаў з плоду вінаградніка. 3 Яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі бяз нічога. 4 І зноў паслаў да іх другога слугу, і таго ранілі ў галаву і зьняважылі. 5 І ізноў паслаў другога, а таго забілі; і шмат іншых, адных б'ючы, а другіх забіваючы. 6 Дык яшчэ маючы аднаго сына найдаражэйшага, і таго паслаў уканцы да іх, кажучы: Што ўшануюць сына майго. 7 Але земляробы сказалі паміж сабою: Гэта насьледнік; пойдзем, заб'ём яго, і наша будзе спадчына. 8 І схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку. 9 Дык што зробіць гаспадар вінагардніка?Прыйдзе і выгубіць земляробаў, а вінаграднік аддасьць іншым. 10 І ці вы ня чыталі гэтага пісаньня: "Той камень, каторы адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла. 11 Ад Пана гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых?" (Пс. 117, 22).

12 І стараліся яго ўзяць, ды баяліся грамады, бо зразумелі, што да іх сказаў гэтую прыповесьць. І пакінуўшы яго, адыйшлі.

Аб падатку, ускрасеньні і найбольшым прыказаньні

13 І паслалі да яго некаторых з фарызэяў і гэрадыянаў, каб злавіць яго на слове. 14 Яны прыйшоўшы сказалі яму: Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і не зважаеш на нікога, бо не глядзіш на асобу людзкую, але папраўдзе навучаеш дарогі Божай. Ці можна даваць падатак цэзару, ці не даваць? 15 Ён, ведаючы іхную хітрасьць, сказаў ім: Што вы мяне спакушаеце? Прынясеце мне дынар, каб я пабачыў. 16 Яны-ж прыняслі яму. І сказаў ім: Чый гэта воблік і надпіс? Кажуць яму: Цэзараў. 17 Езус-жа адказваючы сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. І дзівіліся з гэтага.

18 І прыйшлі да яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўкрасеньня, і пыталіся ў яго, кажучы: 19 Вучыцель, Майсей нам напісаў, што калі-б у каго памёр брат і пакінуў жонку ды не аставіў дзяцей, то няхай брат ягоны возьме ягону жонку і ўскрасіць патомства брату свайму. 20 Было-ж сем братоў, і першы ўзяў жонку і памёр, не аставіўшы патомства. 21 І ўзяў яе другі, і памёр, і ані гэты не аставіў патомства. І трэці таксама. 22 І бралі яе гэтаксама сямёх, і не аставілі патомства. Апошняй з усіх памярла і жанчына. 23 Дык ва ўскрасеньні, калі ўскрэснуць, каторага з іх яна будзе жаною? Бо сямёх мелі яе за жонку. 24 І адказваючы Езус сказаў ім: Ці ня дзеля таго вы мыляецеся, што ня ведаеце Пісаньняў ані моцы Божай? 25 Бо калі ўваскрэснуць з умерлых, ня будуць ані жаніцца, ані выхадзіць замуж, але будуць як анёлы ў небе. 26 А аб умерлых, што яны ўваскрэснуць, ці вы ня чыталі ў кнізе Майсея, як Бог ля куста сказаў яму, гаворачы: Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба? (Вых. 3, 6). 27 Ня ёсьць Бог умерлых, але жывых. Дык вы дужа мыляецеся.

28 І прыступіў адзін з кніжнікаў, каторы чуў, як яны спрачаліся і бачачы, што ім добра адказаў, спытаўся ў яго: Якое ёсьць першае з усіх прыказаньне? 29 Езус-жа адказаў яму: Што першае з усіх прыказаньне ёсьць: "Слухай, Ізраіль! Пан Бог твой ёсьць адзін Бог; 30 і любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваею, і ўсей думкай тваею, і ўсей сілай тваею" (Паўл. Пр. 6, 45). Гэта ёсьць першае прыказаньне. 31 А другое ёсьць падобнае да яго: "Любі бліжняга твайго як самога сябе" (Лев. 19, 18). Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма. 32 І сказаў яму кніжнік: Добра, Вучыцель, ты праўду сказаў, што ёсьць адзін Бог і няма іншага апрача яго; 33 і каб любіць яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсею сілаю, і любіць бліжняга як самога сябе - гэты болей за ўсе жэртвы і ахвяры. 34 Езус-жа, бачачы, што разумна адказаў, сказаў яму: Ты недалёка ад каралеўства Божага. І ніхто ўжо ня сьмеў пытаць у яго.

