Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159
Галоўная > Службы на розныя нагоды > Служба аб памнажэньні любові і выкараненьні ўсялякай нянавісьці і злосьці
Служба аб памнажэньні любові і выкараненьні ўсялякай нянавісьці і злосьці10 чэрвеня 2010. |
На праскамідыі: Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, Ты даў вучням Тваім новае прыказаньне: любіць адзін аднаго. Прымі гэтую ахвяру для адпушчэньня грахоў верным слугам Тваім, і высахлую ў нас любоў да Цябе і да бліжняга Духам Тваім Сьвятым абнаві і ўмацуй у сэрцах нашых, каб мы выконвалі Твае запаветы і не для сябе жылі тут на зямлі, але на славу Тваю і для дабра, карысьці і збаўленьня бліжняга. Літургія На мірнай літаніі: пасьля "За падарожнікаў...": – Каб нам ачысьціцца ад грахоў і беззаконьняў, што сушаць усякую любоў да бліжняга; і каб Госпад уклаў у сэрцы нашыя любоў і ўмацаваў яе сілаю, дзеяньнем і ласкаю Усесьвятога Свайго Духа, памолімся. – Каб Госпад даў укараніцца і замацавацца ў сэрцах нашых ласкаю і сілаю Усесьвятога свайго Духа новаму прыказаньню любіць бліжняга свайго як самога сябе, і не сабе дагаджаць, але імкнуцца рабіць усё на славу Божую і для дабра іншых, памолімся. – Каб Госпад выкараніў дашчэнту з нашых сэрцаў нянавісьць, зайздрасьць, злосьць, самалюбства і ўсё, што вядзе да загубы, а на іх месцы запаліў агонь братняй любові сілаю ўсесьвятога свайго Духа, памолімся. – Каб Госпад Бог даў нам свой блаславёны супакой, і каб мы, палюбіўшы Яго ўсім сэрцам, жылі і рабілі ўсё на Ягоную славу, а бліжняму на карысьць і збаўленьне ў чаканьні вечных нябесных дабротаў, памолімся. – Каб нам ня толькі братоў і сяброў, але і ворагаў нашых любіць, рабіць дабро тым, што ненавідзяць нас, за іх маліцца, і імкнуцца рабіць усё для іхняга збаўленьня, ласкаю і сілаю ўсесьвятога Духа, Госпаду памолімся. – Каб нам бачыць заўсёды нашыя грахі і заганы, і не асуджаць брата нашага, але любіць яго, як самога сябе, ласкаю і сілаю ўсесьвятога Духа, памолімся. – Каб нам захавацца непахіснымі ў праўдзівай веры, жыць у неразрыўным саюзе любові, і пасьпяваць у дабрадзейнасьцях сілаю, ласкаю і дзеяньнем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся. Каб нам выбавіцца ад усякага гневу... і г. д. Трапары і кандакі Трапар (тон 2): Ты, Хрысьце, злучыў саюзам любові апосталаў Тваіх. Злучы з сабою і нас, верных слугаў Тваіх, каб нам чыніць Твае запаветы і шчыра любіць адзін аднаго, малітвамі Багародзіцы, адзіны Чалавекалюбча. Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу. Кандак (тон 5): Запалі ў сэрцах нашых полымя Тваёй любові, Хрысьце Божа, каб мы, ёю сагрэтыя, усім сэрцам, усёй душою і ўсёй моцаю палюбілі Цябе, і бліжняга свайго як самога сябе, і, захоўваючы Твае прыказаньні, славілі Цябе, Дабрачынца ўсіх. Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Багародзічны (тон 5): Багародзіца, надзейная Апякунка ўсіх, хто з вераю моліцца Табе, не пагардзі намі, якія прыходзім да Цябе, але Тваім заступніцтвам умацуй сэрцы нашыя ў любові да Бога і да бліжняга, каб нам усклікнуць: "Радуйся, Памочніца і Заступніца роду Хрысьціянскага!". Пракімен: Буду любіць Цябе, Госпадзе, сіла мая, Госпад – умацаваньне маё. Верш: Бог мой – памочнік мой, і на Яго спадзяюся. Чытаньне першага саборнага лісту сьвятога Апостала Яна. Мілыя мае, кожны, хто паступае неправедна, не ад Бога ёсьць, як і той, хто ня любіць брата свайго. Бо такая ёсьць воля Божая, якая была аб'яўленая ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго, а ня так, як Каін, які быў ад Злога і забіў брата свайго. А чаму ён забіў яго? Бо ягоныя ўчынкі былі злыя, а ягонага брата – спрявядлівыя. Не дзівіцеся, браты, калі сьвет вас ненавідзіць. Мы ведаем, што мы перайшлі ад сьмерці да жыцьця, бо