Галоўная > Новы Запавет (Чарн. 1999) > Другі ліст Карынцянам сьвятога апостала Паўлы

Другі ліст Карынцянам сьвятога апостала Паўлы


16 сакавіка 2011.
Другі ліст Карынцянам сьвятога апостала Паўлы

 

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага
Паводле: Новы Запавет, 1999
Рэдакцыя: Антоні Бокун
Электронная версія:  Антоні Бокун

1

Прывітаньне

1. Павал, з волі Божай пакліканы на апостала Езуса Хрыста, і Цімафей, брат, царкве Божай ў Карыньце з усімі сьвятымі, што ў-ва ўсёй Ахаі:

2. ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыста.

Падзяка Богу

3. Багаслаўлены Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрдзя і Бог усякае пацехі,

4. які пацяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі пацяшаць тых, каторыя ў якой-колечы бядзе, пацехаю, якую атрымоўваем ад Бога.

5. Бо як у нас памнажаюцца цярпеньні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваюцца пацяшэньні нашыя.

6. І калі мы пераносім гора, дык для пацяшэньня і для збаўленьня вашага; а калі мы цешымся, дык для вашага пацяшэньня, якое робіць, што і вы стойка пераносіце гэтыя самыя мучэньні, каторыя і мы перажываем.

7. І што да вас надзея нашая вялікая, бо ведаем, што вы ёсьць як супольнікамі мукаў, так і (супольнікамі) пацяшэньня.

8. Ня хочам, браты, каб вы ня ведалі, якое гора сталася нам у Азіі, як нас страшна прыціснула па-над сілы, што не хацелася жыць.

9. Але мы самі ў сабе адчувалі прысуд сьмерці, каб не пакладацца на саміх сябе, але на Бога, каторы ўваскрашае памёршых.

10. Ён і выбавіў нас ад раптоўнае небясьпекі сьмерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць ,

11. за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за дар, атрыманы дзеля (просьбаў) многіх, многія падзяку складалі за нас.

Зьмена праграмы падарожжа Паўла

12. Бо пахвала для нас - гэта сьведчаньне сумленьня нашага, што ў прастаце сэрца ды ў шчырасьці перад Богам, і не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі мы на сьвеце, асабліва ў вас.

13. Ня пішам бо вам нічога, як толькі тое, што вы - чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце нас разумець.

14. Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы будзем пахвалою вашаю, так як вы - нашаю ў дзень Госпада нашага Езуса.

15. І з такой пэўнасьцю я ўжо раней рыхтаваўся прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку,

16. і ад вас направіцца ў Македонію, а з Македоніі зноў наведаць вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.

17. Калі я ўсё гэта плянаваў, ці рабіў гэта лёгкадумна? Ці рашаючыся на гэта, вырашаў па цялеснаму, каб было ў мяне адначасна: "так, так" і "не, не"?

18. Верны Бог, што слова нашае да вас не было: "так" і "не"!

19. Бо Сын Божы Езус Хрыстос, пра якога мы вам вясьцілі, - я, і Сільван, і Цімафей, - ня быў: "так" і "не", але ў Ім было "так".

20. Колькі бо абяцаньняў Божых, усе яны ў Ім "так". Таму таксама праз Яго кажацца "Амэн" Богу на хвалу праз нас.

21. А Той, хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысьце, ды хто нас намасьціў, ёсьць Бог,

22. які і палажыў на нас пячатку сваю ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых.

23. Дык прызываю на сьведку Бога ў душы маёй, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт

24. не дзеля таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасьці, бо ў веры вы моцныя.

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

2

1. Я пастанавіў сабе, каб не ісьці да вас зноў у смутку,

2. бо калі я вас засмучаю, хто мяне парадуе, калі ня той, хто быў мною засмучаны?

3. І пісаў я вам пра гэта, каб, прыбыўшы, ня мець смутку ад тых, ад якіх належалася б радавацца, бо я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасьць таксама вашая (радасьць).

4. Бо з вялікім жалем і тугою сэрца ды са сьлязамі пісаў я вам не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі, якую вялікую любоў маю я да вас.

5. Калі хто стаўся прычынай смутку, то не мяне (толькі) засмуціў, але, каб лішне не сказаць, часткова і ўсіх вас.

6. Такому хопіць кары, вызначанай большасьцю,

7. так што лепш выпадае такому дараваць ды пацешыць, каб церазмерная згрызота яго не ахапіла.

8. Таму прашу вас, каб выказалі такому любоў.

9. Бо з гэтаю мэтаю я пісаў, каб вас выпрабаваць, ці ва ўсім вы паслухмяныя.

