Галоўная > Новы Запавет > Пасланьне да Філіпянаў сьв. ап. Паўлы
Пасланьне да Філіпянаў сьв. ап. Паўлы29 лютага 2012. |
|
Пераклад Лукі Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча Разьдзел 1 1 Паўла і Цімахвей, слугі Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што ў Філіпах, з япіскапамі і дыяканамі: 2 ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 3 Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне аб вас, 4 (заўсёды ў кожнай малітве маей за ўсіх вас молячыся з радасьцяй,) 5 за вашае ўчасьце ў дабравешчаньні ад першага дня аж дагэтуль, 6 перакананы ў тым, што той, хто пачаў у вас добрае дзела, будзе завяршаць ажно па дзень Ісуса Хрыста, 7 як і справядліва мне думаць аб усіх вас, бо я маю вас у сэрцы, у путах маіх і ў абароне і ўмацаваньні Эвангельля, вас, якія ўсе — супольнікі маі ў ласцы. 8 Бо Бог мне сьведка, што я люблю вас у любві Ісуса Хрыста; 9 і малюся аб тое, каб любоў вашая яшчэ балей і балей узрастала ў пазнаньні і ўсякім пачуцьці, 10 каб пазнаць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і неспаткнуўшыміся ў дзень Хрыстовы, 11 напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу й пахвалу Божую. 12 Хачу, браты, каб вы ведалі, што тое, што са мной (сталася), служыла балей на пасьпех Эвангельля, 13 бо путы маі ў Хрысьце сталіся вядомымі ўсей прэторыі і ўсім іншым, 14 і большая частка братоў у Госпадзе, перакананыя путамі маімі, яшчэ балей адважыліся бяз страху апавядаць Слова. 15 А некаторыя праз зайздрасьць і перакорлівасьць, іншыя-ж з добрай думкай абвяшчаюць Хрыста: 16 тыя, што праз непакорлівасьць, абвяшчаюць Хрыста ня чыста, думаючы дадаць гора путам маім; 17 тыя-ж, што з любві, ведаючы, што дзеля абароны Эвангельля ляжу. 18 Дык што? Так, ці сяк, дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца, і я з гэтага цешуся і буду цешыцца, 19 бо я ведаю, што гэта паслужыць мне на збаўленьне праз вашу малітву, з дапамогай Духа Ісуса Хрыста, 20 водле спадзяваньня і надзеі маей, што я ні ў чым ня буду асаромлены, а з усенькай адвагай, як заўсёды, гэтак і цяпер, узьвялічаны будзе Хрыстос у целе маім, ці то жыцьцём, ці сьмерцяй. 21 Бо для мяне жыцьцё —Хрыстос, і сьмерць — набытак. 22 А як жыцьцё водле цела — гэта мне плод дзела, дык і ня ведаю, што выбраць. 23 Цягне тое і другое: маю жаданьне разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае, 24 але аставацца ў целе патрабней дзеля вас. 25 I я напэўна ведаю, што астануся і перабуду з усімі вамі на вашу карысьць і радасьць веры, 26 каб пахвала вашая ў Хрысьце Ісусе павялічылася праз мяне пры маім паўторным да вас прыходзе. 27 Толькі жывеце дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб мне, ці прыду і ўгледжу вас, ці ня прыду, чуць аб вас, што вы стаіцё ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Эвангельскую 28 і ані не палохаючыся супраціўнікаў; гэтае для іх ёсьць знак пагібелі, а для вас — збаўленьня, і яно ад Бога; 29 бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі верыць у Яго, але і мучыцца за Яго, 30 вядучы тую-ж барацьбу, якую вы бачылі ў-ва мне і цяпер чуеце аба мне.
