Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159 Версія для друку > Служба за супакаеньне Царквы
Галоўная > Службы на розныя нагоды > Служба за супакаеньне Царквы

Служба за супакаеньне Царквы


10 чэрвеня 2010.

На праскамідыі:

Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, прымі гэтую ахвяру, якую мы Табе цяпер прыносім у супакоі і цішыні сьвятое Твае Царквы, і ад усякіх бедаў, напасьцяў і перасьледаў адступнікаў захавай і абарані яе, і дай ёй дасканалы супакой у міласэрнасьці Тваёй.


Літургія


На мірнай літаніі:

пасьля "За падарожных...":

– Каб Госпад Бог захаваў сілаю сваёю Царкву сваю сьвятую цэлаю, непарушнаю, непераможнаю і недаступнаю для ўсякіх варожых напасьцяў, памолімся.

– Каб Госпад Бог суцішыў усякія разлады і непаладкі царкоўныя, усіх, што адступілі ад сьвятое веры, вярнуў зноў дса пазнаньня праўды, а верных усіх у вызнаньні правай веры захаваў і умацаваў, памолімся.

– Каб Госпад Бог наведаў, суцішыў і ўмацаваў Царкву сваю сьвятую, даў ёй дасканалы супакой, і захаваў яе непашкоджанаю і непахіснаю ад усякіх злых абставінаў, памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу...


Трапары і кандакі

Трапар (тон 4): Прыйдзі хутка, Хрысьце Божа наш, перш як нам папасьці ў няволю. Ворагі Твае і нашыя паўстаюць на нас, грабяць набытак Твой. Але Ты паразі сілаю Крыжа Твайго усіх, што змагаюцца з намі і нападаюць на сьвятыню Тваю. Хай зразумеюць яны, што можа веліч магутнасьці Тваёй і сіла веры слугаў Тваіх, малітвамі Багародзіцы, адзіны Чалавекалюбча.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Кандак (тон 8): Магутны Уладару і Госпадзе, пераможца пекла, мы, творы рук Тваіх і слугі Твае, выбаўленыя Табою ад вечнае сьмерці, песьню хвалы прыносім Табе. Ты ж, у велічы міласэрнасьці Тваёй, вызваль ад усякіх бедаў нас, якія клічам: "Ісусе, Сыне Божы, зьмілуйся над намі!".

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Багародзічны (тон 6): Апякунка хрысьціян бездакорная, Хадайніца да Тварца незаменная, не пагардзі маленьнямі грэшнікаў, але, як добрая, сьпешна прыйдзі на падмогу нам, якія клічам Цябе даверліва. Пачуй хутка малітвы, адгукніся на просьбы, Багародзіца, надзейная Заступніца тых, што шануюць Цябе.


Пракімен: Госпад сілу людзям сваім дае, Госпад бласлаўляе людзей сваіх супакоем.

Верш: Буду ўзьвялічваць Цябе, Госпадзе, бо Ты ўзьняў мяне.


Чытаньне Першага лісту сьвятога Апостала Пётры

Мілыя мае, не дзівіцеся вогненнай спакусе, пасланай вам на выпрабаваньне, быццам нешта дзіўнае дзеялася з вамі; але ў такой меры, у якой вы ўдзельнічаеце ў муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў зьяўленьні славы Ягонае цешыцца і радавацца. Калі абмаўляюць вас за імя Хрыстовае, то вы шчасьлівыя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас. Ніхто з вас хай ня церпіць як забойца, або злодзей, або злачынца, або несумленны распарадчык чужой маёмасьці. Калі ж церпіць як хрысьціянін, хай не саромеецца, але гэтым імем праслаўляе Бога. Бо настаў час пачаць суд ад дому Божага; калі ж ад нас пачнецца, то які канец будзе тым, што не слухаюцца Евангельля Божага? Бо калі справядлівы з цяжкасьцю збавіцца, то дзе падзенецца бязбожнік і грэшнік? Дык тыя, што пакутуюць з волі Божае, хай аддадуць Яму, як праўдзіваму Творцу, душы свае, робячы дабро. (1 Пт 4:12–19)


Алілуя: Супакой тым, што любяць Закон Твой: для іх няма спакусы.

Верш: Я чакаў збаўленьня Твайго, Госпадзе, і палюбіў закон Твой.


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

Сказаў Госпад вучням сваім: "Хто захоўвае Мае прыказаньні, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго Айцец мой будзе любіць, і Я таксама буду любіць яго і аб'яўлюся яму". Сказаў Яму Юда, не Іскарыёт: "Госпадзе, што гэта, што хочаш аб'явіць сябе нам, а ня сьвету?" Ісус сказаў яму ў адказ: "Калі хто любіць Мяне, захавае Мае словы, і Айцец Мой будзе любіць яго, і да яго прыйдзем і ў яго будзем прабываць. Хто ня любіць Мяне, не захоўвае слоў Маіх. А словы, якія чуеце, не Мае, але Айца, які паслаў Мяне. Гэта сказаў Я вам, будучы з вамі. А Пацяшыцель, Дух Сьвяты, якога Айцец пашле вам у Маё імя, Ён навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў. Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам. Даю вам ня так, як дае сьвет". (Ян 14:21–27)


На літаніі пасьля Евангельля:

пасьля "Яшчэ молімся за заснавальнікаў...":

– Каб Госпад Бог прасьвятліў сьвятлом свайго пазнаньня сэрцы ўсіх, азмрочаных цемраю няверства; а верных умацаваў і захаваў непахіснымі ў вызнаньні праўдзівай веры, памолімся.

– Уладару сьвяты, які ў бязьмежнай міласэрнасьці Тваёй праліў кроў Тваю сьвятую дзеля нашага збаўленьня, дай супакой Царкве Тваёй сьвятой, зрабі яе непераможнаю на камені сапраўднага вызнаньня Твайго, молімся Табе пачуй нас і зьмілуйся.

– Укладзі, Госпадзе Божа наш, у сэрцы тых, што маюць уладу, добрую думку пра Царкву Тваю сьвятую і дай ёй дасканалы супакой, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

– Яшчэ молімся за дабрачынцаў...


Прычасьнік: Яві нам, Госпадзе, міласэрнасьць Тваю, і збаўленьне Тваё дай нам. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад