Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159 Версія для друку > Уваскросныя Евангельлі, Экзапастыляры і евангельскія сьціхіры
Галоўная > Актоіх - дадаткі > Уваскросныя Евангельлі, Экзапастыляры і евангельскія сьціхіры

Уваскросныя Евангельлі, Экзапастыляры і евангельскія сьціхіры


10 чэрвеня 2010.

1. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

У той час адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды сказаў ім Ісус. І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму, а іншыя ўсумніліся. Тады Ісус падышоў і зьвярнуўся да іх з наступнымі словамі: "Дадзеная мне ўся ўлада на небе і зямлі. Дык ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, і вучыце іх захоўваць усё, што Я сказаў вам. І вось Я з вамі праз усе дні аж да сканчэньня сьвету. Амін". (28:16-20)


Экзапастыляр. Узыдзем з вучнямі на гару Галілейскую, каб убачыць Хрыста, які кажа: "Я атрымаў уладу над вышэйшымі і ніжэйшымі". Паслухаем, як Ён навучае хрысьціць усе народы ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, і абяцае быць з вучнямі да канца веку.

Багародзічны. Разам з вучнямі цешылася Ты, Багародзіца Дзева, калі ўбачыла Хрыста, які ўваскрос з магілы на трэці дзень, як прадказаў. Ён, зьявіўшыся ім, навучаў іх і, паказаўшы больш дасканалы шлях, загадаў хрысьціць у імя Айца, і Сына, і Духа, верыць у Ягонае ўваскрасеньне і славіць Цябе, Дзева.


Евангельская сьціхіра (тон 1). Госпад прыйшоў на гару, каб узьнесьціся ад зямлі. Ён стаў сярод вучняў сваіх, і яны пакланіліся Яму і, пачуўшы аб Ягонай сусьветнай уладзе, былі пасланыя прапаведаваць па ўсім сьвеце ўваскрасеньне з мёртвых і ўзьнясеньне на неба. А Хрыстос Бог і Збаўца душаў нашых абяцаў прабываць з імі нязьменна давеку.


2. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка

Калі мінула субота, Марыя Магдалена і Марыя Якубава, і Саламея купілі духмяныя алейкі, каб, прыйшоўшы, памазаць Ісуса. І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да магілы, калі ўзыходзіла сонца. І казалі між сабою: "Хто нам адваліць камень ад уваходу ў магілу?" Але, паглядзеўшы, бачаць, што камень адвалены, а ён быў вельмі вялікі. І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, які сядзеў з правага боку і быў адзеты ў белую вопратку, і жахнуліся. А ён ім кажа: "Ня бойцеся. Вы шукаеце Ісуса Назараніна ўкрыжаванага; Ён уваскрос, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго. Але ідзіце і скажыце Ягоным вучням і Пятру, што Ён іх апярэдзіць у Галілею. Там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам". І, выйшаўшы з магілы, яны пабеглі, дрыжучы ад страху. І нікому нічога не сказалі, бо баяліся. (16:1-8)


Экзапастыляр. Міраносіцы ўсьцешыліся, убачыўшы адвалены камень, і юнака ў магіле, які ім сказаў: "Хрыстос устаў, скажыце Пятру і вучням: пасьпяшайце на гару Галілейскую, там Ён зьявіцца, як абяцаў, прыяцелям сваім".

Багародзічны. Перад Тваім, Хрысьце, зачацьцем анёл прывітаў Дзеву словам "Радуйся". Анёл таксама адваліў камень ад магілы. Той, замест смутку, абвясьціў невыказную радасьць; гэты, замест сьмерці, прапаведаваў Цябе, як Жыцьцядаўца, абвясьціўшы жанчынам і вучням уваскрасеньне.


Евангельская сьціхіра (тон 2). Жанчыны, што былі з Марыяю, прыйшлі з духмянымі алейкамі, ня ведаючы, як ім увайсьці ў магілу. І вось бачаць камень адвалены і боскага юнака, які суцішыў разгубленасьць іхніх душаў словамі: "Устаў Ісус Госпад, абвясьціце вучням Яго і прапаведнікам, каб пасьпяшылі ў Галілею, дзе пабачаць Яго, уваскрослага з мёртвых, як Жыцьцядаўца і Госпада".


3. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка

У той час Ісус уваскрос рана ў першы дзень тыдня. Ён паказаўся сьпярша Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем бесаў. Яна, пайшоўшы, абвясьціла тым, што былі з Ім, а цяпер сумавалі і плакалі. Але тыя, пачуўшы, што Ён жыве і што яна бачыла Яго, не паверылі. Пасьля гэтага Ён паказаўся двум з іх у іншым выглядзе, калі яны ішлі ў вёску. А тыя, пайшоўшы, абвясьцілі астатнім, але і ім не паверылі. Пазьней Ён паказаўся і самім Адзінаццацём, калі яны засядалі за сталом, і дакараў іх за іхняе няверства і нячуласьць сэрца, што яны не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослым. І казаў ім: "Ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Евангельле ўсякаму стварэньню. Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто ня ўверыць, будзе асуджаны. А вось знакі, якія будуць суправаджаць тых, якія ўверылі: Маім імем будуць выганяць злых духаў, будуць гаварыць новымі мовамі, будуць браць у рукі гадзюкаў, і калі б выпілі нешта атрутнае, не пашкодзіць ім. На хворых ускладуць рукі, і тыя ацалеюць". І вось, пасьля размовы з імі, Госпад быў узьняты на неба і сеў па правай руцэ Бога. А яны пайшлі і абвяшчалі ўсюды Евангельле, а Госпад дапамагаў ім і пацьвярджаў іхнія словы знакамі, якія іх суправаджалі. Амін. (16:9-20)


Экзапастыляр. Хай ніхто не сумняецца, што Хрыстос уваскрос, бо Ён зьявіўся Марыі, і Яго бачылі тыя, што ішлі ў вёску. Пасьля зьявіўся адзінаццаці сьведкам Ягоных тайнаў, што сядзелі, схаваўшыся; і, узьнёсшыся на неба, адкуль Ён быў зышоў, паслаў іх хрысьціць, пацьвярджаючы іхняе прапаведаваньне мноствам знакаў.

Багародзічны. Сёньня зазьзяла сонца з магілы, быццам жаніх з вясельнага хораму. Ты, што паланіў пекла і сьмерць перамог, малітвамі Маці Тваёй пашлі нам сьвятло; сьвятло, што прасьвятляе сэрцы і душы; сьвятло, што робіць яснымі сьцежкі запаветаў Тваіх і дарогі праведнасьці.


Евангельская сьціхіра (тон 3). Вучні, якія не паверылі Марыі Магдалене, калі яна абвясьціла ім уваскрасеньне з мёртвых і зьяўленьне Збавіцеля, былі пасаромленыя; але, умацаваныя знакамі і цудамі, яны былі пасланыя на прапаведаваньне. Ты, Госпадзе, узьнёсься да супакою вечнага сьвятла Айца, а яны прапаведавалі ўсюды слова, пацьвярджаючы яго цудамі. Прасьветленыя імі, мы славім Тваё ўваскрасеньне з мёртвых, чалавекалюбны Госпадзе.


4. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі

У той час, у першы дзень тыдня дужа рана жанчыны прыйшлі да магілы, несучы нарыхтаваныя духмяныя алейкі. Але знайшлі, камень адваленым ад магілы. Увайшоўшы, яны не знайшлі цела Ісуса. Калі яны стаялі, ня ведаючы, што думаць, вось два мужы ў сьветлых вопратках сталі перад імі. Спалоханыя, яны схілілі твары свае да зямлі, але тыя ім сказалі: "Чаго шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут, Ён уваскрос. Згадайце, як Ён гаварыў вам, будучы яшчэ ў Галілеі, кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі грэшнікаў і ўкрыжаваны, і на трэці дзень уваскрэсне. І яны згадалі Ягоныя словы. І, вярнуўшыся ад магілы, яны абвясьцілі ўсё гэта Адзінаццацём і ўсім астатнім. А былі гэта: Марыя Магдалена, і Яніна, і Марыя (маці) Якубава, і іншыя з імі. Яны расказалі гэта апосталам. Але іхнія словы здаваліся трызьненьнем, і ім не паверылі. Але Пётра, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў адны пахавальныя палотны. І пайшоў назад, дзівячыся ў сабе з таго, што сталася. (24:1-12)


