Deprecated: Array and string offset access syntax with curly braces is deprecated in /home/skaryna/public_html/casasloviec.co.uk/engine/classes/templates.class.php on line 159
Галоўная > Малебны > Малебны канон Найсьвяцейшай Багародзіцы (версія папраўленая)
Малебны канон Найсьвяцейшай Багародзіцы (версія папраўленая)16 лістапада 2009. |
паводле малітаўніка "Госпаду памолімся" 2000 г. Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Чытальнік: Амін. (Псалом 142). Пачуй, Госпадзе, малітву маю, у вернасьці Тваёй прыхілі вуха Тваё да маленьня майго, выслухай мяне ў Тваёй справядлівасьці. І не судзіся са слугой Тваім, бо ніхто з жывых не апраўдаецца перад Табою. Бо вораг перасьледуе душу маю, жыцьцё мае топча ў зямлю, у цемры патапіў мяне, быццам памёрлага. Дух мой млее ўва мне, і сэрца маё поўнае жаху. Успамінаю даўнія дні, разважаю над усімі ўчынкамі Тваімі, і над творамі рук Тваіх задумваюся. Да Цябе працягваю рукі мае: душа мая, быццам высахлая зямля, прагне Цябе. Выслухай мяне хутчэй, Госпадзе, бо дух мой зьнемагае. Не хавай твару Твайго ад мяне, каб мне не стацца падобным да тых, што зыходзяць у магілу. Дай мне хутка адчуць ласку Тваю, бо на Цябе спадзяюся. Пакажы мне шлях, па якім мне трэба ісьці, бо да Цябе ўзношу душу маю. Збаў мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх – бо да Цябе прыбягаю. Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху. Дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай жыцьцё маё; у дабраце Тваёй выведзі з бяды душу маю. У гневе Тваім зьнішчы ворагаў маіх і загубі ўсіх, што перасьледуюць душу маю, бо я слуга Твой. Слава... цяпер... Алілуя, алілуя, алілуя: Слава Табе, Божа. (Тройчы) Чытальнік або Дыякан: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. (Так пасьля наступных вершаў) Чытальнік: Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць яго на ўсе вякі. – Абкружылі мяне з усіх бакоў, але імем Гасподнім я супрацівіўся ім. – Не памру, але буду жыць і абвяшчаць учынкі Госпада. – Камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым каменем: ад Бога гэта і дзіўнае ў нашых вачох. Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. І адразу пяюць: Трапар (тон 4). Да Багародзіцы сёньня сьпешна пойдзем, грэшныя і пакорныя, і прыпадзем да Яе, каючыся і ўсклікаючы з глыбіні душы: Уладарка наша, памажы, пакажы ласку Тваю, сьпяшайся, бо гінем у бездані правінаў. Не пакінь нас з нічым, бо Ты адзіная надзея наша. (Двойчы) Слава... цяпер... (Тон 4). Не перастанем ніколі, Багародзіца, мы, недастойныя, славіць сілу Тваю: калі б ня Ты заступалася за нас у малітве, хто б выбавіў нас ад столькіх бедаў, хто б захаваў нас свабоднымі? Не адступімся ад Цябе, Уладарка, бо Ты выбаўляеш заўжды слуг Тваіх ад усякіх нягодаў. Чытальнік: Псалом 50. Канон (тон 8) Песьня 1 Ірмас. Перайшоўшы мора, быццам сушу, і пазьбегнуўшы ягіпецкага зла, Ізраільцянін усклікнуў: Збавіцелю Богу нашаму пяём. Прысьпеў. Усесьвятая Багародзіца, збаў нас. Сярод шматлікіх напасьцяў прыходжу да Цябе, шукаючы збаўленьня, Маці Слова і Дзева: ад бедаў і няшчасьцяў збаў мяне. Прысьпеў. Усесьвятая Багародзіца, збаў нас. Наступы спакусаў не даюць мне спакою і напаўняюць вялікай журбою душу маю: суцішы іх, Дзева беззаганная, супакоем Сына і Бога Твайго. Слава... Малю Цябе, Дзева, што нарадзіла Збавіцеля і Бога, вызвалі мяне ад няшчасьцяў, бо пад Тваю апеку прыбягаю і ўзношу да Цябе мае думкі і душу. Цяпер... Адымі ад мяне хворасьці цела і душы, і ўчыні мяне годным Боскага наведаньня і Тваёй апекі, адзіная Божая Маці, што, будучы добраю, нарадзіла Дабро. Усе наступныя песьні сьпяваюцца з прысьпевамі, як першая. Песьня 3 Ірмас. Госпадзе, Творча нябеснага кругу і Заснавальніку Царквы, мэта жаданьняў і ўмацаваньне