Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159
Галоўная > Малебны > Малебны канон на разлучэньне душы ад цела ўсякага прававернага
Малебны канон на разлучэньне душы ад цела ўсякага прававернага16 лістапада 2009. |
Перад тым, як пачаць малітвы на адыход душы, сьвятар павінен падрыхтаваць паміраючага да вечнасьці. Калі ён (яна) пры памяці і можа гаварыць, або прынамсі даць знаць, што разумее, сьвятар павінен выслухаць ягоную (ейную) споведзь, памагаючы, калі трэба, пытаньнямі. Асабліва важна спытацца, ці паміраючы не затаіў якога граху ў ранейшай споведзі, і выклікаць жаль за ўсе грахі. Калі паміраючы не пры памяці, або ў вельмі цяжкім стане, так што споведзь немагчымая, трэба даць разграшэньне ўмоўна, кажучы перш: "Калі чуеш мяне, шкадуй за грахі ўсяго жыцьця твайго". Пасьля споведзі, калі паміраючы можа прыймаць ежу, вельмі пажадана даць яму Сьвятое Прычасьце. Пасьля трэба выканаць кароткі абрад тайны алеепамазаньня. У залежнасьці ад абставінаў (стан паміраючага, месца, жаданьне сям'і, ...) малітвы на адыход душы можна чытаць выбарачна, са скарарачэньнямі. Калі часу няма, можна адразу чытаць "Малітву на адыход душы", пакідаючы ўсё іншае. Наогул ад сьвятара вымагаецца шмат разуменьня, такту і пачуцьця спагадлівасьці ў адносінах як да паміраючага, так і да ягонай сям'і.
Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа, слава Табе. Уладару нябесны... Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы) Слава... цяпер... І далей ад Усесьвятая Тройца аж да Ойча наш... Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Госпадзе, зьмілуйся (12 разоў). Слава... цяпер... Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу. Прыйдзіце,паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога. Прыйдзе, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага. Псалом 50. Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці* і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё. Асабліва абмый мяне з віны маёй* і ад грахоў маіх ачысьці мяне. Бо беззаконьне маё я знаю* і грэх мой заўжды перада мною. Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. * Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім. Вось я быў зачаты ў беззаконьні, * і ў граху нарадзіла мяне мая маці. Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, * паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй. Акрапі мяне гісопам, і буду чысты, * абмый мяне, і стану бялейшы за сьнег. Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: * хай узрадуюцца ўпакораныя косьці. Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў* і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх. Сэрца чыстае ствары ва мне, Божа, * і дух правы абнаві ў нутры маім. Не адкінь мяне ад Твайго аблічча* і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне. Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня* і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці. Буду навучаць грэшнікаў шляхоў Тваіх, * і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе. Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня: * хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць. Адчыні мае вусны, Госпадзе, * і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю. Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: * на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна. Ахвяра Богу – дух скрушлівы: * сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш. Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: * хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя. Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні: * тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік. Слава... цяпер... Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы) Псалом 50 можна замяніць адным з наступных: Псалом 69 Божа, ратуй мяне; * Божа, прыйдзі хутчэй на дапамогу мне. Хай будуць пасаромленыя і хай чырванеюць тыя, * што робяць засаду на мяне; Хай адступяць з сорамам тыя, * што цешацца з майго няшчасьця; Хай адступяць пакрытыя ганьбаю тыя, * што кажуць: „Але, так яму і трэба!“ Хай радуюцца і цешацца ў Табе* ўсе, што Цябе шукаюць, І кажуць заўсёды: „Хай уславіцца Госпад!“ * – тыя, што жадаюць Тваёй дапамогі. Я ж бедны і няшчасны: * Божа, прыйдзі да мяне з дапамогаю. Ты – мая дапамога і маё вызваленьне: * Госпадзе, не пазьніся! Псалом 142 Пачуй, Госпадзе, малітву маю... Канон Госпаду нашаму Ісусу Хрысту і найсьвяцейшай Багародзіцы на адыход душы ад імя чалавека, які памірае (Тон 6) Песьня 1. Ірмас. Ізраіль, ідучы па дне марскім, быццам па сушы, убачыў, як фараон, што гнаўся за ім, патануў у бездані, і ўсклікнуў: "Пяём Богу пераможную песьню!" Прыпеў. Усесьвятая Багародзіца, збаў нас. Як кроплі дажджу сохнуць ад летняй сьпёкі, так дні жыцьця майго паволі прамінаюць: Уладарка, збаў мяне. У Тваёй дабрасардэчнасьці і спагадлівасьці, і заўсёднай гатоўнасьці дапамагчы, у гэты страшны для мяне час, Уладарка, будзь мне заступніцай. Мая душа ўся ў вялікім страху, абнятая трапятаньнем і жахам, бо павінна пакінуць цела: але Ты, Усячыстая, суцеш яе. Слава... Ведамы прытулак грэшнікаў і ўпакораных, пакажы, Усячыстая, на мне Тваю міласэрнасьць і выбаў ад бесаўскай рукі: бо шматлікія ворагі абступілі мяне. Цяпер... Вось час на дапамогу, час на заступніцтва Тваё, вось, Уладарка, час, аб якім дзень і ноч я маліўся, прыбягаючы да Цябе. Песьня 3. Ірмас. Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе, які ўзьнёс рог верных Тваіх і ўмацаваў нас на камені веры Тваёй. Здаўна прадбачыўшы гэты дзень і думаючы ўвесь час аб ягоным прыйсьці, малюся з гарачымі сьлязьмі: Уладарка, не забудзься на мяне. Духоўныя ворагі акружылі мяне, яны шукаюць схапіць мяне і разарваць: але Ты, Уладарка, скрышы іхнія зубы і сківіцы, і збаў мяне. Пагасла мая здольнасьць маўленьня, і мой язык зьвязаны, голас мой замкнёны, але ў скрусе сардэчнай малю Цябе: Збавіцелька мая, збаў мяне. Слава... Маці Хрыста Бога майго, прыхілі вуха Тваё да мяне з вышыні славы Тваёй, Добрая, пачуй стогн апошні мой, і працягні мне руку. Цяпер... Не пазбаў мяне Тваіх дабротаў, не зачыні сэрца Твайго чалавекалюбнага, Усячыстая, але будзь мне цяпер заступніцай і ў дзень судны ўспамяні мяне. Песьня 4. Ірмас. "Хрыстос – мая Сіла, Бог і Госпад!" – сьвятая Царква пабожна пяе і кліча, і з чыстым сэрцам славіць Госпада. Дай мне, Добрая, струмені сьлёз, каб абмыць правіны, і прымі скруху сэрца майго. На Цябе, Багародзіца, я ўсклаў маю непахісную надзею, бо Ты, крыніца ласкі, выбаўляеш мяне ад страшных мукаў. Непахіснае і бязгрэшнае прыстанішча для ўсіх, што прыбягаюць да Цябе, Уладарка ўсебеззаганная, будзь мне заступніцай у час майго выпрабаваньня. Распасьцёршы Твае ўсячыстыя і ўсепачэсныя рукі, быццам сьвятая галубка крылы, пад покрывам і ценем іх захавай мяне, Уладарка. Слава... Дай мне, які адыходжу ад гэтага жыцьця, бясьпечна прайсьці міма начальніка духаў нячыстых, гвалтаўніка, мучыцеля, вартаўніка страшных шляхоў і бязьлітаснага выпрабавальніка слоў маіх. Цяпер... Жах найшоў на мяне, Уладарка, якога я баяўся, вялікае выпрабаваньне чакае мяне: будзь мне заступніцай, бо Ты – надзея жыцьця майго. Песьня 5. Ірмас. Малюся Табе, Добры, дай Боскаму сьвятлу Твайму зазьзяць любоўю ў душах тых, што, устаўшы