10. Каму вы дароўваеце, таму і я; бо і я, калі каму прабачыў, дык прабачыў дзеля вас ад імя Хрыста,

11. каб ня зьвёў нас шатан, бо подступы яго добра нам вядомыя.

12. Калі я прыбыў у Трааду вясьціць Эвангельле Хрыстовае, і брама была мне адкрыта ў Госпадзе,

13. дух мой ня меў супакою, бо не спаткаў Ціта, брата майго. Таму я разьвітаўся з імі і падаўся ў Македонію.

Абарона апостальскай улады

Годнасьць апостальскага пакліканьня

14. Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысьце заўсёды, ды праз нас усюды выяўляе пах пазнаньня свайго.

15. Мы вось мілы Богу пах Хрыстовы сярод тых, што дасягаюць збаўленьня, і сярод тых, што ідуць на загубу:

16. для адных - пах труючы на сьмерць, а для другіх -пах жыцятворны на жыцьцё. І хто здатны на гэта?

17. Мы бо не фальшуем Слова Божага як многія, але вясьцім шчырым сэрцам, як ад Бога на віду Бога ў Хрысьце.

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

3

1. Ці пачнём зноў знаёміцца? Або ці будзем патрабаваць, як некаторыя, паручаючых лістоў да вас або ад вас?

2. Вы ёсьць наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які ведаюць і чытаюць усе людзі.

3. Вы сабою паказваеце праз паслугу нашу, што вы - ліст Хрыстовы, напісаны не атрамантам, але Духам Бога жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрцаў.

4. Такую пэўнасьць маем у Богу праз Хрыста.

5. Не ўважаем, што мы аб сабе нешта здольныя прыдумаць, як ад сябе, але гэта наша здольнасьць ад Бога

6. Які і ўчыніў нас здольнымі быць слугамі Новага Запавету, ня літары, але Духа, бо літара забівае, а Дух ажыўляе.

7. Калі служэньне сьмерці, высечанае літарамі на каменьні, было так слаўным, што сыны Ізраэля не маглі глядзець на твар Майсея дзеля хвалы твару ягонага, якая прамінае,

8. дык ці ня многа больш павінна быць слаўным служэньне Духа?

9. Калі бо служэньне асуджэньня ёсьць слава, дык тым болей багатым славаю будзе служэньне справядлівасьці.

10. Гэтак тое, што часткова было слаўным, ня мае больш славы па прычыне перавышаючай яе славы.

11. Калі бо тое прамінаючае было слаўным, то тым больш будзе слаўным тое, што трывае.

12. Дык вось, маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікім даверам,

13. а не як Майсей, каторы закрываў сабе твар, каб сыны Ізраэля не глядзелі на прамінаючую яснасьць.

14. Але атупелі іх розумы, бо аж да цяперашняга дня, калі чытаюць Стары Запавет, гэтая заслона застаецца нязьнятай, бо толькі ў Хрысьце яна адсланяецца.

15. Дык па сёньняшні дзень, калі чытаюць Майсея, заслона ляжыць на іхніх сэрцах.

16. А калі хто навяртаецца да Госпада, заслона ападае.

17. Госпад ёсьць Дух, а дзе Дух Госпадаў, там свабода.

18. Мы ж усе з адкрытым воблікам аглядаем хвалу Госпадаву, быццам у люстры, і перамяняемся ў Ягоны вобраз з яснасьці ў яснасьць за справаю Госпадавага Духа.

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

4

На службе ўсёй праўдзе

1. Дзеля таго, маючы з міласэрдзя Божага гэтае паслугаваньне, ня падаем духам.

2. Наадварот, мы стрымліваемся ад скрытых учынкаў сораму, ня кідаемся ў хітрыкі, ды не фальшуем Слова Божага, але адкрытым вяшчэньнем праўды прадстаўляем сябе перад Богам сумленьню кожнага чалавека.

3. Калі нашае Эвангельле закрытае, дык закрытае для тых, што ідуць на загубу,

4. няверучым, каторым баговішча гэтага сьвету засьляпіў розум, каб ня зьзяла для іх сьвятло Эвангельля славы Хрыста, каторы ёсьць вобразам нябачнага Бога.

5. Бо мы не саміх сябе абвяшчаем, але Хрыста Езуса, Госпада; а мы - вашыя слугі праз Езуса.

6. Бо Бог, каторы загадаў: "Хай з цемры засьвеціць сьвятло", - сам асьвяціў нашыя сэрцы, каб асьвяціць нас пазнаньнем хвалы Божай у вобліку Езуса Хрыста.

Беды і надзеі апостальскага жыцьця

7. Але мы гэты скарб носім у гліняных пасудзінах, каб было відаць, што гэтая вялізарная моц ад Бога, а не ад нас паходзіць.