Апошняя мова Езуса ў сьвятыні

35 І азваўшыся казаў Езус, навучаючы ў сьвятыні: Як-жа кажуць кніжнікі, што Хрыстус ёсьць Сын Давіда? 36 Бо сам Давід кажа ў Духу сьвятым: "Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч мяне, пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх" (Пс. 109, 1). 37 Дык сам Давід заве яго Панам, і скуль-жа ён сын ягоны?

І вялікая грамада ахвотна яго слухала. 38 І казаў ім у сваей навуцы: Сьцеражэцеся кніжнікаў, якія хочуць хадзіць у даўгіх вопратках, і быць вітанымі на рынку, 39 і сядзець на першых лавах у бажніцах, і першыя месцы на вячэрах; 40 якія аб'ядаюць дамы ўдоваў пад прыкрыўкай доўгай малітвы. Гэтыя атрымаюць цяжэйшы прысуд.

41 І седзячы насупроць скарбоны, Езус глядзеў, як грамада кідала грошы ў скарбону; і многа багатых кідала шмат. 42 Калі-ж прыйшла адна бедная ўдава, яна палажыла дзьве манэткі, што выносіць грош. 43 І паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэта беданая ўдава палажыла болей за ўсіх, што клалі ў скарбону. 44 Бо ўсе клалі з таго, што для іх было лішнім, а гэтая палажыла з недастатку свайго ўсё, што мела, увесь свой пражытак.

 

 

-----------------------

Р. 12

10 Гл. Мт. 21, 42.

13 Гл. Мт. 22, 16. 15 Гл. Мт. 22, 17.

23 Гл. Мт. 22, 28. 27 Гл. Мт. 22, 32.

34 Адказ Езуса на пытаньне: "Якое ёсьць першае з усіх прыказаньне" спадабаўся нават таму кніжніку і пасьля гэтага фарызэі перасталі пытацца ў Езуса, бо праканаліся, што ім ня ўдасца злавіць яго ў славах.

37 Гл. Мт. 22, 44.

38 Народ пры рабоце насіў кароткае адзеньне, а фарызэі і кніжнікі, каб дадаць сабе болей павагі, насілі доўгае адзеньне, па самыя косткі.

40 Гл. Мт. 23, 14.

44 Езус, каторы глядзіць на сэрца чалавека, вышэй ставіць гэту дробную ахвяру ўдавы, чым багатыя дары ўсіх іншых разам узятых.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Прароцтвы аб збурэньні Ерузаліму і канцы сьвету. Напамінаньні аб чуйнасьці

13 Разьдзел.

1 І калі выходзілі з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцель, паглядзі, якія каменьні і якія будынкі! 2 І адказваючы Езус сказаў яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў збураны.

3 І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго асобна Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй: 4 Скажы нам, калі гэтае станецца, і які знак будзе, калі гэтае ўсё пачне спаўняцца? 5 І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня зьвёў. 6 Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: "Што гэта я ёсьць", і многіх зьвядуць. 7 Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных вестках, ня бойцеся, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец. 8 Бо паўстане народ проціў народу і каралеўства на каралеўства; і будуць мясцамі зямлетрасеньні і галады. Гэта пачатак болю.

9 А вы глядзеце самі сябе. Бо будуць вас аддаваць у суды, і біць па бажніцах, і будзеце станавіцца перад начальнікамі і каралямі дзеля мяне, на пасьведчаньне ім. 10 І трэба, каб перш была абвяшчаная эванэлія усім народам. 11 І калі вас будуць вадзіць выдаючы, ня думайце наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэную часіну, тое гаварэце. Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух сьвяты. 12 А выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і сьмерць ім зробяць. 13 І будзеце ў ненавісьці ў усіх дзеля імені майго. Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены.

14 А калі ўгледзіце агіду спусташэньня, стаячую там, дзе не павінна - хто чытае, няхай разумее - тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; 15 а каторы на даху, няхай ня зыходзіць у дом і няхай не ўваходзіць, каб узяць што з дому свайго; 16 а каторы будзе на полі, няхай не варочаецца назад узяць адзежу сваю. 17 Гора-ж цяжарным і кормячым у гэтыя дні! 18 Малецеся-ж, каб ня сталася зімою.