Разьдзел 2 1 Дык, калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любві, калі ёсьць якая лучнасьць духа, калі ёсьць якое міласэрдзе і спачуваньне, 2 то дапоўніце маю радасьць: каб тое самае думалі, тую-ж любоў мелі, былі аднадушныя і аднадумныя; 3 нічога (не рабеце) праз спрэчкі ці дзеля пустое пахвальбы, але ціхой мудрасьцяй лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. 4 Не аб сабе толькі кожны клапоцься, але і аб другіх, 5 бо няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце Ісусе: 6 Які, будучы ў пастаці Боскай, ня лічыў захопам быць роўным Богу; 7 але панізіў Сябе Самога, прыняўшы абраз раба, стаўшыся на падабенства людзей і здаўшыся выглядам, як чалавек, 8 зьняважыў Сябе, будучы паслухмяным ажно да сьмерці і сьмерці крыжовай. 9 Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя, 10 каб перад іменьнем Ісуса сукланілася ўсякае калена нябесных, зямных і падземных, 11 і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад — Ісус Хрыстос, у славу Бога Айца. 12 Дык вось, умілаваныя маі, як вы заўсёды слухалі ня толькі ў бытнасьць маю, але шмат балей цяпер, у час нябытнасьці маей, са страхам і дрыжэньнем аб збаўленьне свае старайцеся, 13 бо Бог ёсьць той, што робіць у вас і жаданьне і дзеяньне з зычлівасьці Сваей. 14 Усё рабеце без нараканьня і сумляваньня, 15 каб вам быць бязьвіннымі і чыстымі, дзяцьмі Божымі беззаганнымі сярод перакорлівага і распуснага роду, між якім вы зьяеце, як сьветачы на сьвеце, 16 маючы слова жыцьця, на пахвалу маю ў дзень Хрыстовы, што я не надарма хадзіў і не надарма працаваў. 17 Але, калі я й роблюся ахвяраю за жэртву й служэньне веры вашай, я цешуся і цешуся супольна з вамі; 18 з гэтага самага і вы цешцеся і цешцеся супольна са мною. 19 Спадзяюся-ж у Госпадзе Ісусе хутка паслаць вам Цімахвея, каб і я, даведаўшыся аб вас, уцешыўся духам. 20 Бо ня маю нікога роўнага душою, хто гэтак шчыра рупіўся-б аб вас; 21 бо ўсе шукаюць свайго, а не Ісуса-Хрыстовага. 22 А яго дасьведчаньне ведаеце, бо ён, як сын бацьку, служыў мне ў дабравешчаньні. 23 Дык я спадзяюся паслаць яго зараз-жа, як толькі даведаюся, што будзе са мною. 24 Бо я пэўны ў Госпадзе, што й сам хутка прыду. 25 Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадзіта, брата і супрацоўніка і супольніка майго ў барацьбе, а вашага пасланца і служку ў патрэбе маёй, 26 бо ён жадаў бачыць усіх вас і цяжка тужыў, што вы дачуліся аб хваробе яго. 27 Бо ён быў хворы траха не сьмяротна; але Бог зьлітаваўся над ім, дый не над ім толькі, але і нада мною, каб ня меў я суму да суму. 28 Дык я хутчэй паслаў Яго, каб вы, угледзіўшы яго ізноў, уцешыліся, дый каб я быў менш сумны. 29 Прымеце-ж яго ў Госпадзе з усякай радасьцяй і гэтакіх у чэсьці мейце, 30 бо ён за справу Хрыстовую быў блізкі да сьмерці, ня дбаючы аб жыцьці, каб папоўніць нястачу служэньня вашага мне.