8. Мы зусюль уцісканыя, але не прыдушаны; жывём у праблемах, але ня ў роспачы;

9. церпім перасьледваньні, але не пакінутыя; мы паваленыя, але ня гінем;

10. заўсёды носім у целе нашым кананьне Езуса, каб і жыцьцё Езуса выявілася ў целе нашым.

11. Бо мы, каторыя жывём, заўсёды выдаваныя на сьмерць дзеля Езуса, каб і жыцьцё Езуса выявілася ў нашым сьмяротным целе.

12. Так што сьмерць дзейнічае ў нас, а жыцьцё - у вас.

13. А маючы такі самы дух веры, аб якім напісана: "Я ўверыў, і таму прамовіў", і мы верым, і таму гаворым,

14. ведаючы, што Той, хто ўваскрасіў Госпада Езуса, таксама і нас уваскрасіць з Езусам ды паставіць разам з вамі.

15. Бо ўсё гэта дзеля вас, каб шчодрасьць ласкі тым большую выклікала ў многіх удзячнасьць на хвалу Богу.

16. Таму мы і не губляем надзеі, бо хоць наш вонкавы чалавек зьнішчаецца, то аднак той, што ўнутры, з дня на дзень аднаўляецца.

17. Бо малое цяперашняе цярпеньне рыхтуе нам невымоўную і вечную хвалу ў будучым веку.

18. Бо мы не глядзім на тое, што бачнае, але на тое, што нябачнае, бо відомыя рэчы -часовыя, а нябачныя - вечныя.

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

5

На віду апошніх справаў

1. Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, зьнішчэе, то маем ад Бога дом не рукамі зроблены, вечны ў небе.

2. Таму мы і ўздыхаем, прагнучы апрануцца ў нашае нябеснае прыстанішча,

3. калі толькі будзем адзетыя, а не без адзеньня.

4. Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя, уздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца ў новае адзеньне, каб тое, што сьмяротнае, ахоплена было жыцьцём.

5. На гэта і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.

6. Дзеля таго мы заўсёды ў добрым настроі, хоць ведаем, што пакуль жывём ў целе, мы далёкія ад Госпада.

7. Тут бо жывём вераю, а не агляданьнем.

8. Мы, аднак, жывём надзеяй ды маем добрую волю лепш пакінуць цела і стануць у прысутнасьці Госпада.

9. І таму імкнемся падабацца Яму, ці мы з Ім, ці далёка ад Яго.

10. Усе бо мы мусім стануць перад судом Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму заплату за добрыя, ці ліхія ўчынкі, дакананыя ў целе.

Апостальская дзейнасьць

11. Дык ведаючы страх Госпадаў, мы пераконваем людзей, а перад Богам усё ў нас адкрыта. Спадзяюся, што і для сумленьняў вашых мы адкрытыя.

12. Кажам вам гэта не каб зноў сябе прадставіць, але каб даць вам магчымасьць пахваліцца намі, каб маглі вы што сказаць людзям, што хваляцца абліччам, а ня тым, што ў сэрцы.

13. Бо калі мы не ў сабе, дык для Бога; а калі ў цьвярозым розуме, дык дзеля вас.

14. Бо любоў Хрыста прынукае нас, разважаючых, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.

15. І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, хто за іх памёр і ўваскрос.

16. Таму і мы ад гэтага часу ня ведаем нікога паводле цела; і калі мы Хрыста ведалі паводле цела, дык ужо цяпер ня ведаем (Яго ў такі спосаб).

17. Бо хто ў Хрысце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася усё новае.

18. Усё ж ад Бога, які пагадзіў нас з сабою праз Хрыста, і даў нам служэньне паяднаньня,

19. бо вось Бог у Хрысьце пагадзіў сьвет з сабою, не ўлічваючы ім злачанстваў іхніх, ды даручыў нам слова прымірэньня.

20. Дык мы замест Хрыста пасланыя, як бы сам Бог просіць праз нас: за Хрыста просім: Пагадзіцеся з Богам!

21. Бо Ён Таго, хто ня ведаў грэху, учыніў занас грэхам, каб мы ў Ім сталіся справядлівасьцю Божай.

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

6

1. Мы, як супрацоўнікі (Божыя), перасьцерагаем вас, каб вы не марнавалі ласкі Божай,

2. бо Ён кажа: "У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўленьня ўспамог цябе". Вось цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўленьня!

