Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159 Версія для друку > Малое асьвячэньне вады
Галоўная > Асьвячэньні > Малое асьвячэньне вады

Малое асьвячэньне вады


16 лістапада 2009.

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

(Псалом 142). Пачуй, Госпадзе, малітву маю, у вернасьці Тваёй прыхілі вуха Тваё да маленьня майго, выслухай мяне ў Тваёй справядлівасьці.

І не судзіся са слугой Тваім, бо ніхто з жывых не апраўдаецца перад Табою.

Бо вораг перасьледуе душу маю, жыцьцё мае топча ў зямлю, у цемры патапіў мяне, быццам памёрлага.

Дух мой млее ўва мне, і сэрца маё поўнае жаху.

Успамінаю даўнія дні, разважаю над усімі ўчынкамі Тваімі, і над творамі рук Тваіх задумваюся.

Да Цябе працягваю рукі мае: душа мая, быццам высахлая зямля, прагне Цябе.

Выслухай мяне хутчэй, Госпадзе, бо дух мой зьнемагае. Не хавай твару Твайго ад мяне, каб мне не стацца падобным да тых, што зыходзяць у магілу.

Дай мне хутка адчуць ласку Тваю, бо на Цябе спадзяюся. Пакажы мне шлях, па якім мне трэба ісьці, бо да Цябе ўзношу душу маю.

Збаў мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх – бо да Цябе прыбягаю.

Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай жыцьцё маё; у дабраце Тваёй выведзі з бяды душу маю.

У гневе Тваім зьнішчы ворагаў маіх і загубі ўсіх, што перасьледуюць душу маю, бо я слуга Твой.

Слава... цяпер...

Алілуя, алілуя, алілуя: Слава Табе, Божа. (Тройчы)


Дыякан: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.

Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. (Так пасьля наступных вершаў)

Дыякан: Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць яго на ўсе вякі.

– Акружылі мяне з усіх бакоў, але імем Гасподнім я супрацівіўся ім.

– Не памру, але буду жыць і абвяшчаць учынкі Госпада.

– Камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым каменем: ад Бога гэта і дзіўнае ў нашых вачох.

Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.

І адразу пяюць:

Трапар (тон 4). Да Багародзіцы сёньня сьпешна пойдзем, грэшныя і пакорныя, і прыпадзем да яе, каючыся і ўсклікаючы з глыбіні душы: Уладарка наша, памажы, пакажы ласку тваю, сьпяшайся, бо гінем у бездані правін. Не пакінь нас з нічым, бо Ты адзіная надзея наша. (Двойчы)

Слава... цяпер...

(Тон 4). Не перастанем ніколі, Багародзіца, мы, недастойныя, славіць сілу Тваю: калі б ня Ты заступалася за нас у малітве, хто б выбавіў нас ад столькіх бедаў, хто б захаваў нас свабоднымі? Не адступімся ад Цябе, Уладарка, бо Ты выбаўляеш заўжды слуг Тваіх ад усякіх нягодаў.

Чытальнік: Псалом 50.


Людзі (тон 6). Збаўляй тых, якія ўзьвялічваюць Цябе, Дзева, што ад анёла атрымала прывітаньне "Радуйся" і нарадзіла Творцу ўсіх.

Славім у песьнях Сына Твайго і клічам: Ад усіх бедаў выбаў слугаў Тваіх, усячыстая Багародзіца.

Ты, Усебеззаганная – хвала ўладароў, прарокаў, апосталаў і мучанікаў, і апякунка ўсяго сьвету.

Кожны язык прававерны хваліць, бласлаўляе і славіць усячыстае сынараджэньне Тваё, Багародзіца Дева.

У Тваёй добрасардэчнасьці дай, Хрысьце мой, і мне, нягоднаму, адпушчэньне правінаў, малітвамі Маці Тваёй.

На Цябе я ўсклаў усю надзею, Багародзіца. Збаў мяне малітвамі Тваімі і даруй адпушчэньне грахоў.

