Галоўная > Новы Запавет (Чарн. 1999) > Ліст Ціту сьвятога апостала Паўла

Ліст Ціту сьвятога апостала Паўла


18 сакавіка 2011.
Ліст Ціту сьвятога апостала Паўла

 

01 - 02 - 03

 

Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага
Паводле: Новы Запавет, 1999
Рэдакцыя: Антоні Бокун
Электронная версія:  Антоні Бокун

1.

Прывітаньне

1. Павал, слуга Божы і апостал Езуса Хрыста паводле веры выбраньнікаў Божых і пазнаньню праўды, вядучай да пабожнасьці,

2. у надзеі жыцьця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, які не падманвае,

3. і аб'явіў у свой час сваё Слова, даручаючы мне вясьціць яго па загаду Бога, Збаўцы нашага,

4. Ціту, умілаванаму сыну ў супольнай веры: Ласка і супакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.

Аб начальніках царквы

5. Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старшых, як я табе загадаў:

6. калі хто без наганы, муж аднае жонкі, мае веручыя дзеці, не вінавачаныя ў распусьце або непаслухмянасьці.

7. Належыцца бо, каб біскуп быў беззаганы як распарадзіцель Божы, ня горды, не гняўлівы, ня п'яніца, не авантурнік, ня сквапны да нажывы,

8. але гасьцінны, ласкавы, чэсны, справядлівы, сьвяты, стараны,

9. які трымаецца праўдзівае навукі, вернай слову, каб здатны быў ён схіляць да праўдзівай навукі і нават тых, якія выступаюць супраць.

Супраць фальшывых настаўнікаў

10. Бо ёсьць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды звадыяшаў, асабліва з абразаных,

11. каторым трэба зачыняць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыцца, дзеля ліхой карысьці.

12. Сказаў жа адзін з іх саміх, уласны іхні прарок: "Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя зьвяры, гультайскія жываты".

13. Сьведчаньне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,

14. не зьвяртаючы ўвагі на Юдэйскія байкі ці на выказваньні людзей, якія адварочваюцца ад праўды.

15. Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверучым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленьне.

16. Кажуць, што ведаюць Бога, а дзейнасьцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай дзейнасьці няздатныя.

01 - 02 - 03


2.

Парады для ўсякіх станаў

1. Ты ж навучай таму, што належыць да здаровай навукі.

2. Старыя павінны быць людзьмі цьвярозымі, сьціплымі, разумнымі, здаровай веры, поўныя любові і цярплівасьці.

3. Падобна і старыя жанчыны павінны адзявацца як дастойна сьвятых, высьцерагацца пляткарства, не ўпівацца віном, навучаць іншых дабру,

4. каб разумнаму навучалі маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей,

5. былі разумнымі, чыстымі, гаспадарнымі, лагоднымі, паслухмянымі мужам сваім, каб не зьневажалася імі Слова Божае.

6. Таксама юнакоў заахвочвай, каб былі стрыманымі.

7. У-ва ўсім пакажы на сабе прыклад добрых учынкаў, у навуцы - непарушнасьць, паважнасьць,

8. у здаровым слове - беззаганнасьць, каб той, хто працівіцца, асароміўся, ня могучы нічога благога пра нас сказаць.

9. Хай слугі слухаюць сваіх гаспадароў, у-ва ўсім стараючыся ім падабацца, а не пярэчыць,

10. не ашукваць, але ў-ва ўсім добрую волю аказваць, каб у-ва ўсім навуку Збаўцы нашага, Бога, аздаблялі.

11. Зьявілася бо ласка Бога, збаўляючы ўсіх людзей,

12. якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасьці і пажаданьняў сьвету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым сьвеце,

13. чакаючы шчасьлівай надзеі і прыйсьця хвалы магутнага Бога і Збаўцы нашага Езуса Хрыста,

14. які ахвяраваў самога сябе за нас, каб збавіць нас ад усякай спракуды і ачысьціць сабе народ, выбраны на ўласнасьць, рупны пра добрыя ўчынкі.

15. Гэта кажы, і заахвочвай, і дакарай з усёю уладай. Няхай ніхто табою не пагарджае.

01 - 02 - 03


Абавязкі хрысьціянаў

3.

1. Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выпаўняць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку,

2. нікога не абмаўляць, ня быць сварлівымі, але памяркоўнымі, выяўляць да ўсіх людзей ласкавасьць.

3. Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажаданьням і ўсякім прыхацям, кіраваліся злосьцю і зайздрасьцю, былі ненавісьнікамі, ненавідзячымі адны другіх.

4. Калі ж зьявілася спагаднасьць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога,

5. дык не дзеля ўчынкаў справядлівасьці, якія мы даканалі, але праз міласэрдзе сваё Ён збавіў нас купальняй адраджэньня і аднаўленьня Духам Сьвятым,

6. якога выліў на нас багата праз Езуса Хрыста, Збаўцу нашага,

7. каб мы, апраўданыя ласкай Ягонаю, сталіся спадкаемцамі надзеі жыцьця вечнага.

Парады для Ціта

8. Вернае слова, і хачу, каб ты сьцьвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся перш добрымі ўчынкамі гэта давесьці. Гэта добра і карысна людзям.

9. Дурных жа пытаньняў, радаводаў, спрэчак і змаганьняў наконт закону пазьбягай, бо яны некарысныя і пустыя.

10. Герэтыка пасьля першай і другой перасьцярогі абмінай,

11. ведаючы, што такі распусьціўся і грашыць, сам сябе асуджаючы.

12. Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікаполь, бо там вырашыў я зімаваць.

13. Зэна, законаведа, і Апалёса старана забясьпеч, каб усяго ім хапала.

14. Хай навучацца і нашыя быць першымі добрымі дзеяньнямі ў пільных патрэбах, каб не былі яны бясплоднымі.

Заканчэньне

15. Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі!
Вярнуцца назад