Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159 Версія для друку > Малітва на асьвячэньне памятнай табліцы аднаму слузе Божаму, які пацярпеў за Беларусь
Галоўная > Малебны > Малітва на асьвячэньне памятнай табліцы аднаму слузе Божаму, які пацярпеў за Беларусь

Малітва на асьвячэньне памятнай табліцы аднаму слузе Божаму, які пацярпеў за Беларусь


16 лістапада 2009.

Сьвятар: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, Ты явіў Тваю бязьмежную дабрыню і любоў да людзей, калі, сам бязьвінны, захацеў дабравольна пацярпець мучэньні і Крыжовую сьмерць, каб нас вызваліць з няволі грахоўнай, што вядзе да сьмерці, і дараваць вечнае жыцьцё. Мы, слугі Твае, сёньня аддаем Табе славу, падзяку і пакланеньне, і просім Цябе глянуць ласкава на гэтую памятную табліцу, (ацененую Крыжом Тваім сьвятым), пастаўленую на ўспамін пра вернага сына беларускага народу … (імя), які быў сярод тых дзяцей Тваіх, што праз усё жыцьцё сваё заставаліся вернымі Табе, жылі паводле Тваіх запаветаў і нявінна цярпелі перасьлед і мучэньні ў вязьніцах, на катаржных работах і на выгнаньні; якіх аддавалі на лютую сьмерць за тое, што яны любілі Цябе і свой народ і жадалі яму лепшай долі і пашаны ягонай чалавечай і нацыянальнай годнасьці.

Ты сам сказаў, а пасьля явіў на справе, што "няма большай любові як калі хто аддасьць жыцьцё сваё за прыяцеляў", і што "калі зерне не ўпадзе ў зямлю і не памрэ, яно ня можа прынесьці плёну". Гэты наш брат, слуга Твой … (імя), засьведчыў сваю веру і любоў сваім жыцьцём, цярпеньнямі і сьмерцю. Дык хай ягоная ахвяра ня будзе дарэмнаю, але, як тое зерне, прынясе багаты плён справядлівага міру, свабоды і шчасьлівай будучыні для ўсёй нашай Царквы і ўсяе краіны нашай, каб народ беларускі, заняўшы належнае яму месца ў сям'і народаў сьвету, заўсёды славіў усесьвятое Імя Тваё. А яму самому дай вечны супакой і шчасьце сузіраць Аблічча Тваё разам з усімі сьвятымі, якія ад пачатку сьвету дагадзілі Табе .

Бо Ты - Крыніца і Падаўца ўсяго добрага, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з Усесьвятым, Добрым і Жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Вярнуцца назад