19 Бо тыя дні будуць такім уцісьненьнем, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе. 20 І калі-б Пан не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, каторых выбраў, скараціў дні. 21 І тады калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, вось там - ня верце. 22 Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі, і будуць паказваць знакі і дзівы, каб зьвясьці, калі магчыма, нават выбраных. 23 Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам наперад усё.

24 Але ў тыя дні пасьля гэнага ўцісьненьня зацьміцца сонца, і месяц ня дасьць сваей яснасьці, 25 і зоры нябесныя будуць падаць, і сілы, каторыя ёсьць на небе, зрушацца. 26 І тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках, з сілай вялікай і славай. 27 І тады пашле анёлаў сваіх і зьбярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.

28 А ад фіговага дрэва вучэцеся падабенства: калі ўжо галіна яго зробіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета. 29 Так і вы, калі ўгледзеце, што гэта дзеіцца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах. 30 Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэтае станецца. 31 Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.

32 Аб дні-ж тым або гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец. 33 Глядзеце, чуйце і малецеся, бо ня ведаеце, калі час будзе. 34 Як чалавек, што ад'яжджаючы, аставіў свой дом і даў слугам сваім уладу ў кожнай справе і загадаў прыдзьверніку, каб быў чуткім. 35 Дык чуйце, што ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: увечары, ці серад ночы, ці як пеўні запяюць, ці нараніцы: 36 каб прыйшоўшы раптам, не застаў вас сплючых. 37 А што вам кажу, усім кажу: Чуйце.

 

 

-----------------------

Р. 13. 9 Гл. Мт. 24, 3.

9 Хрыстус напамінае апосталаў, каб яны глядзелі самі сябе г. зн. каб сваімі паступкамі не давалі людзям прычын да прасьледу іх.

"На пасьведчаньне ім" г. зн. каб жыды і пагане былі сьведкамі веры апосталаў.

12 Ненавісьць да Хрыста парве тады нават прыродныя сувязі, як сваяцтва крыві.

13 Гл. Мт. 24, 9 і наст.

14 Агіда спусташэньня стане нават там, дзе быць не повінна, г. зн. у сьвятыні Ерузалімскай.

15 Жыхары Палестыны вялікую часьць дня прабываюць на роўных дахах сваіх дамоў, асабліва рана і вечарам, калі няма гарачыні. Да "людзей на даху" прыходзяць першыя весткі, што робіцца ў суседзтве.

32 Словы: "ня ведае... ані Сын" тут сказаны ў тым значэньні, што Хрыстус быў пасланы не на тое, каб адкрыць людзям дзень або гадзіну сканчэньня сьвету і апошняга суду, але на тое, каб людзей збавіць, і хоць аб гэтым дні ведаў, то адкрыцьцё гэтага дня або гадзіны ня было ў намерах Божых.

33 Час зьяўленьня Сына Божага на суд ёсьць няведамы, дзеля гэтага Хрыстус у далейшай прыповесьці напамінае да чуйнасьці.

36 Чалавек, каторы ад'яжджае - гэта Хрыстус узыходзячы ў неба; слугі ягоны - гэта ўсе верныя; прыдзьвернік - гэта душа і знадворныя пачуцьці кожнага; а поры начы - гэта леты чалавека: маладыя, сталыя і старэйшыя; дык трэба, быць чуйнымі, бо часіна сьмерці і суду няведамы.

 

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Змова проціў Езуса. Намашчэньне ў Бэтаніі. Здрада Юдаша.

14 Разьдзел.

1 Была-ж за два дні Пасха і Праснакі. І шукалі архісьвятары і кніжнікі, як узяць яго хітрасьцяй і забіць. 2 Але казалі: Ня ў дзень сьвяточны, каб часам не паўстала забурэньне ў народзе.

3 І калі быў у Бэтаніі ў доме Сымона Пракажанага і сядзеў за сталом, прыйшла жанчына, маючы алябастар дарагога шпіканардовага алейку, і разьбіўшы алябастар, выліла на галаву яго. 4 Былі-ж некаторыя, што гневаліся ў сабе і казалі: Нашто было рабіць гэтае марнатраўства алейку? 5 Бо можна было гэты алеяк прадаць болей, як за трыста дынараў і раздаць убогім. І наракалі на яе. 6 А Езус сказаў: Пакіньце яе. Нашто вы робіце ей прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла адносна мяне. 7 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою, і калі захочаце, можаце ім рабіць дабро; але мяне не заўсёды маеце. 8 Яна, што мела, зрабіла: наперад намасьціла маё цела на пахаваньне. 9 Сапраўды кажу вам, дзе- толькі будзе абвяшчацца гэта эванэлія па ўсім сьвеце, і што яна ўчыніла, будзе сказана на памяць аб ёй.

