Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159
Галоўная > Малебны > Малебен у грамадскія і дзяржаўныя сьвяты
Малебен у грамадскія і дзяржаўныя сьвяты10 лютага 2009. |
Дыякан: Блаславі, ойча.Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.Уладару нябесны, Пацяшыцелю, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы. Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.Чытальнік: Амін.Дыякан: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. (Так пасьля наступных вершаў)Дыякан: Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго на ўсе вякі.– Акружылі мяне з усіх бакоў, але імем Гасподнім я супрацівіўся ім. – Не памру, але буду жыць і абвяшчаць учынкі Госпада. – Камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым каменем: ад Бога гэта і дзіўнае ў нашых вачох. Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.Трапар (тон 4): Мы, удзячныя слугі Твае, Госпадзе, зазнаўшы дабрадзействаў, якімі Ты нас абдарыў, славім і бласлаўляем Цябе, аддаем хвалу і дзякуем Табе, узьвялічваем у песьнях Тваю добрасардэчнасьць і з любоўю ўсклікаем: "Дабрачынца, Збавіцелю наш, слава Табе!"Слава... цяпер... (Тон 1): Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, даруй супакой нашай краіне і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго крыжа.Дыякан: Будзьма ўважлівыя.Сьвятар: Мір усім.Людзі: І твайму духу.Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.Чытальнік (пракімен): Буду пяяць Госпаду, які дабро мне ўчыніў, буду славіць імя Госпада ўсявышняга.Верш: Усьцешыцца сэрца маё ў збаўленьні Тваім.Дыякан: Мудрасьць.Чытальнік: Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Рымлянаў.Дыякан: Слухайма ўважліва.Чытальнік: Браты, хай кожны чалавек будзе паслухмяны вышэйшай уладзе: бо няма ўлады, якая б не была ад Бога, а тая, што ёсьць – устаноўленая Богам. Дык хто супраціўляецца ўладзе, супраціўляецца парадку Божаму. Тыя ж, што супраціўляюцца, самі на сябе наклікаюць суд. Бо начальнікі страшныя не для тых, хто добрае, але для тых, хто благое чыніць. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і будзеш мець пахвалу ад яе. Бо начальнік для цябе – Боскі слуга для твайго дабра. А калі робіш благое, дык бойся, бо не дарма ён носіць меч. Ён– слуга Божы для справядлівага пакараньня тых, хто робіць благое. Таму трэба быць паслухмяным ня толькі дзеля страху пакараньня, але дзеля сумленьня. З тае самае прычыны плаціце падаткі. Бо тыя, якія пастаўленыя зьбіраць іх, з волі Бога выконваюць свой абавязак. Аддайце кожнаму належнае: каму падатак – падатак; каму мыта – мыта; каму паслушэнства – паслушэнства; каму пашана – пашану. (13:1–7)Сьвятар: Мір табе, чытальнік.Чытальнік: І твайму духу.Дыякан: Мудрасьць.Чытальнік: Алілуя, алілуя, алілуя.Дыякан: І каб быць нам дастойнымі слухаць Сьвятое Евангельле, Госпада Бога молім.Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць Сьвятое Евангельле.Сьвятар: Мір усім.Людзі: І твайму духу.Сьвятар: Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея.Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.Дыякан: Слухайма ўважліва.Сьвятар: У той час фарысэі ўчынілі раду, як злавіць Ісуса на слове. І паслалі да Яго сваіх вучняў разам з гэрадыянамі. Тыя спыталіся ў Яго: "Настаўнік, мы ведаем, што Ты справядлівы і настаўляеш праўдзіва на Божую дарогу, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу. Скажы нам, як Табе здаецца: ці можна даваць падатак кесару, ці не?" Ісус, ведаючы іхнюю няшчырасьць, адказаў: "Чаго вы Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? Пакажыце мне падаткавую манету". Яны прынесьлі Яму дынар. Ён спытаў іх: "Чыя гэта выява і надпіс?" Яны адказалі: "Кесара". Тады Ён сказаў ім: "Дык аддайце кесарава кесару, а Божае – Богу". Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі. (22:15–22)Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, сусьветнага біскупа ... (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ... (імя), і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.