Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159
Галоўная > Новы Запавет (Чарн. 1999) > Другі ліст Цімафею сьвятога апостала Паўла
Другі ліст Цімафею сьвятога апостала Паўла18 сакавіка 2011. |
Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага 1. Прывітаньне 1. Павал, апостал Хрыста Езуса з волі Бога, паводле абяцаньня жыцьця, якое ёсьць у Езусе Хрысьце, 2. Цімафею, найдаражэйшаму сыну: Ласка, міласэрдзе і супакой ад Бога Айца і Хрыста Езуса, Госпада нашага. Падзяка Богу за веру Цімафея 3. Дзякую Богу, якому служу з чыстым сумленьнем, як і мае продкі, што ў маіх малітвах днём і ноччу без перапынку маю ў памяці цябе, 4. і прагну ўбачыць цябе, памятаючы твае сьлёзы, каб напоўніцца радасьцю, 5. і прыпамінаю веру тваю не фальшывую, якая раней жыла ў тваёй бабулі Ляідзе і тваёй маці Эўніцы, ды я перакананы, што жыве і ў табе. Аб мужнасьці ў абвяшчаньні Эвангельля 6. Дзеля гэтай прычыны нагадваю табе, каб ажывіў ты дар Божы, які ёсьць у табе праз узлажэньне рук маіх. 7. Бо ня даў нам Бог Духа страху, але сілы, любові і мудрасьці. 8. Дык не саромейся тады сьведчаньня Госпада нашага, ані мяне, вязьня Ягонага, але працуй са мною дзеля Эвангельля моцай Бога, 9. які асвабадзіў нас і паклікаў сьвятым пакліканьнем не дзеля нашых заслугаў, але паводле пастановы сваёй і ласкі, якая дадзена нам у Хрысьце Езусе спрадвеку, 10. а цяпер аб'явілася праз зьяўленьне Збаўцы нашага Езуса Хрыста, які зьнішчыў сьмерць і асьвяціў жыцьцё і несьмяротнасьць праз Эвангельле, 11. для якога я пастаўлены вестуном, і апосталам, і вучыцелем. 12. З гэтай прычыны пераношу цярпеньні, але не саромеюся, бо ведаю, каму паверыў, і маю пэўнасьць, што Ён мае моц дапамагчы мне захаваць перададзенае мне на той дзень. Сьцеражы давераны скарб 13. За аснову вазьмі здаровыя словы, якія чуў ты ад мяне, у веры і любові, што ў Хрысьце Езусе. 14. Беражы добры скарб праз Духа Сьвятога, які прабывае ў нас. 15. Ці ведаеш тое, што ўсе, пражываючыя ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне? 16. Хай будзе міласэрным Госпад для дома Анэсіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданаў маіх, 17. але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў. 18. Хай атрымае ён у Бога міласэрдзе ў гэты дзень. А колькі ён служыў мне ў Эфэзе, ты лепей ведаеш. 2. Добры жаўнер Хрыста 1. Дык ты, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсьць у Хрысьце Езусе, 2. і што чуў ты ад мяне пры многіх сьведках, гэта перадай верным людзям, якія здольныя і другіх навучыць. 3. Перанось цяжкасьці як добры жаўнер Езуса Хрыста. 4. Ніхто з жаўнераў не мяшаецца ў справы веку (гэтага), каб падабацца таму, хто яго выбраў. 5. Бо і той, хто змагаецца, ня стане пераможцам, калі змагаецца незаконна. 6. Земляробу, які працуе, першаму належыцца карыстацца пладамі. 7. Зразумей, што гавару; няхай дасьць табе Госпад у-ва ўсім розум. 8. Памятай пра Госпада Езуса Хрыста з насеньня Давіда, які ўваскрос з памёршых паводле Эвангельля майго, 9. дзеля якога працую аж да кайданоў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага нельга зьвязаць. 10. Вось я ўсё раблю дзеля выбраных, каб яны атрымалі збаўленьне, якое ў Езусе Хрысьце, у хвале вечнай. 11. Вернае слова: калі мы (з Ім) памерлі, дык (з Ім) жыць будзем; 12. калі церпім, дык (з Ім) караляваць будзем, калі вырачамся (Яго), дык і Ён нас вырачацца; 13. калі мы зьняверымся, дык Ён верным застаецца, бо сам сябе вырачыся ня можа. Змаганньне з герэзіямі 14. Гэтае нагадвай, сьведчачы перад Богам, каб не спрачаліся пра словы, бо гэта нічога ня дасьць, хіба толькі сапсуе слухачоў. 15. Пільна рупся быць годным перад Богам, працаўніком беззаганным, прымаючым з павагай словы праўды. 16. Пустой жа гаворкі высьцерагайся, у многіх бо гэта прычынілася да бязбожнасьці, 17. і слова іх, як гангрэна, распаўзецца; такія вось Гімэнэй і Філет, 18. якія разьмінуліся з праўдай, сьцьвярджаючы, што ўваскрашэньне ўжо было, і гэтак адвярнулі некаторых ад веры. 19. Але моцны фундамант Божы стаіць, маючы такую пячатку: Пазнаў Госпад, хто ёсьць Ягоны, і: Хай аддаліцца ад няправасьці кожны, хто называе імя Госпада. 20. У вялікім жа доме маюцца ня толькі залатыя і серабраныя начыньні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя - у пашане, другія - у ганьбе. 21. Дык вось, калі хто ачысьціў сябе ад усякіх (няправасьцяў), той будзе пасудзінай пачэснай, усьвечанай і карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсялякай добрай справы. Рысы слугі Божага 22. Высьцерагайся пажаданьняў юнацкіх, а трымайся справядлівасьці веры, любові і міру з тымі, што чыстым сэрцам прызываюць Госпада. 