Экзапастыляр. Бачым у жыцьцядайнай магіле мужоў у сьветлых вопратках, што зьзяюць красою, і міраносіцаў, якія прыніклі да зямлі. Пераканаўшыся ў праўдзе ўваскрасеньня нябеснага Ўладара, пойдзем з Пятром да магілы жыцьця і, поўныя подзіву з таго, што здарылася, будзем прабываць у сузіраньні Хрыста.

Багародзічны. Сказаўшы "Радуйся", Ты, Госпадзе, перамяніў плач прабацькоў на радасьць Твайго ўваскрасеньня. Дык, Жыцьцядаўча, заступніцтвам Маці Тваёй, зышлі зьзяньне дабротаў Тваіх, што прасьвятляюць сэрцы, каб нам усклікнуць: "Слава Твайму ўваскрасеньню, чалавекалюбны Госпадзе!".


Евангельская сьціхіра (тон 4). На досьвітку жанчыны прыйшлі да магілы Тваёй, Хрысьце, але не знайшлі цела, якое шукалі. Калі яны стаялі ў разгубленасьці, юнакі ў сьветлых адзеньнях падышлі і сказалі: "Чаго шукаеце Жывога сярод мёртвых? Ён уваскрос, як прадказаў. Чаму не памятаеце Ягоных слоў?" Паверыўшы, яны абвясьцілі добрую вестку вучням, якія ня верылі ім, бо былі прыгнобленыя горам. Але Пётра пабег і ўбачыў, і ўславіў цуды Твае.


5. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі

У той час Пётра, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў адны пахавальныя палотны. І пайшоў назад, дзівячыся ў сабе з таго, што сталася. І вось двое з іх у гэты дзень ішлі ў сяло, што ляжала шэсьцьдзесят стадыяў ад Ерусаліму, назва яму Эмаус. Яны размаўлялі між сабою пра ўсё, што здарылася. Калі яны так размаўлялі і разважалі між сабою, вось сам Ісус, падышоўшы, пайшоў з імі, але іхнія вочы былі быццам замглёныя, і яны не пазналі Яго. А Ён сказаў ім: "Пра што гэта вы гутарыце між сабою ў дарозе?" Яны, сумныя, затрымаліся. Адзін з іх, на імя Кляопа, кажа Яму: "Ты ж сам быў у Ерусаліме і ня ведаеш, што здарылася там у гэтыя дні?". Ён спытаўся ў іх: "Што такое?" А яны сказалі Яму: "Тое, што здарылася з Ісусам Назаранінам, які быў прарокам магутным у справе і слове перад Богам і людзьмі; як першасьвятары і нашыя начальнікі выдалі Яго на сьмерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, які павінен быў вызваліць Ізраіля. Але вось ужо трэці дзень, як усё гэта сталася. Дый некаторыя з нашых жанчынаў зьдзівілі нас: пайшоўшы рана да магілы і не знайшоўшы Ягонага цела, яны прыйшлі, кажучы, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія казалі, што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і знайшлі так, як казалі жанчыны; Яго ж ня бачылі".

На гэта Ён сказаў ім: "Якія вы няцямлівыя і павольныя сэрцам, каб верыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж ня так трэба было пацярпець Хрысту, каб увайсьці ў сваю славу?" І, пачаўшы ад Майсея, праз усіх прарокаў, выясьніў ім усё, што было пра Яго ў Пісаньнях. І вось наблізіліся да сяла, куды ішлі. Ён зрабіў выгляд, быццам хацеў ісьці далей. Але яны затрымлівалі Яго, кажучы: "Застанься з намі, бо ўжо дзень схіліўся да вечара". І Ён увайшоў, каб застацца з імі. І калі Ён узьлёг з імі (ля стала), Ён узяў хлеб, паблаславіў і, разламаўшы, даў ім. І адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго, але Ён зьнік. І казалі яны між сабою: "Ці ж не гарэла нашае сэрца, калі Ён размаўляў з намі па дарозе і выясьняў Пісаньні?" І, устаўшы, у тую ж хвіліну вярнуліся ў Ерусалім і знайшлі там сабраных Адзінаццацёх і іншых з імі, якія казалі, што Госпад сапраўды ўваскрос і явіўся Сымону. А яны расказалі, што здарылася з імі ў дарозе, і як яны пазналі Яго ў ламаньні хлеба. (24:12-35)