– Яшчэ молімся за яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас. – Мы, нягодныя слугі Твае, Збавіцелю, Уладару і Госпадзе, прыходзім да Тваёй спагадлівасьці, і дзякуем са страхам і трапятаньнем за ўсе дабрадзействы, якімі Ты шчодра абдарыў нашу краіну Беларусь; і, прыпаўшы да Цябе, пакорна просім захаваць яе свабоднай і ў супакоі. Пакажы Тваю заўсёдную міласэрнасьць нашаму беларускаму народу, спаўняючы ўсе ягоныя добрыя жаданьні і намеры; і дай яму дух справядлівасьці, згоды, братняй любові і шчырай набожнасьці. Горача молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся. – Яшчэ молімся за ўсіх братоў і сёстраў нашых і за ўсіх прававерных хрысьціянаў. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)Сьвятар: Выслухай нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх, што жывуць на зямлі, і тых, што далёка на моры, і будзь спагадлівы да нас, грэшных, і зьмілуйся над намі. Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.Людзі: Амін.Сьвятар: Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, Божа ўсякай міласэрнасьці і дабротаў, чыя спагада бязьмерная і чалавекалюбства быццам неспасьцігальная глыбіня марская: прыходзім да Тваёй велічы са страхам і трапятаньнем, і дзякуем Табе за ўсе дабрадзействы, якімі Ты абдарыў нашую краіну; і, прыносячы Табе гэтую нашую ўдзячную малітву, хвалім, славім, узьвялічваем у песьнях Цябе, нашага Госпада, Уладара і Дабрачынца. Просім Цябе: прымі сёньня малітвы пакорных слугаў Тваіх, чые просьбы Ты міласэрна захацеў споўніць. Не забудзь нас і ў будучыні, але зрабі, каб мы ўдасканальваліся ў дабрадзейнасьцях і шчырай любові; захавай нашую краіну ад усякіх няшчасьцяў і закалотаў, і даруй ёй Твой супакой. І зрабі нас годнымі прыносіць падзяку і хвалу Табе, разам з Тваім спрадвечным Айцом, і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, – праслаўленаму ў адной сутнасьці Богу.Іншая малітва: Сусьветны Уладару, спрадвечны Божа, Ты ўвесь сьвет стварыў і законы для ўсяго ўстанавіў, кожнаму месца прызначыў, а род людзкі так бясконца палюбіў, што Сына Свайго Адзінароднага паслаў на зямлю, каб усе слухалі Ягоную навуку і, ідучы сьледам за Ім, увайшлі ў Тваё нябеснае валадарства. Мы, дзеці беларускага народу, як маглі слухаліся Тваіх загадаў, але дзеля чалавечае слабасьці часта падалі і зьневажалі Цябе сваімі грахамі. Цяпер молім Цябе шчыра: даруй нам нашыя правіны, нашую нядбайнасьць ў адносінах да сябе і да іншых; даруй таксама тым, хто крыўдзіў нас і зьневажаў. Барані нас ад крыўды варожае і дай нам і ворагам нашым духа сапраўднае хрысьціянскае любові. Дай нам еднасьць веры, згоду ў грамадзкім і сямейным жыцьці, загаі нашыя асабістыя і народныя раны душы, якія мы самі сабе ўчынілі, або ад непрыяцеляў атрымалі. У нашым штодзённым жыцьці асьвяці наш розум Тваім евангельскім сьвятлом, каб мы, захоўваючы Твае прыказаньні, перамагалі ўсе цяжкасьці і цярпеньні і заўсёды Цябе бласлаўлялі. Пашлі беларускаму народу ахвярных слугаў сваіх, якія праведным, сумленным і мудрым жыцьцём і дзейнасьцю вялі б яго да лепшае долі. Дай нам сьвятое духавенства. Блаславі нашы сем'і, каб у кожнай з іх дбалы бацька і ахвярная маці, злучаныя шчырай сьвятой любоўю, выхоўвалі Табе на славу, а бацькаўшчыне на карысьць сваіх дзетак. Асаблівую ласку дай моладзі, каб яна атрымала глыбокае хрысьціянскае ўзгадаваньне і вырасла на карысных сыноў і дачок свайго народу. Блаславі нашыя дачасныя дастаткі, ня дай гінуць марна тым талентам, якія Ты пасылаеш у наш народ, але дай ім свабодна разьвіцца і закрасаваць Табе на славу і ўсяму людзтву на карысьць. Блаславі працу сялянаў на ральлі, работнікаў у фабрыках, вучоных, пісьменьнікаў, мастакоў, каб з іхняй дапамогай беларускі народ мог разумна і прыгожа жыць і разьвівацца. Цябе, Усячыстая