верных, умацуй мяне ў любові Тваёй, адзіны Чалавекалюбча. Бяру Цябе, Багародзіца Дзева, за заступніцу і покрыва жыцьця майго: накіруй мяне да прыстанішча Твайго, Крыніца дабра, верных апора, адзіная Ўсяхвальная. Малю Цябе, Дзева, суцішы душэўную буру журбы маёй, бо Ты, Боганявеста, адзіная чыстая, нарадзіла Начальніка сьвету. Слава... Маці Дабрачынца і Віноўніка ўсяго добрага, вылі на ўсіх нас багацьце дабротаў Ягоных, бо Ты, Богаблаславёная, можаш усё, нарадзіўшы ўсясільнага Хрыста. Цяпер... Памажы, Дзева, мне, што дазнаў лютых недамаганьняў і балючых цярпеньняў, бо ведаю, што Ты, Усебеззаганная, невычэрпная крыніца аздараўленьняў. Збаў ад бедаў слугаў Тваіх, Багародзіца, бо мы ўсе пасьля Бога да Цябе прыбягаем, як да непарушнай сьцяны і Заступніцы. Глянь міласэрна, усяхвальная Багародзіца, на лютае цярпеньне цела майго, і аздараві хваробу душы маёй.
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў) Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, сусьветнага біскупа ... (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ... (імя), і ўсіх у Хрысьце братоў нашых. – Яшчэ молімся за яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны. – Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас. – Яшчэ молімся за слугу Божага (Божую, слуг Божых) ... (імёны), каб добры і міласэрны Бог наведаў яго (яе, іх) і дараваў яму (ёй, ім) спакойнае жыцьцё, здароўе, посьпех у кожнай добрай справе, і каб адпусьціў яму (ёй, ім) ўсе ягоныя (ейныя, іхнія) правіны вольныя і міжвольныя. – Яшчэ молімся за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня, за ўсіх братоў і сёстраў нашых, і за ўсіх прававерных хрысьціянаў. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Трапар (тон 2). Цёплае маленьне, непераможная абаронная сьцяна, крыніца міласэрнасьці, прыстанішча мірнае, безупынку клічам Цябе: Багародзіца Ўладарка, пасьпяшыся і ад бедаў выбаў нас, адзіная хуткая Заступніца. Песьня 4 Ірмас. Я пачуў, Госпадзе, провіду Твайго тайну, зразумеў дзеяньні Твае і ўславіў Боства Тваё. Жаданьняў маіх хваляваньне і буру правінаў маіх суцішы, Боганявеста, што нарадзіла нам Госпада. Міласэрнасьці Тваёй бездань дай мне, які клічу Цябе, Маці Добрасардэчнага і Збавіцеля тых, што славяць Цябе. Слава... Будучы ўдзельнікамі Тваіх, Усячыстая, дароў, вызнаем Цябе як Багародзіцу, і пяем Табе песьню ўдзячнасьці. Цяпер... Надзею і ўмацаваньне, і збаўленьня сьцяну маючы ў Табе, Усяслаўная, вызваляемся ад усякай небясьпекі. Песьня 5 Ірмас. Прасьвятлі нас запаветамі Тваімі, Госпадзе, і рукою Тваёю высокаю дай нам Твой супакой, Чалавекалюбча. Напоўні вясельлем сэрца маё, Чыстая, што нарадзіла Віноўніка вясельля, і дай мне Тваю непрамінальную радасьць. Ад бедаў выбаў нас, Багародзіца чыстая, што нарадзіла Збаўленьне вечнае і Супакой, што пераўзыходзіць усякі розум. Слава... Разгані туман правінаў маіх зьзяньнем сьветласьці Тваёй, Баганявеста, што нарадзіла Сьвятло незаходнае і вечнае. Цяпер... Вылечы, Чыстая, душы маёй немачы, удастоіўшы мяне наведаньнем сваім, і малітвамі Тваімі аздараві мяне. Песьня 6 Ірмас. Малітву занясу да Госпада, і аб'яўлю Яму жаль мой, бо душа мая напоўнілася ўсякага зла, і жыцьцё маё да пекла наблізілася, дык малюся як Ёна: захавай мяне, Божа, ад тленнасьці. Госпада і Сына Твайго, што ад сьмерці і тленнасьці збавіў сапсаваную сьмерцю і тленнасьцю істоту маю, аддаўшы сябе дабравольна на сьмерць, малі, Дзева, каб Ён вызваліў мяне ад варожае злосьці. Ведаю Цябе, Дзева, як заступніцу жыцьця і надзейную ахову, што перамагае буры пажаданьняў і праганяе наступы д’ябальскія. Малю Цябе няспынна: ад маіх дрэнных пажаданьняў вызваль мяне. Слава... Мы знайшлі ў Табе, Дзева, ахоўную сьцяну, дасканалае збаўленьне душаў і палёгку ў суме. Зьзяньнем Тваім заўжды радуемся: дык, Уладарка, і цяпер ад страсьцяў і бедаў вызваль нас. Цяпер... Ляжу зьнямоглы на пасьцелі маёй, і няма лекаў для цела майго; але малюся Табе, Добрая, што нарадзіла Бога і Збавіцеля сьвету: уздымі мяне ад тленных немачаў. Збаў ад бедаў слугаў Тваіх, Багародзіца, бо мы ўсе пасьля Бога да Цябе прыбягаем, як да непарушнай сьцяны і Заступніцы. Глянь міласэрна, усяхвальная Багародзіца, на лютае цярпеньне цела майго і аздараві хваробу душы маёй.
