Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159 Версія для друку > Адпушчальныя багародзічныя васьмі тонаў
Галоўная > Актоіх - дадаткі > Адпушчальныя багародзічныя васьмі тонаў

Адпушчальныя багародзічныя васьмі тонаў


10 чэрвеня 2010.

Тон 1

У нядзелю вечарам: Усё стварэньне цешыца, убачыўшы цуд над цудамі, які зьдзейсьніўся ў Табе, Поўная ласкі: Ты зачала бяз семя і нарадзіла Таго, на каго анельскія хоры ўзірацца ня сьмеюць. Малі Яго за душы нашыя.

У панядзелак і сераду вечарам: Поўная ласкі Багародзіца, Ты, не апёкшыся, зачала Боскі Агонь, і нарадзіла бяз семя Крыніцу жыцьця — Госпада. Збаўляй тых, што ўзьвялічваюць Цябе.

У аўторак і чацьвер вечарам: Маючы Цябе, Усячыстая, сваёй заступніцай і вызваленыя Тваімі малітвамі ад цяжкіх бедаў, крыжом Сына Твайго ахоўваныя, Цябе, як належыць, пабожна ўзьвялічваем.

У пятніцу вечарам: Як толькі пачуўся голас Габрыеля, які казаў Табе, Дзева: "Радуйся!", Уладар усіх узяў цела ад Цябе, сьвятая Скарбніца, як прадказаў праведны Давід. Ты сталася больш прасторнай за неба, бо насіла ў сабе Тварца ўсяго. Слава Таму, хто пасяліўся ў Табе; слава Таму, хто выйшаў з Цябе; слава Таму, хто вызваліў нас нараджэньнем сваім".

Тон 2

У нядзелю вечарам: Крыніца міласэрнасьці, Багародзіца, зрабі нас годнымі спагады Твае: глянь міласьціва на людзей, што зграшылі, і пакажы, як заўсёды, сілу Тваю, бо мы, на цябе спадзеючыся, "Радуйся!" усклікаем Табе, як некалі Габрыель, анёлаў начальнік.

У панядзелак і сераду вечарам: Дзякуючы Табе, Багародзіца Дзева, мы сталіся саўдзельнікамі Боскай існасьці, бо Ты нарадзіла нам Бога ў целе. Дзеля гэтага мы Цябе, як належыць, з пашанаю ўзьвялічваем.

У аўторак і чацьвер вечарам: Ты годная ўсякай хвалы, Багародзіца Дзева, мы славім Цябе: крыжом Сына Твайго пекла зруйнаванае было, сьмерць зьніштожаная, мы, памёрлыя, усталі і жыцьця ўдастоіліся, рай атрымалі — ранейшую асалоду. Дзеля гэтага, дзякуючы, славім Яго, як усяўладнага Хрыста Бога нашага і адзінага міласэрнага.

У пятніцу вечарам: Вышэй за розум ўсяслаўныя тайны Твае, Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, Ты несумненна сталася Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.

Тон 3

У нядзелю вечарам: Красе дзявоцтва і сьветлай чысьціні Тваёй Багародзіца, Габрыель зьдзівіўся і ўсклікнуў: "Якую дастойную пахвалу прынясу Табе, як Цябе назаву? Ня ведаю і жахаюся і, як мне было загадана, клічу: "Радуйся, Поўная ласкі!"

У панядзелак вечарам: Прыстанішча і сіла наша, Багародзіца, моцная памочніца сьвету ўсяму! Малітвамі Тваімі захавай слугаў Тваіх ад усякіх бедаў, адзіная Блаславёная.

У аўторак і чацьвер вечарам: Мы прыдбалі сабе жэзл сілы — крыж Сына Твайго, Багародзіца, і перамагаем ім варожае зухвальства, з любоўю ўзьвялічваючы Цябе.