3. Не даючы нікому магчымасьці горшыцца, каб не глуміліся з служэньня (нашага),

4. мы ў-ва ўсім выяўляем сябе слугамі Бога: у вялікай цярплівасьці, у горы, у недастатках, ва ўцісках,

5. пад ударамі, у вязьніцах, у бунтах, у трудах, у недаспаньнях, у пастах,

6. у чыстасьці, у мудрасьці, у вялікадушшы, у дабраце, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,

7. у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праўды ў правай і левай руцэ,

8. у пашане і ў ганьбе, у добрай і ліхой славе; нібы ашуканцы, але праўдамоўныя,

9. быццам няведамыя, а ўсё ж добра вядомыя,быццам уміраючыя, а вось жывём, быццам караныя, але не замораныя,

10. як бы сумныя, але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога ня маюць, а ўсім валодаючыя.

Перасьцярогі і высновы

11. Вусны нашыя адкрыліся да вас, Карыньцяне, нашае сэрца расшырылася.

12. Вам ня цесна ў нас, але цесна ў вашых сэрцах.

13. Адгаджаючыся нам у той сам спосаб, як да сваіх дзяцей гавару: адкрыйцеся і вы.

14. Не запрагайцеся з няверучымі пад адно ярмо. Бо што мае супольнага справядлівасьць з несправядлівасьцю? Або якая супольнасьць сьвятла з цемраю?

15. Альбо якая згода Хрыста з Бэліярам, або якая частка веручага з няверучым?

16. Або якая лучнасьць сьвятыні Божай з ідаламі? Бо вы ёсьць сьвятыня Бога жывога, як кажа Бог: "Пасялюся ў іх і буду хадзіць сярод іх, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.

17. Таму выйдзіце з-паміж іх і адлучыцеся ад іх, - кажа Госпад, - і не дакранайцеся да нічога нячыстага, і Я вас прыйму,

18. і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, - кажа Госпад Усемагутны."

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

7

1. Дык маючы такія абяцаньні, умілаваныя, ачысьцьма сябе ад усякага бруду цела і духа, у страху Божым дасягаючы сьвятасьці.

2. Прыйміце нас! Мы нікога ня скрыўдзілі, нікога не зьвялі, нікога не падманулі.

3. Кажу гэта не каб вас асудзіць; бо казаў ужо, што вы ў нашых сэрцах, каб разам памерці і разам жыць.

4. Вялікае спадзяваньне ў мяне на вас, вялікая пахвала мне за вас. Я перапоўнены пацехаю і радасьцю ў кожным нашым уціску.

5. Бо калі мы прыбылі ў Македонію, нашае цела ня мела супакою, але зусюль нам дакучалі: звонку - напасьці, унутры - страхі.

6. Але Бог, Пацяшыцель пакорных, пацешыў нас прыбыцьцём Ціта.

7. І пацешыў ня толькі прыбыцьцём яго, але і як расказваў нам, якую пацеху адчуў у вас, аб вашых сьлёзах, аб вашай тузе, аб вашых клопатах пра мяне, з чаго радаваўся я тым болей.

8. Хоць можа я вас і засмуціў сваім лістом, але не шкадую гэтага. Калі б і шкадаваў, бачачы, што гэты ліст на нейкі час засмуціў вас,

9. аднак цяпер цешуся, не таму, што вы засмуціліся, але што засмуцілася на наварачэньне. Засмуціліся бо дзеля Бога, каб ня мелі ад нас ніякай шкоды.

10. Бо смутак дзеля Бога праз пакаяньне вядзе да збаўленьня, а смутак гэтага сьвету вядзе да сьмерці.

11. Гэта вось, што вы засмуткавалі дзеля Бога, выклікала ў вас руплівасьць, абарону, абурэньне, боязь, тугу, клопат ды адплату. Ва ўсім гэтым паказаліся вы невінаватымі ў гэтай справе.

12. Затым, калі я вам гэта напісаў, дык не дзеля таго, хто спрычыніў крыўду, і не дзеля таго, хто пацярпеў, але каб казаць вам перад Богам руплівасьць вашую.

13. Дзеля гэтага мы адчулі радасьць. А наша радасьць умацавалася тым больш радасьцю, якую спазнаў Ціт, усімі вамі падтрыманы на духу.

14. І я не асаромеўся тым, што пахваліўся вамі перад ім. Падобна як усё гаварылі мы вам праўдзіва, так і праўдзівай ёсьць наша пахвала перад Цітам.

15. І сэрца ягонае яшчэ мацней туліцца да вас, калі прыпамінае вашу паслухмянасьць ды тое, як вы прынялі яго са страхам і дрыжаньнем.

16. Дык я цешуся, што ва ўсім магу на вас пакладацца.

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

8

Аб міласьціне ўбогім з Ерузаліма

Шчодрасьць для ўбогіх

1. Паведамляем вам, браты, пра тую ласку, якую Бог даў цэрквам Македонскім,

2. як у цяжкім выпрабаваньні прыгнёту захавалі вялікую радасьць і як скрайняя беднасьць іхняя выявілася багацьцем прастаты.