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Успамянуўшы ўсесьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар: Бо Ты Ўладар сьвету і Збавіцель душаў нашых, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Кандак (тон 6). Апякунка хрысьціян бездакорная, Хадайніца да Тварца незаменная, не пагардзі маленьнямі грэшнікаў, але, як добрая, сьпешна прыйдзі на падмогу нам, якія клічам Цябе даверліва. Пачуй хутка малітвы, адгукніся на просьбы, Багародзіца, надзейная Заступніца тых, што шануюць Цябе. Іншы Кандак (тон 6). Ня маем іншай помачы, ня маем іншай надзеі, апроч Цябе, Уладарка: Ты нам памажы. На Цябе спадзяемся і Табою хвалімся, мы – слугі Твае: ня дай нам пасаромецца.
Дыякан: Будзьма ўважлівыя, мудрасьць, слухайма ўважлівыя! Пракімен: Імя Тваё зраблю памятным ва ўсіх пакаленьнях. Верш. Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё. Дыякан: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Бо Ты сьвяты, Божа наш, і сярод сьвятых спачываеш, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Дыякан: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада. Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада. Дыякан: Хваліце Госпада ў сьвятых Яго, хваліце Яго ў велічы сілы Яго. Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада. Дыякан: Усё, што жыве. Людзі: Хай хваліць Госпада. Дыякан: І каб нам быць дастойнымі слухаць Сьвятое Евангельле Госпада Бога молім. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць Сьвятое Евангельле. Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму Духу. Сьвятар: Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі. Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе. Дыякан: Слухайма ўважліва. Сьвятар: У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла хутка ў горныя мясьціны ў места (пакаленьня) Юды. І ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, дзіцятка ва ўлоньні Яе заварушылася, і напоўнілася Альжбета Духам Сьвятым. І ўсклікнула моцным голасам, кажучы: Блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго! І адкуль мне гэта, што прыйшла да мяне Маці Госпада майго? Бо вось, як толькі голас Твайго прывітаньня загучаў у вушах маіх, дзіцятка ва ўлоньні маім заварушылася з радасьці. Блаславёная Ты, што паверыла, бо споўняцца словы, сказаныя Табе ад Госпада. Тады сказала Марыя: Душа мая абвяшчае веліч Госпада і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьлівай называць мяне будуць усе пакаленьні. Бо вялікія справы ўчыніў мне Ўсемагутны: сьвятое імя Яго. Марыя прабыла ў яе тры месяцы і пасьля вярнулася дамоў. (Лк 1:39-49, 56) Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе. І адразу: Слава... (Тон 6). Ойча, Сыне і Духу, Тройца сьвятая, ачысьці мноства правінаў нашых. Цяпер... Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле вялікай міласэрнасьці Тваёй і паводле велічы дабротаў Тваіх ачысьці беззаконьне маё. Ня дай мне спадзявацца на людзкую помач, усесьвятая Ўладарка, але прымі малітвы слугі Твайго: жаль і сум мяне агарнуў, не магу цярпець дэманскіх нападкаў, ня маю, няшчасны, аховы, ні дзе ўкрыцца; пераможаны, не знаходжу суцяшэньня, апроч Цябе, Уладарка сьвету: Надзея і Заступніца верных, не пагардзі малітвамі маімі, але ўчыні карыснае мне.
