Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159 Версія для друку > Ютрань штодзённая
Галоўная > Ютрань > Ютрань штодзённая

Ютрань штодзённая


11 чэрвеня 2010.

Пачатак да “Госпад – Бог” такі, як на ютрані сьвяточнай.

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

У дні вялікага Посту пасьля гэтага:

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны… Сьвяты Божа… Усесьвятая Тройца… Ойча наш…

Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

Псалом 19

Хай пачуе цябе Госпад у дзень суму, * хай імя Бога Якуба будзе табе абаронаю.

Хай пашле табе дапамогу са сьвятыні* і дасьць падтрымку табе з Сыёну.

Хай успомніць кожную ахвяру тваю, * і цэлапаленьні твае хай прыме.

Хай Госпад споўніць жаданьні сэрца твайго* і зьдзейсьніць усе задумы твае.

Узрадуемся з тваёй перамогі і ў імя Бога нашага ўздымем сьцягі. * Хай Госпад споўніць усе просьбы твае.

Сёньня пазнаў я, што Госпад даў перамогу памазанцу свайму, * пачуў яго з неба сьвятога свайго, узмацніў сілаю пераможнай рукі сваёй.

Адныя калясьніцамі, іншыя коньмі, * мы ж імем Госпада Бога моцныя.

Тыя пахіснуліся і ўпалі, * а мы стаім і трымаемся!

Госпадзе, збаў уладара і пачуй яго* ў дзень, калі будзе клікаць Цябе.


Псалом 20

Госпадзе, сілаю Тваёю цешыцца ўладар, * і з Тваёй дапамогі ён вельмі рады.

Ты споўніў жаданьне сэрца ягонага* і просьбе вуснаў ягоных не адмовіў.

Бо Ты пайшоў яму насустрач са шчодрым блаславеньнем, * вянец са шчырага золата Ты ўсклаў на галаву яму.

Ён прасіў жыцьця ў Цябе, * і Ты абдарыў яго доўгімі днямі на век вякоў.

Слава яго вялікая дзякуючы збаўленьню Твайму, * веліч і красу ўсклаў Ты на яго.

Бо Ты даеш яму блаславеньне вечнае* і цешыш яго радасьцю перад абліччам Тваім.

Бо ўладар спадзяецца на Госпада* і ласкаю Усявышняга не пахісьнецца.

Хай рука Твая падзе на ўсіх ворагаў Тваіх, * хай правая рука Твая знойдзе тых, што ненавідзяць Цябе.

Укінь іх, быццам у вогненную печ,* у час Твайго зьяўленьня.

Госпад у гневе сваім наведае іх, * і вагонь праглыне іх.

Нашчадкаў іх з зямлі выгубіш, * і племя іх спасярод сыноў людзкіх.

Калі задумаюць яны на Цябе нешта дрэннае, * калі злую раду ўчыняць, ня здолеюць нічога;

Бо Ты змусіш іх да ўцёкаў: * Твой лук нацэліш у твар іх.

Устань, Госпадзе, у сіле Тваёй: * будзем пяяць і славіць магутнасьць Тваю.

 

Чытальнік: Сьвяты Божа… Усесьвятая Тройца… Ойча наш…

Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Трапар крыжа (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой; даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго крыжа.

Слава...: Кандак (тон 4). Хрысьце Божа, які з волі сваёй быў узьняты на Крыжы, даброты Твае даруй новым людзям, што носяць імя Тваё; дай радасьць належным нашым уладам сілаю Тваёю, настаўляючы іх на ўсякую добрую справу: хай дапамогаю будзе ім Твой Крыж – непераможная зброя міру.

Цяпер...: Багародзічны (тон 4). Заступніца надзейная і непахісная, не пагардзі, Добрая, малітвамі нашым, Багародзіца: умацуй прававерных людзей, дай моц належным нашым уладам і перамогу над усімі нягодамі, адзіная блаславёная, што Бога нарадзіла.

 

Сьвятар: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Сьвятар: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, Сусьветнага біскупа (імя) Папу Рымскага, дастойнага архібіскупа (багалюбнага біскупа) нашага (імя) і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.

– Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.

– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

– Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Шэсьць псалмаў і малітвы сьвятара


Чытальнік: Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Слава сьвятой, і адзінасутнай, і жыватворчай, і неразьдзельнай Тройцы, спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Слава на вышынях Богу, супакой на зямлі, добрая воля сярод людзей. (Тройчы)

Госпадзе, адчыні мае вусны, і яны будуць абвяшчаць хвалу Тваю. (Двойчы)


Падчас чытаньня шасьці псалмаў сьвятар чытае ціха ранішнія малітвы (гл. напрыканцы).

Чытальнік у гэты час:

Псалом 3

Госпадзе, як размножыліся ворагі мае, як шмат тых, што паўстаюць супраць мяне.

Многа тых, што кажуць мне: “Няма яму збаўленьня ў Бога”.

Але Ты, Госпадзе, – мой шчыт і слава мая: Ты падымаеш галаву маю.

Я голасна клікаў Бога, і Ён пачуў мяне з гары сьвятой сваёй.

Я лёг і заснуў, і прачнуўся, бо Госпад сьцеражэ мяне.

Не баюся безьлічы людзей, што мяне абступілі.

Устань, Госпадзе, збаў мяне, Божа мой! Бо Ты ўдарыў усіх праціўнікаў маіх і зубы грэшнікаў скрышыў.

У Госпада збаўленьне ёсьць, і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё.

Я лёг і заснуў, і прачнуўся, бо Госпад сьцеражэ мяне.

Псалом 37

Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.

Бо стрэлы Твае працялі мяне, і рука Твая на мяне лягла.

Няма здаровага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма супакою касьцям маім з прычыны грэху майго.

Бо правіны мае перавысілі галаву маю, як цяжкае бярэмя, прыгнятаюць мяне бяз меры.

Тхнуць, загніўшы, раны мае з прычыны маёй неразумнасьці.

Прыніжаны, я сагнуўся вельмі, увесь дзень сумны хаджу.

Паясьніца мая поўная жару, і няма здаровага месца на целе маім.

Аслаб я, разьбіты звыш меры, і стогне сэрца маё.

Госпадзе, перад Табою ўсе мае жаданьні, і ўздыханьні мае ня скрытыя.

Сэрца маё трапеча, сіла пакінула мяне, і няма больш сьвятла ў вачох маіх.

Бо кажу: “Няхай ня цешацца, калі мая нага спатыкнецца, няхай не вывышаюцца нада мною”.

Сябры мае і прыяцелі староняцца маёй хваробы, і сваякі мае трымаюцца здалёку.

Паставілі сеці на мяне, пасягаючы на жыцьцё маё; тыя, што жадаюць мне зла, абмяркоўваюць ліхое ўвесь час.

Я ж, быццам глухі, ня чую і, быццам нямы, не адчыняю вуснаў маіх.

На Цябе, Госпадзе, спадзяюся: Ты, Госпадзе Божа мой, выслухаеш мяне.

Я вось-вось ужо падаю, і боль мой заўсёды са мною.

Прызнаюся ў віне маёй і сумую з прычыны граху майго.

А тыя, што без прычыны працівяцца мне, растуць у сілу: многа тых, што без падставы ненавідзяць мяне,

Тых, што злом плоцяць за дабро, якія супраць мяне за тое, што я пра дабро дбаю.

Не пакідай мяне, Госпадзе Божа мой, не аддаляйся ад мяне.

Пасьпяшы на дапамогу мне, Госпадзе мой, збаўленьне маё!

Псалом 62

Божа, Ты – Бог мой! Цябе пільна шукаю.

Душа мае жадае Цябе, Цябе шукае цела маё, высахлае як зямля сасмаглая і бязводная.

Я выглядаю Цябе ў сьвятыні, каб убачыць сілу Тваю і славу Тваю.

Бо міласьць Твая лепшая за жыцьцё; вусны мае будуць славіць Цябе.

Буду хваліць Цябе, пакуль буду жыць, і ў імя Тваё буду ўздымаць рукі мае.

Душа мая насыціцца, быццам тлушчам і аліваю, вусны мае вясёлым голасам хваліць Цябе будуць.

Згадаю Цябе на маёй пасьцелі: думаць пра Цябе буду падчас начных чуваньняў.

Бо Ты прыйшоў мне на дапамогу, і ў цені крылаў Тваіх цешуся.

Да Цябе імкнецца душа мая, правая рука Твая падтрымлівае мяне.

Тыя ж, што жадаюць загубіць душу маю, зыйдуць у бездань апраметную.

Будуць аддадзеныя пад меч, стануцца здабычаю шакалаў.

А ўладар будзе радавацца ў Богу; хваліцца будзе кожны, хто Ім клянецца; а вусны тых, што кажуць бясчынствы, будуць замкнёныя.

Думаць пра Цябе буду падчас начных чуваньняў, бо Ты прыйшоў мне на дапамогу, і ў ценю крылаў Тваіх цешуся.

Да Цябе імкнецца душа мая, правая рука Твая падтрымлівае мяне.

 

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя: Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Псалом 87

Госпадзе, Божа збаўленьня майго, я клічу ўдзень і ўночы жалюся перад Табою.

Няхай дойдзе да Цябе малітва мая: прыхілі вуха Тваё да просьбаў маіх.

Душа мая сытая горам, жыцьцё маё наблізілася да бездані.

Мяне залічаюць да тых, што зыходзяць у магілу; я стаўся чалавекам бездапаможным.

Ложа маё між памерлых, што, як забітыя, ляжаць у магілах, аб якіх Ты больш ня памятаеш, якія выпалі з-пад апекі Тваёй.

Паклаў Ты мяне ў роў глыбокі, у цемру і бездань.

Гнеў Твой ляжыць на мне, і Твае хвалі прыгнятаюць мяне.

Ты аддаліў мяне ад прыяцеляў маіх, зрабіў мяне прыкрым для іх, я зачынены ў сабе і ня бачу выхаду.

Вочы мае зьнемагліся ад суму; Цябе, Госпадзе, штодня клічу, да Цябе ўздымаю рукі мае.

Хіба ж для памерлых чыніш цуды? Ці ж мёртвыя ўстануць, каб славіць Цябе?

Ці ж аб міласэрнасьці Тваёй расказваюць у магілах, аб вернасьці Тваёй – у бездані?

Хіба ж цуды Твае стануцца бачнымі ў цемры, і ласка Твая – на зямлі забыцьця?

Вось чаму, Госпадзе, Цябе клічу, і зранку малітва мая да Цябе ўзносіцца.

Чаму, Госпадзе, Ты адкінуў душу маю, чаму хаваеш твар Твой ад мяне?

Бедны я, і змалку знаходжуся на парозе сьмерці; я адчуў гнеў Твой і млею.

Нада мною прайшоў гнеў Твой, пагрозы Твае згубілі мяне.

Абкружаюць яны мяне безустанку, быццам вада, усе разам мяне абступілі.

Ты аддаліў ад мяне сябра і прыяцеля, толькі цемра – знаёмая мая.

Госпадзе, Божа збаўленьня майго, я клічу ўдзень і ўночы жалюся перад Табою.

Няхай дойдзе да Цябе малітва мая: прыхілі вуха Тваё да просьбаў маіх.

Псалом 102

Блаславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё хай славіць імя сьвятое Яго.

Блаславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх дабрадзействаў Яго.

Ён адпускае ўсе правіны твае, і аздараўляе ўсе немачы твае.

Ён вызваляе жыцьцё тваё ад згубы, вянчае цябе ласкаю і міласэрнасьцю.

Ён напаўняе тваё жыцьцё дабром: абнаўляецца, як арол, маладосьць твая.

Госпад чыніць справядлівасьць і суд усім пакрыўджаным.

Ён паказаў Майсею шляхі свае, сыном Ізраіля ўчынкі свае.

Шчодры Госпад і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку.

Ня будзе вечна сварыцца Ён і ня будзе гневацца давеку.

Не паводле грахоў нашых учыніў Ён нам і не паводле правінаў нашых заплаціў Ён нам.

Бо як высока неба ад зямлі, так вялікая міласэрнасьць Яго для тых, што баяцца Яго.

Як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас нашыя злачынствы.

Як бацька літуецца над сынамі, так літуецца Госпад над пабожнымі.

Ён ведае, з чаго мы створаныя, Ён знае, што мы – пыл.

Дні чалавека падобныя да травы: цьвіце ён, быццам кветка ў полі.

Але вось павее вецер – і няма больш яго, і месца, дзе быў, яго не пазнае.

