Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159 Версія для друку > Велікапосныя траечныя песьні і сьвяцільнікі васьмі тонаў
Галоўная > Ютрань > Велікапосныя траечныя песьні і сьвяцільнікі васьмі тонаў

Велікапосныя траечныя песьні і сьвяцільнікі васьмі тонаў


11 чэрвеня 2010.

Траечныя песьні сьпяваюцца замест трапароў у буднія дні Вялікага Посту на тон тыдня.

У месцы адзначаным квадратнымі дужкамі дадаецца:

 

У панядзелак: заступніцтвам сілаў анельскіх

У аўторак: малітвамі прадвесьніка Твайго

У сераду і пятніцу: сілаю пачэснага Крыжа Твайго

У чацьвер: малітвамі сьвятых апосталаў Тваіх і сьвятога Міколы

 

Траечныя песьні

Тон 1. Праз цялесныя вобразы бесьцялесных сілаў узьнясемся да разуменьня духоўных існасьцяў. Пяючы тройчы сьвятую песьню адзінаму ў трох асобах Богу, у спадзяваньні прасьвятленьня, разам з хэрувімамі ўсклікнем: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, [...] зьмілуйся над намі”.

Слава...: Разам з хэрувімамі і ўсімі нябеснымі сіламі ахвяруем тройчы сьвятую песьню Таму, хто жыве на вышынях: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі сьвятых Тваіх зьмілуйся над намі”.

Цяпер...: Устаўшы ад сну, прыбягаем да Цябе, Добры, і анельскую песьню пяём Табе, Моцны: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы зьмілуйся над намі”.

 

Тон 2. Пераймаючы тут на зямлі нябесныя сілы, пераможную песьню пяём Табе. Добры: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, [...] зьмілуйся над намі”.

Слава...: Няствораны Творча ўсяго, адчыні нашыя вусны, каб нам пяяць хвалу Тваю: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі сьвятых Тваіх зьмілуйся над намі”.

Цяпер...: З пасьцелі і ад сну Ты ўзьняў мяне, Госпадзе. Прасьвятлі мой розум і сэрца, і адчыні мае вусны, каб мне пяяць: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы зьмілуйся над намі”.

 

Тон 3. Тройца адзінасутная і неразьдзельная, адзіны ў трох асобах Божа спрадвечны, Табе як Богу анельскую песьню пяём: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, [...] зьмілуйся над намі”.

Слава...: Айца беспачатнага, спрадвечнага Сына, і ўсюдыпрысутнага Духа, адзінае Боства, разам з хэрувімамі асьмельваемся славіць: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі сьвятых Тваіх зьмілуйся над намі”.

Цяпер...: Судзьдзя нечакана прыйдзе, і ўчынкі кожнага стануцца яўнымі; дзеля гэтага ў страху клічам апоўначы: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы зьмілуйся над намі”.

 

Тон 4. Нябесных Тваіх слугаў песьню мы, сьмяротныя, асьмельваемся пяяць: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, [...] зьмілуйся над намі”.

Слава...: Падобна анельскім хорам на нябёсах, мы, людзі на зямлі, стаім у страху і пераможную песьню пяем Табе, Добры: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі сьвятых Тваіх зьмілуйся над намі”.

Цяпер...: Спрадвечнага Твайго Айца і Цябе, Хрысьце Божа, і ўсесьвятога Твайго Духа разам з хэрувімамі асьмельваемся славіць: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы зьмілуйся над намі”.

 

Тон 5. Вось час хвалы і малітвы, дык горача ўсклікнем адзінаму Богу: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, [...] зьмілуйся над намі”.

Слава...: Будзем пераймаць Тваіх, Тройца безпачатная, духоўных вояў, і нягоднымі вуснамі ўсклікнем: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі сьвятых Тваіх зьмілуйся над намі”.

Цяпер...: Ты, Хрысьце Божа, што пасяліўся ў дзявочым улоньні, не пакінуўшы ўлоньня Айцоўскага, прымі нас, якія разам з анёламі клічам: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы зьмілуйся над намі”.

 

Тон 6. Хэрувімы і сэрафімы стаяць з трапятаньнем перад Табою і нязмоўкнымі галасамі пяюць Табе тройчы сьвятую песьню; з імі і мы, грэшныя, клічам: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, [...] зьмілуйся над намі”.

Слава...: Бесьцялеснымі вуснамі і несьціханымі славаслоўямі, шасьцікрылыя сэрафімы пяюць Табе, Божа наш, тройчы сьвятую песьню; і мы на зямлі нягоднымі вуснамі хвалу Табе аддаем і клічам: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі сьвятых Тваіх зьмілуйся над намі”.

Цяпер...: Усхвалім трыадзінае Боства, зьяднанае, але нязьлітнае, і запяём анельскую песьню: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы зьмілуйся над намі”.

 

Тон 7. Ты, чыю бязьмежную сілу хваляць хэрувімы, і чыёй Боскай славе пакланяюцца анёлы, прымі і з нашых нягодных вуснаў хвалу: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, [...] зьмілуйся над намі”.

Слава...: Адкінь, душа мая, сон і ляноту, пакажы ахвоту аддаць хвалу Судзьдзі і са страхам усклікні: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі сьвятых Тваіх зьмілуйся над намі”.

Цяпер...: Недасяжнаму Боству ў Тройцы адзінаму сэрафімскую песьню хвалы пяём і са страхам усклікаем: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы зьмілуйся над намі”.

 

Тон 8. З узьнятымі да неба сэрцамі будзем пераймаць анёлаў хоры і са страхам прыпадзем да Судзьдзі, пяючы пераможную песьню хвалы: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, [...] зьмілуйся над намі”.

Слава...: Хэрувімы лятаюць, ня сьмеючы зірнуць на Цябе, і пяюць тройчы сьвятую песьню хвальі; з імі і мы ўсклікаем: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі сьвятых Тваіх зьмілуйся над намі”.

Цяпер...: Пад мноствам правінаў нашых згінаемся і ня сьмеем глянуць на вышыню нябесную; але, схіліўшы душу і цела, з анёламі пяём Табе: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы, зьмілуйся над намі”.

 

Сьвяцільнікі

Тон 1. Госпадзе, што загадаў сьвятлу зазьзяць, ачысьці душу маю [...] і збаў мяне.

Тон 2. Вечнае сьвятло Тваё зышлі, Хрысьце Божа, і прасьвятлі тайныя вочы сэрца майго [...] і збаў мяне.

Тон 3. Зышлі сьвятло Тваё Хрысьце, і прасьвятлі сэрца маё [...] і збаў мяне.

Тон 4. Ты, што сьвет прасьвятліў сьвятлом Тваім, душу маю, што прабывае ў цемры, ад усякага граху ачысьці [...] і збаў мяне.

Тон 5. Сьветладаўча Госпадзе, зышлі сьвятло Тваё і прасьвятлі душу маю [...] і збаў мяне.

Тон 6. [...], Госпадзе, зышлі душам нашым Тваё вечнае сьвятло.

Тон 7. Узьнімі мяне, Госпадзе, каб я мог славіць Цябе, і навучы мяне чыніць Волю Тваю, Сьвяты, [...] і збаў мяне.

Тон 8. Ты, Хрысьце, – Сьвятло: прасьвятлі мяне сабою [...] і збаў мяне.


Вярнуцца назад