Галоўная > Новы Запавет (Чарн. 1999) > Ліст Філіпянам сьвятога апостала Паўла

Ліст Філіпянам сьвятога апостала Паўла


18 сакавіка 2011.
Ліст Філіпянам сьвятога апостала Паўла

 

01 - 02 - 03 - 04

 

Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага
Паводле: Новы Запавет, 1999
Рэдакцыя: Антоні Бокун
Электронная версія:  Антоні Бокун

1.

Прывітаньне

1. Павал і Цімафей, слугі Езуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Езусе, пражываючым у Філіпах разам з біскупамі і дыяканамі:

2. Ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыста.

Падзяка і малітва

3. Дзякую Богу майму, усякі раз успамінаючы вас,

4. заўсёды ва ўсіх малітвах маіх за ўсіх вас з радасьцю молячыся,

5. дзеля вашага ўдзелу ў Эвангельлі Хрыстовым ад першага дня аж да цяпер,

6. маючы давер, што Той, які пачаў у вас добрую справу, давядзе аж да дня Хрыста Езуса;

7. як справядліва мне думаць пра вас усіх, бо маю вас у сэрцы, і ў путах маіх, і ў абароне, і ў умацаваньні Эвангельля, бо ўсе вы супольнікі ласкі маёй.

8. Сьведка мне Бог, як сумую па вас усіх сэрцам Езуса Хрыста.

9. І аб тым малюся, каб любоў вашая ўсё больш і больш паглыблялася ў веданьні і усякім адчуваньні,

10. каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і без заганы ў дзень Хрыстовы,

11. поўныя пладоў справядлівасьці праз Езуса Хрыста на хвалу і славу Бога.

Справы апостала і становішча Эвангельля

Посьпехі Паўла

12. Хачу, браты, каб вы ведалі, што тое, што (сталася) са мною, выйшла больш на дабро Эвангельля,

13. бо путы мае праславіліся ў Хрысьце ў-ва ўсёй прэторыі і ў-ва ўсіх іншых,

14. і многія з братоў у Госпадзе, асьмеленыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся бяз страху абвяшчаць (Божае) Слова.

15. Адны, праўда, з зайздрасьці і пярэчлівасьці вясьцяць Хрыста, іншыя ж - з добрай волі.

16. Тыя, што з любові, ведаючы, што я дзеля абароны Эвагельля пастаўлены,

17. тыя ж, што з зайздрасьці, прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае путы яшчэ цяжэйшымі.

18. Дык што? Такім спосабам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца; і я гэтаму рады, і буду радавацца,

19. ведаючы, што гэта ўсё выйдзе мне на збаўленьне праз вашыя малітвы і за дапамогай Духа Езуса Хрыста,

20. як чакаю і спадзяюся, што ні ў чым не асаромлюся, але з ўсёй упэўненасьцю, як заўсёды, гэтак і цяпер, уславіцца Хрыстос у целе маім ці жыцьцём, ці сьмерцю.

21. Бо для мяне жыцьцё - гэта Хрыстос, і сьмерць-здабытак.

22. Але калі жыцьцё ў целе прыносіць плод у маёй дзейнасьці, дык што выбраць, сам ня ведаю.

23. Цягне мяне адно і другое: жадаю адыйсьці і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае,

24. але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.

25. І гэта напэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі на карысьць вашую і на радасьць веры,

26. каб радасьць вашая расла ў Езусе Хрысьце праз мяне, праз маё вяртаньне да вас.

Заахвочваньне да адзінства, вернасьці і пакоры

27. Толькі жывіце дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб, ці калі прыбуду і ўбачу вас, ці далёкі пачую пра вас, што вы стаіцё ў адным Духу, аднадумна змагаючыся за веру Эвангельля

28. і ні ў чым не палохаецеся праціўнікаў, што ім стане прычынай загубы, вам жа - збаўленьня, і гэта ад Бога.

29. Вам бо дадзена дзеля Хрыста ня толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго,

30. такое самае змаганьне маючы, якое бачылі ў-ва мне і як чуеце цяпер пра мяне.

01 - 02 - 03 - 04

 

2.