А міласэрнасьць Гасподняя вечная і на век вякоў для тых, што баяцца Яго; і справядлівасьць Ягоная над сынамі сыноў тых, што захоўваюць саюз Ягоны, памятаюць запаветы Ягоныя і выконваюць іх.

Госпад на небе ўстанавіў пасад свой і валадарства сваё над усім сусьветам.

Блаславіце Госпада, усе анёлы Яго, слугі Яго, што спаўняеце загады Яго.

Блаславіце Госпада, усе творы Яго, на кожным месцы Яго панаваньня!

Блаславі, душа мая, Госпада!

На кожным месцы Яго панаваньня, блаславі, душа мая, Госпада!

Псалом 142

Пачуй, Госпадзе, малітву маю, у вернасьці Тваёй нахілі вуха Тваё да маленьня майго, выслухай мяне ў Тваёй справядлівасьці.

І не ўваходзь у суд са слугой Тваім, бо ніхто жывы не апраўдаецца перад Табою.

Бо вораг перасьледуе душу маю, жыцьцё мае топча ў зямлю, у цемры патапіў мяне, быццам памерлага.

Дух мой млее ўва мне, і сэрца маё поўнае жаху.

Успамінаю даўнія дні, разважаю над усімі ўчынкамі Тваімі і над творамі рук Тваіх задумваюся.

Да Цябе працягваю рукі мае: душа мая, быццам высахлая зямля, прагне Цябе.

Выслухай мяне хутка, Госпадзе, бо дух мой зьнемагае. Не хавай твару Твайго ад мяне, каб мне ня стацца падобным да тых, што зыходзяць у магілу.

Дай мне хутка адчуць ласку Тваю, бо на Цябе спадзяюся. Пакажы мне шлях, па якім мне трэба ісьці, бо да Цябе ўзношу душу маю.

Збаў мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх, бо да Цябе прыбягаю.

Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай жыцьцё маё; у дабрыні Тваёй выведзі з бяды душу маю.

У гневе Тваім зьнішчы ворагаў маіх і выгубі ўсіх, што перасьледуюць душу маю, бо я – слуга Твой.

Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці і не ўваходзь у суд са слугою Тваім.

Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці і не ўваходзь у суд са слугою Тваім.

Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Мірная літанія

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– За Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

– За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.

– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Пасьля літаніі:

Чытальнік: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.

Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго на ўсе вякі.

– Абкружылі мяне з усіх бакоў, але імем Гасподнім я супрацівіўся ім.

– Не памру, але буду жыць і абвяшчаць учынкі Госпада.

– Камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым каменем: ад Бога гэта і дзіўнае ў нашых вачох.

У дні вялікага Посту замест “Госпад – Бог”:

Чытальнік: Сярод ночы імкнецца дух мой да Цябе, Божа: бо загады Твае – сьвятло на зямлі.

Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя. (так пасьля наступных вершаў).

- Навучыцеся справядлівасьці вы, што жывеце на зямлі.

- Гневам Тваім наведай людзей непаслухмяных.

- Упакор, Госпадзе, упакор магутных зямлі.

Дыякан ідзе ў аўтар.

Трапары

Пасьля “Госпад – Бог” (альбо “Алілуя” ў Вялікі пост) сьпяваюцца трапары дня або сьвятога.

У дні вялікага Посту пасьля гэтага сьпяваюцца траечныя песьні належнага тону (гл. напрыканцы).

 

Чытаньне Псалтыра

Пасьля трапароў бывае чытаньне Псалтыра. Звычайна пасьля катызмаў літаніяў няма, апрача суботаў, перадсьвяцьцяў і пасьлясьвяцьцяў, а таксама дзён памяці сьвятых, якім трэба сьпяваць Вялікае Ўслаўленьне. Тады літаніі, як на сьвяточнай ютрані.

Скончыўшы чытаць псалмы:

У Велікодны перыяд людзі сьпяваюць: Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова, паклонімся сьвятому Госпаду Ісусу, адзінаму бязгрэшнаму. Крыжу Твайму пакланяемся, Хрысьце, і сьвятое ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім. Ты – Бог наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем, імя Тваё клічам. Прыйдзіце, усе верныя, паклонімся сьвятому ўваскрасеньню Хрыстоваму, бо праз Крыж прыйшла радасьць усяму сьвету. Заўжды бласлаўляючы Госпада, славім Ягонае ўваскрасеньне, бо Ён, пацярпеўшы ўкрыжаваньне, сьмерцю сьмерць зваяваў.