зранку, імкнуцца пазнаць Цябе, Слова Божае, сапраўднага Бога, які кліча ўсіх з грахоўнае цемрадзі. Не забудзь мяне, Добрая, і не адвярні ад мяне твару Твайго, але глянь на маё гора, прымі маю душу і збаў яе. Родныя мае паводле цела, і паводле духа браты і сёстры мае, і ўсе мае прыяцелі, плачце, уздыхайце і сумуйце, бо вось я адыходжу ад вас. Нішто мяне сёньня ня выбавіць, і ніхто не паможа, апрача Цябе, Уладарка: Ты памажы мне, каб мне, безабароннаму, не папасьціся ў рукі ворагаў. Слава... Сьвятыя мае анёлы, на Судзе Хрыстовым, схіліўшы вашыя духоўныя калені, з плачам прасіце: "Зьмілуйся, Творца добры, над творам рук Тваіх і не адкінь яго". Цяпер... Пакланіўшыся Ўладарцы і ўсячыстай Маці Бога майго, памаліцеся, каб, схіліўшы калені разам з вамі, прасіла Яго быць міласэрным да мяне: бо малітва Маці і Карміцелькі заўсёды бывае выслуханая. Песьня 6. Ірмас. Уведаўшы жыцьцёвае мора, усхваляванае бураю спакусаў, я ўцёк да ціхага прыстанішча Твайго, усклікаючы: "Выбаві ад тленнасьці жыцьцё маё, Шматлітасьцівы!" Вусны мае анямелі, язык ня ў стане гаварыць, але сэрца маё не маўчыць: агонь скрухі, што зьядае мяне, у нутры маім разгараецца і невымоўнымі словамі кліча Цябе, Дзева. Глянь ласкава на мяне з вышыні, Маці Божая, і ў міласэрнасьці Тваёй наведай мяне, каб, убачыўшы Цябе, з радасьцю разлучыўся з целам. Разбурэньне прыродных сувязяў і законаў, што трымалі разам цела маё, напаўняе мяне трывогаю і нясьцерпным жахам. Слава... Аддай мяне, Уладарка, у сьвятыя і пачэсныя рукі сьвятых анёлаў, каб я, пакрыты іхнімі крыламі, ня бачыў змрочных бесаў. Цяпер... Хорам Божы ўсепачэсны, зрабі мяне годным нябеснага духоўнага хораму, напоўніўшы мой згаслы сьветач сьвятым алеем міласэрнасьці Тваёй. Кандак. Душа мая, душа мая, чаго сьпіш? Устань, канец ужо блізка, і час табе даваць адказ. Дык устань ад сну, каб ашчадзіў цябе Хрыстос Бог, што ўсюды прысутны і ўсё напаўняе. Ікас. Калі д'ябал убачыў Хрыстовую лякарню адчыненаю, і ацаленьне, што пацякло адтуль для Адама, ён сумеўся і, моцна паранены, усклікнуў да сваіх паплечнікаў: "Што мне рабіць з Сынам Марыі? Забівае мяне Народжаны ў Бэтлееме. Ён ўсюды прысутны і ўсё напаўняе!" Песьня 7. Ірмас. Анёл арасіў печ для юнакоў, і загад Божы хальдэяў спаліў, а мучыцеля змусіў усклікнуць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!" Ноч сьмяротная, змрочная і бязьмесячная, дагнала мяне, не гатовага да доўгай і страшнай дарогі: хай Твая, Уладарка, міласэрнасьць будзе мне спадарожніцаю. Усе дні мае прайшлі марна, як напісана, і гады жыцьця майго бескарысна, і вось горкія сеці сьмерці ўлавілі душу маю і трымаюць яе. Мноства грахоў маіх хай не пераможа велічы добрасардэчнасьці Тваёй, Уладарка: але хай міласэрнасьць Твая абдыме мяне і пакрые ўсе мае бясчынствы. Слава... Спадарожнікі мае, што маюць узяць мяне адсюль, ужо тут. Яны ціснуць мяне з усіх бакоў, але душа мая, поўная трывогі і страху, усё яшчэ супраціўляецца. Суцеш яе, Усячыстая, наведаньнем Тваім. Цяпер... Не знайшоў я нікога, хто б паспачуваў у смутку маім і мяне суцешыў, бо мае сябры і знаёмыя пакінулі мяне; але Ты, Уладарка, надзея мая, будзь заўжды са мною. Песьня 8. Ірмас. З полымя Ты даў расу для набожных юнакоў і ахвяру праведнага вадою спаліў. Ты ўсё чыніш як хочаш, Хрысьце, і мы ўзьвялічваем Цябе праз усе вякі. Чалавекалюбнага Бога чалавекалюбная Маці, глянь Тваім міласэрным вокам на душу маю, што адлучаецца ад цела, каб я мог славіць праз усе вякі Цябе, Усесьвятая Багародзіца. Дай мне пазьбегнуць духоўных ворагаў і ня ўпасьці ў бездань, але ўвайсьці ў неба, каб мне славіць Цябе на ўсе вякі, Усесьвятая Багародзіца. Ты, што