Прадмова да сьвята Усьпеньня найсьвяцейшай Багародзіцы
Сьвята Усьпеньня Багародзіцы ўзьнікла ў V ст. у Палестыне. Нагодаю да гэтага паслужыла асьвячэньне збудванай рымскай дамаю Ікэяй царквы ў гонар Багародзіцы, што знаходзілася па дарозе з Ерусаліму ў Бэтлеем. Пасьля сьвяткаваньне было перанесенае ў Ерусалім у царкву каля Гетсыманіі, дзе паломнікам паказвалі дамавіну, у якой была пахаваная Багародзіца. У VІ ст. сьвята Усьпеньня было ўжо вядомае ва ўсім хрысьціянскім Усходзе. Папа Тодар І (642-49), які паходзіў з Ерусаліму, увёў гэтае сьвята ў Рыме, дзе яно атрымала назву "Унебаўзяцьця".
У аснову багаслужэбных тэкстаў сьвята лягла раньняя царкоўная традыцыя, якая знайшла сваё адлюстраваньне ў ІV ст. у апокрыфным творы "Перастаўленьне Марыі". Гістарычнасьць фактаў у гэтым творы даволі сумніўная, але ён мае вялікую важнасьць як раньняе сьведчаньне веры ў тое, што Багародзіца пасьля сьмерці была ўзятая цялесна да неба. Гэтая вера знайшла сваё найвышэйшае пацьверджаньне 1 лістапада 1950 г., калі Папа Пій ХІІ абвесьціў цялеснае ўнебаўзяцьце Багародзіцы аб'яўленай праўдай, або догмай. Праўда, у сваім пасланьні з гэтай нагоды ён паклікаецца не на апокрыфныя творы, але на пісаньні айцоў Царквы і літургічныя тэксты.
Догмы Бязьвіннага зачацьця (сьвята 9 сьнежня; у Бізантыйскім абрадзе яно называецца "Зачацьце сьвятой Ганны") і цялеснага ўнебаўзяцьця (Усьпеньня) Найсьвяцейшае Багародзіцы магчыма не зьяўляюцца найвялікшымі аб'яўленымі праўдамі нашай веры, але яны для нас вельмі дарагія. Першая з іх паказвае нам, якой была нашая чалавечая прырода ў першасным стане, не сапсаваная радзімым грахом. Другая догма кажа нам пра тое, якімі мы будзем пасьля Другога Прыйсця Хрыста і агульнага ўваскрасеньня, калі нашыя целы будуць непадуладнымі тленнасьці. Найсьвяцейшая Багародзіца, дзякуючы сваім заслугам у справе збаўленьня роду людзкога, атрымала ўжо тое, што чакае ўсіх нас. Сёньня ўсе верныя маюць у Ёй Нябесную Маці і магутную заступніцу.
Беларускі Менск мае на сваім старажытным гэрбе выяву Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшае Багародзіцы. Няхай жа Яна будзе асаблівай апякункай і заступніцай ня толькі Ейнага гораду але ўсяго беларускага народу.