У сераду вечарам: Прарокі прапаведавалі, апосталы навучалі, мучанікі вызнавалі, а мы ўверылі, што Ты сапраўды Багародзіца: дзеля гэтага ўзьвялічваем Тваё невыказнае сынараджэньне.

У пятніцу вечарам: Цябе, хадайніцу за збаўленьне наша, славім, Багародзіца Дзева, бо целам, якое Ён узяў ад Цябе, Сын Твой і Бог наш на крыжы пацярпеў і як Чалавекалюбец ад тленнасьці выбавіў нас.

Тон 4

У нядзелю вечарам: Узгадаванай у сьвятыні, у сьвятым сьвятых, апранутай у веру, і мудрасьць, і веліч дзявоцтва арханёл Габрыель з неба прынёс прывітаньне, кажучы: "Радуйся Блаславёная; радуйся, Усяслаўная, Госпад з Табою".

У панядзелак вечарам: Да Багародзіцы сёньня сьпешна пойдзем, грэшныя і пакорныя, і прыпадзем да Яе, каючыся і ўсклікаючы з глыбіні душы: "Уладарка наша, памажы! Пакажы ласку Тваю, сьпяшайся, бо гінем у безьлічы правін. Не пакінь нас з нічым, бо Ты адзіная надзея наша".

У аўторак і чацьвер вечарам: Дзева беззаганная, Маці Хрыста Бога, меч прабіў Тваю найсьвятую душу, калі Ты бачыла дабравольна расьпятага Сына і Бога Твайго, Не пераставай маліць Яго, Блаславёная, каб Ён даў нам адпушчэньне грахоў.

У сераду вечарам: Слова Айца — Хрыста Бога нашага, — ад Цябе ўцелаўлёнага мы пазналі, Багародзіца Дзева, адзіная блаславёная. Дзеля гэтага Цябе няспынна ў песьнях славім.

У пятніцу вечарам: Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.

Тон 5

У нядзелю вечарам: З анёламі ў небе і з людзьмі на зямлі радасным голасам, Багародзіца, клічам: "Радуйся, брама больш прасторная за неба! Радуйся, адзінае збаўленьне тых, што на зямлі! Радуйся, Чыстая і Поўная ласкі, што нарадзіла Бога ў целе!"

У панядзелак вечарам: Хуткую абарону і дапамогу, і міласэрнасьць Тваю пакажы, Чыстая, слузе Твайму: суцішы марныя думкі і ўпаўшую душу маю падымі, Багародзіца, бо я ведаю, што можаш усё.

У аўторак і чацьвер вечарам: Крыжом Сына Твайго, Багародзіца ласкі поўная, ідальская мана была зьнішчаная і сіла дэманская пераможаная; дзеля гэтага мы, верныя, Цябе, як належыць, бласлаўляем і, вызнаючы Цябе Маці Божаю, дастойна ўзьвялічваем.

У сераду вечарам: Дзіўная і збавенная тайніца Дзевы аб'явілася сьвету, бо ад Яе нарадзіўся Ты бяз семя і паказаўся нятленным у целе: усіх радасьць, Госпадзе, слава Табе.

У пятніцу вечарам: Радуйся, брама Гасподняя непраходная! Радуйся, ахова і апякунка тых, што прыходзяць да Цябе! Радуйся, ціхае прыстанішча! Радуйся Ты, што без мужа нарадзіла ў целе Тварца і Бога Твайго! Не пераставай маліцца за тых, што славяць Народжанага ад Цябе і пакланяюцца Яму.

Тон 6

У нядзелю вечарам: Пачаткам збаўленьня сталася для нас дабравешчаньне Габрыеля Дзеве: пачуўшы "Радуйся!" ад яго, Яна не адкінула прывітаньня і не ўсумнілася, як некалі Сара, але адказала: "Вось я служка Гасподняя, хай станецца са мною паводле слова твайго".