1. І калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любові, калі ёсьць якая супольнасьць духа, калі ёсьць спачуваньне і міласэрдзе,

2. напоўніце мяне радасьцю, тое самае разумеючы, тую самую маючы любоў, аднадушныя і аднадумныя,

3. нічога (ня робячы) праз перакорлівасьць ці праз пустую славу, але ў пакоры адны другіх за вышэйшых прыймаючы,

4. не аб сабе толькі клапоцячыся, але і аб іншых.

Хрыстос - прыклад пакоры

5. Няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце Езусе:

6. які, маючы пастаць Божую, не лічыў сваім здабыткам роўнасьць з Богам,

7. але панізіў самога сябе, прымаючы постаць слугі і стаўшыся на падобнасьць людзей; і па зьнешнасьці прызнаваны за чалавека,

8. упакорыў самога сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да сьмерці, і то сьмерці крыжовай.

9. Дзеля таго і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя, якое па-над усякае імя,

10. каб на імя Езуса сукланілася ўсякае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй,

11. і каб ўсякі язык вызнаваў, што Езус Хрыстос ёсьць Госпад на хвалу Бога Айца.

Заахвочваньне да працы на збаўленьне

12. Дык вось, дарагія мае, як заўжды былі вы паслухмянымі, ня толькі ў маёй прысутнасьці, але тым больш цяпер, калі я адсутнічаю, са страхам і дрыжаньнем клапаціцеся пра сваё збаўленьне.

13. Бог бо ёсьць у вас прычынай і хацець, і дзейнічаць з ласкавасьці сваёй.

14. Усё рабіце без нараканьня і хістаньня,

15. каб вы былі без заганы і простымі, дзецьмі Божымі без віны між народу сапсаванага і крывадушнага, пасярод якога сьвеціце, як сьветачы ў сьвеце,

16. трымаючыся Слова жыцьця на славу маю ў дзень Хрыстовы, што я не дарма бег і не дарма працаваў.

17. Але калі я і мушу праліць кроў маю на ахвяру і паслугу вашай веры, цешуся і дзялюся радасьцю з вамі ўсімі.

18. З гэтага і вы цешцеся і дзяліцеся радасьцю са мною.

Пра Цімафея і Эпафрадыта

19. Маю надзею ў Госпадзе Езусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб мог быць спакойны, даведаўшыся пра вас.

20. Нікога бо ня маю так аднадумнага, хто б так шчыра рупіўся пра вас.

21. Усе бо шукаюць свайго, а не таго, што Езуса Хрыста.

22. Спрактыкаванасьць яго ведаеце, бо, як сын бацьку, так ён мне дапамагаў у Эвангельлі.

23. Такога вось спадзяюся паслаць да вас, і хутка, як толькі ўбачу, што будзе ў мяне.

24. Упэўнены я таксама ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.

25. Палічыў я неабходным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і супольніка змаганьня майго, вашага ж пасланца і дапаможцу ў маёй патрэбе,

26. бо ён тужыў па вас усіх і сумаваў, што вы чулі пра яго хваробу.

27. Бо расхварэўся ён тут аж да сьмерці, але Бог пашкадаваў яго, і ня толькі яго, але, па праўдзе, і мяне, каб я ня меў бяды на бядзе.

28. Дык я паслаў яго хутчэй, каб, убачыўшы яго, ізноў вы цешыліся, і каб я не сумаваў.

29. Прыміце ж яго радасна ў Госпадзе і мейце яго ў пашане,

30. бо ён для справы Хрыстовай блізкі быў сьмерці, ня дбаючы пра жыцьцё сваё, каб выканаць тое, чым вы не маглі паслужыць мне.

01 - 02 - 03 - 04

 

3.

Да хрысьціянскай дасканаласьці

Перасьцярога адносна юдаізму

1. Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае мне ня цяжка, вам жа яно патрэбнае.

2. Высьцерагайцеся сабак, высьцерагайцеся ліхіх работнікаў, высьцерагайцеся абразаньня!

3. Бо мы ёсьць абразаныя, якія духам служым Богу і хвалімся Езусам Хрыстом, і не ў целе маем надзею,

4. хоць я мог бы спадзявацца і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык тым больш я:

5. абрэзаны ў восьмы дзень, родам Ізраэлец з пакаленьня Бен'яміна, Гебрай з Гебраяў, фарысэй паводле закону,

6. праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, адносна справядлівасьці паводле закону-беззаганны.