Дыякан: Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, наведай сьвет Твой міласэрнасьцю і дабротамі Тваімі, узьнясі рог хрысьціянаў і зышлі на нас Твае багатыя ласкі. Малітвамі найчыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анёльскіх; малітвамі сьвятога, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла, і ўсіх сьвятых апосталаў; між сьвятымі айцоў нашых, сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворцы, арцыбіскупа Мірлікійскага; сьвятых слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных багаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых: просім Цябе, міласэрны Госпадзе, выслухай нас грэшных, якія молімся Табе, і зьмілуйся над намі. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў) Сьвятар: Міласэрнасьцю, дабротамі і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыцьцядайны Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Песьня 7 Ірмас. Юнакі юдэйскія ў Бабілёне некалі патройнаю вераю полымя агню патушылі, пяючы: Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых. Жадаючы ўладкаваць наша збаўленьне, Ты, Збавіцелю, пасяліўся ва ўлоньні Дзевы, якую Ты паказаў сьвету як Заступніцу. Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых. Нарадзіўшы Прыхільніка міласьці, малі Яго, Маці чыстая, каб Ён вызваліў ад правінаў і душэўнай нячыстасьці нас, якія клічам: Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых. Слава... Ты паказаў Маці Тваю як скарбніцу збаўленьня, крыніцу несьмяротнасьці, вежу абаронную і браму пакаяньня для тых, што клічуць: Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых. Цяпер... Ад цялеснай слабасьці і душэўных недамаганьняў ласкава вызвалі тых, што з любоўю прыбягаюць пад покрыва Тваё, Багародзіца Дзева, што нарадзіла нам Збавіцеля. Песьня 8 Ірмас. Уладара нябеснага, якога хваляць анёльскія хоры, слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі. Не пагардзі, Дзева, тымі, што маюць патрэбу ў Тваёй дапамозе, і хваляць і ўзьвялічваюць Цябе праз усе вякі. Ты, Дзева, аздараўляеш немачы душы маёй і цялесныя хворасьці, каб я мог праслаўляць Цябе, Чыстая, праз усе вякі. Слава... Шмат аздараўленьняў даеш, Дзева, тым, што Цябе верна славяць у песьнях і выхваляюць невыказнае сынараджэньне Тваё. Цяпер... Ты адганяеш прыступы спакусаў і ўздымы пажаданьняў, Дзева, дзеля гэтага славім Цябе ў песьнях праз усе вякі. Песьня 9 Ірмас. Сапраўднай Багародзіцаю вызнаем Цябе, Дзева чыстая, і з анёльскімі хорамі славім Цябе. Не адвярніся ад струменяў сьлёз маіх, Дзева, што з кожнага твару сьлёзы абціраеш, бо Ты нарадзіла нам Хрыста. Радасьцю напоўні сэрца маё, Дзева, што прыняла спаўненьне радасьці, і зруйнавала грахоўны сум. Прыстанішчам і Заступніцаю будзь для тых, што прыбягаюць да Цябе, Дзева, і непарушнаю сьцяною, сховішчам, покрывам і радасьцю. Слава... Разганяючы цемру няведаньня зьзяньнем сьветласьці Тваёй, прасьвятлі, Дзева, тых, што пабожна вызнаюць Цябе Багародзіцаю. Цяпер... Выратуй, Дзева, мяне, які ляжу прыніжаны ў немачах маіх, і ад недамаганьняў да здароўя вярні мяне.