Экзапастыляр. Жыцьцё і Дарога, Хрыстос, устаўшы з мёртвых, спадарожнічаў Кляопу і Лукашу, якія пазналі Яго ў Эмаусе, калі Ён пераламіў хлеб. Дый іхнія душы і сэрцы ўжо гарэлі ў дарозе, калі Ён гутарыў з імі і выясьняў Пісаньні пра тое, як Яму трэба было пацярпець. Дык з імі разам усклікнем: "Ён уваскрос і зьявіўся Пятру!"

Багародзічны. Слаўлю ў песьнях Тваю, Творча мой, міласэрнасьць, бо Ты вынішчыў сябе, каб узьняць скалечаную людзкую прыроду. Будучы Богам, Ты, усядобры Ўладару, захацеў стацца падобным да мяне і, нарадзіўшыся ад Чыстае Дзевы, зышоў да пекла, малітвамі Маці Тваёй жадаючы майго збаўленьня.


Евангельская сьціхіра (тон 5). Пакінуўшы пахавальныя палотны, Ты даў зразумець Пятру Тваё ўваскрасеньне. З Лукашом і Кляопам Ты размаўляў у дарозе, не адкрыўшы ім, хто Ты. І яны дакаралі Цябе за тое, што Ты адзіны з тых, што былі ў Ерусаліме, ня ведаеш, што там здарылася. Але Ты, павярнуўшы ўсё на збудаваньне і карысьць, растлумачыў ім прароцтвы і аб'явіўся ў блаславеньні хлеба, бо іхнія сэрцы і раней жадалі пазнаць Цябе. І яны ўжо адкрыта прапаведавалі сабраным вучням Тваё ўваскрасеньне, дзеля якога зьмілуйся над намі.


6. Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі

У той час Ісус уваскрос з мёртвых і стаў сярод вучняў сваіх, кажучы ім: "Мір вам!" А яны сумеліся і спалохаліся, думаючы, што бачаць здань. Але Ён сказаў ім: "Чаго вы сумеліся і чаму ўсумніліся ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух ня мае цела і касьцей, а Я, як бачыце, маю". Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім свае рукі і ногі. Калі ж ад радасьці яны ўсё яшчэ ня верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: "Ці маеце што есьці?" Яны далі Яму кавалак печанай рыбы і мёду ў сотах. Ён узяў і еў з імі. Потым сказаў ім: "Вось тое, што Я вам казаў, калі яшчэ быў з вамі: што трэба было, каб спраўдзілася ўсё, што напісана пра Мяне ў Майсеевым Законе, у Прарокаў і ў Псалмах". Тады адкрыў ім розум для разуменьня Пісаньняў. І сказаў: "Так напісана: Трэба, каб Хрыстос пацярпеў і ўваскрос з мёртвых на трэці дзень; і каб у Імя Ягонае было абвешчана пакаяньне дзеля адпушчэньня грахоў для ўсіх народаў, пачынаючы ад Ерусаліму. Вы сьведкі гэтаму. І вось пасылаю вам абяцанае Айцом Маім. Вы ж заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў сілу з вышыні". Тады вывеў іх з гораду ў Бэтанію і, узьняўшы рукі, блаславіў іх. І вось, калі блаславіў, Ён аддаліўся ад іх і быў узьняты на неба. А яны пакланіліся Яму і з вялікай радасьцю вярнуліся ў Ерусалім, дзе ўвесь час прабывалі ў сьвятыні, славячы Бога. Амін. (24:36-53)


Экзапастыляр. Каб даказаць Тваю людзкую прыроду, Ты, Збавіцелю, пасьля ўваскрасеньня Твайго стаў сярод грамады вучняў і папрасіў есьці. Навучыўшы вучняў хрышчэньню на пакаяньне, Ты абяцаў паслаць ім Суцяшальніка і зноў узьнёсься да нябеснага Айца. Слава Твайму ўваскрасеньню, Богачалавеча!

