Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159
Галоўная > Малебны > Малебен за беларускі народ
Малебен за беларускі народ16 лістапада 2009. |
Дыякан: Блаславі, ойча. Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе. Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы. Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы) Слава... цяпер... Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Слава... цяпер... Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў) Слава... цяпер... Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага. (Псалом 84). Ты, Госпадзе, паказаў ласку зямлі Тваёй, вярнуў з палону Якуба. Ты адпусьціў беззаконьні людзей Тваіх, пакрыў усе грахі іх. Ты стрымаў ярасьць Тваю, суняў люты гнеў Твой. Аднаві нас, Божа збаўленьня нашага, стрымай абурэньне Тваё на нас. Няўжо ж будзеш вечна гневацца на нас, доўжыць гнеў твой з пакаленьня у пакаленьне? Няўжо ж зноў не ажывіш нас, каб людзі Твае цешыліся ў Табе? Акажы нам, Госпадзе, міласэрнасьць Тваю і дай нам Тваё збаўленьне. Паслухаю, што кажа Госпад Бог; Ён абвяшчае супакой людзям Сваім і сьвятым Сваім, і ўсім, што ў сэрцах сваіх навернуцца да Яго. Блізкае збаўленьне Ягонае да тых, што баяцца Яго, каб слава Ягоная пасялілася ў нашай зямлі. Міласэрнасьць і праўда сустрэнуцца, справядлівасьць і супакой абдымуцца. Праўда на зямлі зьявіцца і справядлівасьць сыдзе з нябёсаў. Бо Госпад дасьць дабро і зямля наша дасьць плод свой. Справядлівасьць пойдзе перад Ім, а ўсьлед за Ім пойдзе збаўленьне. Слава... цяпер... Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы) Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў) Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся. – За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся. – За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся. – За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа ... (імя). Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ... (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся. – За яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся. – За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся. – Каб Госпад захаваў краіну нашу Беларусь свабоднай і ў супакоі, памолімся, – Каб Госпад Бог сьцярог Беларускі народ ад голаду, пошасьці, землятрусу, паводкі, агню, мяча, нападу ворагаў і братабойчай вайны, памолімся. – Каб Госпад Бог даў умацавацца ў беларускім народзе духу справядлівасьці, згоды, братняй любові і шчырай пабожнасьці, памолімся. – Каб Госпад Бог блаславіў дачасныя дастаткі і ня даў згінуць марна талентам, якімі Ён шчодра надарыў беларускі народ, памолімся. – Каб Беларускаму народу і ўсім нам выбавіцца ад усякіх бедаў, суму, гневу і недастатку, Госпаду памолімся. – Каб Госпад міласьціва прыняў гэтыя малітвы ад нас, недастойных слугаў сваіх, на свой нябесны ахвярнік, і ў добрасардэчнасьці сваёй зьмілаваўся над беларускім народам і над усімі намі, памолімся. – Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Уладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Дыякан: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. (Так пасьля наступных вершаў) Дыякан: Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго на ўсе вякі. – Акружылі мяне з усіх бакоў, але імем Гасподнім я супрацівіўся ім. – Не памру, але буду жыць і абвяшчаць учынкі Госпада. – Камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым каменем: ад Бога гэта і дзіўнае ў нашых вачох. Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. Трапар (тон 4): Мы, удзячныя слугі Твае, Госпадзе, зазнаўшы дабрадзействаў, якімі Ты нас абдарыў, славім і бласлаўляем Цябе, аддаем хвалу і дзякуем Табе, узьвялічваем у песьнях Тваю дабрасардэчнасьць і з любоўю ўсклікаем: "Дабрачынца, Збавіцелю наш, слава Табе!" Слава... цяпер... (Тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, даруй супакой нашай краіне і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго крыжа.
Дыякан: Будзьма ўважлівыя. Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму духу. Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва. Чытальнік (пракімен): Буду пяяць Госпаду, які дабро мне ўчыніў, буду славіць імя Госпада ўсявышняга. Верш. Усьцешыцца сэрца маё ў збаўленьні Тваім. Дыякан: Мудрасьць. Чытальнік: Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Рымлянаў. Дыякан: Слухайма ўважліва. Чытальнік: Браты, хто можа адлучыць нас ад любові Хрыстовае? Гора, ці ўціск, ці перасьледаваньне, ці голад, ці нагата, ці небясьпека, ці меч? Бо напісана: За Цябе забіваюць нас кожны дзень, лічаць нас за авечкі, прызначаныя на зарэз. Але ўсё гэта перамагаем дзякуючы Таму, хто нас палюбіў. І я ўпэўнены, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашнія рэчы, ні тыя, што маюць быць, ні сілы, ні тое, што высокае, ані што глыбокае, ні якое-колечы іншае стварэньне ня зможа нас адлучыць ад любові Бога, што ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым. Праўду кажу ў Хрысьце, не маню, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым, што ў сэрцы маім маю вялікі сум і боль няспынны. Я жадаў бы лепш сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных целам, Ізраільцянаў, якім належыць усынаўленьне, і хвала, і запаветы, і даньне законаў, і выкананьне службы Божай, і прырачэньні. Да іх належаць праайцы, з іх таксама Хрыстос целам, каторы ёсьць над усім, Бог блаславёны навекі. Амін. (8:35-9:5) Сьвятар: Мір табе, чытальнік. Чытальнік: І твайму духу. Дыякан: Мудрасьць. Чытальнік: Алілуя, алілуя, алілуя. Дыякан: І каб быць нам дастойнымі слухаць Сьвятое Евангельле, Госпада Бога молім. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць Сьвятое Евангельле. Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму духу. Сьвятар: Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея. Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе. Дыякан: Слухайма ўважліва. Сьвятар: У той час фарысэі ўчынілі раду, як злавіць Ісуса на слове. І паслалі да Яго сваіх вучняў разам з гэрадыянамі. Тыя спыталіся ў Яго: "Настаўнік, мы ведаем, што Ты справядлівы і настаўляеш праўдзіва на Божую дарогу, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу. Скажы нам, як Табе здаецца: ці можна даваць падатак кесару, ці не?" Ісус, ведаючы іхнюю няшчырасьць, адказаў: "Чаго вы Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? Пакажыце мне падаткавую манету". Яны прынесьлі Яму дынар. Ён спытаў іх: "Чыя гэта выява і надпіс?" Яны адказалі: "Кесара". Тады Ён сказаў ім: "Дык аддайце кесарава кесару, а Божае – Богу". Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі. (22:15-22) Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў) Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, сусьветнага біскупа ... (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ... (імя), і ўсіх у Хрысьце братоў нашых. – Яшчэ молімся за яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны. – Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас. – Мы, нягодныя слугі Твае, Збавіцелю, Уладару і Госпадзе, прыходзім да Тваёй спагадлівасьці, і дзякуем са страхам і трапятаньнем за ўсе дабрадзействы, якімі Ты шчодра абдарыў нашую краіну Беларусь; і, прыпаўшы да Цябе, пакорна просім захаваць яе свабоднай і ў супакоі. Пакажы Тваю заўсёдную міласэрнасьць нашаму беларускаму народу, спаўняючы ўсе ягоныя добрыя жаданьні і намеры; і дай яму дух справядлівасьці, згоды, братняй любові і шчырай пабожнасьці. Горача молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся. – Яшчэ молімся за ўсіх братоў і сёстраў нашых і за ўсіх прававерных хрысьціянаў. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Сьвятар: Выслухай нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх, што жывуць на зямлі, і тых, што далёка на моры, і будзь спагадлівы да нас, грэшных, і зьмілуйся над намі. Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Дыякан: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Сусьветны Уладару, спрадвечны Божа, Ты ўвесь сьвет стварыў і законы для ўсяго ўстанавіў, кожнаму месца прызначыў, а род людзкі так бясконца палюбіў, што Сына Свайго Адзінароднага паслаў на зямлю, каб усе слухалі Ягоную навуку і, ідучы сьледам за Ім, увайшлі ў Тваё нябеснае валадарства. Мы, дзеці беларускага народу, як маглі слухаліся Тваіх загадаў, але дзеля чалавечае слабасьці часта падалі і зьневажалі Цябе сваімі грахамі. Цяпер молім Цябе шчыра: даруй нам нашыя правіны, нашую нядбайнасьць ў адносінах да сябе і да іншых; даруй таксама тым, хто крыўдзіў нас і зьневажаў. Барані нас ад крыўды варожае і дай нам і ворагам нашым духа сапраўднае хрысьціянскае любові. Дай нам еднасьць веры, згоду ў грамадзкім і сямейным жыцьці, загаі нашыя асабістыя і народныя раны душы, якія мы самі сабе ўчынілі, або ад непрыяцеляў атрымалі. У нашым штодзённым жыцьці асьвяці наш розум Тваім евангельскім сьвятлом, каб мы, захоўваючы Твае прыказаньні, перамагалі ўсе цяжкасьці і цярпеньні і заўсёды Цябе бласлаўлялі. Пашлі беларускаму народу ахвярных слугаў сваіх, якія праведным, сумленным і мудрым жыцьцём і дзейнасьцю вялі б яго да лепшае долі. Дай нам сьвятое духавенства. Блаславі нашы сем'і, каб у кожнай з іх дбалы бацька і ахвярная маці, злучаныя шчырай сьвятой любоўю, выхоўвалі Табе на славу, а бацькаўшчыне на карысьць сваіх дзетак. Асаблівую ласку дай моладзі, каб яна атрымала глыбокае хрысьціянскае ўзгадаваньне і вырасла на карысных сыноў і дачок свайго народу. Блаславі нашыя дачасныя дастаткі, ня дай гінуць марна тым талентам, якія Ты пасылаеш у наш народ, але дай ім свабодна разьвіцца і закрасаваць Табе на славу і ўсяму людзтву на карысьць. Блаславі працу сялянаў на ральлі, работнікаў у фабрыках, вучоных, пісьменьнікаў, мастакоў, каб з іхняй дапамогай беларускі народ мог разумна і прыгожа жыць і разьвівацца. Цябе, Усячыстая Багародзіца і нашая нябесная Маці, просім: пакрый нашую краіну Тваім сьвятым покрывам і будзь нашай апякункай і заступніцай. І ты, сьвятая Еўфрасіньня, асьветніца Беларусі, і ўсе сьвятыя заступнікі беларускага народу, маліцеся за нас няспынна, каб мы сталіся народам сьвятым, які выконвае волю Божую і сваё пасланство, і каб мы ўнесьлі свой уклад у агульнае дабро тут на зямлі, а ў прышлым жыцьці атрымалі вечнае шчасьце, і няспынна аддавалі славу, пашану і пакланеньне Богу ў Тройцы адзінаму, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Дыякан: Мудрасьць. Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас. Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем. Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе. Людзі: Слава... цяпер... Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, змілуйся. Ойча, блаславі. Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў, між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага, сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу, сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец. Людзі: Амін.
І сьпяваюць: Магутны Божа, Уладар сусьветаў, Вялікіх сонцаў і сэрц малых Над Беларусяй, ціхай і ветлай, Рассып праменьні сваёй хвалы. Дай спор у працы, штодзённай, шэрай, На лусту хлеба, на родны край. Павагу, сілу і веліч веры У нашу праўду, у прышласьць дай. Дай урадлівасьць жытнёвым нівам, Учынкам нашым пашлі ўмалот. Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай Краіну нашу і наш народ. Вярнуцца назад |