10 А Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятараў, каб ім яго выдаць. 11 Яны пачуўшы ўсьцешыліся і абяцалі даць яму грошай. І ён шукаў, як бы зручнай часінай яго выдаць.

Апошняя вячэра

12 І на першы дзень Праснакоў, калі ахвяроўвалі Пасху, сказалі яму вучні: Куды хочаш, каб мы пайшлі і прыгатовілі табе есьці Пасху? 13 І паслаў двух з сваіх вучняў і сказаў ім: Ідзеце ў горад, і спаткае вас чалавек, нясучы збан вады. Ідзеце за ім; 14 і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому, што Вучыцель кажа: "Дзе ёсьць мая сьвятліца, дзе-б мне спажываць Пасху з вучнямі маімі?" 15 І ён вам пакажа вялікі пакой, засланы, і там прыгатуеце нам. 16 І пайшлі вучні ягоны, і прыйшлі ў горад, і знайшлі так як ім сказаў, і прыгатовілі Пасху.

17 Калі-ж настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма. 18 І калі яны сядзелі і елі, сказаў Езус: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас, каторы есьць са мною, выдасьць мяне. 19 Яны-ж пачалі смуціцца і казаць яму паасобку: Ці гэта я? 20 Ён сказаў ім: Адзін з дванаццацёх, што маеце са мною руку ў місе. 21 І Сын чалавечы, праўда, ідзе, як аб ім напісана, але гора таму чалавеку, праз каторага Сын чалавечы будзе выданы. Лепш яму было-б, каб не нарадзіўся гэны чалавек.

22 І калі яны елі, узяў Езус хлеб, і багаславячы ламаў, і даў ім, і сказаў: Бярэце, гэтае ёсьць цела маё. 23 І ўзяўшы келіх, учыніўшы падзяку, даў ім, і пілі з яго ўсе. 24 І сказаў ім: Гэтая ёсьць кроў мая новага закону, каторая за многіх будзе праліта. 25 Сапраўды кажу вам што ўжо ня буду піць з гэтага вінаграднага плоду, аж да таго дня, калі буду яго піць новы ў каралеўстве Божым.

Езус у садзе Аліўным

26 І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную. 27 І сказаў ім Езус: Усе вы згоршыцеся з мяне ў гэту ноч, бо ёсьць напісана: "Удэру пастыра і разсеюцца авечкі". 28 Але потым, як уваскрэсну, пайду перад вамі ў Галілею. 29 А Пётр сказаў яму: І калі-б усе згоршыліся з цябе, але ня я. 30 І сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, што ты сягоньня, у гэтую ноч, перш чым певень два разы падасьць голас, тры разы адрачэсься ад мяне. 31 Але ён яшчэ болей гаварыў: І калі-б мне трэба было разам умерці з табою, я не адракуся ад цябе. Гэтаксама-ж казалі і ўсе.

32 І прыйшлі да сялібы, якой імя Гэтсэмані. І сказаў сваім вучням: Сядзеце тут, пакуль я памалюся. 33 І ўзяў з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў баяцца і тужыць. 34 І сказаў ім: Сумная душа мая аж да сьмерці; астаньцеся тут і чуйце. 35 І адыйшоўшы трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, адыйшла ад яго часіна. 36 І казаў: Абба, Ойча! Усё для цябе магчымае, аднясі ад мяне гэтую кару. Але ня што я хачу, але што ты. 37 І прыйшоў і знайшоў іх сплючых. І сказаў Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ты ня мог чуць аднэй гадзіны? 38 Чуйце і малецеся, каб ня ўпасьці ў пакусу. Дух-то ахвочы, але цела нядужае. 39 І ізноў адыйшоўшы маліўся, кажучы тыя самыя словы. 40 І вярнуўшыся, знайшоў іх ізноў сплючых, бо вочы іх былі абцяжэўшы, і ня ведалі, што яму адказаць. 41 І прыйшоў трэці раз і сказаў ім: Сьпеце ўжо і адпачываеце. Годзі. Прыйшла гадзіна, вось Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў. 42 Устаньце, пойдзем! Вось той, каторы мяне выдасьць, блізка ёсьць.