Ажыві мяне, Маці Жыцьцядаўца і Збавіцеля нашага, і збаў мяне малітвамі Тваімі, блаславёная Надзея душаў нашых.

Ты, Дзева беззаганная, што мела ва ўлоньні Тваім Творцу ўсіх, малітвамі Тваімі збаў душы нашыя.

Багародзіца ўсяслаўная, што нарадзіла словам Слова, малі Яго за збаўленьне душ нашых.

Зрабі, Уладарка, каб Сын Твой быў міласэрным судзьдзёю для мяне, які зграшыў больш за ўсіх людзей.

Багародзіца чыстая і заўсёды Дзева, малітвамі Тваімі збаў тых, што клічуць Цябе.

Выбаў мяне ад вечнага агню і мукаў, якія чакаюць мяне, каб я мог славіць і бласлаўляць Цябе, Маці Божая.

Не пагардзі малітвамі слугаў Тваіх, молімся Табе, усяслаўная Ўладарка, каб нам выбавіцца ад усякіх нягодаў.

Ад немачаў і хворасьцяў, і ад усякіх бедаў, вызваль нас, якія прыбягаем да Твайго сьвятога пакрову.

Дзіўны цуд зьдзейсьніўся ў Табе, Багародзіца: дзеля нас нарадзіўся ад Цябе Творца і Бог наш.

Сьвятыня Твая, Багародзіца, явілася лякарствам ад недамаганьняў і пацехаю для пакрыўджаных душаў.

Усесьвятая Багародзіца, што нарадзіла Збавіцеля, вызваль ад бедаў і ўсякіх нягодаў слугаў Тваіх.

Выбаў нас ад напасьцяў, усесьвятая Багародзіца, і ад усякай шкоды душэўнай і цялеснай.

Усесьвятая Багародзіца, малітвамі Тваімі захавай бясьпечнымі тых, што прыбягаюць да Цябе, і выбаў іх ад усякай патрэбы і суму.

Хто, прыйшоўшы ў сьвятыню Тваю, усячыстая Багародзіца, не атрымлівае хутка аздараўленьняў душы і цела?

Ачысьці мяне, Добры, малітвамі ўсіх нябесных сілаў анельскіх і Маці Тваёй.

Зьмілуйся, Збавіцелю, над душамі памёрлых у надзеі ўваскрасеньня айцоў, братоў і сёстраў нашых, і прабач ім усе іхнія правіны.

Радуйся надзея ўсяго сьвету, радуйся, ручка і сьвечнік залаты, боская манна і сьветласьць, Божая Маці і Дзева.

Слава...

Славім Цябе, адзінага ў Тройцы Бога, тройчы сьвятым голасам, і просім атрымаць збаўленьне.

Цяпер...

Дзева, што нарадзіла Збавіцеля і Ўладара сьвету і Госпада, малі Яго, каб Ён збавіў душы нашыя.

Іншыя песьні (тон 6):

Малітвамі ўсячыстае Маці Твае і ўсіх сьвятых пакажы, Міласэрны, міласьць Тваю слугам Тваім.

Прыпеў: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Малітвамі слаўных арханёлаў і анёлаў і ўсіх нябесных сілаў захавай у бясьпецы, Збавіцелю, слугаў Тваіх.

Прыпеў: Сьвятыя арханёлы і анёлы, маліце Бога за нас.

Малітвамі пачэснага і слаўнага хрысьціцела, прарока і прадвесьніка Твайго, Хрысьце Збавіцелю мой, захавай у бясьпецы слугаў Тваіх.

Прыпеў: Сьвяты слаўны і ўсяхвальны прароку Яне, прадвесьніку Гасподні, малі Бога за нас.

Малітвамі слаўных апосталаў і мучанікаў, і ўсіх сьвятых Тваіх, Госпадзе, яві міласьць Тваю людзям Тваім.

Прыпеў: Сьвятыя слаўныя апосталы і мучанікі, маліце Бога за нас.

Малітвамі слаўных бескарысьлівых лекараў, захавай у бясьпецы слугаў Тваіх, Багародзіца, бо Ты заступніца і ўмацаваньне ўсяго сьвету.