Багародзічны. Творца ўсіх і Бог прыняў ад усячыстай крыві Тваёй, Усесьвятая Дзева, чалавечае цела, зьбярогшы Цябе чыстаю пасьля нараджэньня, і абнавіў маю заняпалую прыроду. Дзеля гэтага мы ўсе славім Цябе верна, кажучы: "Радуйся, Уладарка сьвету!"


Евангельская сьціхіра (тон 6). Ты, Хрысьце – сапраўдны супакой для людзей. Пасьля ўваскрасеньня Твайго Ты даў Твой супакой вучням Тваім, але яны ўсумніліся, бо думалі, што бачаць прывід. Ты суцешыў іх, паказаўшы ім свае рукі і ногі. Калі яны яшчэ ня верылі, спажываньнем хлеба і навучаньнем Ты адкрыў іхні розум для разуменьня Пісаньняў. Умацаваўшы іх абяцаньнем Айца, Ты паблаславіў іх і ўзняўся на неба. Дзеля гэтага і мы разам з імі пакланяемся Табе. Госпадзе, слава Табе!


7. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыходзіць рана, яшчэ поцемкам, да магілы і бачыць, што камень адвалены ад магілы. Яна бяжыць і прыходзіць да Сымона Пётры і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: "Узялі Госпада з магілы і ня ведаю, дзе паклалі Яго". Выйшаў тады Пётра і другі вучань, і пайшлі да магілы. Беглі яны абодва разам, але другі вучань абагнаў Пётру і прыбег першы да магілы. Нахіліўшыся, ён убачыў палотны, якія ляжалі там, але ў сярэдзіну не ўвайшоў. Прыйшоў таксама Сымон Пётра ўсьлед за ім. Увайшоў у сярэдзіну і ўбачыў палотны, што там ляжалі, і скручаную хустку, што была на Ягонай галаве, якая ляжала не з палотнамі, але асобна на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны тады яшчэ не разумелі Пісаньня (якое кажа), што Ён павінен устаць з мёртвых. Тады вучні вярнуліся зноў да сябе. (20:1-10)

 


Экзапастыляр. "Узялі Госпада!" – сказала Марыя. Пётра і іншы вучань, якога Хрыстос любіў, пабеглі да магілы і знайшлі там толькі згорнутыя пахавальныя палотны і галаўны пакравец, што ляжаў асобна; і змоўклі, пакуль не пабачылі Хрыста.

Багародзічны. Вялікія і слаўныя рэчы ўчыніў Ты дзеля мяне, Хрысьце мой міласэрны! Ты нарадзіўся ў невыказны спосаб ад Дзевы, прыняў хрост, пацярпеў сьмерць і ўваскрос у славе, каб вызваліць ад сьмерці нашу прыроду. Слава, Хрысьце, велічы і сіле Тваёй!


Евангельская сьціхіра (тон 7). Чаму, Марыя, з сумам у сэрцы, з самага ранку стаіш ля магілы і пытаеш: "Дзе паклалі Ісуса?" Глянь, вось прыбеглі вучні, і, убачыўшы пахавальныя палотны і галаўны пакравец, зразумелі ўсё і згадалі, што кажуць Пісаньні пра ўваскрасеньне. З імі і мы, уверыўшы, славім у песьнях Цябе, Жыцьцядаўча.


8. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

У той час Марыя стаяла ля магілы звонку і плакала. Плачучы, яна нахілілася да магілы і ўбачыла двух анёлаў у белым, адзін у галавах, другі ля ног, дзе ляжала цела Ісуса. І сказалі ёй: "Жанчына, чаго плачаш?" Яна адказала ім: "Забралі Госпада майго, і ня ведаю, дзе Яго паклалі." Сказаўшы гэта, яна азірнулася і ўбачыла Ісуса, які стаяў, але яна ня ведала, што гэта Ісус. Кажа ёй Ісус: "Жанчына, чаго плачаш? Каго шукаеш?" Яна ж, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: "Спадару, калі ты вынес Яго, дык скажы мне, дзе ты Яго паклаў, і я Яго вазьму." Кажа ёй Ісус: "Марыя!." Яна ж, павярнуўшыся, кажа Яму па-гэбрайску: "Равуні!", што значыць "Настаўнік". Кажа ёй Ісус: "Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Але ідзі да вучняў маіх і скажы ім: Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага". Пайшла Марыя Магдалена і абвясьціла вучням: "Я бачыла Госпада, і Ён мне гэта сказаў". (20:11-18)


Экзапастыляр. Марыя, убачыўшы ў магіле двух анёлаў, сумелася і, не пазнаўшы Хрыста, падумала, што гэта садоўнік, і спытала ў Яго: "Дзе ты паклаў цела майго Ісуса?" Пазнаўшы па голасе, што Ён і ёсьць Збаўца, пачула ад Яго: "Не дакранайся да Мяне, але ідзі і скажы братом Маім, што адыходжу да Айца".

Багародзічны. Ты, Дзева, нарадзіла ў невыказны спосаб аднаго з Тройцы з дзьвюма прыродамі і падвойнай воляю, але адзінага асобаю. Малі Яго, каб Ён выбавіў ад усялякай напасьці ўсіх, што з вераю пакланяюцца Яму. Мы ўсе прыбягаем да Цябе, Уладарка сьвету.


Евангельская сьціхіра (тон 8). Не дарма цякуць гарачыя сьлёзы Марыі: яна, хоць і па-зямному меркавала, бо была слабой жанчынаю, удастоілася навучаньняў анельскіх і бачаньня самога Ісуса. Ты, Хрысьце, не дазволіў ёй дакрануцца да Цябе, але паслаў яе як прапаведніцу да вучняў Тваіх, каб абвясьціла ім добрую вестку пра Твой адыход да Айцоўскае спадчыны. Разам з ёю зрабі і нас, Уладару Госпадзе, годнымі бачыць Цябе.


9. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

Вечарам таго самага першага дня тыдня, калі дзьверы дому, дзе сабраліся вучні, былі зачыненыя дзеля страху перад гэбрэямі, прыйшоў Ісус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: "Мір вам!" Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі свае і бок. І ўсьцешыліся вучні, убачыўшы Госпада. А Ісус сказаў ім зноў: "Мір вам! Як паслаў Мяне Айцец, так Я пасылаю вас". Сказаўшы гэта, дыхнуў на іх, кажучы: "Прыміце Духа Сьвятога. Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаныя, а каму затрымаеце, на тым застануцца". Тамаш, адзін з Дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў з імі, калі прыйшоў Ісус. Іншыя вучні сказалі яму: "Мы бачылі Госпада". Але ён адказаў ім: "Калі не пабачу на руках Ягоных ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўкладу рукі маёй у Ягоны бок, не паверу". І праз восем дзён зноў былі вучні ў доме, і Тамаш з імі. Прыйшоў Ісус праз зачыненыя дзьверы, стаў пасярод іх і сказаў: "Мір вам!" Потым кажа Тамашу: "Дай палец твой сюды і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой, і ня будзь недаверкам але вернікам". І сказаў Яму Тамаш у адказ: "Госпад мой і Бог мой!" Ісус сказаў яму: "Ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне. Шчасьлівыя тыя, што ня бачылі і ўверылі". Шмат іншых знакаў учыніў Ісус перад сваімі вучнямі, пра якія не напісана ў гэтай кнізе. Гэта ж напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і каб, уверыўшы, мелі жыцьцё вечнае. (20:19-31)


Экзапастыляр. Калі Ты, Уладару, увайшоў праз зачыненыя дзьверы, Ты напоўніў вучняў Духам усесьвятым, удыхнуўшы ў іх супакой, і загадаў ім затрымліваць і адпушчаць грахі. Пасьля васьмі дзён Ты паказаў бок і рукі Твае Тамашу. З ім разам і мы ўсклікаем: "Госпад мой і Бог мой!"