43 І калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, і з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі, ад архісьвятараў і кніжнікаў і старшых. 44 Даў-жа быў здраднік ягоны ім знак, кажучы: Каго я пацалую, гэта ён, бярэце яго і вядзеце асьцярожна. 45 І калі прыйшоў, зараз прыступіўшы да яго, сказаў: Будзь прывітаны, Вучыцель! І пацалаваў яго. 46 яны-ж налажылі на яго рукі і ўзялі яго. 47 Адзін-жа, нехта з тых, што там стаялі, выняўшы меч, ударыў слугу архісьвятаравага і адсек яму вуха. 48 І адказваючы Езус сказаў яму: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі злавіць мяне? 49 Штодня быў я ў вас у сьвятыні вучачы, і вы ня ўзялі мяне. Але каб споўніліся Пісаньні. 50 Тады вучні ягоны, пакінуўшы яго, усе паўцекалі.

51 Нейкі-ж дзяцюк ішоў за ім, накінуўшы пасьцілку на голае цела і ўзялі яго, 52 але ён, пакінуўшы пасьцілку, голы ўцёк ад іх.

Езус прад Сангэдрынам. Адрачэньне Пятра

53 І прывялі Езуса да архісьвятара, і зыйшліся ўсе сьвятары і кніжнікі і старшыя. 54 Пётр-жа здалёку ішоў за ім аж у сярэдзіну ў двор архісьвятара, і сядзеў з слугамі каля агню і грэўся.

55 А архісьвятары і ўся Рада шукалі прціў Езуса пасьведчаньня, каб яго выдаць на сьмерць, і не знаходзілі. 56 Бо многія казалі фальшывае пасьведчаньне проціў яго, але ня былі згодныя пасьведчаньнямі 57 А некаторыя ўстаўшы, фальшыва сьведчылі проціў яго, кажучы: 58 Што мы чулі, як ён казаў: "Я развалю гэтую сьвятыню, збудаваную рукою, і за тры дні іншую, незбудаваную рукою, пастаўлю". 59 І ня было згоднае іх пасьведчаньне.

60 І ўстаўшы архісьвятар пасярэдзіне, спытўся ў Езуса, кажучы: Не адказваеш нічога на тое, што табе гэтыя закідаюць? 61 Але ён маўчаў і нічога не адказваў. Ізноў архісьвятар спытаўся ў яго і сказаў яму: Ці Ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога багаслаўленага? 62 Езус-жа сказаў яму: Я ёсьць, і ўбачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божай і прыходзячага з воблакамі нябеснымі. 63 А архісьвятар, разрываючы адзеньне сваё, сказаў: Што-ж, нам яшчэ патрэбны сьведкі? 64 Вы чулі блюзьнерства; што вам здаецца? Яны ўсе асудзілі, што ён падлеглы сьмерці. 65 І пачалі некаторыя пляваць на яго, і закрываць твар ягоны, і біць яго кулакамі, і казаць яму: Прароч! А слугі білі яго па шчоках.

66 І калі Пётр быў унізе на дварэ, прыйшла адна з служак архісьвятара, 67 і калі ўбачыла, што Пётр грэецца, глянуўшы на яго, сказала: І ты быў з Езусам Назарэнскім. 68 Але ён адрокся, кажучы: І ня ведаю, і не разумею, што ты гаворыш. І выйшаў вон прад сені, і запяяў певень. 69 Ізноў-жа як убачыла яго служка, пачала казаць тым, што навакол стаялі: Што гэты ёсьць з іх. 70 Але ён другі раз адрокся. І крыху потым тыя, што там стаялі, ізноў сказалі Пятру: Сапраўды ты з іх, бо ты і Галілеец. 71 Але ён пачаў клясьціся і прысягаць: Што ня знаю гэтага чалавека, аб каторым вы гаворыце. 72 І зараз запяяў певень другі раз. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Езус: Перш чым певень два разы запяе, ты тры разы ад мяне адрачэсься. І пачаў плакаць.

 

 

-----------------------

Р. 14.

1 Гл. Мт. 26, 2 і наст.

2 Жыдоўская Рада пастанавіла забіць Езуса па Вялікадні, але здрада Юдаша прычынілася да зьмены гэтай пастановы.

3 Гэта была Марыя, сястра Марты і Лазара (гл. Ян 12, 3). Аб намашчэньні гл. Мт. 26, 7.