Псалом 50

Чытальнік: Зьмілуйся нада мною, Божа...

 

У дні вялікага Посту:

Дыякан: Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, наведай сьвет Твой міласэрнасьцю і дабротамі Тваімі, узьнясі рог хрысьціянаў і зышлі на нас Твае багатыя ласкі малітвамі найчыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анёльскіх; малітвамі сьвятога, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; між сьвятымі айцоў нашых, сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворцы, арцыбіскупа Мірлікійскага; сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых: просім Цябе, міласэрны Госпадзе, выслухай нас, грэшных, якія молімся Табе, і зьмілуйся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Сьвятар: Міласэрнасьцю, дабротамі і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Канон

Канон сьпяваецца ў падобны спосаб, як на ютрані сьвяточнай.

У Вялікі Пост чытаюцца песьні Сьвятога Пісаньня (гл. напрыканцы).


Пасьля восьмай песьні дыякан кадзіць алтар, царкву і людзей.

Дыякан стаўшы з кадзілам перад іконай Багародзіцы, кажа ўголас: Багародзіцу і Маці Сьвятла ў песьнях уславім! І кадзіць царкву і людзей.

Людзі: Душа мая абвяшчае веліч Госпада, і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім.

Прысьпеў: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

– Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьлівай называць мяне будуць усе пакаленьні.

– Бо вялікія справы ўчыніў мне Ўсемагутны: сьвятое імя Яго і міласэрнасьць Яго з пакаленьня ў пакаленьне на тых, што шануюць Яго.

– Ён паказаў моц рукі сваёй, разагнаў гордых у задумах сэрцаў іх.

– Уладароў скінуў з пасаду і ўзнёс пакорных, галодных напоўніў дабротамі, а багатых адправіў з нічым.

– Ён заступіўся за Ізраіля, слугу свайго, памятны міласьцяў сваіх, як абяцаў Абрагаму і нашчадкам яго давеку.


І пяюць дзевятую песьню канону, пасьля якой малая літанія з воклікам:

Сьвятар: Бо Цябе хваляць усе сілы нябесныя, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Пасьля дзевятай песьні (апрача перадсьвяцьцяў і пасьлясьвяцьцяў):

Дастойна ёсьць сапраўды называць шчасьліваю Цябе, Багародзіцу, вечна блаславёную і беззаганную Маці Бога нашага. Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

І малая літанія:

Яшчэ і яшчэ... Заступіся... Успамянуўшы...

Сьвятар: Бо Цябе хваляць усе сілы нябесныя, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

І пяюць экзапастыляр (або ў Вялікі Пост асобны сьвяцільнік).


Пахвальныя псалмы

Пасьля экзапастыляра людзі пяюць Пс 148-150, чаргуючы апошнія вершы з адпаведнымі пахвальнымі песьнямі.

Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

(Пс 148). Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Табе належыцца хвала, Госпадзе.

Хваліце Яго ўсе анёлы Яго, хваліце Яго ўсе сілы Яго. Табе належыцца хвала, Госпадзе.

Хваліце Яго, сонца і месяц, хваліце Яго, зоркі і ўсе сьветачы. Хваліце Яго, нябёсы нябёсаў, і вада, што над нябёсамі. Хай усе ўсхваляць імя Гасподняе: бо Ён сказаў, і сталася; загадаў, і ўсё прыйшло да быцьця. Устанавіў іх на ўсе часы: даў ім закон, што не праміне. Хваліце Госпада на зямлі, зьмеі і ўсе глыбіні марскія, агонь, град, сьнег і імгла; віхор з бураю, што спаўняе слова Яго; горы і ўсе ўзгоркі, дрэвы пладаносныя і кедры; зьвяры і ўсе жывёлы, паўзуны і птушкі крылатыя; уладары зямныя і ўсе народы, начальнікі і ўсе судзьдзі на зямлі; юнакі і дзевы, старыя і дзеці – хай усе славяць імя Гасподняе. Бо толькі імя Яго адзінага ўзьнёслае, веліч Яго на зямлі і ў небе. Ён павялічвае магутнасьць народу свайго. Ён – хвала ўсіх сьвятых Яго, сыноў Ізраіля – людзей, блізкіх Яму.

