Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159
Галоўная > Асьвячэньні > Асьвячэньне новага дому
Асьвячэньне новага дому17 лістапада 2009. |
На стол, пакрыты абрусам, ставяцца дзьве запаленыя сьвечкі. Сьвятар кладзе крыж, кнігу Евангельля, і посуды са сьвятой вадою і алеем. Калі ня мае з сабою сьвятой вады, дык перш асьвячае яе паводле кароткага абраду. Алей асьвячаецца пад час абраду асьвячэньня дому. На сьценах дому робіць знак крыжа (можна зрабіць на паперы і прыклеіць да сьцяны). Таксама кладзе з боку сьвечкі, якія будуць запаленыя пры памазаньні алеем.
(КАРОТКІ АБРАД АСЬВЯЧЭНЬНЯ ДОМУ: Калі няма часу, сьвятар, зрабіўшы звычайны пачатак, пасьля "Ойча наш...", кажа малітву "Госпадзе Ісусе Хрысьце, які ўвайшоў пад страху дому Закхэя..." і кропіць дом сьвятой вадою)
Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе. Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы. Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы) Слава... цяпер... Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Слава... цяпер... Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў) Слава... цяпер... Прыйдзіце, паклонімся Уладару нашаму Богу. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.
(Псалом 90). Ты, што жывеш пад апекаю Усявышняга і ў ценю Усемагутнага прабываеш, Скажаш Госпаду: Ты – маё прыстанішча, мая абарона, Бог мой, і на Цябе спадзяюся. Ён выбавіць цябе ад сецяў лаўца і ад наглай загубы. Ён пакрые цябе пёрамі сваімі і пад крыламі Яго ты знойдзеш прытулак. Не збаішся жахаў начных, ні стралы, што ляціць удзень; Ні страху, што крыецца поцемкам; ні мору, што ў поўдзень пустошыць. І хоць бы тысячы палі побач з табою, і дзесяткі тысяч па правай руцэ тваёй, Цябе нішто не кране, бо вернасьць Яго – твой шчыт і панцыр. Ты толькі глянеш навокал, і ўбачыш адплату грэшнікам. Бо ты сказаў: Госпад мая абарона, – і Усявышняга выбраў сваім прыстанкам. Ніякая бяда не сустрэне цябе, і пошасьць не наблізіцца да жыльля твайго. Ён загадае анёлам сваім, каб сьцераглі цябе, куды б ты не ішоў. На руках сваіх панясуць цябе, каб не спатыкнуцца аб камень назе тваёй. На аспіда і вужа наступіш і патопчаш льва і зьмяю. "Таму, што ён палюбіў Мяне, Я выбаўлю яго і абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё. Будзе клікаць Мяне, і Я адгукнуся яму; буду з ім у дзень суму, выбаўлю яго і ўслаўлю яго. Доўгім жыцьцём напоўню яго і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё".
Трапар (тон 8). Як некалі збаўленьне прыйшло да дому Закхэя, калі Ты, Хрысьце, ўвайшоў у яго, так і цяпер, праз уваход слугаў Тваіх, сьвятароў, а з імі сьвятых анёлаў, зышлі супакой і ласку ў гэты дом і прасьвятлі ўсіх, што жывуць і маюць жыць у ім.
Сьвятар: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар (уголас): Госпадзе Ісусе Хрысьце, які ўвайшоў пад страху дому Закхэя мытніка і стаўся збаўленьнем для яго і для ўсіх хатніх ягоных, захавай бясьпечнымі тых, што жывуць і маюць жыць (працуюць і маюць працаваць) у гэтым доме і праз нас ахвяруюць Табе свае малітвы. Блаславі іх і гэтае жытло, зрабі спакойным іхняе жыцьцё, дай ім шчодра ўсё добрае і карыснае для іх. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму духу. Сьвятар: Галовы вашыя Госпаду схіліце. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар (ціха): Уладару Госпадзе Божа наш, што жывеш на вышынях і глядзіш на пакорных, Ты блаславіў дом Лабана, калі да яго прыйшоў Якуб, і дом Патыфара, калі той прыняў Язэпа, і дом Аведара ўнясеньнем Ківоту, а ў дні прыйсьця ў целе Хрыста Бога нашага дараваў збаўленьне дому Закхэя. Цяпер блаславі гэты дом і тых, што ў ім жывуць і маюць жыць, заслані іх страхам Тваім, і захавай у бясьпецы, зышлі на іх блаславеньне Тваё з вышыні жыльля Твайго, і дай ім поўню зямных дабротаў. (Уголас). Бо Ты Бог, які мілуе і збаўляе нас, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Блаславеньне алею Сьвятар бласлаўляе тройчы алей, кажучы за кожным разам: У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Пасьля чытае над алеем наступную малітву: Госпадзе Божа наш, глянь ласкава на малітву нягоднага і пакорнага слугі Твайго, і зышлі ласку ўсесьвятога Твайго Духа на гэты алей і асьвяці яго, каб ён быў на асьвячэньне гэтаму месцу і дому, і каб адганяў усялякую варожую сілу і подступы нячыстага. Бо Ты той, хто бласлаўляе і асьвячае ўсё, Божа наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Сьвятар, узяўшы сьвятую ваду, кропіць усе сьцены і пакоі дому, кажучы за кожным разам: Праз акрапленьне гэтай сьвятой вадою асьвячаецца дом гэты, у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Хай абернуцца ў нішто і зьнікнуць адсюль усе злосныя намаганьні і дзеяньні варожых сілаў. Амін.
