Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159
Галоўная > Ютрань > Ютрань - Малітвы сьвятара пры чытаньні шасьці псалмаў
Ютрань - Малітвы сьвятара пры чытаньні шасьці псалмаў11 чэрвеня 2010. |
1. Дзякуем Табе, Госпадзе Божа наш, што ўзьняў нас з пасьцелі нашай і ўклаў у нашыя вусны словы хвалы, каб нам пакланяцца Табе і клікаць сьвятое імя Тваё; і молім Тваю міласэрнасьць, якую Ты заўсёды паказваў у нашым жыцьці: пашлі дапамогу Тваю людзям, што стаяць перад тварам славы сьвятой Тваёй і чакаюць ад Цябе велічы Твайго зьмілаваньня; і дай нам са страхам і любоўю заўжды служыць Табе і хваліць Тваю невыказную дабрыню. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 2. Сярод ночы дух наш імкнецца да Цябе, Божа, бо прыказаньні Твае – сьвятло на зямлі. Навучы нас чыніць справядлівасьць і дабро ў страху Тваім, бо Цябе славім як праўдзівага Бога нашага. Прыхілі вуха Тваё і пачуй нас, і ўспомні, Госпадзе, пайменна ўсіх тут прысутных і тых, што моляцца разам з намі, і збаў іх сілаю Тваёю. Блаславі людзей Тваіх і асьвяці набытак Твой: супакой сьвету Твайму даруй, цэрквам Тваім, сьвятаром, належным уладам і ўсім людзям. Хай будзе блаславёнае і праслаўленае ўсепачэснае і велічнае імя Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 3. Сярод ночы імкнецца дух наш да Цябе, Божа, бо прыказаньні Твае зьяўляюцца сьвятлом для нас. Навучы нас, Божа, справядлівасьці Тваёй, запаветам Тваім, Тваім загадам. Прасьвятлі нашыя духоўныя вочы, каб нам не заснуць у грахох сьмяротным сном. Адгані ўсякую цемру ад сэрцаў нашых, дай нам сонца справядлівасьці і захавай бясьпечным жыцьцё наша пячацьцю Духа Сьвятога. Накіруй крокі нашы на мірны шлях, дай нам бачыць раніцу і дзень у радасьці, каб нам славіць Цябе ў ранішніх малітвах. Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 4. Уладару Божа сьвяты і недасяжны, які сказаў зазьзяць сьвятлу з цемры, супакоіў нас у начным сьне і ўзьняў, каб нам прыносіць славу і малітвы Тваёй дабрыні; Ты, які даеш у міласэрнасьці Тваёй упрасіць сябе: прымі і сёньня нас, якія пакланяемся Табе і паводле сіл нашых дзякуем Табе; і даруй нам тое, што просім для нашага збаўленьня. Учыні нас сынамі дня і спадкаемцамі вечных Тваіх дабротаў. Успомні, Госпадзе, у велічы міласэрнасьці Тваёй усіх, што тут з намі моляцца, і ўсіх братоў і сёстраў нашых на зямлі і на моры, і на ўсякім месцы валадарства Твайго, што маюць патрэбу ў Тваёй помачы і любові, і ўсім ім пашлі веліч зьмілаваньня Твайго, каб яны, будучы збаўленыя душой і целам, заўжды прабывалі з Табою і славілі цудоўнае і блаславёнае імя Тваё. Бо Ты Бог міласэрны, добры і чалавекалюбны, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 5. Скарбніца дабра, крыніца невычэрпная, Ойча сьвяты, цудатворца вялікі і ўсемагутны! Усе мы пакланяемся Табе і Табе молімся, і клічам міласэрнасьць і ласку Тваю на помач і заступніцтва нашай пакорнасьці. Успомні, Госпадзе, слугаў Тваіх, прымі ранішнія малітвы ўсіх нас, быццам кадзіла перад Табою, і ніводнага з нас не ўчыні няздатным, але ўсіх нас захавай ласкаю Тваёю. Успомні, Госпадзе, тых, што ня сьпяць і ў песьнях славяць Цябе і адзінароднага Твайго Сына і Бога нашага, і Духа Твайго Сьвятога: будзь ім памочнікам і заступнікам, прымі іхнія малітвы на Твой нябесны і духоўны ахвярнік. Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 6. Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа збаўленьня нашага, бо Ты ўсё чыніш на дабро для жыцьця нашага, каб мы заўсёды ўзіраліся на Цябе, Збавіцеля і Дабрадзея душ нашых: бо Ты даў нам супакой мінулай ноччу і падняў нас, каб нам пакланяцца велічнаму імю Твайму. Дзеля гэтага молім Цябе, Госпадзе, дай нам ласку і сілу, каб мы маглі разам славіць Цябе і маліцца няспынна, і працаваць у страху і трапятаньні для нашага збаўленьня заступніцтвам Хрыста Твайго. Успомні, Госпадзе, і тых, што клічуць Цябе ўночы: выслухай іх і зьмілуйся над імі, і скрышы пад ногі іх нябачных ворагаў, што ваююць супроць іх. Бо Ты – Уладар сьвету, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 7. Божа і Ойча Госпада нашага Ісуса Хрыста, Ты падняў нас з нашай пасьцелі і сабраў у час малітвы; дай нам ласку адчыніць нашы вусны, прымі нашу пасільную падзяку і навучы нас Тваім запаветам; бо мы ня ўмеем маліцца як сьлед, калі Ты, Госпадзе, не навучыш нас праз Сьвятога Духа Твайго. Дзеля гэтага молімся Табе: даруй нам і прабач усё, чым зграшылі аж да цяперашняй хвіліны, словам, учынкам і думкаю, вольна і міжвольна; бо калі Ты будзеш памятлівы нашых бясчынстваў, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць. Ты адзіны сьвяты, моцны памочнік, абаронца жыцьця нашага і Цябе славім заўжды ў песьнях. Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 8. Госпадзе Божа наш, які сонную немач забраў ад нас і паклікаў нас пакліканьнем сьвятым, каб мы і ўночы ўзьнімалі рукі нашыя і праслаўлялі Цябе за Твае справядлівыя прысуды: прымі нашыя мальбы, маленьні, вызнаньні і начныя служэньні. І даруй нам, Божа, веру беззаганную, надзею непахісную, любоў шчырую. Блаславі нашы ўваходы і выхады, дзеяньні, словы, учынкі і думкі; і дай дачакацца пачатку дня нам, якія хвалім, славім у песьнях і бласлаўляем веліч Тваёй невыказнай дабрыні. Хай будзе блаславёнае і праслаўленае ўсесьвятое імя Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 9. Запалі ў сэрцах нашых, чалавекалюбны Ўладару, нязгаснае сьвятло Твайго богапазнаньня і адчыні вочы нашага розуму, каб нам разумець Тваё евангельскае прапаведаваньне. Укладзі ў сэрцы нашы страх Тваіх блаславёных прыказаньняў, каб мы, перамогшы ўсе цялесныя пажаданьні, маглі жыць духоўным жыцьцём, думаючы і робячы ўсё, што прыемна Табе. Бо Ты сьветласьць душаў і целаў нашых, Хрысьце Божа наш, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 10. Госпадзе, Божа наш, які дараваў людзям адпушчэньне ўзамен за пакаяньне і, як вобраз пазнаньня і вызнаньня грахоў, паказаў нам пакаяньне і прабачэньне Давіда. Сам, Уладару, у вялікай міласэрнасьці Тваёй зьмілуйся над намі, якія ўпалі ў шматлікія і цяжкія грахі, і ў бязьмежнай дабрыні Тваёй ачысьці ўсе нашы правіны. Бо мы зграшылі перад Табою, Госпадзе, які ведаеш нязьведаныя глыбіні сэрца людзкога і адзін маеш уладу адпускаць грахі. Сэрца чыстае ствары ў нас і Духам уладарным умацуй нас, і аб’яві нам радасьць збаўленьня Твайго; і не адкінь нас ад твару Твайго, але дазволь, як добры і Чалавекалюбец, аж да апошняй хвіліны нашага жыцьця прыносіць Табе дары справядлівасьці і складаць ахвяры на сьвятых Тваіх ахвярніках. Ласкаю, міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 11. Божа, Божа наш, які стварыў разумныя і духоўныя сілы сваёю воляю! Просім Цябе і Табе молімся: прымі гэтыя пасільныя ўсхваленьні, якія ахвяруем разам з усімі стварэньнямі Тваімі, і дай нам узамен багацьце ласкі Тваёй. Бо перад Табою пакланяецца і схіляе калены ўсякае стварэньне на небе, зямлі і пад зямлёю, і ўсё, што жыве і дыхае, славіць Тваю недасяжную веліч. Бо Ты адзіны праўдзівы і шматміласэрны Бог, і Цябе хваляць усе сілы нябесныя, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 12. Хвалім, славім у песьнях, бласлаўляем Цябе, і дзякуем Табе, Божа айцоў нашых, што Ты даў мінуць начной цемры і паказаў нам зноў сьвятло дня. Молім Тваю дабрыню: будзь спагадлівы да нас, грэшных, і ў Тваёй вялікай добрасардэчнасьці прымі малітву нашую, бо мы прыбягаем да Цябе, міласэрнага і магутнага Бога. Ты, што даў зазьзяць у сэрцах нашых праўдзіваму сонцу Тваёй справядлівасьці, прасьвятлі наш розум і захавай нашыя пачуцьці, каб мы, як належыць людзям дня, ішлі шляхам запаветаў Тваіх і дайшлі да жыцьця вечнага, і былі годнымі радасьці ўдзелу ў Тваім недаступным сьвятле. Бо Ты – крыніца жыцьця, і Цябе хваляць усе сілы нябесныя, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Вярнуцца назад |