32 Калі прыйшлі ў Гэтсэмані, магчыма, што была гадзіна 9 вечарам.

36 "Абба" - слова арамайскае, значыць "Ойча".

51 Дзяцюк гэты, паводле многіх пісьменьнікаў, гэта быў Марак, які потым напісаў гэту эванэлію. Магчыма, што ён спаў у Гэтсэмані, якое належала да яго бацькі і пачуўшы шум, выйшаў, каб паглядзець, што сталася.

54 Было гэта ў пачатку красавіка, дык ночы ў Палестыне гэтым часам даволі зімныя і была патрэба разлажыць агонь.

59 Дзеля нязгоднасьці іншыя пасьведчаньні ня мелі праўнай сілы і трэба было здабыць ад самога абвінавачанага прызнаньне ў віне, на якім можна было-б абапёрці сьмяротны прысуд.

64 Сангэдрын уважаў за блюзьнерства словы Хрыстуса, што ён ёсьць Сын Божы і на падставе гэтых слоў асудзіў Хрыста на сьмерць, бо за блюзьнерства Закон Майсея (Лев. 24, 15 - 16) загадываў караць сьмерцяй.

65 Гл. Мт. 26, 67 і наступн.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Езус прад Пілатам

15 Разьдзел.

1 І зараз нараніцы, зрабіўшы нараду, архісьвятары з старшымі і кніжнікамі і ўсей Радай, зьвязаўшы Езуса, павялі і перадалі Пілату.

2 І спытаўся ў яго Пілат: Ты ёсьць кароль Юдэйскі? Ён-жа адказваючы сказаў яму: Ты кажаш. 3 І вінавацілі яго архісьвятары ў многім. 4 Пілат-жа ізноў спытаўся ў яго, кажучы: Не адказваеш нічога? Глядзі, у якіх вялікіх справах цябе вінавацяць! 5 Езус-жа болей не адказаў нічога, так што дзівіўся Пілат.

6 А на дзень сьвяточны меў звычай выпушчаць ім аднаго з вязьняў, каго-б загадалі. 7 Быў-жа, каторы называўся Барабба, каторы з бунтаўнікамі быў у вязьніцы, каторы ў бунце ўчыніў забойства. 8 І калі прыйшла грамада, пачала прасіць, каб учыніў ім, як заўсёды. 9 Пілат-жа адказаў ім і сказаў: Хочаце, выпушчу вам караля Юдэйскага? 10 Бо ведаў, што архісьвятары выдалі яго дзеля завісьці. 11 Але архісьвятары падбурылі грамаду, каб лепш пусьціў ім Бараббу. 12 Пілат-жа адказваючы ізноў сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў каралю Юдэйскаму? 13 А яны ізноў закрычылі: Укрыжуй яго! 14 Пілат-жа сказаў ім: Што-ж ён зрабіў благое? Але яны тым болей крычалі: Укрыжуй яго! 15 І Пілат, хочучы дагадзіць народу, пусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага аддаў, каб быў укрыжаваны.

16 А жаўнеры завялі яго ў дварышча суду і сабралі ўсю роту. 17 І апранулі яго ў пурпур, і сплёўшы цярновы вянок узлажылі на яго. 18 І пачалі вітаць яго: Будзь прывітаны, кароль Юдэйскі! 19 І білі яго па галаве трысьцінаю, і плявалі на яго, і станавячыся на калені, кланяліся яму.

Укрыжаваньне Езуса Хрыста, яго сьмерць і пахаваньне

20 І калі насьмяяліся з яго, зьнялі з яго пурпур і апранулі яго ў ягонае адзеньне і вывелі яго, каб яго ўкрыжаваць. 21 І прымусілі нейкага праходзячага міма, Сымона Кірэнэйца, які ішоў з вёскі, бацьку Александра і Руфа, каб нёс крыж ягоны. 22 І прывялі яго на месца Голгота, што значыць месца Трупнога Чэрапу. 23 І давалі яму піць віно зьмяшанае з міррай, але ён ня прыняў. 24 І ўкрыжаваўшы яго, падзялілі адзеньне ягонае, кідаючы жэраб над ім, хто што меў узяць. 25 Была-ж трэцяя гадзіна; і ўкрыжавалі яго. 26 І быў надпіс віны яго напісаны: Кароль Юдэйскі. 27 І з ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго па правай, а другога па левай руцэ яго. 28 І споўнілася Пісаньне, каторае кажа: "І з злачынцамі ён палічаны" (Із. 53, 12).