Тады, узяўшы алей, сьвятар памазвае сьцены дому там, дзе намаляваны крыж, кажучы: Бласлаўляецца дом гэты праз памазаньне гэтым сьвятым алеем, у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. Пры кожным крыжу стаўляецца запаленая сьвечка.
Людзі у міжчасе пяюць: (Тон 5). Блаславі, Госпадзе, гэты дом, і напоўні яго Тваімі дабротамі, і ўсіх, што маюць жыць (працаваць) у ім, абарані ад усяго злога, у дабрыні Тваёй дай ім зямныя дастаткі і нябеснае блаславеньне, і зьмілуйся над імі ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.
Сьвятар: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць Сьвятое Евангельле. Мір усім. Людзі: І твайму духу. Сьвятар: Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі. Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе. Сьвятар: Слухайма ўважліва. У той час Ісус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз горад. І вось нехта на імя Закхэй, начальнік мытнікаў, чалавек багаты, жадаў убачыць Ісуса, хто Ён такі, але ня мог дзеля натоўпу, бо быў малога росту. Дык пабег наперад, узьлез на смакоўніцу, каб бачыць Яго, бо Ён меў праходзіць там. Калі Ісус прыйшоў на тое месца, Ён глянуў угару і сказаў яму: "Закхэй, злазь хутчэй, бо сёньня маю быць у тваім доме". І той хутка зьлез і прыняў Яго з радасьцю. Усе, хто бачыў гэтае, пачалі наракаць, кажучы, што Ён зайшоў у гасьціну да грэшнага чалавека. А Закхэй, стаўшы, сказаў Госпаду: "Госпадзе, палову маей маёмасьці аддам убогім, а калі каго чым скрыўдзіў, вярну ўчацьвёра больш". Ісус сказаў яму: "Сёньня прыйшло збаўленьне гэтаму дому, бо і ён сын Абрагама; бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што загінула". (Лк 19:1–10) Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Чытальнік: (Псалом 100). Дабрыню і закон буду славіць у песьнях; Табе, Госпадзе, буду пяяць. Буду разважаць аб шляхох беззаганных. Калі ж прыйдзеш да мяне? Буду хадзіць у нявіннасьці сэрца майго сярод дому майго. Ня буду мець перад вачамі маімі рэчы нягоднай: агідны мне той, хто чыніць справы праступныя: да мяне ён не прыстане. Сэрца крывадушнае чужое мне: не жадаю ведаць благое справы. Змушу да маўчаньня таго, хто тайна абмаўляе бліжняга свайго; не сьцярплю таго, хто мае гордыя вочы і пышлівае сэрца Вочы мае глядзяць на верных гэтай зямлі, каб жылі са мною. Хто ідзе дарогай беззаганнай, той мне служыць будзе. Ня будзе жыць у доме маім той, хто паступае вераломна; хто кажа няпраўду, не застанецца перад вачамі маімі. Штодня судзіць буду ўсіх беззаконных зямлі, каб выгубіць з места Гасподняга ўсіх злачынцаў.
У часе чытаньня псалму сьвятар, калі хоча, кадзіць дом. Сьвятар: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле вялікай міласэрнасьці Тваёй, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы). Сьвятар: Каб на гэтым доме, і на слугах Божых ... (імёны), і на ўсіх, што маюць жыць (працаваць) у ім, спачыла блаславеньне Божае, і каб ім быў дадзены анёл ахоўнік, які б бараніў і захоўваў іх ад усяго злога, і накіроўваў да дабрадзейнасьцяў і да спаўненьня сьвятых запаветаў Хрыстовых; і каб ім заставацца бясьпечнымі, у супакоі, здароўі, даўгалецьці і дастатку, вольнымі ад усякай бяды. Скажам усе разам: Госпадзе, пачуй нас і зьмілуйся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Сьвятар: Яшчэ молімся за ўсіх братоў і сёстраў нашых, і за ўсіх прававерных хрысьціянаў. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Сьвятар: Выслухай нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх, што жывуць на зямлі, і тых, што далёка на моры, і будзь спагадлівы да нас, грэшных, і зьмілуйся над намі. Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Сьвятар: Мудрасьць. Усесьвятая Багародзіца, збаў нас. Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога–Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе. Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.
Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў, сьвятых і баганосных айцоў нашых, сьвятога (сьвятой) ... (імя сьвятога дня), сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец. Людзі: Амін.
Тут можна сьпяваць "мнагалецьце" гаспадаром дому: Дабрадзейнае і спакойнае жыцьцё, здароўе і збаўленьне, і посьпех у кожнай добрай справе, дай, Госпадзе, слузе Божаму (слугам Божым) ... (імёны гаспадароў дому) і ўсім, што жывуць (працуюць) у гэтым доме, і захавай іх на многія леты! Людзі: Многія леты, многія леты, многія леты! Вярнуцца назад |