Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159 Версія для друку > Асьвячэньне Крыжа
Галоўная > Асьвячэньні > Асьвячэньне Крыжа

Асьвячэньне Крыжа


17 лістапада 2009.

На Сьвятой Літургіі:

Трапар (тон 1): Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго крыжа.

Слава... цяпер...

Кандак (тон 4): Хрысьце Божа, які дабравольна быў узьняты на крыжы, даброты Твае даруй людзям, якія носяць імя Тваё; дай радасьць належным нашым уладам сілаю Тваёю, настаўляючы іх на ўсякую добрую справу: хай падмогаю будзе ім Твой крыж – непераможная зброя міру.

 

Пракімен (Пс 98:5,1): Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножку ног Яго, бо Ён сьвяты!

Верш: Госпад пануе – хай дрыжаць людзі; Ён сядзіць на херувімах – хай ускалыхнецца зямля!

 

Апостал (1 Кар 1:18-24): Браты, слова аб крыжы для тых, што гінуць, ёсьць вар'яцтвам, а для тых, што збаўляюцца – сілаю Божаю. Бо напісана: загублю мудрасьць мудрацоў і розум разумных адкіну. Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе дасьледнік гэтага веку? Ці ж Бог не ператварыў мудрасьць гэтага сьвету ў бязглузьдзе? Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не пазнаў Бога, дык Богу было да ўспадобы праз дурасьць прапаведаваньня збавіць тых, што вераць. Бо гэбрэі просяць знакаў, грэкі шукаюць мудрасьці; мы ж абвяшчаем Хрыста расьпятага, для гэбрэяў спакусу, для грэкаў дурасьць, а для саміх пакліканых – гэбрэяў і грэкаў – Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць.

 

Алілуя (Пс 73:2,12): Успомні народ Твой, які Ты ад пачатку прызначыў для сябе.

Верш. Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

 

Евангельле (Ян 3:13-17): Сказаў Госпад: "Ніхто не ўзышоў на неба, як толькі Той, хто зышоў з неба, Сын Чалавечы, які прабывае ў небе. І як Майсей узьняў зьмяю ў пустыні, так павінен быць узьняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае. Бо Бог так палюбіў сьвет, што аддаў Сына свайго адзінароднага, каб кожны, хто верыць у яго, не загінуў, але меў вечнае жыцьцё. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў сьвет на тое, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены Ім".

 

Прычасьнік: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

 

Пасьля "Блаславеньне Гасподняе хай будзе на вас...":

Сьвятар: Слава Табе, які паказаў нам сьвятло.

Людзі: Слава на вышынях Богу і на зямлі мір, добрая воля сярод людзей.

Хвалім Цябе, бласлаўляем Цябе, кланяемся Табе, у песьнях славім Цябе, дзякуем Табе дзеля вялікай славы Тваёй.

Госпадзе Ўладару Нябесны, Божа Ойча ўсемагутны; Госпадзе Сыне адзінародны, Ісусе Хрысьце, і Сьвяты Духу.

Госпадзе Божа, Ягнё Божае, Сыне Айца, што ўзяў на сябе грахі сьвету, зьмілуйся над намі; Ты, што ўзяў на сябе грахі сьвету, прымі малітву нашу; што сядзіш па правай руцэ Айца, зьмілуйся над намі. Бо Ты адзін сьвяты, Ты адзін Госпад, Ісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амін.

Буду штодня бласлаўляць Цябе і хваліць імя Тваё давеку і на век вякоў.

Дай, Госпадзе, у гэты дзень захавацца нам без граху. Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсехвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне запаветаў Тваіх. (Тройчы)

Госпадзе, Ты быў нам прыстанішчам з роду ў род. Я сказаў: Госпадзе, зьмілуйся нада мною, аздараві душу маю, бо я перад Табою зграшыў.

Госпадзе, да Цябе прыходжу, навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой: у Цябе крыніца жыцьця і ў зьзяньні Тваім убачым сьвятло. Міласэрнасьць твая хай будзе заўжды з тымі, што пазналі Цябе.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава... цяпер...

Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі.

Сьвятар: Мудрасьць, устаньце!

і сьпявае трапар:

Трапар (тон 1): Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго крыжа.

Людзі: паўтараюць гэты самы трапар двойчы.