Прыпеў: Сьвятыя слаўныя бескарысьлівыя лекары, маліце Бога за нас.

Слава...

Славім Айца, і Сына, і сьвятога Духа, усклікаючы: Тройца Сьвятая, збаў душы нашыя.

Цяпер...

Дзева, што зачала і нарадзіла ў невыказны спосаб Творцу Твайго, збаў тых, што ўзьвялічваюць Цябе.

Зьмілаваньня дзьверы адчыні нам, блаславёная Багародзіца: хай мы, якія спадзяемся на Цябе, ня згінем, але выбавімся Табою ад бедаў, бо Ты – збаўленьне роду хрысьціянскага.

 

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Бо Ты сьвяты, Божа наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

(Тон 6). Вось настаў дзень асьвячэньня, і праведны Судзьдзя ўсіх чакае, дык навярніся, душа мая, і як блудніца, кліч са сьлязьмі: Госпадзе, зьмілуйся нада мною.

Ты, Хрысьце, што напоўніў вадою крыніцу аздараўленьняў ва ўсепачэснай сьвятыні Дзевы, акрапленьнем Твайго блаславеньня адгані немачы хворых, Лекару душаў і целаў нашых.

Багародзіца Марыя, Дзева Маці, што пасьля родаў Дзеваю засталася, малі Хрыста Бога нашага, каб Ён збавіў душы нашыя.

Усесьвятая Багародзіца, дай посьпех працы рук нашых, і выпрасі адпушчэньне грахоў нам, якія пяём анельскую песьню:

Сьвяты Божа, Сьвяты моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму Духу.

 

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік (пракімен): Госпад – прасьвятленьне маё і Збавіцель мой: каго мне баяцца?

Верш. Госпад – абаронца жыцьця майго: перад кім мне дрыжаць?

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік: Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Гэбрэяў.

Дыякан: Слухайма ўважліва

Чытальнік: Браты, той, хто асьвячае і тыя, што асьвячаюцца, – усе ад аднаго. Дзеля гэтага Ён не саромеецца назваць іх сваімі братамі, кажучы: "Абвяшчу імя Тваё братом маім, пасярод царквы буду славіць Цябе". І яшчэ: "Вось дзеці мае, якіх даў мне Бог". А таму што дзеці прычашчаюцца крыві і целу, так і Ён успрыняў іх, каб праз сьмерць перамагчы таго, хто мае ўладу над сьмерцю, гэта значыць д'ябла; і каб вызваліць усіх, каго страх сьмерці праз усё жыцьцё трымаў у няволі. Бо сапраўды не анёлаў бярэ да сябе, але бярэ да сябе нашчадкаў Абрагама. Таму Ён павінен быў ва ўсім стацца падобным да братоў, каб быць міласэрным і верным Найвышэйшым Сьвятаром перад Богам, каб ачысьціць грахі народу. Бо як Ён сам цярпеў і быў выпрабоўваны, дык можа тым, што выпрабоўваюцца, дапамагчы. (2:11-18)

Сьвятар: Мір табе, чытальнік.

Чытальнік: І твайму духу. Алілуя, алілуя, алілуя.

Верш 1. З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы.

Верш 2. Песьню маю пяю Ўладару.

Дыякан: Мудрасьць, устаньце. Будзем слухаць сьвятое Евангельле.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Сьвятар: Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна.

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Сьвятар: У той час прыйшоў Ісус у Ерусалім. Ёсьць у Ерусаліме авечая сажалка, якая па-гэбрэйску завецца Бэтэзда. Яна мае пяць прысенкаў. Там ляжала мноства нядужых: сьляпых, кульгавых, расслабленых, што чакалі парушэньня вады. Бо анёл Гасподні час-ад-часу зыходзіў у сажалку і хваляваў ваду. І хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўсхваляваньня вады, той атрымліваў аздараўленьне, на якую б хваробу ён не хварэў. (5:1-5)

Людзі: Слава, Табе, Госпадзе, слава Табе.