Багародзічны. Калі Ты, усесьвятая Дзева Боганявеста, убачыла Сына Твайго, які ўваскрос з магілы на трэці дзень, Ты пакінула смутак, што як Маці мела, бачыўшы Ягоныя цярпеньні; і, поўная радасьці, разам з вучнямі Ты аддала пашану Яму. Дык цяпер збаў тых, што вызнаюць Цябе Багародзіцаю.


Евангельская сьціхіра (тон 5). Калі споўніўся час, позна ў суботу, Ты, Хрысьце, стаў сярод вучняў Тваіх пры зачыненых дзьверах і гэтым цудам пацьвердзіў цуд Твайго ўваскрасеньня. Ты напоўніў іх радасьцю і даў ім Духа Сьвятога, і ўладу адпушчаць грахі, і ня даў Тамашу ўтапіцца ў буры няверства. Дык і нам, добрасардэчны Ўладару, дай розум праўдзівы і адпушчэньне грахоў.


10. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

У той час зьявіўся Ісус вучням сваім ля Тыбэрыядзкага мора. Зьявіўся Ён вось як: Былі разам Сымон Пётра і Тамаш, званы Блізьнюком, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Забэдэевы, і два іншыя з Ягоных вучняў. Кажа ім Сымон: "Іду лавіць рыбу". Кажуць яму: "Пойдзем і мы з табою". Выйшлі і селі ў човен, і ў тую ноч не злавілі нічога. А калі ўжо надыходзіла раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні ня ведалі, што гэта Ісус. А Ісус сказаў ім: "Дзеткі, ці маеце што есьці?" Адказалі Яму: "Не". Тады Ён сказаў ім: "Закіньце сетку з правага боку чоўна, і знойдзеце". Яны закінулі і ўжо не маглі яе выцягнуць дзеля мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Ісус, сказаў Пётру: "Гэта Госпад". Сымон Пётра, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся вопраткаю, бо ён быў голы, і кінуўся ў мора. Іншыя вучні прыплылі на чоўне, цягнучы за сабою сеці з рыбаю, бо да берагу было не далёка – локцяў каля дзьвесьце. Калі яны зышлі на зямлю, убачылі раскладзены жар і рыбу, што ляжала на ім, і хлеб. Сказаў ім Ісус: "Прынясіце яшчэ рыбы, што вы злавілі цяпер". Сымон Пётра пайшоў і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыбаў – усяго сто пяцьдзесят тры. Нягледзячы на такую вялікую колькасьць, сетка не парвалася. Сказаў ім Ісус: "Хадзіце, сьнедайце". Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: "Хто Ты?", ведаючы, што гэта Госпад. А Ісус падышоў, узяў хлеб і даў ім - таксама і рыбу. Гэта ўжо трэці раз як Ісус зьявіўся вучням пасьля таго, як устаў з мёртвых. (21:1-14)


Экзапастыляр. Сыны Забэдэявы з Пётрам і Натанаілам, двума іншымі вучнямі і Тамашом лавілі рыбу ў Тыбэрыядзкім моры. На загад Хрыста яны закінулі сець з правага боку і выцягнулі мноства рыбы. Пётра, пазнаўшы Яго, кінуўся плысьці да Яго. Гэта ўжо трэці раз, як Госпад зьявіўся вучням сваім, пакаштаваўшы хлеба і рыбы на гарачых вугольлях.

Багародзічны. Малі, Дзева, Госпада, які ўваскрос на трэці дзень, за тых, што з любоўю ў песьнях славяць і бласлаўляюць Цябе. Ты – наша збавеннае прыстанішча і хадайніца да Яго. Мы – Твой набытак і слугі Твае, Багародзіца, і на Тваё заступніцтва спадзяемся.