23. Ухіляйся дурных і бязглуздых пытаньняў, ведаючы, што яны даводзяць да звадкі. 24. Слузе ж Божаму не выпадае вадзіцца, а трэба быць ветлівым з усімі, навучаючым, стрыманым, 25. ласкава выпраўляючым тых, што працівяцца праўдзе, можа дасьць ім Бог ласку навярненьня дзеля пазнаньня праўды, 26. каб вырваліся з петляў д'ябла, якімі аблытана іх воля. 3. Цяжкімі будуць апошнія часы 1. Гэта ведай, што ў апошнія дні настануць небясьпечныя часы. 2. Людзі будуць самалюбныя, хцівыя, ганарыстыя, саманадзейныя, зламоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, нягодныя, 3. бессардэчныя, няўстрыманыя, злачынцы, неапанаваныя, жорсткія, непрыхільныя, 4. здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, раскошу любячыя больш, чым Бога, 5. маючыя выгляд пабожнасьці, моцы ж Яго выракшыся. Такіх высьцерагайся, 6. бо між імі ёсьць такія, што бадзяюцца па дамах, зводзяць жанчын, абцяжараных рознымі грахамі, кіраваных рознымі пажаданьнямі, 7. што заўсёды вучацца, але ніколі не даходзяць да разуменьня праўды. 8. Як Яньні і Ямбар працівіліся Майсею, так і яны працівяцца праўдзе, людзі папсаваага розуму, нявыпрабаваныя ў веры. 9. Але яны далёка ня зойдуць. Бязглуздасьць бо іх выявіцца ўсім так, як і тых стала вядомай. Трывай ў пакліканьні 10. А ты пайшоў сьледам маёй навукі, настаўленьня, намераў, веры, вялікадушнасьці, любові, цярплівасьці, 11. перасьледаваньняў, пакут, якія сталіся са мною ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Гэтыя перасьледаваньні я перанёс; з усіх іх вырваў мяне Госпад. 12. Ды ўсе, каторыя захочуць жыць пабожна ў Хрысьце Езусе, перасьледаваны будуць. 13. Ліхія ж людзі і ашуканцы тым больш будуць гразнуць у зьле, псуючыся самі і другіх спакушаючы. 14. Ты ж трывай у тым, чаго навучыўся і што даручана табе, ведаеш бо, ад каго навучыўся, 15. бо з дзіцячых гадоў пазнаў ты Пісьмо Сьвятое, якое можа цябе навучыць на збаўленьне праз веру ў Хрыста Езуса. 16. Усё Пісаньне натхнёна Богам і карыснае для навучаньня, дакору, выпраўляньня і ўзгадаваньня ў справядлівасьці, 17. каб дасканальным быў чалавек Божы, навучаны ўсякаму добраму дзеяньню. 4. Змагацца з усякім злом 1. Сьведчу перад Богам і Хрыстом Езусам, які будзе судзіць жывых і памёршых, праз прыход Ягоны і каралеўства Ягонае: 2. Абвяшчай слова, настойвай у час ці ня ў час, дакарай, пагражай, малі з усёй цярплівасьцю і навукай. 3. Надыйдзе бо час, калі здаровай навукі ня сьцерпяць, але па волі сваіх хаценьняў падбяруць сабе настаўнікаў, патураючых вушам іхнім, 4. і адвернуць слых ад праўды, а да баек прыхінуцца. 5. Ты ж пільнуйся ва ўсім, працуй, выконвай справу эвангеліста, службу тваю выпаўняй. Апостал прадбачыць сьмерць і ўзнагароду 6. Я вось гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу набліжаецца. 7. Змагаўся я ў добрым змаганьні, бег закончыў, веру захаваў. 8. На заканчэньне рыхтуецца мне вянок справядлівасьці, які мне дасьць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя, ды ня толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Ягоны. Апошнія даручэньні і весткі 9. Пасьпяшайся прыйсьці да мяне чым хутчэй, 10. бо Дэмас кінуў мяне, палюбіўшы гэты сьвет, і пайшоў у Тэсалоніку, Крэсцэнс - у Галятыю, Ціт - у Дальмацыю. 11. Адзін Лукаш застаўся са мною. Вазьмі Марка і прывядзі яго з сабой, бо ён патрэбны мне для службы. 12. Тыхіка паслаў я ў Эфэз. 13. Як будзеш ісьці, вазьмі з сабою плашч, які пакінуў я ў Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергаміны. 14. Каваль Аляксандар шмат учыніў мне ліха. Няхай аддасьць яму Госпад паводле дзейнасьці ягонай. 15. Яго і ты абмінай, бо ён вельмі працівіцца нашым словам. 16. Пры першай маёй абароне нікога не было пры мне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта ня будзе ім палічана. 17. Госпад жа быў са мною і ўмацаваў мяне, каб навучаньне маё працягвалася і каб яго чулі ўсе народы; і я пазьбегнуў ільвінае пашчы. 18. І вызваліць мяне Госпад ад усякіх ліхіх дзеяньняў, і захавае для свайго нябеснага Каралеўства. Яму хвала на вякі вечныя. Амэн. Заканчэньне 19. Прывітай Прыску і Аквілю, і разам дом Анэсіфора. 20. Эраст застаўся ў Карыньце, а Трафіма пакінуў я хворым у Мілеце. 21. Пасьпяшайся перад зімой прыйсьці. Вітаюць цябе Эўбуль, і Пудэнс, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе браты. 22. Госпад (хай будзе) з тваім духам. Ласка з вамі.Вярнуцца назад |