Пасьля гэтага:

Слава… цяпер…

Кандак (тон 4): Хрысьце Божа, які дабравольна быў узьняты на крыжы, даброты Твае даруй людзям, якія носяць імя Тваё; дай радасьць належным нашым уладам сілаю Тваёю, настаўляючы іх на ўсякую добрую справу: хай падмогаю будзе ім Твой крыж – непераможная зброя міру.

Сьвятар: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Госпадзе, Божа славы, Ойча ўсемагутны, Ты ў дрэве, насаджаным сярод раю, даў нам вобраз жыцьцядайнага Крыжа, на якім Твой любы Сын памёр, умярцьвіўшы сьмерцю сваёю сьмерць і даўшы яго Царкве сваёй як непераможную зброю, умацаваньне веры, непахісную надзею збаўленьня і дару жыцьця. Дык вось мы, слугі Твае, удастоіўшыся такой вялікай ласкі, сёньня прыносім Велічы Тваёй славу, падзяку і пакорнае пакланеньне, і просім Цябе глянуць ласкава на гэты вось Крыж, які мы паставілі на ўспамін аб ласцы веры сьвятой, дадзенай нашаму беларускаму народу тысяча гадоў таму назад. Пашлі на яго ласку Духа Твайго Сьвятога, блаславі, асьвяці яго і дай яму быць нам і ўсяму нашаму беларускаму народу магутнай абаронаю ад усіх супраціўнікаў бачных і нябачных, аховаю ад спакусаў, умацаваньнем у веры, падтрымкаю надзеі, і заахвочаньнем да дабрадзейнасьцяў. Будзь спагадлівым да ўсіх нас, якія перад гэтым крыжам молімся, і дай нам спаўненьне просьбаў для нашага збаўленьня. І як Крыжам сьвет быў вызвалены ад асуджэньня, так і слугам Тваім, і ўсяму нашаму беларускаму народу, і ўсім бацьком, братом і сёстрам нашым, якія памерлі ў надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага, асабліва тым, якія аддалі жыцьцё за наш народ, дай, каб яны аказаліся пераможцамі граху, даруючы ім усё патрэбнае да збаўленьня і настаўляючы ўсіх нас крыжам Тваім да ўсяго добрага, прывядзі да Твайго Валадарства. Бо Ты – Крыніца і Падаўца усяго добрага, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Кропіць Крыж тройчы сьвятой вадою, кажучы за кожным разам:

Асьвячаецца гэты Крыж ласкаю Ўсесьвятога Духа і акрапленьнем гэтае сьвятое вады, у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.

Скончыўшы, сьпявае тройчы, робячы за кожным разам паклон:

Крыжу Твайму пакланяемся, Уладару наш, і сьвятое ўваскрасеньне Тваё славім.

Людзі: паўтараюць тое самае тройчы.

Пасьля сьпяваюць наступную песьню:

(Тон 2). Прыйдзіце, верныя, паклонімся жыцьцядайнаму крыжу, на якім Уладар славы Хрыстос дабравольна рукі расьцягнуў, каб нас вярнуць да першага блаславенства, з якога нас хітрасьцю некалі вораг абакраў і ўчыніў нас выгнаньнікамі, ад Бога далёкімі. Прыйдзіце, верныя, паклонімся дрэву, якім мы ўдастоіліся скрышыць галовы нябачных ворагаў; прыйдзіце, усе народы зямлі, каб песьнямі ўсхваліць крыж Гасподні. Радуйся, Крыжу, поўнае збаўленьне ўпаўшага Адама: табою хваліцца сьвятая Царква, перамагаючы ўсе нягоды сілаю тваёю. Сёньня мы, хрысьціяне, са страхам цалуючы цябе, славім да цябе прыбітага Бога, кажучы: Госпадзе, што быў прыбіты да крыжа, зьмілуйся над намі, бо Ты Добры і Чалавекалюбец.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава... цяпер...

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Ойча, блаславі.

Сьвятар (робіць водпуст): Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які дзеля нашага збаўленьня захацеў быць расьпятым на дрэве Крыжовым і, пацярпеўшы сьмерць, уваскрос з мёртвых на трэці дзень, малітвамі Найчыстае свае Маці, сьвятых, слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў, сьвятых слаўных і пераможных мучанікаў; сьвятых баганосных айцоў нашых; між сьвятымі Айца нашага Яна Залатавуснага, арцыбіскупа Канстантынопальскага; сьвятых слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое Маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі; сьвятога айца нашага Аўрама Смаленскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятых і праведных багаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.


Вярнуцца назад