Евангельская сьціхіра (тон 6). Пасьля Твайго зыходу ў пекла і ўваскрасеньня з мёртвых вучні Твае, Хрысьце, поўныя суму растаньня з Табою, вярнуліся да сваіх ранейшых заняткаў. Яны направілі сеці і лодкі, ды толькі не маглі злавіць рыбы. Але Ты, Збавіцелю, як Уладар усіх, зьявіўся ім і загадаў закінуць сеці з правага боку. Яны зрабілі, як Ты сказаў, і злавілі вялікае мноства рыбы, а дзіўная вячэра чакала іх на зямлі; прычасьціўшы ёю вучняў Тваіх, дай сёньня і нам быць вартымі пакаштаваць яе, Чалавекалюбча Госпадзе.


11.Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

У той час зьявіўся Ісус вучням сваім, уваскросшы з мёртвых, і кажа Сымону Пятру: "Сымоне, сыне Ёны, ці любіш Мяне больш, чым яны?" Адказаў Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што люблю Цябе". Кажа яму: "Пасі ягнятаў Маіх". Зноў кажа яму другі раз: "Сымоне, сыне Ёны, ці любіш мяне?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што люблю Цябе". Кажа яму: "Пасі авечак Маіх". Кажа яму трэці раз: "Сымоне, сыне Ёны, ці любіш ты Мяне?" Засумаваў Пётра, што Ён сказаў яму трэці раз: "Ці любіш Мяне?" І сказаў Яму: "Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што люблю Цябе". Кажа яму Ісус: "Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, дык падпярэзваўся сам і ішоў, куды хацеў; калі ж пастарэеш, працягнеш твае рукі, і іншы падпярэжа цябе і павядзе, куды ня хочаш". Гэта Ён сказаў, даючы зразумець, якой сьмерцю ён праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: "Ідзі сьледам за Мною". Павярнуўшыся, Пётра ўбачыў, што за ім ідзе вучань, якога любіў Хрыстос, той самы, які на вячэры прыпаў да Ягоных грудзей і сказаў: "Госпадзе, хто прадасьць Цябе?" Дык, угледзеўшы яго, Пётра кажа Ісусу: "Госпадзе, а ён што?" Кажа яму Ісус: "Калі я хачу, каб ён застаўся, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага? Ты ідзі за Мною". І разышлося гэтае слова сярод братоў, што вучань гэты не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, але: "Калі хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да гэтага?". Гэта і ёсьць той вучань, які сьведчыць пра гэта і напісаў гэта. І мы ведаем, што сьведчаньне ягонае праўдзівае. Ёсьць шмат іншага, што зрабіў Ісус: калі б пра ўсё гэта напісаць, дык думаю, што і ўвесь сьвет не зьмясьціў бы гэтых напісаных кнігаў. (21:15-25)


Экзапастыляр. Пасьля свайго ўваскрасеньня Госпад спытаў Пётру тройчы: "Ці любіш мяне?", і паставіў яго галоўным пастырам свайго статку. Калі ж Пётра ўбачыў вучня, якога Ісус любіў, ён спытаў Госпада: "А што з ім?" А Госпад адказаў: "Калі захачу, каб ён застаўся да Майго прыйсьця, што табе да гэтага, дружа Пётра?"

Багародзічны. Страшная тайна і дзіўны цуд! Сьмерцю сьмерць зьнішчаная была. Хто ж ня будзе славіць і хто не паклоніцца ўваскрасеньню Твайму, Слова, і Багародзіцы, якая чыста нарадзіла Цябе ў целе. Малітвамі Яе выбаў усіх нас ад вечнае пакуты.


Евангельская сьціхіра (тон 8). Зьявіўшыся пасьля ўваскрасеньня вучням Тваім, Ты, Збавіцелю, даручыў Сымону пасьвіць авечак. Дзеля любові, якую ён меў да Цябе, Ты загадаў яму апекавацца статкам Тваім. Ты сказаў яму: "Калі любіш мяне, Пётра, пасі ягнятаў Маіх, пасі авечак Маіх". Ён жа, з любоўю да бліжняга, спытаўся пра другога вучня. Малітвамі абодвух, Хрысьце, захавай Твой статак ад драпежных ваўкоў.


Вярнуцца назад