29 А праходзячыя міма блюзьнілі яму, ківаючы галавамі сваімі і кажучы: Во, што развальваеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш, 30 ратуй самога сябе, зыходзячы з крыжа. 31 Таксама і архісьвятары, насьміхаючыся, адзін да другога з кніжнікамі гаварылі: Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа паратаваць. 32 Няхай-жа цяпер Хрыстус, кароль Ізраільскі, зыйдзе з крыжа, каб мы бачылі і паверылі. І тыя, што былі з ім укрыжаваныя, наругаліся з яго.

33 І калі настала шостая гадзіна, зрабілася цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай. 34 А ў дзевятай гадзіне закрычаў Езус вялікім голасам, кажучы: "Елоі, Елоі, ламма сабахтані"? што значыць: Божа мой, Божа мой, чаму-ж Ты мяне пакінуў? 35 А некаторыя з тых, што стаялі навакол, чуючы гаварылі: Вось Гальяша кліча. 36 Адзін-жа, пабегшы і напоўніўшы губку воцтам і насадзіўшы на трысьціну, даваў яму піць, кажучы: Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш, каб зьняць яго. 37 Езус-жа, закрычаўшы вялікім голасам, сканаў.

38 І заслона сьвятыні разьдзёрлася надвое ад верху аж да нізу. 39 А сотнік, каторы стаяў напроціў, бачачы, што гэтак крычачы, сканаў, сказаў: Сапраўды гэты чалавек быў Сынам Божым. 40 Былі-ж і жанчыны, углядаючыся здалёку, паміж каторымі была Марыя Магдалена, і Марыя, матка Якуба Малодшага і Язэпа, і Саламея; 41 і калі быў у Галілеі, хадзілі за ім і служылі яму, і многа іншых, каторыя разам з ім былі прыйшоўшы у Ерузалім.

42 І калі ўжо настаў вечар, (бо быў дзень Прыгатаўленьня, які бывае перад суботай), 43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны радны, каторы і сам чакаў каралеўства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Езуса, 44 а Пілат зьдзівіўся, ці ўжо памёр. І клікнуўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці ўжо памёр. 45 І калі даведаўся ад сотніка, дараваў цела Язэпу. 46 Язэп-жа, купіўшы палатно і зьняўшы яго, завярцеў у палатно і палажыў яго ў гробе, які быў высечаны з скалы, і прываліў камень да ўваходу ў гроб. 47 Марыя Магдалена і Марыя Язэпава глядзелі, дзе яго палажылі.

 

 

-----------------------

Р. 15

1 Гл. Мт. 27, 1 і наст.

21 Гэты Сымон, як перадаюць старадаўныя пісьменьнікі, навярнуўся, быў біскупам у Заярданьні і памёр мучаніцкаю сьмерцяй.

23 Гл. Мт. 27, 34 і наст.

25 Трэцяя гадзіна ў тагачасных жыдоў - гэта быў час паміж нашай 9 і 12 дня. Магчыма, што Езуса ўкрыжавалі зараз перад нашай 12-ай.

33 Гадзіна 6 - 9 гэта наша 12 - 3 па палудні. Гл. Мт. 27, 45.

44 Сябры Сангэдрыну былі ў Пілата і прасілі, каб паламаць галені ўкрыжаваным, каб прысьпешыць сьмерць. Гэта было ў тую-ж пятніцу 3 па паўдні. Калі зараз потым зьявіўся Язэп з Арыматэі, просячы цела Езуса, Пілат зьдзівіўся, ці Езус ужо памёр і паклікаўшы сотніка, які быў пры сьмерці Езуса і які пасьля паламаньня галеняў вярнуўся на замак, выслухаў ад яго афіцыяльнай справаздачы аб сьмерці Езуса. Упэўніўшыся, што езус памёр, Пілат пазволіў зьняць цела Езуса з крыжа і пахаваць. Гл. Мт. 27, 57.

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Ускрасеньне і апошнія дні Хрыста на зямлі

16 Разьдзел.