Дастойна ёсьць сапраўды называць шчасьліваю Цябе, Багародзіцу, вечна блаславёную і беззаганную Маці Бога нашага. Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Каджэньне. Наступныя сьціхіры без прысьпеваў: Вышэйшую за нябёсы і чысьцейшую за прамяні сонечныя, што выбавіла нас ад праклёну, Уладарку сьвету ў песьнях ушануем. Ад безьлічы грахоў маіх зьнемагае цела маё, зьнемагае і душа; да Цябе прыбягаю, Поўная ласкі, надзея зьнявераных: Ты мне памажы. Уладарка і Маці Збавіцеля, прымі малітвы недастойных слугаў Тваіх і заступіся перад Тым, хто нарадзіўся ад Цябе: Уладарка сьвету, будзь нам Хадайніцай. Пяём з радасьцю і ахвотаю гэтую песьню усяслаўнай Багародзіцы: разам з Прадвесьнікам і з усімі сьвятымі, маліся, Багародзіца, каб нам атрымаць зьмілаваньне. Усе анёльскія хоры, Прадвесьнік Госпада, дванаццаць апосталаў і ўсе сьвятыя, разам з Багародзіцаю ўчыніце малітву, каб нам збавіцца. Чытальнік: Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы) Слава... цяпер... Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Слава... цяпер... Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Пяюць наступныя песьні: (Тон 6). Зжалься над намі, Госпадзе, зжалься над намі: ня могучы даць ніякага адказу, мы, грэшныя, вось гэтую малітву Табе, Уладару нашаму, прыносім: зжалься над намі. Слава... Госпадзе, зжалься над намі, бо на Цябе спадзяемся: ня гневайся на нас вельмі і ня будзь памятлівы нашых бясчынстваў, але глянь ласкава на нас і выбаў нас ад ворагаў нашых, бо Ты Бог наш і мы, людзі Твае і творы рук Тваіх, імя Тваё клічам. Цяпер... Зьмілаваньня дзьверы адчыні нам, блаславёная Багародзіца: хай мы, якія спадзяемся на Цябе, ня згінем, але выбавімся Табою ад бедаў, бо Ты - збаўленьне роду хрысьціянскага.
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў) Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, сусьветнага біскупа ... (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ... (імя), і ўсіх у Хрысьце братоў нашых. – Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас. – Яшчэ молімся за слугу Божага (Божую) ... (імя), каб добры і міласэрны Бог наведаў яго (яе, іх) і дараваў яму (ёй, ім) спакойнае жыцьцё, здароўе, посьпех у кожнай добрай справе, і каб адпусьціў яму (ёй, ім) ўсе ягоныя (ейныя, іхнія) правіны вольныя і міжвольныя. – Яшчэ молімся Госпаду Богу нашаму, каб Ён пачуў голас маленьняў нас, грэшных, і зьмілаваўся над слугою сваім (сваёю) ... (імя), захаваў яго (яе, іх) ад суму, бяды, гневу і патрэбы, і ад усякае хворасьці душэўнае і цялеснае, і дараваў яму (ёй, ім) здароўе і даўгалецьце. Скажам усе разам: Хутка пачуй нас і зьмілуйся. – Яшчэ молімся, каб гэтаму гораду і гэтай сьвятой царкве, і ўсякаму гораду і краіне, захавацца ад голаду, пошасьці, землятрусу, патопу, агню, мяча, нападу ворагаў і братабойчай вайны; і каб добры і чалавекалюбны Бог наш быў міласэрны і спагадлівы да нас, адхіліў ад нас усякую небясьпеку, што нам пагражае, вызваліў нас ад свайго справядлівага гневу і зьмілаваўся над намі. – Яшчэ молімся, каб Госпад Бог пачуў голас маленьня нас, грэшных, і зьмілаваўся над намі. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Выслухай нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх, што жывуць на зямлі, і тых, што далёка на моры, і будзь спагадлівы да нас, грэшных, і зьмілуйся над намі. Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Сьвятар: Мудрасьць. Усесьвятая Багародзіца, збаў нас. Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем. Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе. Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі. Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых і баганосных айцоў нашых, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец. Людзі: Амін. Вярнуцца назад |