 

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных просьбаў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

– За гэтую сьвятую царкву і ўсіх, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа ..., Папу Рымскага і за дастойнага Арцыбіскупа (багалюбнага Біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей, Госпаду памолімся.

– За яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), урад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.

– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь Беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

– За гэты горад, за ўсе гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

– За добрае надвор'е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых што церпяць, за зьняволеных, і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

– Каб асьвяціцца гэтай вадзе сілаю і дзеяньнем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– Каб на гэтую ваду зышло ачышчальнае дзеяньне Найсьвяцейшай Тройцы, Госпаду памолімся.

– Каб гэтая вада была для аздараўленьня душ і целаў, і для адагнаньня ўсякіх варожых сілаў, Госпаду памолімся.

– Каб Госпад Бог паслаў блаславеньне Ярданскае і асьвяціў гэтую ваду, Госпаду памолімся.

– За ўсіх, што маюць патрэбу ў Божай дапамозе і заступніцтве, Госпаду памолімся.

– Каб нам атрымаць прасьвятленьне розуму, дзеяньнем Сьвятое Тройцы, Госпаду памолімся.

– Каб Госпад Бог зрабіў усіх, што чэрпаюць гэтую ваду і акрапляюца ёю, сынамі і спадкаемцамі свайго валадарства, памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

 

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Госпадзе Божа наш, Божа вялікай рады, дзівосны ў тварэньнях Тваіх, Творца ўсяго, што існуе, Ты захоўваеш запавет Твой з тымі, што любяць Цябе і выконваюць Твае прыказаньні, і паказваеш ім Тваю міласэрнасьць; Ты адклікаешся на сьлёзы ўсіх, хто ў патрэбе пакорна прыбягае да Цябе. Ты прыйшоў у выглядзе слугі, не каб, як прывід, наводзіць на нас страх, але каб даць нам сапраўднае здароўе душы і цела, кажучы: "Вось ты цяпер здаровы, дык не грашы больш". Ты балотам памазаў вочы сьляпому, загадаў яму ісьці памыцца, і ён пачаў бачыць. Ты, Уладару, вадою і Духам даў нам апрануцца ў вопратку, бялейшую за сьнег. Дык і цяпер зышлі блаславеньне Тваё нам, якія прымаем гэтую ваду і акрапляемся ёю, і абмый брыдоту нашых правінаў. Молімся Табе: наведай нас ў дабрыні Тваёй, і ацалі нашыя немачы душэўныя і цялесныя, малітвамі ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анельскіх; малітвамі сьвятога, слаўнага прарока, прадвесьніка і хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; між сьвятымі айцоў нашых, сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворца, арцыбіскупа Мірлікійскага; сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятога (сьвятой) ... (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных багаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых Тваіх.

Успомні, Госпадзе, Сьвятога Айца нашага Сусьветнага Біскупа ..., Папу Рымскага і дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ..., і дай ім здароўе душы і цела. Успомні, Госпадзе, усіх прававерных біскупаў, якія верна навучаюць словам Тваёй праўды, ўсіх сьвятароў і дыяканаў, і ўсё духавенства, і пашлі ім збаўленьне. Успомні, Госпадзе, тых, што ненавідзяць і любяць нас, тых, што паслугоўваюць нам, і ўсіх прысутных тут братоў і сёстраў, а таксама адсутных дзеля важкіх прычынаў; і тых, якія загадалі нам, нягодным, маліцца за іх. Успомні, Госпадзе, усіх, што ў вязьніцах і розных бедах, і зьмілуйся над імі ў вялікай міласэрнасьці Тваёй, даючы ім хуткае вызваленьне. Бо ты – Крыніца аздараўленьняў, Хрысьце Божа наш, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыццядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы вашыя Госпаду схіліце.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй мяне, Ты, які асьвяціў ваду Ярдану, калі захацеў ахрысьціцца ў ім, блаславі ўсіх нас, якія схіленьнем галоваў нашых паказваем наша паслушэнства Табе, і зрабі нас годнымі атрымаць Тваё асьвячэньне прыняцьцем гэтай сьвятой вады: хай яна будзе нам для аздараўленьня душ і целаў.