І калі прайшла субота, Марыя Магдалена і Марыя Якубава і Саламея купілі пахнідлаў, каб пайшоўшы намасьціць Езуса. 2 І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да гробу ўжо па ўсходзе сонца. 3 І гаварылі паміж сабою: Хто нам адваліць камень ад уваходу ў гроб? 4 І глянуўшы, убачылі адвалены камень; бо быў ён надта вялікі. 5 І ўвайшоўшы ў гроб, увідзелі маладзяна, сядзячага па правай старане, адзетага ў белую вопратку і астаўпянелі. 6 Ён сказаў ім: Ня бойцеся. Вы шукаеце Езуса Назарэнскага, укрыжаванага; ён ускрос, няма яго тут. Вось мейсца, дзе яго палажылі! 7 Але ідзеце, скажэце вучням ягоным і Пятру, што ідзе перад вамі ў Галілею; там яго ўбачыце, як сказаў вам. 8 Яны-ж выйшаўшы, уцяклі ад гробу, бо напала на іх дрыжаньне і страх; і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

9 А ўскросшы рана ў першы дзень тыдня, зьявіўся сьпярша Марыі Магдалене, з каторай выгнаў сем д'яблаў. 10 Яна пайшоўшы, паведаміла тых, што з ім былі, сумных і плачучых. 11 Яны-ж, пачуўшы, што жыве і быў бачаны ёю, не паверылі. 12 Пасьля-ж гэтага паказаўся ў іншым выглядзе двум з іх ідучым, калі яны ішлі ў сяло. 13 А яны, прыйшоўшы, паведамілі другіх, і ім не паверылі. 14 Урэшце, зьявіўся гэным адзінаццацём, як сядзелі за сталом і выгаварваў недаверства іх і закамянеласьць сэрца, што ня верылі тым, каторыя відзелі яго ўскросшым.

15 І сказаў ім: Ідучы на ўвесь сьвет абвяшчайце эванэлію ўсяму стварэньню. 16 Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто ня ўверыць, будзе асуджаны. 17 А за тымі, што ўвераць, будуць ісьці такія знакі: У імя маё будуць выганяць д'яблаў, будуць гаварыць новымі мовамі: 18 вужоў будуць браць і хоць-бы што сьмяротнае пілі, не пашкодзіць ім; на хворых рукі ўзложаць, і будуць мецца добра.

19 А Пан Езус, пасьля таго як гаварыў да іх, узяты ёсьць у неба і сядзіць праваруч Бога. 20 Яны-ж пайшоўшы абвяшчалі ўсюды, а Пан памагаў і ўцьвярджаў мову знакамі, якія ішлі ўсьлед за імі.

 

 

-----------------------

Р. 16 1 У пятніцу яны ня мелі часу накупіць пахнідлаў, дык робяць гэта ў суботу вечарам, як адыйшоў шабат.

2 "У першы дзень тыдня" г. зн. у нядзелю, калі ледзь пачынала сьвітаць.

8 Убачыўшы анела і пусты гроб, жанчыны спужаліся, бо гэта ўжо было для іх незразумелым. Яны спачатку баяліся гаварыць каму аб гэтым, што бачылі.

15 "Усяму стварэньню" г. зн. стварэньню разумнаму, людзям.

16 З волі Хрыста ўсе людзі павінны прызнаць яго навуку. Вера і хрост ёсьць першым канечным варункам збаўленьня, а другім - жыцьцё паводле загадаў Хрыстовых, як аб гэтым сказаў выразна сам Хрыстус (Мт. 28, 20). Да збаўленьня патрэба споўніць усё, што загадаў Хрыстус, а да асуджэньня даволі адсутнасьці аднэй рэчы: в е р ы, бо хто ня верыць, ужо асуджаны (Ян 3, 18).

17 Гэтых слоў ня трэба разумець так, што кожны, хто верыць у Хрыста, будзе чыніць цуды. Тут Хрыстус толькі прадказвае, што ў ягоным Касьцёле будуць дзеяцца цуды, калі яны будуць патрэбны дзеля пашырэньня і ўцьвярджэньня веры хрысьціянскай, дзеля карысьці Касьцёла або дзеля якіх іншых вышэйшых мэтаў. Дзеля гэтых мэтаў і цяпер дзеюцца цуды (напр. у Лурд).

19 Чалавецтва Хрыста не сваей моцай узыйшло ўнеба, але было ўзьнятае моцай Божай, як злучанае з Асобай Слова - з Сынам Божым.

Сядзець праваруч Бога значыць: уладаць разам з Богам Айцом усім сьветам.

 

 


Вярнуцца назад