Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Прадмова да сьвята Перамяненьня Гасподняга

Перамяненьне Госпада нашага Ісуса Хрыста

1996

Перамяненьне – адно з найбольшых сьвятаў Гасподніх у царкоўным календары. Першыя пачалі сьвяткаваць яго цэрквы ў Палестыне. Адтуль яно пашырылася па ўсім хрысьціянскім Усходзе, дзе яно было добра вядомае не пазьней як у канцы V ст. У VІІІ ст. сьвятыя Косма і Ян Дамаскін напісалі каноны ў гонар Перамяненьня. На Захадзе гэтае сьвята было афіцыйна ўстаноўленае толькі ў 1457 г. папам Калістам ІІІ і ніколі не атрымала такога значэньня як на Ўсходзе.

Евангельле кажа пра перамяненьне коратка: "Праз шэсьць дзён Ісус узяў з сабою Пётру, Якуба і ягонага брата Яна, і завёў іх на высокую гару. Там Ён перамяніўся перад імі. Твар Ягоны зазьзяў, быццам сонца, а вопратка стала белая, як сьвятло. І вось зьявіліся Майсей і Ільля і размаўлялі з Ім... Сьветлая хмара агарнула іх, а з хмары пачуўся голас: Гэта Сын Мой любы, якога Я ўспадабаў. Яго слухайце!" (Мц 17:1-3, 5).

Перамяненьне мае шмат супольнага са сьвятам Хрышчэньня. У абодвух выпадках Хрыстос паказаў сябе тым, кім Ён ёсьць – спрадвечным Богам, і Ягоная Боскасьць была пацьверджаная голасам з гары: "Гэта Сын мой любы".

Хрышчэньне Хрыста адбылося на пачатку Ягонага публічнага служэньня, перамяненьне – незадоўга да Ягоных мукаў і крыжовай сьмерці. Падчас хросту Ян Хрысьціцель сьведчыў аб Ім, што Ён – чаканы Збаўца і Адкупіцель сьвету. У час перамяненьня прысутныя Ільля і Майсей сьведчылі, што Хрыстос – спаўненьне старазапаветных прароцтваў і Закону. Прарок Ільля, як вядома, быў узьняты жывым у неба, Майсей быў прадстаўніком старазапаветных праведнікаў, якія ў апраметнай чакалі прыйсьця Хрыста, а апосталы прадстаўлялі зямное чалавецтва. Такім чынам, у перамяненьні Хрыстос явіў сябе Ўладаром і Госпадам усяго стварэньня.

Пра само Боскае зьзяньне, у якім явіўся Хрыстос, Евангельле гаворыць вельмі мала. Відаць, апісаць яго нашымі словамі немагчыма. На ютрані ў сьвята Перамяненьня Царква сьпявае: "Некалі твар Майсея зьзяў славаю, бо ён цьмяна бачыў Бога. А Хрыстос пакрывае сябе зьзяньнем славы быццам вопраткаю. Як Творца сьвятла, Ён прасьвятляе тых, што пяюць: Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!"

У перамяненьні Хрыстос адкрыў вучням вечную і непрамінальную рэальнасьць, што пераўзыходзіць бачную рэальнасьць гэтага сьвету. Гэтым самым Ён умацаваў іхнюю веру, каб ім не ўсумніцца і не пахіснуцца ў часе выпрабаваньняў, якія іх чакалі. Пра гэта ясна гаворыцца ў гімне (кандаку) на сьвята: "Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, і вучні Твае ўбачылі славу Тваю, наколькі ім магчыма было, каб пасьля, бачыўшы Цябе ўкрыжаванага, маглі зразумець Твае дабравольныя цярпеньні і аб'явіць сьвету, што Ты сапраўды зьзяньне Айца".

Перамяненьне Хрыстовае мае для нас іншае, асаблівае, значэньне. У перамяненьні Госпад паказаў красу чалавечае прыроды, злучанай з Боствам. Успрыняўшы нашую прыроду, Ён абагавіў яе і паклікаў нас усіх да ўдзелу ў Боскім жыцьці. Такім чынам, перамяненьне Хрыстовае ёсьць і нашым перамяненьнем, бо і нашая прырода будзе прасьветленая зьзяньнем Боства пасьля Ягонага другога прыйсьця. Але для гэтага і нам трэба ўзысьці на "сьвятую гару", і пераадолець шмат цяжкасьцяў. І ў гэтыя цяжкія хвіліны нам, як некалі апосталам, прыйдзе на дапамогу непахісная вера і ўпэўненасьць у той рэальнасьці, да якой кліча нас Госпад.

Сьвята Перамяненьня вельмі дарагое для беларусаў. У гэты дзень, 6 жніўня 1517 г., Францішак Скарына выдаў сваю першую кнігу, Псалтыр, даносячы такім чынам да нашага народу Слова Божае на зразумелай роднай мове.

Ужо ў нашыя дні, 6 жніўня 1990 году, у Менску адбылося сьвята "Уніі". У сапраўднасьці гэта было сьвята адраджэньня Беларускае Грэка-Каталіцкае Царквы пасьля доўгага перыяду перасьледаў і вынішчэньня.


 


 


 

 

 

Напісаць ліст