Прадмова да сьвята Дабравешчаньня
Радуйся, поўная ласкі, Госпад з Табою. (Лк 1:28)
Дабравешчаньне – адно з найвялікшых сьвятаў у царкоўным календары. Яно ніколі не адмяняецца, і Сьвятая Літургія служыцца ў гэты дзень заўсёды, звычайна, у посныя дні, увечары ў спалучэньні з вячэрняй.
У сьвята Дабравешчаньня Царква адзначае вялікую тайну ўцелаўленьня Бога-Слова, які пасяліўся ва ўлоньні Чыстае Дзевы і прыняў цела ад Яе. Гэта адзначаецца ў сьвяточным трапары, дзе гаворыцца, што "Сын Божы стаецца сынам Дзевы". Дабравешчаньне – гэта таксама сьвята Багародзіцы, якая, калі пачула ад арханёла Габрыеля, што мае быць Маці Бога, пакорна адказала: "Вось я слуга Госпада: хай мне станецца згодна з тваім словам" (Лк 1:38), даючы усім нам прыклад пакоры і дабравольнага паслушэнства волі Божай. Дзякуючы гэтым словам Яна сталася саўдзельніцаю ў справе нашага збаўленьня. У багаслужэбных песьнях дня сьпяваецца: "Спрадвечная тайна Божая сёньня робіцца яўнаю. У міласэрнасьці сваёй Бог-Слова стаецца сынам Дзевы Марыі, і Габрыель абвяшчае радасна добрую вестку. Разам з ім усклікнем: Радуйся, Маці Божая!"
Сьвята Дабравешчаньня паўстала на Ўсходзе даволі рана, але спачатку яно было вядомае пад рознымі назвамі, як "Зачацьце Хрыста", "Пачатак адкупленьня" і г.д. Дата 25 сакавіка была ўстаноўленая ў залежнасьці ад 25 сьнежня – сьвята нараджэньня Г. Н. Ісуса Хрыста. Цяпершняя назва канчаткова замацавалася ў VІІ ст. У Рыме сьвята Дабравешчаньня ўвёў папа Сяргей І (687-701), які паходзіў з Сыцыліі і быў узгадаваны ў грэцкай культуры. Ён між іншым увёў таксама ў Рымскім абрадзе сьвята Нараджэньня Багародзіцы (8 верасьня).
1997