3. Яны, сьведчу, па магчымасьці ды па-над магчамасьць дабраахвотна

4. дужа прасілі нас дазволіць ім супрацоўнічаць з намі ў дапамозе сьвятым.

5. І яны па-над наша спадзяваньне ахвяравалі сябе саміх найперш Госпаду, а затым нам па волі Божай.

6. Дзеля таго мы прасілі Ціта, каб як ён гэта ўжо пачаў, так і завяршыў гэтую ласку і ў вас.

7. І як вы ва ўсім былі шчодрымі, у веры, у слове, у ведах, ва ўсякай руплівасьці, у любові сваёй да нас, каб і ў гэтым былі шчодрымі.

8. Кажу гэта не як загад, але хочучы выпрабаваць на ўзор іншых руплівасьць і вашае любові.

9. Вы бо ведаеце ласку Госпада нашага Езуса Хрыста, каторы, будучы багатым, дзеля нас стаўся бедным, каб сваёю беднасьцю нас узбагаціць.

10. І я вам даю гэту параду, бо гэта карысна для вас, бо вы ў мінулым годзе пачалі ня толькі рабіць, але і хацець.

11. Давядзіце цяпер гэту справу да канца, каб, чым ахвотна хацелі падзяліцца, тое споўнілі паводле магчымасьці.

12. Калі бо ёсьць ахвота, яна выяўляецца не па тым, чаго хто ня мае, але па тым, хто што мае.

13. Бо не вымагаецца, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.

14. Хай цяпер ваша лішніца (дапоўніць) іхнюю нястачу, каб таксама іхняя лішніца дапоўніла вашую нястачу, каб так была роўнасьць,

15. як напісана: "Хто сабраў многа, ня меў лішніцы, а хто мала - ня меў нястачы".

Пасланцы Паўла

16. Дзякуй Богу, які ў сэрцы Ціта абудзіў такую руплівасьць пра вас.

17. Ён ня толькі выслухаў маю просьбу, але, будучы вельмі дбалым, дабравольна выбраўся да вас.

18. Разам з ім паслалі мы брата, каторы славіцца за абвяшчэньне Эвангельля па ўсіх цэрквах,

19. і ня толькі гэта, але ён цэрквамі прызначаны быць таварышам нашага падарожжа ў гэтай ласцы, якою мы служым на хвалу нашага Госпада адпаведна нашым намаганьням,

20. высьцерагаючыся, каб нам хто не дакараў дзеля такога мноства ахвяраў, даручаных нашаму распараджэньню.

21. Бо мы дбаем аб дабро ня толькі перад Богам, але і перад людзьмі.

22. І паслалі мы з імі брата нашага, дбайнасьць якога шмат у чым выпрабавалі, і каторы цяпер яшчэ больш стараны дзеля вялікага спадзяваньня на вас.

23. Што да Ціта, дык ён - мой таварыш і трудзіцца разам са мною дзеля вас, а браты нашыя - пасланцы цэркваў, слава Хрыста.

24. Дык пакажыце ім сваю любоў, каб мы не надарма хваліліся вамі перад цэрквамі.

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

9

1. Аб паслузе, якая робіцца для сьвятых, няма мне патрэбы пісаць вам,

2. бо ведаю пра вашу ахвоту, дзеля якой хвалюся вамі сярод Македонцаў, што Ахая прыгатавана ад мінулага году, і так ваша руплівасьць заахвоціла многіх.

3. Паслаў жа я братоў, каб у гэтым выпадку мая спахвала вамі не была пустой, але, як ужо казаў, былі вы прыгатаванымі.

4. Бо каб прыбылі са мною Македонцы, ды каб засталі вас непрыгатаванымі, засаромілі б нас - каб не сказаць і вас, - з гэтае прычыны.

5. Дык вось палічыў я патрэбным прасіць братоў, каб яны выйшлі да вас перад намі ды загадзя паклапаціліся падрыхтаваць абяцаны дар як шчодрае багаславенства, а не як вымушаны датак.

Дабраахвотнага даўцу любіць Бог

6. Бо так ёсьць: хто скупа сее, той скупа і жне, а хто шчодра сее, той шчодра і жаць будзе.

7. Таму хай кожны дае, як пастанавіла сэрца ягонае, не шкадуючы і не змушаючы сябе, бо таго, хто з радасьцю дае, любіць Бог.

8. Магутны Бог можа шчодра ўзбагаціць вас усякімі ласкамі, каб усюды і ва ўсім мелі вы дастатак, ды каб вам заставалася яшчэ на добрыя ўчынкі,

9. як напісана: "Раздаў, даў убогім, справядлівасьць ягоная будзе трываць вечна".