Разьдзел 3 1 Урэшце, браты маі, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам аб тым самым для мяне ня цяжка, а для вас цьвёрда. 2 Сьцеражыцеся сабак, сьцеражыцеся благіх працаўнікоў, сьцеражыцеся абрэзаньня, 3 бо абрэзаньне — мы, што служым Богу духам і пахваляемся ў Хрысьце Ісусе, і ня ў целе маем спадзяваньне: 4 хоць і я спадзяюся і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык балей я, 5 абрэзаны ў восмы дзень, з роду Ізраілявага, з калена Бэніямінавага, Жыд з Жыдоў, водле закону Фарысэй, 6 які праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, водле праведнасьці законнай — беззаганны. 7 Але, што для мяне было набыткам, тое дзеля Хрыста лічыў я за страту. 8 Дый усё лічу стратай для вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё ўтраціў і ўсё лічу за сьмяцьцё, каб Хрыста прыдбаць 9 і апынуцца ў Ім, маючы не маю праведнасьць, што з закону, але тую, што праз веру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога на падставе веры, 10 каб пазнаць Яго і сілу ўваскрасеньня Яго, і ўчасьце ў муках Яго, упадабляючыся сьмерці Яго, 11 каб толькі дасягнуць ускрасеньня мёртвых. 12 Не затым, што я ўжо дасягнуў, ці ўжо стаўся дасканалым, а імкнуся, ці не дасягну й я таго, за што і мяне дасягнуў Хрыстос Ісус. 13 Браты, я ня думаю аб сабе, што дасягнуў, а толькі, забываючыся аб мінулым і пнучыся да таго, што наперадзе, 14 імкнуся да мэты, да чэсьці вышэйшага прызваньня Божага ў Хрысьце Ісусе. 15 Дык хто з нас дасканалы, думайма гэтак; калі-ж вы аб чым іначай думаеце, дык і гэтае вам Бог адкрые. 16 Па-за гэтым, чаго мы дасягнулі, (ёсьць:) тым жа законам жыці, тое-ж думаці. 17 Насьлядуйце, браты, мяне і ўзірайцеся на тых, хто гэтак паступае, па ўзору, які маеце ў нас. 18 Бо многія, аб якіх я часта гаварыў вам, а цяпер і са сьлязьмі кажу, паступаюць, як ворагі Хрыстовага крыжа, — 19 якіх канец — загуба, якіх бог — чэрава, і слава якіх у сораме іх, тых, што думаюць аб зямным. 20 Нашае-ж жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збавіцеля, Госпада Ісуса Хрыста, 21 Які ператворыць цела зьнявагі нашае, каб яно сталася падобным да цела славы Яго, сілаю, якою Ён дуж і пакарыць Сабе ўсё.
Разьдзел 4 1 Гэтак, браты мае ўмілаваныя і пажаданыя, радасьць і вянец мой, стойце так у Госпадзе, любыя. 2 Прашу Яўводзію, прашу і Сынтыхею думаць гэтак сама ў Госпадзе; 3 ды прашу й цябе, шчыры супрацоўніку, дапамагай ім, тым, што працавалі ў дабравешчаньні разам са мною і з Клімантам і з рэштай супрацоўнікаў маіх, імёны якіх у кнізе жыцьця. 4 Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і йзноў кажу: радуйцеся! 5 Ціхасьць ваша няхай пазнана будзе ўсімі людзьмі. Госпад блізка. 6 Ня турбуйцеся ні аб чым, але заўсёды ў малітве і благаньні падзякай няхай адкрываюцца просьбы вашыя перад Богам, — 7 і мір Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і мысьлі вашыя ў Хрысьце Ісусе. 8 Наканец, браты, што ёсьць праўдзівае, што чэснае, што справядлівае, што чыстае, што ласкавае, што хвалебнае, калі ёсьць якая цната і якая пахвала, — аб гэтым думайце. 9 I чаго вы навучыліся, і што прынялі і чулі і бачылі ў-ва мне, тое рабеце, — і Бог міру будзе з вамі. 10 Я вельмі ўцешыўся ў Госпадзе, што вы ўжо калісь пачалі думаць аба мне, аб якім і раней думалі, ды ня было нагоды. 11 Кажу не як дзеля нястачы, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ў мяне ёсьць: 12 бо ўмею і ў паніжэньні быць, умею і ў дастатках; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім, і насычацца і галадаваць, і мець дастаткі і недастатак, 13 Усё магу ў Хрысьце, які ўзмацняе мяне. 14 Па-за гэтым вы добра зрабілі, дзелячы са мною мой сум. 15 Ведаеце і вы, Філіпяне, што напачатку дабравешчаньня, калі выйшаў я з Македоніі, ні адна царква не далучылася да мяне праз дораньне і гасьціну, апрача вас адных. 16 Вы і ў Фесалоніку і раз, і два прысылалі мне ў патрэбе. 17 Ня тое, каб я шукаў падарунку, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць. 18 Я дастаў усё і маю дастаткі; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадзіта пасланае вамі, пахі салодкія, ахвяру прыемную, Богу любую. 19 Бог мой няхай напоўніць усякую нястачу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце Ісусе. 20 Богу-ж і Айцу нашаму слава на векі вякоў. Амін. 21 Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною. 22 Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, што з кесаравага дому. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін. Да Філіпянаў пісана з Рыму праз Эпафрадзіта. Вярнуцца назад |