нарадзіла Госпада ўсемагутнага, адгані ад мяне начальніка гэтага сьвету і мучыцеля, калі прыйдзе мой канец, каб мне славіць Цябе на ўсе вякі, Усесьвятая Багародзіца. Слава... Калі апошні раз загучыць труба, клічучы на страшнае ўваскрасеньне суду, калі ўсе ўстануць, успомні тады мяне, Усесьвятая Багародзіца. Цяпер... Высокі хорам Уладара Хрыста, пашлі ласку Тваю з неба і памагай мне цяпер, у страшны дзень мой, каб мне славіць Цябе на ўсе вякі, Усесьвятая Багародзіца. Песьня 9. Ірмас. Бога людзям немагчыма бачыць, на Яго хоры анельскія глянуць ня сьмеюць; дзякуючы Табе, Усячыстая, Слова, што сталася чалавекам, зьявілася людзям. Дзеля гэтага разам з нябеснымі сіламі ўзьвялічваем Яго і Цябе шчасьліваю завем. Як гэта я пабачу Нябачнага? Як мне перанесьці гэты страшны від? Як пасьмею расплюшчыць вочы, каб бачыць Уладара майго, якога ў маладосьці маёй не пераставаў засмучаць? Сьвятая Дзева, Маці Божая, на маю пакорнасьць глянь міласэрна і мае апошнія шчырыя малітвы прымі, і сьпяшайся выбавіць мяне ад мукаў і вечнага агню. Душа мая апаганіла хорам цела і цяпер, пакідаючы яго, моліць Цябе, Дзева, Усепачэсны Хорам Божы, выбавіць яе ад вонкавай цемры і лютага пякельнага агню. Слава... Бачу, што канец мой ужо зусім блізка, і сумленьне мучыць мяне, калі разважаю пра недарэчныя думкі і ўчынкі душы маёй; але Ты, Усячыстая, у міласэрнасьці Тваёй будзь мне заступніцаю. Цяпер... Сын даецца нам у міласэрнасьці, Сын Божы і Ўладар анёлаў, Спрадвечны, які ад крыві Тваёй стаў Чалавекам. Малі Яго, Дзева, каб Ён быў спагадлівы да маёй беднай душы, што вырываецца з майго няшчаснага цела. Дастойна ёсьць сапраўды называць шчасьліваю Цябе, Багародзіцу, вечна блаславёную і беззаганную Маці Бога нашага. Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Водпуст Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе. Людзі: Слава... цяпер... Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Ойча, блаславі. Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які ўваскрос з мёртвых і жывымі і мёртвымі ўладае, малітвамі ўсячыстае Свае Маці, сьвятых, слаўных і годных пахвалы Апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; сьвятых, слаўных і пераможных мучанікаў; сьвятых і баганосных айцоў нашых, душу слугі Свайго (Сваёй) ... (імя) у жыльлях сьвятых хай паселіць, ва ўлоньні Абрагама хай супакоіць, і да праведнікаў залічыць; і над намі ўсімі хай зьмілуецца і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец. Людзі: Амін.
Малітва ў час адыходу душы (скону) Уладару ўсемагутны, Ойча Госпада нашага Ісуса Хрыста, Ты хочаш, каб усе людзі былі збаўленыя і прыйшлі да разуменьня праўды; Ты не жадаеш сьмерці грэшніка, але каб ён навярнуўся і жыў. Дык молімся Табе і просім шчыра: душу слугі Твайго (Тваёй) ... (імя) вызваль ад усялякіх путаў і ад усялякай забароны, прабач яму (ёй) усе правіны, якія ён зрабіў (яна зрабіла) ад маладосьці сваёй, сьвядома і несьвядома, словам і ўчынкам, вызнаныя ім (ёю) і тыя, якія ён (яна) ня вызнаў (вызнала) праз забыцьцё або дзеля сораму; бо Ты адзіны — Надзея зьнявераных; Ты адзіны разьвязваеш зьвязанае і настаўляеш скрушлівых на правы шлях; Ты адзіны можаш адпусьціць грахі чалавеку, які спадзяецца на Цябе. Дык загадай, чалавекалюбны Госпадзе, каб слузе Твайму (Тваёй) ... былі разьвязаныя грахоўныя путы; прымі ў супакоі ягоную (ейную) душу, што разлучаецца ад цела, і дай ёй супачыць у вечных селішчах разам са сьвятымі Тваімі, ласкаю адзінароднага Сына Твайго, Госпада Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыццядайны Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Вярнуцца назад |