10. А Той, хто дае насеньне сейбіту, дасьць і хлеб да яды, ды зерне ваша размножыць, і павялічыць плён справядлівасьці вашай,

11. каб вы былі багатыя ўсім, поўныя прастаты, якая прынукае нас да дзякаваньня Богу.

12. Бо гэта нашая паслуга ня толькі дапаможа сьвятым у бядзе, але яшчэ заахвоціць іх да многіх падзякаў Богу.

13. Дык дасьведчыўшы такое служэньне, будуць яны хваліць Бога за тое, што вы паслухмяныя вызнаванаму вамі Эвангельлю Хрыста, ды за шчырую лучнасьць з імі і з усімі,

14. і ў сваіх маленьнях за вас будуць выяўляць прыхільнасьць вам дзеля шчодрай у вас ласкі Бога.

15. Хай будзе падзяка Богу за невымоўны дар Ягоны!

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

10

Абарона Паўла перад закідамі

Аб слабасьці апостала

1. Дарэчы, я сам, Павал, перасьцерагаю вас праз ціхасьць і ласкавасьць Хрыстову, што вось я між вас быў уважаны вамі за пакорнага, а цяпер, далёкі ад вас, - за залішне суровага да вас.

2. Дык вось малю вас, каб, як прыбуду, ня змушаны быў ужыць строгасьці, з якою манюся паставіцца да тых, каторыя ўважаюць, што ходзім мы паводле цела.

3. Бо хоць мы ходзім у целе, не ваюем паводле цела.

4. Наша вось зброя баявая не цялесная, але мае моц Божую для нішчэньня крэпасьцяў; ёю руйнуем замыслы

5. і ўсякую пыху, выступаючую супраць пазнаньня Бога, ды ўсякі розум бяром у палон Хрысту,

6. і пры тым гатовыя пакараць непаслухмянасьць кожнага, калі паслухмянасьць вашая станецца дасканалай.

7. Гляньце праўдзе ў вочы! Калі хто ўважае, што ён Хрыстовы, дык хай разважыць тое, што і мы, таксама як ён, Хрыстовыя.

8. Бо не было б мне сорамна, калі б я захацеў хваліцца тою ўладаю, каторую нам даў Госпад на будаваньне вас, а не на нішчэньне.

9. Але, не хацеў бы, каб выглядала, што я вас палохаю лістамі.

10. Некаторыя кажуць: "Лісты моцныя і грозныя, выгляд жа цела просты і слова звычайнае".

11. Хто так думае, хай ведае, што якія мы здалёк і ў словах лістоў, такімі ж будзем і між вамі ў дзейнасьці.

Супраць асуджэньня апостала за амбіцыі

12. Мы бо ня маем адвагі ані раўняцца, ані супастаўляцца з тымі, што самі сябе выстаўляюць. Бо яны мераюць сябе меркай сваёй асобы, раўняючы сябе з сабой, і гэтак не выказваюць вялікага розуму.

13. Ня будзем мы хваліцца па-над меру, але будзем ацэньваць сябе ў межах, вызначаных нам Богам, каб маглі дасягнуць і вас.

14. Бо не пераходзім належнай меры, як тыя, што да вас яшчэ не дайшлі, мы бодайшлі да вас Эвангельлем Хрыста.

15. Ня хвалімся бяз меры чужою працаю. Спадзяемся аднак, што з узрастаньнем вашай веры мы таксама ўзрастаць будзем у вас па нашай мерцы,

16. каб і далей у краях па-за вамі эвангелізаваць, ня хвалячыся тым, што было ўжо зроблена іншымі.

17. Хто хваліцца, хай у Госпадзе хваліцца.

18. Бо ня той выпрабаваны, хто сам сябе хваліць, але той, каго Госпад хваліць.

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

11

Апостал хваліцца сваім жыцьцём і дзейнасьцю

1. О, каб вы маглі сьцярпець крыху маю неразумнасьць! Але ж вы і церпіце мяне!

2. Бо руплюся я дзеля вас Божаю руплівасьцю, бо заручыў я вас з адным мужам ды маю завесьці вас да Хрыста, як чыстую дзявіцу.

3. Але баюся, каб як зьмей зьвёў Эву сваёю хітрасьцю, гэтак і вашыя думкі не спаганіліся і не адвярнуліся ад прастаты і чыстасьці, якая ў Хрысьце.

4. Калі б хто прыйшоў і стаў вясьціць другога Езуса, каторага мы вам не вясьцілі, або калі б вы атрымалі іншага Духа, каторага вы не прынялі, або іншае Эвангельле, каторае не атрымалі, вы б гэта цярпліва зносілі.

5. Але я думаю, што і я ня менш зрабіў, чым вялікія апосталы.