(Пс 149). Сьпявайце Госпаду песьню новую, хвала Яго хай грыміць на зборах сьвятых. Хай усьцешыцца Ізраіль у Творцы сваім, і сыны Сыёну ўзрадуюцца ва Ўладару сваім; хай хоры хвалу пяюць імю Яго, хай граюць Яму на бубнах і гусьлях. Бо Госпад спагадае людзям сваім і дае лагодным збаўленьне. Хай цешацца сьвятыя ў славе і ўзрадуюцца на ложах сваіх. Хай хвала Божая будзе на вуснах іх, і мячы двусечныя ў руках іх, каб учыніць помсту паганам і пакараньне людзям: закаваць іхніх цароў у ланцугі, а вяльможаў у ручныя кайданы жалезныя.

Калі ёсьць 6 песьняў пахвальных, іх пачынаюць сьпяваць уперамежку з вершамі, пачынаючы ад наступнага:

Каб споўніць над імі прысуд, напісаны на хвалу ўсім сьвятым Яго.

(Пс 150). Хваліце Госпада ў сьвятых Яго; хвалеце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго.

Калі ёсьць 4 песьні, іх пачынаюць сьпяваць пасьля наступнага верша:

Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.

Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на ліры і гусьлях.

Хваліце Яго звонам бубнаў і карагодамі, хваліце яго на струнах і жалейках.

Хваліце яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

У нядзелю таксама сьпяваецца адпаведная ранішняя евангельская песьня.

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Багародзічны нядзельны. Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева, бо Той, хто нарадзіўся ад Цябе, паланіў пекла, Адама зноў паклікаў, зьнішчыў праклён, Эву вызваліў, сьмерць умярцьвіў і нас ажывіў. Дзеля гэтага, славячы Яго, клічам: Блаславёны Хрыстос Бог наш, што так захацеў, слава Табе.


Малое ўслаўленьне

Калі пахвальныя псалмы ня маюць песьняў, скончыўшы іх, кажуць:

Людзі (або чытальнік): Слава... цяпер...

Табе слава належыцца, Госпадзе Божа наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.

Слава на вышынях Богу...


Калі ж ёсьць песьні:

Слава Табе, які паказаў нам сьвятло.

Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой, добрая воля сярод людзей.

Хвалім Цябе, бласлаўляем Цябе, кланяемся Табе, у песьнях славім Цябе, дзякуем Табе дзеля вялікае славы Тваёй.

Госпадзе Ўладару Нябесны, Божа Ойча ўсемагутны; Госпадзе Сыне адзінародны, Ісусе Хрысьце, і Сьвяты Духу.

Госпадзе Божа, Ягнё Божае, Сыне Айца, што ўзяў на сябе грахі сьвету, зьмілуйся над намі; Ты, што ўзяў на сябе грахі сьвету, прымі малітву нашу; што сядзіш па правай руцэ Айца, зьмілуйся над намі. Бо толькі Ты адзін сьвяты, Ты адзін Госпад, Ісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амін.

Буду штодня бласлаўляць Цябе і хваліць імя Тваё давеку і на век вякоў.

Госпадзе, Ты быў нам прыстанішчам з роду ў род. Я сказаў: Госпадзе, зьмілуйся нада мною, аздараві душу маю, бо я перад Табою зграшыў.

Госпадзе, да Цябе прыходжу, навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой: у Табе крыніца жыцьця і ў зьзяньні Тваім убачым сьвятло. Міласэрнасьць Твая хай будзе заўжды з тымі, што пазналі Цябе.

Дай, Госпадзе, у гэты дзень захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне запаветаў Тваіх.

Блаславёны Ты, Уладару, дай мне зразумець Твае запаветы.

Блаславёны Ты, Сьвяты, прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.

Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, Табе слава належыцца, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Літанія просьбаў

Дыякан: Дапоўнім ранішнюю малітву нашу Госпаду.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб увесь гэты дзень быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душ і целаў нашых у Госпада просім.

– Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.

– Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.

– Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.

– Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на страшным судзе Хрыстовым просім.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты Бог міласьці, дабротаў і чалавекалюбства, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей)

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашы Госпаду схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (ціха): Сьвяты Госпадзе, які жывеш на вышынях і глядзіш на пакорных, і сваім усябачным вокам бачыш усе стварэньні! Вось мы схіляем нашы сэрцы і целы перад Табою і молімся Табе: працягні нябачную руку Тваю з жыльля Твайго сьвятога і блаславі нас усіх; і калі мы ў нечым зграшылі сьвядома ці нясьвядома, Ты, як добры і чалавекалюбны Бог, прабач нам, даруючы нам Твае зямныя і нябесныя даброты.

(Уголас): Бо ты Бог наш, які мілуе і збаўляе нас, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

 

Вершапесьні

У буднія дні вершапесьні сьпяваюцца папераменна з наступнымі вершамі:

Верш 1. З раніцы мы напоўніліся любоўю Тваёю, узрадаваліся і ўсьцешыліся. Будзем цешыцца праз усе дні жыцьця нашага за дні, калі Ты нас упакорыў, за гады, калі мы цярпелі гора. Хай слугі Твае ўбачаць творы Твае, а сыны іх – славу Тваю. (Пс. 89:14-16).

Верш 2. Хай сьветласьць Госпада Бога нашага будзе на нас: глянь прыхільна на працу рук нашых! Дай посьпех працы рук нашых! (Пс. 89:17).

Слава... цяпер...: Багародзічны.

 

Пасьля:

Чытальнік: Добра ёсьць славіць Госпада і пець хвалу імю Твайму, Усявышні: абвяшчаць раніцай міласэрнасьць Тваю і справядлівасьць Тваю ўночы. (Пс. 91:2-3). (У Вялікі Пост – двойчы).

 

Сьвяты Божа… Усесьвятая Тройца… Ойча наш…

Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Трапар сьвятога дня і багародзічны.


Заканчэньне ютрані

У дні вялікага Посту:

Людзі: Стоячы ў сьвятыні славы Тваёй, жадаем стаяць у небе: Багародзіца, Брама нябесная, адчыні нам дзьверы міласэрнасьці Тваёй.

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Слава... цяпер...

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча!

Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Нябесны Ўладару, дай сілу верным людзям Тваім, веру ўмацуй народы суцішы, даруй сьвету супакой, сьвятую Царкву гэтую добра захавай; раней адышоўшых айцоў і братоў нашых у сялібах праведных пасялі, і нас у пакаяньні прымі, бо Ты добры і Чалавекалюбец.

Сьвятар (гаворыць малітву Ахрэма Сірына): Госпадзе і Ўладару жыцьця майго, духа ленасьці, нуды, уладалюбства і марнаслоўя ня дай мне. (Усе робяць зямны паклон)

Духа чысьціні, пакоры, цярплівасьці і любові дай мне, слузе Твайму. (Зямны паклон)

Так, Госпадзе Ўладару! Дай мне бачыць мае правіны і не асуджаць брата майго, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін. (Зямны паклон)

Госпадзе, ачысьці мяне, грэшнага, і зьмілуйся нада мною (12 разоў, з малымі паклонамі).

Госпадзе і Ўладару жыцьця майго... (уся малітва, з зямным паклонам у канцы).

Пасьля гэтага звычайна адразу чытаецца Першая гадзіна, пачынаючы ад “Прыйдзіце, паклонімся...”. Калі не, тады заканчэньне звычайнае:


Дыякан: Мудрасьць.

Людзі: Ойча, блаславі.

Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціян на век вякоў.

Увага: звычайна на гэтым месцы чытаецца Першая гадзіна, пачынаючы ад “Прыйдзіце, паклонімся...”, пасьля заканчэньня якой сьвятар робіць поўны водпуст.

Калі ж Першая гадзіна не чытаецца:

Сьвятар: Найсьвятая Багародзіца, збаў нас.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар робіць водпуст:

У панядзелак: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, заступніцтвам нябесных сілаў анельскіх, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога патрона царквы); сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога дня); сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

У аўторак: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятога, слаўнага прарока, прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў...

У сераду і пятніцу: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа, малітвамі сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў...

У чацьвер: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворца, архібіскупа Мірлікійскага...

У суботу: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, сьвятых, слаўных і пераможных мучанікаў, сьвятых і баганосных айцоў нашых...

Людзі: Амін.


Вярнуцца назад