Бо Ты асьвячэньне наша, і Табе славу, падзяку і пакланеньне аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятытм, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

 

Сьвятар, узяўшы крыж, тройчы ўкладае яго ў ваду і робіць знак крыжа, пяючы за кожным разам:

(Тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.

Людзі (тон 2): Зрабі нас годнымі дароў Тваіх, Багародзіца, не зважаючы на нашыя правіны, і дай аздараўленьне тым, што з вераю прымаюць, Усячыстая, блаславеньне Тваё.

Сьвятар, а пасьля людзі, цалуюць крыж. Сьвятар кропіць царкву і ўсіх прысутных сьвятой вадою.

Людзі пяюць:

(Тон 4). Сьвятыя бескарысьлівыя лекары, вы маеце моц аздараўленьняў, і даеце ацаленьні ўсім у патрэбе, бо вы атрымалі вялікія дары ад вечна жывой Крыніцы – Збавіцеля нашага. Госпад зьвяртаецца да вас, як некалі да апосталаў: "Вось даў Я вам уладу над нячыстымі духамі, каб іх выганяць і ацаляць усякую немач і рану". Верныя Ягонаму загаду, вы даеце дарма тое, што дарма атрымалі, і аздараўляеце немачы душаў і целаў нашых.

Глянь прыхільна на маленьні слуг Тваіх, Багародзіца, і адхілі ад нас цяжкія напасьці, і выбаў нас ад усякага смутку, бо ў Табе адзінай маем пэўную і цьвёрдую абарону і на Тваё заступніцтва спадзяемся. Дык ня дай нам пасаромецца, Уладарка, калі мы зьвяртаемся да Цябе, але адгукніся хутка на просьбы тых, што ў веры клічуць: "Радуйся, Уладарка, дапамога, радасьць, ахова і збаўленьне душаў нашых!"

Прымі малітвы слугаў Тваіх, Уладарка, і вызваль нас ад усякай патрэбы і суму.

 

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле вялікай Тваёй міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Дыякан: Яшчэ молімся за зьмілаваньне, жыцьцё, супакой, здароўе, збаўленьне, наведаньне і адпушчэньне грахоў слугаў Божых братоў і сёстраў гэтай сьвятой царквы.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Дыякан: Яшчэ молімся, каб гэтаму гораду і гэтай сьвятой царкве, і ўсякаму гораду і краіне захавацца ад голаду, пошасьці, землятрусу, патопу, агню, мяча, нападу ворагаў і братабойчай вайны; і каб добры і чалавекалюбны Бог наш быў міласэрны і спагадлівы да нас, адхіліў ад нас усякую небясьпеку, што нам пагражае, вызваліў нас ад свайго справядлівага гневу і зьмілаваўся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Дыякан: Яшчэ молімся, каб Госпад Бог пачуў голас маленьня нас, грэшных, і зьмілаваўся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Сьвятар: Выслухай нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх, што жывуць на зямлі, і тых, што далёка на моры, і будзь спагадлівы нам, грэшным, і зьмілуйся над намі. Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім. (Бласлаўляе людзей)

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашы Госпаду схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Уладару міласэрны, Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, малітвамі ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анельскіх; малітвамі сьвятога, слаўнага прарока, прадвесьніка і хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; між сьвятымі айцоў нашых, сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворца, арцыбіскупа Мірлікійскага; сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятога (сьвятой) ... (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых – учыні прыемнай Табе малітву нашу, даруй нам адпушчэньне правінаў нашых, пакрый нас покрывам крылаў Тваіх, адгані ад нас усякага ворага і супраціўніка, зрабі спакойным наша жыцьцё і зьмілуйся над намі і над усім сьветам Тваім, бо Ты добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі:

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, змілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сілаю пачэснага і жыватворчага крыжа, малітвамі сьвятога ... (імя сьвятога дня і патрона царквы) і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.


Вярнуцца назад