6. І хоць я дурны ў слове, але ня ў ведзе. І гэта мы вам паказалі многімі спосабамі.

7. Ці ж я саграшыў, паніжаючы сябе і павышаючы вас, вешчучы дарма вам Эвангельле Божае?

8. Абіраў я іншыя цэрквы, бяручы на пражытак дзеля служэньня вам.

9. І калі прабываў у вас і апынуўся ў недастатку, нікому ня быў я цяжарам, бо калі мне чаго не хапала, дык дапаўнялі браты, прыбыўшыя з Македоніі; і нічым не абцяжарваў вас і далей ня буду вас абцяжарваць.

10. Як Хрыстовая праўда прабывае ў-ва мне, так гэтае пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў земляхАхаі.

11. Чаму? Ці можа таму, што вас не люблю? Бог гэта ведае!

12. Што вось раблю, тое і далей буду рабіць, каб ня мелі магчымасьці да спахвалы тыя, што яе шукаюць; каб былі і мы ў тым, з чаго яны хваляцца.

13. Бо тыя фальшывыя апосталы - гэта крывадушныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Хрыстовымі апосталамі.

14. Ды ня дзіва, бо нават сам шатан перамяніўся ў анёла сьвятла.

15. Таму нічога незвычайнага, што і ягоныя слугі прыкідваюцца слугамі справядлівасьці, але канец іхні будзе паводле іх учынкаў.

16. І зноў паўтараю: не лічыце мяне за неразумнага! А калі ўжо лічыце, дык паслухайце мяне, як неразумнага, каб мог і я хоць крыху пахваліцца.

17. Што скажу, тое скажу не па волі Госпада, але як бы ў неразумнасьці ў гэтай форме пахвалы.

18. Калі вось многія хваляцца паводле цела, дык і я буду хваліцца.

19. Ахвотна бо вы церпіце неразумных, самі будучы разумнымі.

20. Церпіце, калі хто бярэ вас у няволю, калі хто вас аб'ядае, калі хто абірае, калі хто над вамі выносіцца, калі хто б'е вас па твары.

21. Кажу гэта на сорам, як быццам мы бясьсільныя былі, калі нехта мае ў гэтым адвагу, кажу ў неразумнасьці, дык і я адважуся.

22. Яны Гебраі? Дык і я! Яны Ізраэльцы? Дык і я! Яны насеньне Абрагама? Дык і я!

23. Слугі Хрыста? Здурэўшы кажу, дык і я куды больш! Болей у працы, болей у вязьніцы, бязьмерна ў пабоях, часта ў небясьпецы сьмерці.

24. Праз Юдэяў пяць разоў быў біты па сорак удараў без аднаго,

25. тры разы білі палкамі, раз каменавалі, тры разы быў разьбіты карабель на моры, ноч і дзень быў у глыбінях мора.

26. Часта ў падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад свайго народу, у небясьпеках ад паганаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках ад фальшывых братоў,

27. у працы і зьнямозе, у частым чуваньні, у голадзе і смазе, у многіх пастах, у холадзе і нагасьці,

28. не гаворачы ўжо аб сваім штодзённым клопаце пра ўсе цэрквы.

29. Хто зьнемагаецца, каб я не зьнемагаўся? Хто горшыцца, каб я не адчуваў гэтага?

30. Калі належыцца хваліцца, буду і я хваліцца з сваіх немачаў.

31. Бог і Айцец Госпада Езуса, які багаслаўлены навекі, ведае, што я не хлушу.

32. У Дамашку намесьнік караля Арэты загадаў пільнаваць горад Дамашчанаў, хочучы мяне схапіць

33. і ў кашы спусьцілі мяне праз мур, і так я уцёк з рук ягоных.

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

12

1. Калі выпадае хваліцца, хоць ня варта, перайду да зьяваў і аб'яваў Госпадавых.

2. Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць год таму (ці ў целе - ня ведаю, ці па-за целам - ня ведаю, Бог ведае), падхоплены быў у трэцяе неба.

3. І ведаю, што той чалавек - ці ў целе, ці па-за целам, ня ведаю, Бог ведае -

4. быў узяты ў рай і чуў таемныя словы, каторых нельга чалавеку сказаць.

5. Гэтым магу хваліцца, але сабою ня буду хваліцца, хіба сваімі слабасьцямі.

6. Калі і захачу хваліцца, ня буду неразумным, бо скажу толькі праўду. Але стрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне больш, чым у-ва мне бачыць або ад мяне чуе.

7. І каб я занадта не выносіўся дзеля велічы аб'яваў, дадзены мне бадыль для цела, анёл шатанскі, каб мучыў мяне, каб я не выносіўся.

8. Дзеля таго тройчы маліў я Госпада, каб (ён) адыйшоў ад мяне,

9. але Госпад сказаў мне: "Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц у слабасьці дасканаліцца." Таму найахватней буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб абжылася ўва мне моц Хрыстова.

10. Таму падабаюцца мне і мае слабасьці, зьнявагі, нястачы, пераследаваньні і прыгнёты дзеля Хрыста, бо калі я слабы, тады раблюся дужы.

11. Я стаўся неразумным, а вы мяне да гэтага давялі! Гэта вы мусіце мяне хваліць, бо нічым я ня меншы ад вялікіх апосталаў, хоць я нічога ня варты.

12. Знакі майго апостальства сталіся ў вас ва ўсякай цярплівасьці, а такжа ў знаках, і цудах, і моцах.

13. Ці ж вы меней атрымалі, чым іншыя цэрквы? Хіба адно толькі, што ня быў вам цяжарам. Даруйце мне гэту крыўду!

14. Ужо трэці раз зьбіраюся да вас прыбыць і ня буду вас абцяжарваць, бо шукаю ня вашага, але вас. Бо ня дзеці бацькам павінны сабіраць маёмасьць, але бацькі дзецям.

15. Я вельмі ахвотна панясу выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашыя. Дык ці чым больш вас люблю, тым буду менш люблены?

16. Хай будзе і так, я не абцяжарваў вас, але, можа, будучы хітрым, подступам вас здабыў.

17. Дык ці праз тых, каго пасылаў да вас, падмануў я вас?

18. Прасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці Ціт вас падмануў? Ці мы не хадзілі ў тым самым духу? Ці не па тых самых сьлядах?

Заклік да навярненьня

19. Вы ўжо даўно думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся. На віду Бога ў Хрысьце кажам, а ўсё, найдаражэйшыя, на збудаваньне вашае.

20. Бо баюся, прыйшоўшы да вас, знайду вас такімі, якімі не хацеў бы вас знайсьці, ды ці і вы ня знойдзеце мяне такім, якога вы сабе ня хочаце, каб часам не было ў вас спрэчак, зайздрасьці, гневу, сварак, ачарненьняў, абмовы, пыхлівасьці, звадкі,

21. каб, калі прыйду да вас зноў, не ўпакорыў мяне Бог мой перад вамі і каб мне не прыйшлося аплакваць многіх сярод вас, каторыя дапусьціліся перад тым грахоў і не навярнуліся з нячыстасьці, распусты ды разбэшчанасьці, якіх дапусьціліся.

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

13

1. Вось я ўжо трэці раз выбіраюся да вас. На вуснах двух або трох сьведкаў грунтуецца ўсякае слова.

2. Казаў я ўжо і паўтараю, як быўшы ў вас за другім разам і непрысутны цяпер, тым, што ўжо раней грашылі, ды ўсім іншым, што калі зноў прыбуду, не пашкадую анікога,

3. бо вы шукаеце доказаў на тое, ці Хрыстос гаворыць у-ва мне, які не слабы што да вас, а ў вас паказвае моц сваю.

4. Хоць Ён быў укрыжаваны ў кволасьці, аднак жыве з магутнасьці Божай. І мы таксама бясьсільныя ў Ім, але жыць будзем з Ім праз моц Божую ў вас.

5. Самі сябе прасачыце, ці трымаецеся веры; самі сябе выспрабуйце. Ці ня ведаеце аб саміх сабе, што Езус Хрыстос у вас прабывае? Хіба толькі вы адкінутыя?

6. Спадзяюся, што пазнаеце, што мы не адкінутыя.

7. Таму просім Бога, каб вы нічога благога не рабілі, не дзеля таго, каб нам паказацца годнымі, але каб вы рабілі дабро, а мы выдаваліся быццам бы адкінутыя.

8. Бо ня можам нічога рабіць супраць праўды, але ўсё для праўды.

9. Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; пры тым і молімся аб вашу дасканаласьць.

10. Таму вось адсутны я так пішу, каб прысутны ў вас ня мусіў паступаць строга, па ўладзе, якую даў мне Госпад на будаваньне, а не на руйнаваньне.

Апошнія даручэньні, прывітаньні і пажаданьні

11. Урэшце, браты, радуйцеся, імкніцеся да дасканаласьці, пацяшайце адзін другога, будзьце аднае думкі, жывіце згодна, і Бог любові і супакою будзе з вамі.

12. Прывітайце адзін аднаго ўзаемна сьвятым пацалункам. Вітаюць вас усе сьвятыя.

13. Ласка Госпада Езуса Хрыста, і любоў Бога, і лучнасьць Духа Сьвятога хай будзе з усімі вамі.


Вярнуцца назад