У панядзелак вечарам: Надзея сьвету, блаславёная Багародзіца Дзева! Просім Твайго адзінага сільнага заступніцтва: зьмілуйся над людзьмі бездапаможнымі і малі міласэрнага Бога выбавіць душы нашы ад усякай пагрозы, адзіная Блаславёная.

У аўторак і чацьвер вечарам: Багародзіца Дзева, малі Сына Твайго, Хрыста Бога нашага, які дабравольна быў расьпяты на крыжы і выбавіў сьвет ад маны, каб Ён зьмілаваўся над душамі нашымі.

У сераду вечарам: Сьвятая Ўладарка, Чыстая Маці Бога нашага, што нарадзіла ў невыказны спосаб Тварца ўсіх, са сьвятымі апосталамі малі безустанку Ягоную дабрату, каб вызваліў нас ад грэшных пажаданьняў і даў прабачэньне грахоў.

У пятніцу вечарам: Ты, што назваў Маці Тваю блаславёнаю, аддаў сябе дабравольна на мукі і зазьзяў на крыжы, каб знайсьці Адама і кажучы анёлам: "Радуйцеся са мною, бо я знайшоў згубленую драхму". Божа, што ўсё мудра ўладкаваў, слава Табе!

Тон 7

У нядзелю вечарам: Багародзіца, Дзева Чыстая! Разам з анёламі малі Сына Твайго, каб, перш чым прыйдзе канец, даў прабачэньне тым, што верна славяць Цябе.

У панядзелак вечарам: "Радуйся!" — кажам Табе, Багародзіца, бо Ты паказалася вышэйшай за анёлаў, нарадзіўшы Бога.

У аўторак і чацьвер вечарам: Расьпятага за нас Хрыста Бога, які зьнічшчыў пекла ўладу, безупынна малі, Багародзіца Дзева, за збаўленьне душаў нашых.

У сераду вечарам: Спаўненьнем прарокаў і закону ёсьць плод улоньня Твайго, Усячыстая. Дзеля гэтага, ведаючы Цябе як Багародзіцу, славім і набожна ўзьвялічваем Цябе.

У пятніцу вечарам: Скарбніца нашага ўваскрасеньня, Усяхвальная, што, нарадзіўшы Збавіцеля, вызваліла падуладных граху, выратуй тых, што спадзяюцца на Цябе, з бяздоннай ямы правінаў — Ты, якая перад родамі была Дзеваю, і падчас родаў Дзеваю, і пасьля родаў засталася Дзеваю.

Тон 8

У нядзелю вечарам: Радуйся, што праз анёла Радасьць сьвету прыняла! Радуйся, што нарадзіла Тварца Твайго і Госпада! Радуйся, што ўдастоілася стаць Маці Божаю!

У панядзелак вечарам: Непарушнае ўмацаваньне веры і пачэсны дар душ нашых, Багародзіцу ў песьнях, верныя, узьвялічым: "Радуйся, што ва ўлоньні Тваім зьмясьціла Камень Жыцьця! Радуйся, надзея ўсіх канцоў сьвету, сумных Заступніца! Радуйся, Дзева-Маці!"

У аўторак і чацьвер вечарам: Убачыўшы на крыжы расьпятага Цябе, Ягнё і Пастыра, і Збавіцеля сьвету, Маці Твая з плачам казала: "Сыне і Божа мой, сьвет радуецца, атрымаўшы вызваленьне, а сэрца маё гарыць, бачачы Тваё распяцьце, якое Ты церпіш за ўсіх".

У сераду вечарам: Духоўная брама жыцьця, Усячыстая Багародзіца! Вызваль ад бедаў верных, што прыбягаюць да Цябе, каб нам славіць Тваё сьвятое сынараджэньне для збаўленьня душ нашых.

У пятніцу вечарам: Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць і паказаўшыся Богам ва ўваскрасеньні, не пагардзі творамі рук Тваіх, пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, якая нарадзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных.


Вярнуцца назад