Галоўная > Новы Запавет > Другое пасланьне да Цімахвея сьв. ап. Паўлы
Другое пасланьне да Цімахвея сьв. ап. Паўлы29 лютага 2012. |
|
Пераклад Лукі Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча Разьдзел 1 1 Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, водле абяцаньня жыцьця, што ў Хрысьце Ісусе, 2 Цімахвею, умілаванаму сыну: ласка, міласьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага. 3 Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумленьнем, што безперастанку ўспамінаю аб табе ў малітвах маіх уначы і ўдзень, 4 жадаючы бачыць цябе, помнячы аб сьлёзах тваіх, каб мне напоўніцца радасьцяй, 5 успамінаючы некрывадушную веру тваю, якая раней жыла ў бабцы тваёй Ляідзе і ў матцы тваёй Яўніцы; дый я пэўны, што і ў табе. 6 Дзеля гэтае прычыны напамінаю табе, каб падаграваў дар Божы, які ёсьць у табе праз узлажэньне рук маіх, 7 бо даў нам Бог ня духа страху, але сілы й любві і мудрасьці. 8 Дык ня стыдайся сьведчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ані мяне, вязьня Яго; але цярпі муку разам з Эвангельлем водле сілы Бога, 9 што выбавіў нас і паклікаў прызваньнем сьвятым, ня водле ўчынкаў нашых, але водле пастановы Сваей і ласкі, дадзенае нам у Хрысьце Ісусе перад вечнымі часамі, 10 а цяпер выяўленае праз зьяўленьне Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, што зьнішчыў сьмерць і асьвяціў жыцьцё і нятленнасьць праз Эвангельле, 11 для якога я пастаўлены за прапаведніка і Апостала ды вучыцеля паганаў. 12 3 гэтае прычыны я і цярплю гэтае; але не саромлюся, бо ведаю, у Каго я ўвераваў, і пэўны, што Ён дуж захаваць залог мой на гэны дзень. 13 Дзяржыся прыкладу здаровых слоў, што ты чуў ад мяне, у веры й любві, што ў Хрысьце Ісусе. 14 Хавай добры залог Духам Сьвятым, што жыве ў нас. 15 Ты ведаеш тое, што адвярнуліся ад мяне ўсе, што ў Азіі, між імі Фігел і Гармаген. 16 Няхай дасьць Госпад міласьць дому Анісіфара, бо ён часта прымаў мяне і ня стыдаўся путаў маіх, 17 але як быў у Рыме, з вялікай рупнасьцяй шукаў мяне і знайшоў. 18 Няхай дасьць яму Госпад знайсьці міласьць у Госпада ў гэны дзень; а колькі ён служыў мне у Эфэсе, ты лепей ведаеш.
Разьдзел 2 1 Дык ты, сын мой, узмацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце Ісусе, 2 і, што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць. 3 Дык цярпі мукі, як добры жаўнер Ісуса Хрыста. 4 Ніводзін жаўнер ня зьвязвае сябе справамі жыцьцёвымі, каб дагадзіць начальніку войска. 5 Калі-ж хто і змагаецца, не дастане вянка, калі будзе бароцца незаконна. 6 Трэба, каб зямляроб, які працуе, першы спробаваў пладоў. 7 Разумей, што кажу. Няхай жа дасьць табе Госпад разуменьне ў-ва ўсім. 8 Памятай пра Госпада Ісуса Хрыста, з насеньня Давідавага, што ўскрос із мёртвых водле Эвангельля майго, 9 у якім цярплю мукі аж да путаў, як ліхадзей, але слова Божага нельга закаваць. 10 Дзеля гэтага я ўсё цярплюдля выбраных, каб і яны здабылі збаўленьне, што ў Хрысьце Ісусе з вечнаю славаю. 11 Вернае слова: бо калі мы з Ім памерлі, дык з Ім і жыць будзем; 12 калі мучымся, дык з Ім і царыць будзем; калі адцураемся, і Ён адцураецца ад нас; 13 калі мы няверныя, ён верным астаецца, бо ад сябе адрачыся ня Можа. 14 Гэтае напамінай, сьведчучы перад Госпадам не спрачацца, што зусім не карысна, а на няшчасьце для слухаючых. 15 Старайся паставіць сябе годным перад Богам, работнікам беззаганным, правільна пераказваючы слова праўды. 16 Ад нягоднага марнаслоўя ўхіляйся; бо яны яшчэ балей будуць памнажаць бязбожнасьць. 17 I слова іх, як гангрэна, меціме корм. Гэтакія Гімэнэй і Філет, 18 якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўскрасеньне ўжо было, і пераварачаюць у некаторых веру. 19 Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы гэтакую пячаць: пазнаў Госпад Сваіх; і: няхай адступіцца ад няпраўды кожны, хто імя Госпада называе. 20 А ў вялікім доме ёсьць пасудзіны ня толькі залатыя і сярэбраныя, але і драўляныя і гліняныя; і адны ў чэсьці, другія — ня ў чэсьці. 21 Дык, калі хто ачысьціцца ад гэтага, той будзе судзінаю ў чэсьці, асьвянчонаю і карыснаю Валадару, прыгатаванаю на кожнае добрае дзела. 22 Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а дзяржыся праўды, веры, любві, міру з прызываючымі Госпада ад чыстага сэрца. 23 Ад дурнога і ненавуковага змаганьня ўхіляйся, ведаючы, што яно родзіць сваркі; 24 рабу-жГоспадаву ня сьлед сварыцца, але быць ветлым да ўсіх, навучаючым, лагодным, 25 у ціхасьці навучаць супраціўнікаў, ці ня дасьць ім Бог пакаяньня дзеля пазнаньня праўды, 26 каб яны вызваліліся з сеці д’ябла, што жыўцом улавіў іх пад сваю волю.