Багародзіца і нашая нябесная Маці, просім: пакрый нашу краіну Тваім сьвятым покрывам і будзь нашай апякункай і заступніцай. І ты, сьвятая Еўфрасіньня, асьветніца Беларусі, і ўсе сьвятыя заступнікі беларускага народу, маліцеся за нас няспынна, каб мы сталіся народам сьвятым, які выконвае волю Божую і сваё пасланство, і каб мы ўнесьлі свой уклад у агульнае дабро тут на зямлі, а ў прышлым жыцьці атрымалі вечнае шчасьце, і няспынна аддавалі славу, пашану і пакланеньне Богу ў Тройцы адзінаму, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Слава Табе, Божа, Дабрачынца наш на ўсе вякі. Людзі: Амін.І сьпяваюць песьню сьв. Амброзыя: Цябе, Бога, хвалім, Цябе, Госпада, вызнаем, Цябе, спрадвечнага Айца, уся зямля ўзьвялічвае. Табе ўсе анёлы, Табе нябёсы і ўсе сілы, Табе хэрувімы і сэрафімы несьціханымі галасамі ўсклікаюць: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад Бог Сілаў, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй! Цябе слаўны апостальскі збор, Цябе хор пачэсных прарокаў, Цябе сьветлая мучанікаў грамада хваліць. Цябе па ўсім сьвеце прапаведуе Сьвятая Царква – Айца недасяжнае велічы; роўнага славаю Твайго адзінароднага праўдзівага Сына, і сьвятога Пацяшыцеля Духа. Ты, Хрысьце – Уладар славы, Ты – Айца спрадвечны Сын; Ты дзеля збаўленьня сьвету стаўся чалавекам, не пагардзіўшы дзявочым улоньнем. Ты скрышыў джала сьмерці і адчыніў верным валадарства нябеснае. Ты сядзіш па правай руцэ Бога ў славе Айца, і прыйдзеш зноў як судзьдзя. Просім Цябе, дапамажы слугам Тваім, якіх Ты выкупіў сваёй пачэснай крывёю, і зрабі іх дастойнымі разам са сьвятымі Тваімі валадарыць у вечнай славе Тваёй. Збаў людзей Тваіх, Госпадзе, і блаславі набытак Твой, кіруй імі і ўзьнімі іх на вякі. Будзем штодня бласлаўляць Цябе і хваліць імя Тваё давеку і на век вякоў. Дай, Госпаде, у гэты дзень захавацца нам без граху. Зьмілуйся над намі, Госпадзе, зьмілуйся над намі. Хай міласэрнасьць Твая спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе. На Цябе, Госпадзе, спадзяемся: хай не пасаромеемся давеку. Амін. Або: Магутны Божа, Уладар сусьветаў, Вялікіх сонцаў і сэрц малых Над Беларусяй, ціхай і ветлай, Рассып праменьні сваёй хвалы. Дай спор у працы, штодзённай, шэрай, На лусту хлеба, на родны край. Павагу, сілу і веліч веры У нашу праўду, у прышласьць дай. Дай урадлівасьць жытнёвым нівам, Учынкам нашым пашлі ўмалот. Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай Краіну нашу і наш народ. Дыякан: Мудрасьць.Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога–Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, змілуйся. Ойча, блаславі. Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў, між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага, сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, сьвятога айца нашага Аўрама Смаленскага, сьвятога сьвятамучаніка Язафата, арцыбіскупа Полацкага, і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу, сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.Людзі: Амін.Дыякан прагалошвае "мнагалецьці": Дабрадзейнае і спакойнае жыцьцё, здароўе і посьпех у кожнай добрай справе дай, Госпадзе, сьвятому айцу нашаму сусьветнаму біскупу ... (імя) Папу Рымскаму і захавай яго на многія леты!Дастойнаму арцыбіскупу (багалюбнаму біскупу) нашаму ... (імя) (і ўсім нашым бікупам) дай, Госпадзе, дабрадзейнае і спакойнае жыцьцё, здароўе і збаўленьне, і посьпех у кожнай добрай справе і захавай яго (іх) на многія леты!Дабрадзейнае і спакойнае жыцьцё, здароўе і збаўленьне, і посьпех у кожнай добрай справе, дай, Госпадзе, яго міласьці ... (імя галавы дзяржавы), і захавай яго на многія леты!Заснавальнікам і дабрачынцам гэтай сьвятой царквы, парафіянам, тым, што сьпяваюць, працуюць і моляцца ў ёй, і ўсім прававерным хрысціянам, дай, Госпадзе, здароўе і збаўленьне, і посьпех у кожнай добрай справе, і захавай іх на многія леты! Вярнуцца назад |