Хрыстос - найбольшая вартасьць

7. Але ўсё, што лічыў я здабыткам, тое дзеля Хрыста прызнаў я за страту.

8. Ды ўсё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Езуса Хрыста, Госпада майго, дзеля якога я ўсё страціў і лічу за сьмецьце, каб Хрыста здабыць

9. і апынуцца ў Ім, маючы не маю справядлівасьць, якая з закону, але тую, якая (паўстае) з веры ў Хрыста, справядлівасьць ад Бога ў веры,.

10. каб пазнаць Яго і магутнасьць уваскрасеньня Ягонага, і супольнасьць мукаў Ягоных, каб упадобніцца сьмерці Ягонай,

11. каб такім чынам дасягнуць уваскрасеньня, з памёршых.

12. Не (кажу) так, што я ўжо дасягнуў або ўжо стаўся дасканалым; але імкнуся, каб як здабыць (яго), як здабыў мяне Хрыстос Езус.

13. Браты, я не лічу сябе дасягнуўшым; толькі вось, забываючыся пра тое, што ёсьць за мною, імкнучыся да таго, што прада мною,

14. імкнуся да мэты, да ўзнагароды, вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Езусе.

15. Дык, калі хто з нас (чуецца) дасканалым, гэтак думайма; а калі што адчуваеце інакш, і гэта Бог вам выявіць;

16. але чаго дасягнулі, у тым і хадзіце.

Ворагі крыжа Хрыстовага

17. Браты, будзьце пасьлядоўнікамі маімі і ўзірайцеся на тых, якія так паступаюць, як маеце прыклад у нас.

18. Многія ж, аб якіх я вам часта казаў, а цяпер вось і плачучы паўтараю паступаюць, як ворагі крыжа Хрыстовага,

19. якіх канец - загуба, якіх бог - жывот, слава якіх - у ганьбе іхняй, якія думаюць аб зямным.

20. Нашае ж бытаваньне - у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада нашага Езуса Хрыста,

21. які пераменіць целы прыніжэньня нашага на падабенства цела славы сваёй, якою ўсё падчыніць сабе можа.

01 - 02 - 03 - 04

 

4.

Парады апостала

1. Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, умілаваныя.

2. Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтак сама думаць у Госпадзе.

3. Таксама і цябе прашу, блізкі супрацоўніку, дапамагай ім, бо яны са мною працавалі для Эвангельля разам з Клемансам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцьця.

4. Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: Радуйцеся!

5. Ціхасьць вашая хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка.

6. Не турбуйцеся ні аб чым, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю выяўляйце жаданьні вашыя Богу.

7. І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменьне, хай сьцеражэ сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Езусе.

8. Урэшце, браты, што толькі ёсьць праўдзівае, што толькі чэснае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі вартае любові, што толькі добрай славы, ці якое што добрае, ці што пахвальнае, - пра тое думайце.

9. І тое рабіце, чаго вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што бачылі; і Бог супакою будзе з вамі.

Падзяка за клопат

10. Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы урэшце парупіліся шчыра пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах.

11. Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся жыць так, як здарыцца.

12. Умею і ў прыніжэньні (жыць), умею і ў дастатку: усяго і ў-ва ўсім навучыўся: і мець дастатак і нястачу, і наесьціся, і галадаць.

13. Усё магу ў Тым, які ўзмацняе мяне.

14. Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бяду маю.

15. Вы ж, Філіпяне, ведаеце, што на пачатку (абвяшчэньня) Эвангельля, калі я пакінуў Македонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу у даваньні і прыйманьні;

16. вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак.

17. Не шукаю я дарункаў, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашую карысьць..

18. Хапае мне ўсяго, і нават лішне забясьпечаны, атрымаўшы ад вас праз Эпафрадыта тое, што вы прыслалі, салодкі пах, ахвяру прыемную, мілую  Богу.

19. Хай жа Бог мой споўніць усякае вашае жаданьне паводле багацьця свайго ў хвале, у Хрысьце Езусе.

20. Богу ж і Айцу нашаму хвала на вякі вечныя. Амэн.

Заканчэньне

21. Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Езусе. Вітаюць вас браты, якія тут са мною.

22. Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара.

23. Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста з духам вашым. Амэн.


Вярнуцца назад