Разьдзел 3 1 Ведай жа тое, што ў апошнія дні прыйдуць цяжкія часы. 2 Бо будуць людзі самалюбнымі, срэбралюбцамі, пышнымі, гордымі, зламоўнымі, непаслухмянымі бацьком, няўдзячнымі, бязбожнымі, няпрыязьлівымі, 3 нязгодлівымі, абмоўцамі, непаўстрыманымі, жорсткімі, нялюбячымі дабра, 4 здрайцамі, напастлівымі, надзьмутымі, будуць больш любіць раскошу, чым Бога, 5 маючы выгляд багабойнасьці, сілы-ж Яго выракшыся. Ад гэтакіх ухіляйся. 6 Бо з гэткіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і зводзяць жанок, абцяжоных грахамі, кіраваных усялякай пажадлівасьцяй, 7 што заўсёды вучацца ды ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды. 8 Як Яньні і Ямбр спраціўляліся Майсею, гэтак і яны спраціўляюцца праўдзе, людзі з папсаваным розумам, невукі ў веры 9 Але яны ня шмат пасьпявацімуць: бо дурасьць іх выкрыецца перад усімі, як гэта і здарылася з гэнымі. 10 А ты пайшоў за мной у навуцы, у жыцьці, станоўкасьці, вялікадушнасьці, веры, любві, цярплівасьці, 11 у перасьледаваньнях, муках, што здарыліся мне ў Антыохіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьледаваньні я перанёс, із усіх вызваліў мяне Госпад. 12 Дый усе, што жадаюць жыць багабойна ў Хрысьце Ісусе, перасьледаваны будуць. 13 Людзі-ж нягодныя і чарадзеі пасьпявацімуць у зьле, баламуцячы і баламучаныя. 14 А ты трывай у тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны; 15 дый ты з дзяцінства ведаеш сьвятое пісаньне, што зрабіць цябе можа мудрым на збаўленьне вераю, што ў Хрысьце Ісусе. 15 Усенькае пісаньне натхнёна Богам і карысна дзеля навукі, дзеля дакору, дзеля папраўленьня, дзеля ўзгадаваньня ў праведнасьці, 17 каб дасканалым быў чалавек Божы, на ўсякае добрае дзела гатовым.
Разьдзел 4 1 Дык сьведчу перад Богам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у зьяўленьні Сваім і ў царстве Сваім: 2 прапаведуй слова, настаівай у час і ня ў час, дакарай, пагражай, малі з усенькай доўгацярплівасьцяй і навучаньнем, 3 бо будзе час, калі здаровае навукі прымаць ня будуць, але водле свайго пажаданьня будуць выбіраць сабе вучыцялёў, лашчаныя па слыху, 4 і ад праўды слых адвернуць і зьвернуцца да казак. 5 Але ты будзь чуйны ў-ва ўсім, цярпі і гора, рабі дзела дабравешчаньня, служэньне твае выпаўняй. 6 Бо мяне ўжо на жэртву прыгатавалі, і час майго адыходу настаў. 7 Бароўся я добрай барацьбой, бег закончыў, веру захаваў; 8 наастатак гатовіцца мне вянок праўды, які дасьць мне Госпад, праведны Судзьдзя, у гэны дзень; і ня толькі мне, але і ўсім, што зьяўленьне Яго палюбілі. 9 Пастарайся хутка прыйсьці да мяне. 10 Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, дый пайшоў у Фесалоніку; Крыскент у Галятыю; Ціт у Дальматыю; адзін Лукаш са мною. 11 Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэньня, 12 Тыхіка-ж я паслаў у Эфэс. 13 Плашч, што пакінуў я ў Троадзе у Карпы, ідучы, прынясі, дый кнігі, асабліва скураныя. 14 Аляксандра, меднік, шмат зрабіў мне благога. Няхай дасьць яму Госпад водле ўчынкаў Яго! 15 Сьцеражыся яго і ты, бо ён вельмі працівіцца нашым словам. 16 Пры першым маім адказе нікога ня было са мною, але ўсе мяне пакінулі. Няхай ня будзе ім палічана! 17 Госпад жа стануў перада мною і ўмацаваў мяне, каб пропаведзь праз мяне забясьпечана была, ды каб і пачулі яе ўсе пагане; і я вызваліўся з ільвінае ляпы. 18 I вызваліць мяне Госпад ад усякага ліхога дзела і спасе для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін. 19 Прывітай Прыскіллу і Акілу і дом Анісіфараў. 20 Эраст астаўся ў Карыньце; Трахіма-ж я пакінуў хворага ў Мілеце. 21 Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Яўвул і Пуд, і Лін і Кляўдыя, і ўсе браты. 22 Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амін. Другое да Цімахвея, першага рукапакладзенага япіскапа Эфэскае царквы, пісанае з Рыму, калі паўторна стануў Паўла перад кесарам Нэронам. Вярнуцца назад |