любім братоў нашых; а хто ня любіць брата свайго, той прабывае ў сьмерці. Кожны, хто ненавідзіць брата свайго – забойца, а вы ведаеце, што ніякі забойца ня мае ў сабе жыцьця вечнага. Мы пазналі любоў па тым, што Ён аддаў жыцьцё сваё за нас. Мы таксама павінны аддаць жыцьцё наша за братоў. Калі нехта, хто мае дастаткі гэтага сьвету, бачыць брата свайго ў нястачы і закрывае перад ім сэрца сваё, то як у ім можа прабываць Божая любоў? Дзеці мае, ня будзем любіць словам і языком, але справаю і праўдаю. І вось як мы пазнаем, што мы ад праўды, і супакойваем перад Ім нашыя сэрцы. Калі нашае сэрца асуджае нас, то тым больш Бог, які большы за нашае сэрца і ведае ўсё. Мілыя мае, калі сэрца нас не асуджае, маем давер у Бога, і што ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем Ягоныя прыказаньні і робім прыемнае Яму. А Ягонае прыказаньне ёсьць, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і любілі адзін аднаго так, як Ён нам загадаў. Хто выконвае Ягоныя прыказаньні, прабывае ў Богу, а Бог у ім. А тое, што Ён прабывае ў нас, пазнаем па Духу, якога Ён нам даў. (13:10–24) Алілуя: Палюбіце Госпада, усе сьвятыя Яго. Верш: Бо Госпад праўду шукае, і дае па заслугах ганарлівым. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна Сказаў Госпад вучням сваім: "Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы і Бог праслаўлены ў Ім. Калі Бог праслаўлены ў Ім, то і Бог праславіць Яго і зараз праславіць Яго. Дзеці! Яшчэ нядоўга Я з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але – як Я ўжо сказаў гэбрэям, так і вам кажу цяпер, – куды Я іду, вы ня можаце пайсьці. Новае прыказаньне даю вам: любеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою". (13:31–35) На літаніі пасьля Евангельля: Пасьля "Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў...": – Госпадзе Божа наш, глянь міласьціва на высахлыя сэрцы нашыя, аблутаныя цернем нянавісьці, самалюбства і розных грахоў; і пашлі расу ласкі Усесьвятога Твайго Духа, каб яны сталіся ўрадлівымі і высьпелілі плады шчырай любові да Цябе і да бліжняга свайго. Хутка пачуй нас і зьмілуйся. – Ты, Уладару, даў вучням Тваім новае прыказаньне: любіць адзін аднаго. Укладзі яго таксама ў нашыя душы і ўмацуй яго сілаю, ласкаю і дзеяньнем Усесьвятога Твайго Духа, каб мы думалі не пра сябе, але як дагадзіць Табе і прынесьці карысьць бліжняму. Молім Цябе, Дабрачынца наш міласэрны, пачуй нас і зьмілуйся. – Ты, Госпадзе, даў нам першае і найвялікшае прыказаньне любіць Цябе, Бога і Творцу нашага, ад усяе душы, і ад усяе думкі і ад усяе моцы нашае; і другое, падобнае першаму – любіць бліжняга свайго як самога сябе; і сказаў, што на гэтых двух прыказаньнях трымаюцца ўвесь закон і прарокі. Дай нам цяпер ласкаю Усесьвятога Твайго Духа споўніць гэтыя прыказаньні, каб мы рабілі заўсёды прыемнае Табе, Збавіцелю нашаму, і атрымалі абяцаныя нам вечныя даброты. Молімся Табе, хутка пачуй нас і зьмілуйся. – Дай нам, Уладару, ласкаю Сьвятога Твайго Духа, шчыра любіць бліжняга. Бо хто кажа, што любіць Цябе, а ненавідзіць бліжняга свайго, той хлусіць і жыве ў цемры. Таму, Міласэрны, напоўні сэрцы нашыя любоўю Тваёю. Молімся Табе, хутка пачуй нас і зьмілуйся. – Дай нам, усядобры Госпадзе, сілаю Твайго Сьвятога Духа Тваю любоў, каб мы, згодна з Тваім Боскім прыказаньнем, любілі ня толькі братоў і прыяцеляў, але і нашых ворагаў, рабілі дабро тым, што ненавідзяць нас, і імкнуліся рабіць усё для іхняга збаўленьня. Молімся Табе, Крыніца ласкі і Глыбіня чалавекалюбства, хутка пачуй нас і зьмілуйся. – Яшчэ молімся за дабрачынцаў... і г. д. Прычасьнік: Новае прыказаньне даю вам, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас, – кажа Госпад. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |