Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159
Галоўная > Ютрань > Песьні Сьвятога Пісаньня
Песьні Сьвятога Пісаньня11 чэрвеня 2010. |
Песьня першая (Выхад 15:1-19). Па патапленьні фараона сьпяваў Майсей: Прысьпеў: Сьпявайма Госпаду, бо Ён уславіўся. Каня і вершніка Ён скінуў у мора. Памочнік і апякун мой стаўся маім збаўленьнем. Ён – Бог мой, і я ўслаўлю Яго; Бог айца майго – і буду ўзьвялічваць Яго. Госпад магутны ў вайне, Госпад – імя Яго. Калясьніцы фараона і сілу яго ўкінуу у мора. Іхніх выбраных начальнікаў патапіў у Чырвоным моры. Безданьню пакрыў іх: быццам камень, паляцелі ў глыбіню. Правая рука Твая, Госпадзе, уславілася сілаю. Правая рука Твая, Госпадзе, скрышыла ворагаў, і веліччу славы Тваёй Ты сьцер праціўнікаў. Паказаў Ты гнеў твой і сьцёр іх, быццам салому. Ад подыху гневу Твайго воды расступіліся. Воды сталі, быццам сьцены, хвалі сярод мора згусьцелі. Сказаў вораг: Паганюся за імі, даганю, падзялю здабычу, насычу душу маю, выну меч мой, панаваць будзе рука мая. Ты паслаў духа Твайго, і мора пакрыла іх; патанулі, быццам волава, у вадзе глыбокай. Хто сярод багоў падобны да Цябе, Госпадзе; хто падобны да Цябе ў зьзяньні сьвятасьці Тваёй? Ты магутны ва ўчынках Тваіх, Ты творыш цуды. Ты працягнуў правую руку Тваю, і зямля паглынула іх. Ласкаю Тваёю Ты правёў людзей Тваіх і выратаваў іх. I прывёў іх сілаю Тваёю да жыльля сьвятога Твайго. Пачулі аб гэтым народы і задрыжалі, жах агарнуў жыхароў Філістыніі. Спалохаліся тады князі эдомскія і князі маабіцкія, жах напаў на іх: хананейцы ўсе паніклі духам. Хай страх і трывога нападуць на іх, перад веліччу сілы Тваёй хай акамянеюць. Дакуль пяройдзе народ тбой, Госпадзе, дакуль пяройдзе народ твой, які Ты прыдбаў. Увёўшы, пасяліў Ты іх на гары валадарства Твайго, у жыльлі Тваім, якое Ты стварыў, у сьвятыні, якую прыгатавалі рукі Твае, Госпадзе. Госпад пануе вечна і на век вякоў. Калі ўвайшла коньніца фараона з калясьніцамі і коньнікамі ў мора, паслаў на іх Госпад ваду марскую. Сыны ж Ізраіля прайшлі па сушы сярод мора.
Песьня другая (2 Зак. 32:1-43). Прысьпеў: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе. Слухай, неба, што я кажу; уважай, зямля на словы вуснаў маіх. Навука мая хай цячэ, як дождж, хай падае маё слова, як раса, як імжа на траву, як кроплі дабротныя на зямлю. Бо буду клікаць імя Госпада: адайце хвалу Богу нашаму! Ён – скала, творы Яго дасканалыя, усе шляхі Яго праведныя. Бог верны, няма няпраўды ў ім, Ён справядлівы і праведны. Тыя, хто не Ягоныя дзеці, – пакаленьне выроднае, заблуднае і неправеднае, – зграшылі супраць Яго. Так ты хочаш адплаціць Госпаду, народзе неразумны і буйны? Ці ж ня Ён – твой Айцец, твой Творца? Ён цябе стварыў і ўмацаваў. Прыгадай дні мінулыя, разважай пра гады былых пакаленьняў, спытай бацьку, каб расказаў табе; і старэйшых, каб табе патлумачылі. Калі Усявышні дзяліў народы, разьдзяляў сыноў людзкіх, тады Ён вызначыў людзям межы паводле ліку сыноў Божых. Бо люд Ягоны – твор Госпада. Якуб – Ягоны набытак. На пустым месцы знайшоў яго, у пустыні сьпякотнай і бязводнай. Ахоўваў яго, вучыў і сьцярог як зрэнкі вока. Як арол, што вабіць з гнязда маладых, лятае над імі, крылы распасьцірае і бярэ на іх маладых, на крылах сваіх нясе іх – Так і Госпад вёў яго (свой народ), ня было з Ім чужога бога. Вывеў яго на вышыні, даў насыціцца пладамі палёў – смактаць мёд з каменьня, аліву з цьвёрдае скалы, – Маслам кароўім, малаком авечым разам з тлушчам баранім, казламі, цялятамі з Басану і найчысьцейшай пшаніцаю. Ты піў кроў вінаградную – моцнае віно. Якуб наеўся ўдосталь, патаўсьцеў улюбёнец і пачаў брыкацца; Бога, Творцу свайго, пакінуў, пагардзіў скалою збаўленьня свайго, Дражніў Яго чужымі багамі і гнявіў брыдотамі. Ахвяры складаў ня Богу, а ідалам – багом, якіх ня ведаў і якім не пакланяліся нашыя айцы. Не памятаеш Скалы, што нарадзіла цябе, забыўся на Бога, Творцу твайго. Убачыў Госпад і разгневаўся, што Яго зьняважылі Ягоныя сыны і дочкі. I сказаў: Закрыю Твар Мой перад імі, хай пабачаць свой канец, Бо яны – народ нясталы, сыны няверныя. Угнявілі Мяне тым, што ня ёсьць Богам, ідаламі сваімі наклікалі гнеў Мой; дык і Я ўгняўлю іх тымі, хто ня ёсьць народам, няверным народам Я выклічу іхні гнеў. Бо агонь Майго гневу запалаў; гарыць аж да падзем'я – бездані; ён паглынае зямлю з яе пладамі, паліць падножжы гор. Нагрувашчу на іх няшчасьці, пушчу мае стрэлы на іх. Яны будуць гінуць ад голаду, гарачка і пошасьць лютая зьнішчаць іх. Пашчы зьвяроў пашлю на іх і атруту гадзюкаў. Вонках меч будзе іх нішчыць, жах унутры – юнака і дзяўчыну, немаўля і сівога дзеда. Я б сказаў: Вынішчу іх, выгублю іхнюю памяць сярод людзей. Калі б не баяўся глуму ворага, каб тыя, што перасьледуюць іх, пабачыўшы, не сказалі: не Госпад, а рука наша магутная ўчыніла гэта. Гэта ж народ бязглузды, няма ў яго розуму. Калі б былі разумныя, дык зразумелі б, які ім будзе канец. Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а два супраціўляцца дзесяці тысячам, калі б іхняя Скала не прадала іх, калі б Госпад іх не пакінуў? Дый скала іхняя не такая як наша Скала: сьведкамі гэтаму нашыя ворагі. Вінаград іхні – вінаград Садомскі, ён з палёў Гаморскіх; гронкі ягоныя – атрута, ягады іх поўныя горычы; Віно іхняе – яд гадзюкі, згубная атрута зьмяіная. Ці ж гэта не схаванае ў Мяне, не пад пячацьцю ў Мяне ў скарбніцы, на дзень помсты і адплаты, калі нага іх пахісьнецца? Бо дзень гібелі іх ужо блізкі, няшчасьце неўзабаве іх напаткае. Бо Госпад абароніць свой народ, зьлітуецца над слугамі сваімі, калі ўбачыць, што рука іх аслабла, што няма больш ні нявольнікаў ні гаспадароў. I скажа: Дзе ж вашыя багі, вашая скала, на якую спадзяваліся? Дзе тыя, што елі тлушч іхніх ахвяраў, што віно прынашэньняў іхніх пілі? Хай устануць і памогуць вам, хай будуць вашымі абаронцамі! Цяпер бачыце, што Я ёсьць, Я адзін, апроч Мяне няма іншага бога. Я ўмярцьвляю і ажыўляю, раню і ацаляю, ніхто не пазьбегне рукі Маёй. Уздымаю руку да неба і кажу: Я жыву вечна. Я навастру бліскучы меч, вазьму ў руку справядлівасьць, паімчуся на маіх ворагаў і адплачу маім ненавісьнікам. Напаю крывёю стрэлы мае, а меч накармлю мясам, крывёю забітых і палоненых, галовамі начальнікаў варожых. Слаўце, нябёсы, Госпада; пакланяйцеся Яму, сыны Божыя; бо Ён адпомсьціць за кроў слугаў сваіх; і адплату дасьць іхнім прыгнятальнікам, адплаціць тым, што ненавідзяць Яго, і ачысьціць зямлю народу свайго.
Песьня трэцяя (1 Цар. 2:1-10) Узрадавалася сэрца маё ў Госпадзе, і рог мой узьнёсься да Бога. Вусны мае выхваляюцца перад маімі ворагамі, бо магу цешыцца з дапамогі Тваёй. Ніхто не сьвяты як Госпад, няма нікога апроч Цябе, ніхто не абаронца як Бог наш. Не памнажайце гордых словаў; хай зухваласьць не выходзіць з вуснаў вашых, бо Бог – Госпад, Які ўсё ведае, Ён бачыць вашыя ўчынкі. Лукі магутных ломяцца, слабыя апярэзваюцца сілаю; Сытыя ідуць у наймы за хлеб, а згаладалыя адпачываюць. Няплодная родзіць сем дзяцей, а шматдзетная вяне. Госпад умярцьвляе і ажыўляе, Ён зводзіць да пекла і ўздымае. Госпад робіць убогім і багатым, прыніжае і ўзвышае; З пылу падымае ўбогагага, з бярлогу ўзносіць жабрака, каб пасадзіць яго з князямі і даць у спадчыну пасад славы. Бо Госпаду належаць асновы зямлі, на якіх Ён сьвет паставіў. Ён ахоўвае крокі пабожных. Бязбожныя ж у цемры загінуць, бо ня сілаю перамагае чалавек. Праціўнікі Госпада будуць разьбітыя: Усявышні загрыміць супраць іх на небе. Госпад будзе судзіць канцы зямлі, Ён дае моц каралю, падносіць рог памазаньніка свайго.
Песьня чацьвёртая (Авак. 3:2-19) Госпадзе, я пачуў голас Твой! Госпадзе, я ўбачыў Тваё тварэньне і спалохаўся. Калі час прыйдзе, хай яно ажыве; калі прыйдзе час, дай нам яго пазнаць! У гневе Тваім згадай пра Тваю міласэрнасьць. Бог ад Тыману прыходзіць, Госпад – з гары Паран. Веліч Яго пакрывае нябёсы, зямля поўная славы Ягонай. Зьзяньне славы Яго, быццам сьветласьць дня; промні з рук Ягоных бліскаюць: сіла Яго схаваная ў іх. Пошасьць ідзе перад Ягоным абліччам, а ўсьлед за Ім сьмяротная гарачка. Устае Ён, і зямля трасецца, дрыжаць народы ад Ягонага погляду; старыя горы развальваюцца, сівыя ўзгоркі хіляцца: сьцежкі Яго спракавечныя. Я бачыў, як палаткі Куша спахмурнелі, намёты Мадыянітаў захісталіся. Ці ж супраць рэкаў гнеў Твой скіраваны, Госпадзе, ці ж супраць мора Тваё абурэньне, што сядаеш вярхом на коняў Тваіх, на Твае пераможныя калясьніцы? Ты вымаеш лук Твой, нацягваеш, калчан Твой поўны стрэлаў; Ты разрываеш зямлю рэкамі. Горы, пабачыўшы Цябе, затрэсьліся; навала водная праходзіць, бездань голасна стогне, узьнімае рукі свае ўгору. Сонца і месяц памерклі ад бляску стрэлаў Тваіх і маланкавага зьзяньня Твайго кап'я. Ты ў гневе ідзеш па зямлі і ў абурэньні топчаш народы. Ты выйшаў ратаваць Твой народ, збавіць памазаньніка Твайго. Ты разбурыў дом бязбожнага, адкрыў яго асновы аж да голай скалы. Ты прашыў кап'ём галовы вояў ягоных, што, быццам бура, кінуліся, каб нас загубіць, каб радасна пажэрці бедака ў сховішчы. Ягоных коней Ты кінуў у мора – у бездань вод бурлівых. Я пачуў гэта, і нутро маё затрэслася; на вестку пра гэта вусны мае задрыжалі, Боль працінае мае косьці, ногі мае пада мною хістаюцца. Аднак спакойна чакаю дня няшчасьця, якое мае ўпасьці на народ, які на нас нападае. I хоць смакоўніца больш не цьвіце, і вінаграднік ня дае свайго ўраджаю, хоць зьвяў плод дрэва аліўнага, ніва не радзіла больш хлеба, хоць статкі авец змарнелі і валоў ня стала ў хлявох, – Я ўсё адно буду цешыцца ў Госпадзе, і радавацца ў Богу, маім Збавіцелю. Госпад, Бог мой, сіла мая, дасьць мне ногі аленя і ўзьвядзе мяне на вышыню.
Песьня пятая (Ісая 26:9-19) Душа мая ўночы прагне Цябе, мой дух шукае Цябе пільна, бо калі прысуды Твае зыходзяць на зямлю, усе жыхары сьвету вучацца справядлівасьці. Калі аказаць міласьць грэшніку, той не навучыцца праведнасьці; у краіне праведных ён чыніць крыўду і не зважае на веліч Госпада. Рука Твая, Госпадзе, паднятая, але яны ня бачаць яе, Няхай пабачаць, на сорам свой, Твой зайздросны клопат аб людзях Тваіх; а іх хай спаліць агонь, прыгатаваны для ворагаў Тваіх. Госпадзе,Ты нам супакой даеш, бо ўсе нашыя ўчынкі – Твая справа. Госпадзе Божа наш! Іншыя ўладары – ня Ты, – апанавалі нас, але мы Цябе аднаго, імя Тваё славім. Мёртвыя больш не ажывуць, цені ня ўстануць, бо Ты іх асудзіў на загубу, іхнюю памяць Ты зьнішчыў зусім. Ты памножыў народ, Госпадзе, памножыў народ, уславіў яго, пашырыў межы краіны! Госпадзе, у прыгоне мы шукалі Цябе, ціха маліліся, калі Ты нас караў. Быццам цяжарная, калі прыходзіць час радзіць ёй, б'ецца, крычыць у болях радзільных – так мы былі перад Табою. Мы зачалі, былі ў болях, але нічога збавеннага не нарадзілі, і не дадалася жыхароў на сьвеце. Ажывуць Твае памёрлыя, устануць трупы, прачнуцца і ўсклікнуць у радасьці тыя, што спачываюць у пыле. Бо раса Твая – раса сьветласьці, а зямля аддасьць цені памёрлых.
Песьня шостая (Ёна 2: 1-7) У бядзе маёй я клікаў Госпада, і Ён адгукнуўся мне; З нутра апраметнай гукаў я, і Ты пачуў голас мой. Ты ўкінуў мяне ў бездань, у сэрца мора, і воды атачылі мяне. Усе воды вялікія і хвалі Твае прайшлі мада мною. I я сказаў: Адкінуты я ад вачэй Тваіх! А ўсё ж я зноў убачу сьвятыню Тваю. Воды пакрылі мяне, бездань паглынула мяне, водныя травы спавілі галаву маю. Я зышоў да асноваў гораў, засовы зямныя засталіся назаўжды за мною, Але Ты, Госпадзе, вывядзеш душу маю з апраметнай. Калі душа мая занемагла ўва мне, я згадаў Госпада, і малітва мая дайшла да Цябе, да месца сьвятога Твайго. Памыляюцца тыя, што пакланяюцца марнасьцям, адхіляюцца ад ласкі Тваёй. Я ж з голаснай падзякай прынясу ахвяру Табе, выканаю абяцанае, бо збаўленьне ў Госпада. Песьня сёмая (Дан 3:26-56) Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Твае ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Ты праведны ва ўсім, што ўчыніў з намі, і ўсе дзеі Твае праўдзівыя, усе шляхі Твае правыя, і прысуды Твае справядлівыя. Прысуды Твае слушныя ва ўсім, што Ты наслаў на нас і на сьвятое места айцоў нашых, Ерусалім. Прысуд Твой справядлівы з прычыны грахоў нашых. Бо мы зграшылі і ўчынілі беззаконьне, адступіўшыся ад Цябе; Мы зграшылі ва ўсім, ня слухаліся запаветаў Тваіх, Не захоўвалі іх і не рабілі таго, што Ты загадаў нам дзеля нашага дабра. Усё, што ты наслаў на нас і ўсё, што Ты ўчыніў з намі, зрабіў Ты згодна са справядлівым прысудам Тваім. Ты аддаў нас у рукі ворагаў беззаконных, адступнікаў мярзотных і несправядлівага і найгоршага на ўсёй зямлі цара. I цяпер нам няма як раскрыць вусны: ганьба і сорам пакрылі слугаў Тваіх і тых, што Цябе шануюць. Не адкідай нас да канца дзеля імя Твайго і не разрывай запавету Твайго; Не адбірай ад нас міласэрнасьці Тваёй дзеля Абрагама, любага Твайго, і Ісаака, слугі Твайго, і Ізраіля, сьвятога Твайго, якім Ты абяцаў, што памножыш нашчадкаў іх, як зоркі на небе і як пясок на беразе мора. Госпадзе, мы сталі меншыя за ўсе народы, прыніжаныя на ўсёй зямлі праз нашыя грахі. Няма ў нас ні князя, ні правадыра, ні прарока, ні цэлапаленьняў, ні ахвяраў, ні прынашэньняў, ні кадзіла, ні месца, куды прыносіць першыя плады – каб здабыць Тваю міласэрнасьць. Але прымі нас дзеля сэрца скрушлівага і ўпакоранага духа! Як цэлапаленьні бараноў, як тлустыя ягняты, Так хай перад Табою будзе сёньня нашая ахвяра, якую хочам прынесьці Табе, бо тыя, што спадзяюцца на Цябе, не пасаромеюцца. I цяпер усім сэрцам ідзем сьледам за Табою; мы баімся Цябе і шукаем аблічча Твайго – дык не пасаром нас! Але ўчыні з намі згодна з Тваёй спагадай і вялікай міласэрнасьцю. Выратуй нас сілаю Тваёю і дай хвалу імю Твайму, Госпадзе! Хай пасаромеюцца ўсе тыя, што чыняць зло слугам Тваім; хай будуць пасаромленыя і пазбаўленыя ўсёй сваёй магутнасьці, хай сіла іхняя згіне. Няхай знаюць, што Ты, Госпадзе – Бог адзіны, слаўны на ўвесь сусьвет! Царскія слугі, што ўкінулі іх, не пераставалі распальваць печ нафтаю, смалою, шмацьцём і хворастам, і полымя ўздымалася над печчу на сорак дзевяць лакцёў, і выбухала, і паліла тых хальдэяў, што былі блізка ля печы. А анёл Гасподні зышоў у печ да Азарыі і яго таварышаў, сьцішыў агонь ў печы, і сталася ў нутры печы так, быццам там веяў лагодны росны вецер; і агонь зусім не дакрануўся да іх, не спрычыніў ім болю і ніякай шкоды. Тады тыя трое пачалі ў адзін голас хваліць, славіць і бласлаўляць Бога, кажучы: Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі; Блаславёнае імя хвалы Тваей, слаўнае і ўсяхвальнае на ўсе вякі. Блаславёны Ты ў сьвятыні хвалы Тваёй, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі. Блаславены Ты, што глядзіш у бездань, седзячы на хэрувімах, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі. Блаславёны Ты на пасадзе славы валадарства Твайго, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі. Блаславёны Ты на цьвярдыні нябеснай, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі.
Песьня восьмая (Дан 3:57-72) Госпаду сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, ўсе творы Гасподнія, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, анёлы Гасподнія і нябёсы, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, усе воды, што над нябёсамі, усе сілы Гасподнія, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, сонца і месяц, зоркі нябесныя, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, дождж і раса, і ўсе вятры, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, агонь і жар, холад і сьпёка, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, росы і шэрань, ночы і дні, сьпявайце і ўзьвялічвайцеЯго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, сьвятло і цемра, лёд і мароз, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, крыгі і сьцягі, маланкі і хмары, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Хай зямля бласлаўляе Госпала, горы і ўзгоркі, і ўсё, што расьце назямлі, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, крыніцы, моры і рэкі, кіты і ўсё, што рухаецца ў вадзе, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, усе птушкі нябесныя, зьвяры і жывёлы, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, сыны чалавечыя; хай Ізраіль бласлаўляе Госпада, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, сьвятары Гасподнія і ўсе слугі Гасподнія, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, духі і душы праведных, чыстыя і пакорлівыя сэрцам, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, Ананьня, Азарыя і Місаіл, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, апосталы, прарокі і мучанікі Гасподнія, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Бласлаўляем Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, Госпада. Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Хвалім, бласлаўляем і пакланяемся Госпаду, сьпяваем і ўзьвялічваем Яго на ўсе вякі.
Песьня 9 (Лк 1:46–55). Душа мая абвяшчае веліч Госпада, і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьлівай называць мяне будуць усе пакаленьні. Бо вялікія справы ўчыніў мне Ўсемагутны: Сьвятое імя Яго і міласэрнасьць Яго з пакаленьня ў пакаленьне на тых, што шануюць Яго. Ен паказаў моц рукі сваёй, разагнаў гордых у задумах сэрцаў іх. Уладароў скінуў з пасаду і ўзнёс пакорных, галодных напоўніў дабротамі, а багатых адправіў з нічым. Ён заступіўся за Ізраіля, слугу свайго, памятны міласэрнасьцяў сваіх, як абяцаў Абрагаму і нашчадкам яго давеку. (Лк 1:68–79). Блаславёны Госпад Бог Ізраіля, бо наведаў народ свой і вызваліў яго. I узьняў рог збаўленьня нам у доме Давіда, слугі свайго: I прадказаў здавён даўна, вуснамі сьвятых прарокаў сваіх, Што выбавіць ад ворагаў і ад рук усіх, што ненавідзяць нас; Што пакажа міласэрнасьць сваю айцом нашым і ўспомніць Саюз свой сьвяты, Клятву, якую даў айцу нашаму Абрагаму, і дасьць нам, вырваным з рук ворагаў, Без страху служыць ў набожнасьці і справядлівасьці праз усе дні нашыя. А ты, дзіця, будзеш звацца прарокам Найвышэйшага: пойдзеш перад Госпадам пад рыхтаваць шлях Яму; Людзям Яго дасі пазнаць збаўленьне праз адпушчэньне грахоў, дзякуючы добрасардэчнасьці Бога нашага. Праз яе Сонца з вышыні наведае нас, каб зазьзяць тым, што ў змроку і ценю сьмерці прабываюць, Каб скіраваць крокі нашыя да збаўленьня. Вярнуцца назад |